Эдвард Аляксандр Уладзіслаў О'Рурк (26 кастрычніка1876, маёнтак Басін паблізу Навагрудка — 27 чэрвеня1943, Рым) — граф, рымска-каталіцкі епіскап, дыяцэзіяльны рыжскі біскуп (1918—1920), апостальскі адміністратар вольнага горада Гданьска (1922—1926), першы дыяцэзіяльны гданьскі біскуп (1926—1938).
Бацька — граф Міхал О'Рурк (1824—1894) са старажытнага ірландскага роду, маці — Ангеліка фон Бохвіц (пам. 1919).
Сярэднюю адукацыю атрымаў у Вільні і Рызе, скончыў Рыжскую Аляксандраўскую гімназію (1898), у 1898—1903 гадах вывучаў эканоміку ў Рыжскім тэхнічным універсітэце, атрымаў ступень кандыдата камерцыі. У 1903—1908 гадах у Швейцарыі, адначасова вывучаў юрыспрудэнцыю ва універсітэце ў Фрайбургу і тэалогію ва універсітэце Інсбрука. У 1907 годзе высвечаны на святара ў Ваўкавыску і Коўне.
У 1908—1911 гадах быў прафесарам гісторыі царквы, французскай і нямецкай моў у духоўнай семінарыі ў Санкт-Пецярбургу, адначасова служыў у Колпіне. У 1911—1917 гадах быў пробашчам парафіі св. Станіслава ў Пецярбургу. Свабодна гаварыў па лацінску, беларуску, руску, польску, нямецку, французску, літоўску, латышску, англійску і грэчаску. У 1912 годзе стаў ганаровым канонікам Магілёўскай капітулы ў Пецярбургу, жыў у доме пры касцёле св. Станіслава на вул. Масцерскай, 9. У 1917—1918 гадах — генеральны вікарый мінскай дыяцэзіі.
29 верасня 1918 года намінаваны дыяцэзіяльным біскупам рыжскай дыяцэзіі, пасвячэнне (біскупскую сакру) прыняў 15 снежня 1918 года ў Вільні. У 1920—1921 гадах апостальскі дэлегат у прыбалтыйскіх краінах, з 1922 года апостальскі адміністратар вольнага горада Гданьска (з тытулярнай сталіцай у Пергамоне). 3 студзеня 1926 года намінаваны дыяцэзіяльным біскупам гданьскай дыяцэзіі. Склаў з сябе абавязкі 13 чэрвеня 1938 года. У 1939 годзе пераехаў да дваюраднага брата Караля О'Рурка ва Уселюб у Навагрудскім павеце. Пасля прыходу ў верасні 1939 года савецкіх войскаў пераехаў у Вільню, восенню 1941 года праз Кёнігсберг і Берлін выехаў у Рым. Памёр у рымскім шпіталі сёстраў св. Елізаветы 27 чэрвеня 1943 года. 17 снежня 1972 года яго прах перапахавалі ў епіскапскай капліцы аліўскай кафедры ў Гданьску.
Cakuls, J. Latvijas Romas katoļu priesteri. — Rīga: Rīgas Metropolijas kūrija, 1996. — 315. lpp.
Polski Słownik Biograficzny. T. 24. — Wrocław, 1979.
Stefan Samerski: Die Katholische Kirche in der Freien Stadt Danzig 1920—1933. — Köln u.a., 1991.
Stefan Samerski (Hrsg.): Das Bistum Danzig in Lebensbildern. Ordinarien, Weihbischöfe, Generalvikare, apostolische Visitatoren 1922/25 bis 2000. (= Religions- und Kulturgeschichte in Ostmittel- und Südosteuropa 3). — Münster/Hamburg/London, 2003. — ISBN 3-8258-6284-4