Тангарэва

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тангарэва
англ. Tongareva
Выгляд з паветра
Выгляд з паветра
Характарыстыкі
Плошча9,8 км²
Насельніцтва226 чал. (2016)
Шчыльнасць насельніцтва23,06 чал./км²
Размяшчэнне
8°59′59,10″ пд. ш. 157°54′15,40″ з. д.HGЯO
АрхіпелагАстравы Кука
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Тангарэва (Астравы Кука)
Тангарэва
Тангарэва
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Тангарэва (англ.: Tongareva), таксама Пенрын (англ.: Penrhyn), Мангарангара (англ.: Māngarongaro), Тэ-Пітака (англ.: Te Pitaka) — атол у Ціхім акіяне. Уваходзіць у склад Астравоў Кука. Плошча сушы — 9,8 км². Насельніцтва (2016 г.) — 226 чал.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Тангарэва — атол у паўночнай частцы астравоў Кука. Уяўляе сабою замкнёны каралавы рыф працягласцю 77 км з вялікай колькасцю невялікіх астравоў на паверхні. Вышыня сушы над узроўнем акіяна не перавышае 5 м. Унутраная лагуна займае плошчу 233 км².

Клімат экватарыяльны спякотны. Сярэдняя тэмпература на працягу года вагаецца ад +24 °C да +30 °C. Найбольш вільготныя месяцы — снежань і студзень, калі колькасць ападкаў дасягае 180 мм.

Комплекснае навуковае даследаванне 2019 г. паказала, што атолу пагражаюць кліматычныя змены і павышэнне ўзроўню мора, якія выклікаюць эрозію паверхні і паступовае затапленне.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Прырода Тангарэва тыповая для прыэкватарыяльных атолаў Ціхага акіяна. Флора сушы прадстаўлена зараснікамі хмызнякоў і траў. Важную ролю ў экалогіі адыгрываюць плантацыі какосавай пальмы. Фаўна вельмі бедная. Астравы насяляюць крабы, пацукі, казуркі. На малых незаселеных астраўках шмат марскіх птушак.

Лагуна Тангарэва адрозніваецца большай прыроднай разнастайнасцю. Яе насяляюць некалькі відаў рэдкіх каралаў, малюскі, у тым ліку такія, з якіх здабываюць жэмчуг, акулы.

Гісторыя і культура[правіць | правіць зыходнік]

Жыхары Тангарэва складаюць асобны палінезійскі этнас, што адрозніваецца ад маары астравоў Кука мовай і культурнымі асаблівасцямі. Згодна з паданнем, іх продкі прыбылі з Гаваікаў на адным каноэ ў пошуках пандана. Лічыцца, што гэта адбылося ў канцы 1 тысячагоддзя н. э. На працягу гісторыі назва атола змянялася. Сучасная назва Тангарэва значыць «зямля, што плыве на поўдзень».

Да сярэдзіны XIX ст. асноўнымі заняткамі астравіцян з’яўляліся рыбалоўства і вырошчванне какосаў. У 1853 г. атол быў падзелены на 13 палітычных адзінак хуаанга на чале са спадчыннымі правадырамі-арыкі. Кожная хуаанга мела свой сакральны цэнтр. Тры з іх знаходзіліся ў стане вайны паміж сабою. Значны ўплыў на грамадства аказвалі святары-тау́ра.

Атол быў адкрыты ў 1788 г. брытанцам Вільямам Северам і названы Пенрын у гонар яго карабля (ад вал.: penrhyn «паўвостраў»). Аднак першы кантакт тубыльцаў з еўрапейцамі адбыўся толькі ў 1816 г., калі на Тангарэва спынілася расійская экспедыцыя на чале з Ота Кацэбу. З 1854 г. брытанскія місіянеры займаліся распаўсюджваннем хрысціянства сярод астравіцян. У 1864 г. перуанскія гандляры рабамі падманам вывезлі большую частку насельніцтва для працы на шахтах. Засталося 88 тубыльцаў. Гэтая падзея прывяла да разбурэння традыцыйнай сацыяльнай арганізацыі, рэлігіі і эканамічнага дабрабыту.

У 1888 г. атол быў прыняты пад пратэктарат Вялікабрытаніі. З 1900 г. фармальна падпарадкоўваўся ўраду Новай Зеландыі. З 1965 г. у складзе свабодна асацыяванай дзяржавы Астравы Кука.

Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]

У нашы дні насельніцтва Тангарэва жыве ў вёсках Омака і Тэ-Таўтуа. Адміністрацыйны цэнтр месціцца ў вёсцы Омака. Асноўныя заняткі жыхароў: рыбалоўства, вырошчванне на продаж какосаў, здабыча жэмчугу. На атоле дзейнічаюць шпіталь, аэрапорт, 2 школы, навуковы марскі цэнтр. Турызм амаль не развіты з-за аддаленнасці ад Раратонга.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]