Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Гродзеншчыны
Цэнтра́льная белару́ская ра́да Ві́леншчыны і Гро́дзеншчыны — орган палітычнага прадстаўніцтва беларускага нацыянальнага руху ў заходняй частцы Беларусі, якая знаходзілася пад кантролем польскіх уладаў у 1919—1921 гадах.
Утвораная 9—10 чэрвеня 1919 года ў Вільні на Беларускім з’ездзе Віленшчыны і Гродзеншчыны. У першы склад прэзідыума ўвайшлі: Клаўдзій Дуж-Душэўскі (старшыня), Міхаіл Кахановіч (віцэ-старшыня), Ян Станкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Янка Чарапук, святар Кушнеў, ксёндз Міхал Пятроўскі і іншыя.
Выступала ў абарону сацыяльных і нацыянальных правоў беларускага народа, спрыяла развіццю беларускай школы, выдавецкай справы, кааперацыі, займалася дабрачыннасцю на карысць пацярпелых ад вайны і дзяцей-сірот. Знаходзілася пад уплывам Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, якая стаяла ў апазіцыі да польскіх улад. У палітычнай дзейнасці прытрымлівалася актаў Беларускай Народнай Рэспублікі за незалежную і дэмакратычную рэспубліку. У 1919 годзе, калі Рада БНР фактычна не функцыянавала, прэтэндавала на ролю галоўнага палітычнага цэнтра беларускага вызваленчага руху. 2 жніўня 1919 года ініцыявала стварэнне Беларускай ваеннай арганізацыі (пазней пераўтвораная ў Беларускую ваенную камісію), 15 ліпеня 1919 года — выдавецкага таварыства «Веда» (кіраўнік Ян Станкевіч). 22 верасня 1919 года ў Вільні арганізавала настаўніцкія курсы для падрыхтоўкі настаўнікаў беларускіх школ (навучалася больш за 70 настаўнікаў з Віленшчыны і Гродзеншчыны). Спробы стварэння прафесійнага беларускага тэатра ў Вільні не былі здзейсненыя. 3 18 верасня 1919 года выдавала інфармацыйны бюлетэнь Рады лацінкай і кірыліцай на шапірографе (выйшла больш за 10 нумароў). У верасні 1919 года ў склад Рады кааптаваныя прадстаўнікі ад Беларускага настаўніцкага саюза ў Вільні, Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны, Віленскага Белнацкама, Віленскага саюза кааперацыі і іншых арганізацый: Аляксандр Карабач, Фабіян Ярэміч, Францішак Кушаль, Вацлаў Ластоўскі, Ігнат Канчэўскі і іншыя.
18 верасня 1919 года ў новы склад прэзідыума Рады ўвайшлі Браніслаў Тарашкевіч (старшыня), Міхаіл Кахановіч, Аляксандр Карабач (віцэ-старшыня), Вацлаў Ластоўскі (сакратар), Фабіян Ярэміч (скарбнік). На працягу сваёй дзейнасці Рада неаднаразова выступала з пратэстамі супраць рэпрэсій і рэквізіцый беларускіх жыхароў, арыштаў беларускіх нацыянальных дзеячаў, закрыцця беларускіх школ. Ініцыявала збор подпісаў за аднаўленне закрытай Будслаўскай беларускай гімназіі. У пачатку 1920 года праз адсутнасць Браніслава Тарашкевіча абавязкі старшыні выконваў Аляксандр Карабач. У гэты час у сувязі з моцным палітычным і адміністрацыйным уціскам польскіх улад Рада фактычна спыніла сваю дзейнасць. Яе функцыі па апекаванні беларускіх школ, па развіцці культурна-асветнай і кааператыўнай справы ў рэгіёне ўзялі на сябе Часовы Беларускі нацыянальны камітэт у Менску, Беларуская цэнтральная школьная рада, Цэнтральны беларускі саюз сельскай гаспадаркі і іншыя. Спробы актывізаваць працу Рады ў канцы 1920 — пач. 1921 года поспеху не мелі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі Т. 1. кн. 1. Вільня; Нью-Ёрк; Мн.; Прага, 1998.
- Ляхоўскі У. Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Гродзеншчыны // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 616 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8. С. 118
- Ляхоўскі У. Беларуская спрана падчас польскай акупацыі 1919—1920 гг. // Спадчына. 1994. № 6.