Эдуард Пютсеп

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Эдуард Пютсеп

Эдуард Пютсеп (эст.: Eduard Putsep; 21 кастрычніка 1898, Вастселійна, Вераскі павет, Ліфляндская губерня, Прыбалтыйскі край, Расійская імперыя (цяпер у павеце Вырумаа, Эстонія) — 22 жніўня 1960, Куусама, Фінляндыя) — расійскі і эстонскі барэц грэка-рымскага стылю, чэмпіён Алімпійскіх гульняў, прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы, прызёр чэмпіянату Расіі[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Пачаў займацца барацьбой у час Першай сусветнай вайны. Першы поспех прыйшоў да змаганца на 1-м чэмпіянаце Расіі па барацьбе і гірах, што прайшоў у Петраградзе ў лютым 1917 года, дзе Эдуард Пютсеп заваяваў трэцяе месца[2].

На Летніх Алімпійскіх гульнях 1920 года у Антверпене змагаўся ў лёгкай вазе. Сутычка па рэгламенце турніру працягвалася два раўнды па 10 хвілін, і калі ніхто з барцоў цягам гэтых раўндаў не тушыраваў саперніка, прызначаўся дадатковы раўнд, працягласцю 20 хвілін, і пасля яго (ці падчас яго) перамога прысуджалася па рашэнні суддзяў. У асобных выпадках для выяўлення пераможца мог быць прызначаны яшчэ адзін дадатковы раўнд, працягласцю 10 хвілін. Аднак пасля першага дня спаборніцтваў арганізатары прыйшлі да высновы, што пры такой сістэме яны не паспеюць правесці спаборніцтвы, і час сутычкі скарацілі да аднаго 10-хвіліннага раўнда, у якім перамагчы можна было толькі на тушы і 15-хвіліннага дадатковага раўнда, пасля якога перамога аддавалася па рашэнні суддзяў. У лёгкай вазе змаганне за медалі вёў 21 спартсмен. Турнір праводзіўся па сістэме з выбываннем пасля паразы; тыя, хто выйгралі ва ўсіх сутычках, праводзілі свой турнір за першае месца, тыя, хто прайгралі чэмпіёну, разыгрывалі ў сваім турніры другое месца, тыя, хто прайгралі тым, хто прайгралі чэмпіёну, разыгрывалі ў сваім турніры трэцяе месца.

У канчатковым выніку эстонскі змаганец падзяліў з бельгійцам Сандэрам Буманам ном 4-5 месца.

У 1921 годзе барэц выступіў на чэмпіянаце свету, дзе заняў 4 месца, і ў 1922 годзе, прайграўшы Фрыцьёфу Свенсану, застаўся на другім месцы. У 1923 годзе перамог на чэмпіянаце краін Балтыі.

На Летніх Алімпійскіх гульнях 1924 года у Парыжы змагаўся ў вагавай катэгорыі да 58 кілаграмаў (найлёгкая вага). Правілы спаборніцтваў ізноў былі зменены: турнір праводзіўся па сістэме з выбываннем пасля дзвюх параз, а месцы размяркоўваліся адпаведна колькасці выйграных сутычак. Сутычка працягвалася 20 хвілін і калі пераможац не выяўляўся ў гэты час, прызначаўся дадатковы 6-хвілінны раўнд змагання ў партэры. У катэгорыі змагаліся 25 спартсменаў.

У 1927 годзе застаўся другім на чэмпіянаце Еўропы.

На Летніх Алімпійскіх гульнях 1928 года у Амстэрдаме выступаў як у грэка-рымскай, так і ў вольнай барацьбе.

У грэка-рымскай барацьбе змагаўся ў найлягчэйшай вазе. У яго катэгорыі, па сістэме выбывання пасля дзвюх прайграных сутычак, за ўзнагароды змагаліся 19 спартсменаў.

Паводле вынікаў спаборніцтваў застаўся шостым.

У вольнай барацьбе змагаўся ў лёгкай вазе. У яго катэгорыі за ўзнагароды змагаліся 9 спартсменаў, і Эдуард Пютсеп, прайграўшы ў першай жа сутычцы, спыніў выступы.

Працягваў выступы на спаборніцтвах да 1933 года, пасля чаго працаваў галоўным трэнерам зборнай Латвіі па змаганні, улучаючы Летнія Алімпійскія гульні 1936 года. У час Другой сусветнай вайны перабраўся ў Фінляндыю, дзе працягваў трэнерскую дзейнасць. Памёр у 1960 годзе.

З 1977 года ў Выру праводзіцца турнір па змаганні памяці Эдуарда Пютсепа[3].

Зноскі