Спадарожнікавая сістэма навігацыі
Спадарожнікавая сістэма навігацыі — сістэма, прызначаная для вызначэння месцазнаходжання (геаграфічных каардынат) наземных, водных і паветраных аб’ектаў, а таксама нізкаарбітальных касмічных апаратаў. Спадарожнікавыя сістэмы навігацыі таксама дазваляюць атрымаць хуткасць і кірунак руху прымача сігналу. Акрамя таго, іх можна выкарыстоўваць для атрымання дакладнага часу. Такія сістэмы складаюцца з касмічнага абсталявання і наземнага сегмента (сістэм кіравання).
Па стане на 2024 год чатыры спадарожнікавыя сістэмы забяспечваюць поўнае пакрыццё і бесперабойную працу для ўсяго зямнога шара — амерыканская «GPS», расійская «ГЛОНАСС», кітайская «Бэйдоў» і «Галілеа» Еўрапейскага касмічнага агенцтва.
Выкарыстанне сістэм навігацыі
[правіць | правіць зыходнік]Каардынаты, якія атрымліваюцца дзякуючы спадарожнікавым сістэмам, выкарыстоўваюцца ў наступных галінах:
- геадэзія: з дапамогай сістэм навігацыі вызначаюцца дакладныя каардынаты кропак;
- навігацыя: з выкарыстаннем сістэм навігацыі ажыццяўляецца як марскі, так і дарожны рух;
- спадарожнікавы маніторынг транспарту: з дапамогай сістэм навігацыі вядзецца маніторынг за становішчам, хуткасцю аўтамабіляў, кантроль за іх рухам;
- сотавая сувязь: першыя мабільныя тэлефоны з GPS з’явіліся ў 1990-х гадах. У некаторых краінах (напрыклад, ЗША) гэта выкарыстоўваецца для аператыўнага вызначэння месцазнаходжання чалавека, які тэлефануе 911. У Расіі ў 2010 годзе пачата рэалізацыя аналагічнага праекта — Эра-ГЛОНАСС;
- тэктоніка, тэктоніка пліт: з дапамогай сістэм навігацыі вядуцца назіранні рухаў і ваганняў пліт;
- актыўны адпачынак: існуюць розныя гульні, дзе прымяняюцца сістэмы навігацыі, напрыклад, геакэшынг і інш.;
- геатэгінг: інфармацыя, напрыклад фатаграфіі «прывязваюцца» да каардынатаў дзякуючы ўбудаваным або вонкавым GPS-прымачам.