Правы ЛГБТ у Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Правы ЛГБТ у Беларусі
Беларусь на карце свету
Крымінальны пераслед
Аднаполыя адносіны Крымінальна не пераследваюцца
Аднаполыя саюзы Забаронены
Змена полу Магчыма
Законы супраць
дыскрымінацыі
Не прыняты

Беларусь стала шостай рэспублікай былога СССР, якая адмяніла крымінальнае пакаранне за гомасексуальнасць. 1 сакавіка 1994 года парламент незалежнай Беларусі змяніў артыкул 119-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і гомасексуальнасць стала законнай. Аднак, у Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь да гэтага часу захаваліся архаічныя тэрміны тыпу «мужаложства» і «лесбіянства», што можа прыводзіць да паталагізіруючага ўспрымання аднаполых адносін. Цяпер як мужчынскія, так і жаночыя аднаполыя сексуальныя кантакты з’яўляюцца легальнымі ў Беларусі, але гаспадарчая дзейнасць аднаполых пар не мае права на такую ж юрыдычную абарону, якая даступна для разнаполых пар.

Акрамя таго, што крымінальная адказнасць за гомасексуальнасць была адменена, не было ніякіх іншых намаганняў, каб пераканацца, што заканадаўства абараняе правы лесбіянак, геяў, бісексуалаў і трансгендараў у Беларусі. Прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці сутыкаюцца з вельмі высокім узроўнем негатыўных стэрэатыпаў і сацыяльных забабонаў, як і ў іншых постсавецкіх краінах. Негатыўныя настроі ў дачыненні да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці падтрымліваюцца на самым высокім узроўні, у тым ліку, Аляксандрам Лукашэнкам.[1]

Гісторыя правоў ЛГБТ на Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

У часы Савецкага Саюза Беларусь выкарыстоўвала законы, агульныя для ўсіх савецкіх рэспублік. У СССР гомасексуальнасць лічылася незаконнай. Сексуальныя адносіны паміж жанчынамі ніколі не былі незаконнымі ў Беларусі (хаця лесбіянкі маглі быць адпраўлены ў псіхіятрычныя ўстановы, калі выяўлялася аднаполая сексуальная арыентацыя), у той час як сексуальныя адносіны паміж мужчынамі заўсёды былі пад крымінальнай адказнасцю. Такіх слоў, як гомасексуальнасць або геі не было ў савецкіх кодэксах і ў юрыдычнай сістэме выкарыстоўваўся тэрмін мужаложства.

Паводле артыкула 119-1 савецкага Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь было ўстаноўлена, што гомасексуальныя мужчыны, якія маюць добраахвотныя сексуальныя кантакты, павінны быць прысуджаныя да пазбаўлення волі на тэрмін да пяці гадоў. У 1989 годзе каля 50 грамадзян Беларусі былі звольненыя з працы з-за іх сексуальнай арыентацыі. Спецыяльны аддзел быў створаны ў КДБ для барацьбы з гомасексуаламі.

Спецслужбы выкарыстоўвалі шантаж і вербавалі агентаў з прадстаўнікоў гей-супольнасці. Такім чынам, была папярэджаная магчымасць з’яўлення якіх-небудзь ЛГБТ-арганізацый або друкаваных выданняў, якія працавалі спецыяльна для сексуальных меншасцей. Гомасексуалы сустракаліся на вуліцы, у туалетах, на вакзалах, або збіраліся ў прыватных кватэрах ці дамах.

У 1992 годзе часопіс пад назвай «Sex-AntiAids-Plus» быў выдадзены з дапамогай няўрадавай арганізацыі «Stop-Aids-Belarus» (SAB). Другі нумар газеты быў арыштаваны і была ўзбуджаная крымінальная справа супраць газеты. Газета ўтрымоўвала аб’явы для геяў і лесбіянак, таму следства палічыла аб’явы аб знаёмствах зводніцтвам. У 1994 годзе крымінальная справа супраць газеты была закрыта. Тым не менш, яе заснавальнік і галоўны рэдактар Руслан Геніюш, баючыся пераследу па сексуальных матывах, спыніў сваю выдавецкую дзейнасць.

У 1992 годзе быў зарэгістраваны і пачаў выдавецкую дзейнасць часопіс пад назвай «Randez-Vous». Часопіс быў, галоўным чынам, пра асабістыя адносіны, такім чынам, у ім змяшчаліся артыкулы, напісаныя псіхолагамі, сексолагамі, а таксама лісты і анонсы ў спецыяльнай калонцы «Блакітны салон». У 1994 годзе часопіс спыніў сваё існаванне.

Інцыдэнт са сцягам на пасольстве Вялікабрытаніі[правіць | правіць зыходнік]

17 мая 2018 года, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, трансфобіяй і біфобіяй на будынку пасольства Вялікабрытаніі ў Мінску з’явіўся ЛГБТ-сцяг. Пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб растлумачыла рашэнне вывесіць сцяг садзейнічаннем прасоўванню правоў ЛГБТ-супольнасці і жаданнем звянуць увагу грамадскасці на ЛГБТ-людзей і дыскрымінацыю, з якой яны сутыкаюцца. Таксама на афіцыйнай старонцы пасольства ў Facebook з’явіўся відэазварот пасла, дзе яна распавядае пра пазіцыю Вялікабрытаніі ў стаўленні да правоў ЛГБТ[2].

Таксама ў знак салідарнасці з ЛГБТ-супольнасцю сцяг вывесіла і пасольства ЗША[3].

20 мая Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі апублікавала на сваім сайце матэрыял пад назвай «Мы за сапраўднае!» (руск.: Мы за подлинное!), у якім выказала шкадаванне аб тым, што над пасольствам Вялікабрытаніі быў вывешаны вясёлкавы сцяг — сімвал гомасексуалаў, назвала аднаполыя адносіны падробкай і заявіла, што Беларусь абапіраецца на падмурак традыцыйных інстытутаў сям’і і шлюбу[4].

Падобная заява выклікала абурэнне ў дэмакратычнай часткі грамадства. Эксперты назвалі выпадак недарэчным, паколькі замежныя дыпламатычныя прадстаўніцтвы належаць да юрысдыкцыі Міністэрства замежных спраў, а не ўнутраных[5].

21 мая на сайце petitions.by пачаўся збор подпісаў «За сапраўдную міліцыю для ўсіх», ініцыятары якой нагадваюць, што з 1990 года гомасексуальнасць выключана з Міжнароднай класіфікацыі хвароб, і паказваюць на прамыя абавязкі міліцыі[3].

22 мая ў перадачы «Размова з прэзідэнтам» на тэлеканале «Беларусь-1» міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч сярод іншага патлумачыў рэакцыю МУС на вывешванне сцягу на пасольстве Вялікабрытаніі. Ён заявіў, што «не рэагаваць на падобнага кшталту падзеі мы не маем ніякага права», бо «гэта ўнутраная справа, у тым ліку нашага міністэрства», дадаўшы, што «праблема пранікнення ў наша грамадства ўсіх неўласцівых, ненатуральных і іншых дэструктыўных асаблівасцей, ідэалогіі, і да т. п., безумоўна, адбываецца, і большых імунітэтаў, на жаль, апроч нашай гісторыі і рэлігіі, няма»[6].

23 мая міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, адказваючы на пытанні журналістаў пасля адкрыцця форума «Мінскі дыялог», адмовіўся каментаваць крытыку Міністэрства ўнутраных спраў на адрас брытанскага пасольтва, аднак заявіў, што, выступаючы з той ці іншай заявай, «трэба думаць пра наступствы»[7].

24 мая сустваральніца праекта Makeout Віка Біран зладзіла фотафлэшмоб з плакатам «Самі вы падробка» супраць дыскрымінацыі ЛГБТ-супольнасці каля будынкаў Міністэрства ўнутраных спраў, Камітэта дзяржаўнай бяспекі і Дома ўрада. Пасля гэтага яе выклікалі адразу ў тры мінскія суды — Маскоўскага (у якім знаходзіцца Дом урада), Цэнтральнага (будынак МУС) і Ленінскага (бульвар насупраць будынка КДБ) раёнаў — па абвінавачванні ў «правядзенні масавага мерапрыемства — адзіночны пікет»[8].

31 мая Фіёна Гіб заявіла, што мэтай вывешвання сцяга было кінуць выклік дыскрымінацыі, а рэакцыя МУС пацвярджае, што «ў Беларусі яна ёсць»[9].

7 чэрвеня міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што грамадзянская супольнасць «не прайшла праверку» вясёлкавым сцягам на пасольстве Вялікабрытаніі, бо ніводная арганізацыя не абурылася ім і не запатрабавала зняць «гэты прадмет, які быў вывешаны ў парушэнне Венскай канвенцыі». Заяву МУС ён назваў «вельмі карэктнай і дыпламатычнай», а таксама заявіў, што «мы ж дыскрымінуем злачынцаў», але наконт ЛГБТ-супольнасці «ніякай дыскрымінацыі няма, ёсць правілы суіснавання, акрамя законаў, якія павінны паважаць усе»[10].

28 чэрвеня тэатральная лабараторыя Fortinbras пры Беларускім свабодным тэатры правяла акцыю ў падтрымку ЛГБТ-супольнасці. Яна паспрабавала стварыць вясёлкавую клумбу і намаляваць вясёлкавыя сляды на тратуары каля скульптуры Мінскага гарадавога, размешчанай насупраць будынка МУС Беларусі. Тры ўдзельнікі акцыі і фотажурналіст БелаПАН Андрэй Шаўлюга былі затрыманы і атрымалі штрафы[11][12]. Удзельнікі акцыі заявілі, што заклікаюць МУС пераступіць праз забабоны і абараняць правы ЛГБТ-грамадзян, якія не парушаюць закон і сплачваюць падаткі, дзякуючы якім Міністэрства і існуе[11].

7 ліпеня каманда пасольства Вялікабрытаніі ў Беларусі, каб падтрымаць штогадовы Лонданскі прайд  (англ.), які праходзіў у гэты дзень, апранулася ў колеры вясёлкавага сцяга і апублікавала фотаздымак у афіцыйным акаўнце пасольства ў Facebook[13].

ЛГБТ-актывіст Андрэй Завалей на фоне сцягоў на будынку пасольства Вялікабрытаніі 17 мая 2019

17 мая 2019 года сітуацыя паўтарылася. Пасольства Вялікабрытаніі зноў вывесіла ЛГБТ-сцяг, а Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ў адказ апублікавала на сваім сайце паведамленне з абурэннем з гэтай нагоды. МУС сцвярджае, што ахоўвае каштоўнасці мацярынства, дзяцінства і інстытут сям’і, а «штучнае раздзьмуванне тэмы аднаполых стасункаў дэструктыўнае, парушае нормы маралі, вядзе да росту злачынстваў сексуальнага характару ў дачыненні дзяцей»[14].

Петыцыі аб забароне прапаганды гомасексуалізму (2018)[правіць | правіць зыходнік]

У чэрвені 2018 года актывісты розных арганізацый склалі петыцыю, у якой звярнуліся да прэзідэнта з просьбай разгледзець пытанне прыняцця закона аб забароне прапаганды гомасексуалізму і іншых формаў нетрадыцыйных сексуальных паводзін сярод непаўналетніх. Петыцыя, пад якой за два тыдні падпісалася 7,3 тысяч чалавек, была накіравана ў Адміністрацыю Прэзідэнта. Паводле меркавання аўтараў «Такая забарона не можа з’яўляцца ўшчамленнем правоў і свабоды каго-небудзь, паколькі не абмяжоўвае нікога ў яго асабістым жыцці, а наадварот — абараняе правы бацькоў на выхаванне сваіх дзяцей у здаровай і бяспечнай атмасферы». Акцыю праводзілі Кардынацыйны Савет грамадскіх прасямейных сіл Беларусі, у які ўваходзяць ГДА «Выратаванне немаўлятаў», ГДГА «Цэнтр падтрымкі сям’і і мацярынства „Мамалета“», САУ «Бацькоўства», МДГА «Горад без наркотыкаў», ДФ «Адкрытыя сэрцы», САУ «Цэнтр падтрымкі сям’і, мацярынства і дзяцінства „Пакрова»", прадстаўнікі Аб’яднанай Царквы ХВЕ ў Беларусі, прадстаўнікі царквы ЕХБ і іншых арганізацый[15][16].

Суд над газетай «Вячэрні Магілёў»[правіць | правіць зыходнік]

Петыцыі аб забароне ЛГБТ-прапаганды (2019—2020)[правіць | правіць зыходнік]

У 2019 годзе некалькі хрысціянскіх і пралайф арганізацый распачалі збор подпісаў пад петыцыяй у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «супраць ЛГБТ-прапаганды сярод дзяцей і моладзі», пад якой падпісалася 55 тысяч вернікаў. Праваслаўныя сабралі каля 20 тысяч подпісаў, яшчэ тысячу пратэстанты, а рэшту — каталікі[17]. Кампанію ініцыяваў магілёўскі фонд «Открытые сердца»[18], які называе сябе «найбуйнейшай беларускай пралайф арганізацыяй»[19]. Дырэктар фонда Уладзіслаў Валаховіч выступаў у падтрымку кампаніі ад імя экспертнай рады па пытаннях жыцця і сям’і пры Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі[20].

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падтрымаў кампанію і стаў яе найбольш адметнай публічнай фігурай[20][21]. Ён заявіў на сустрэчы з моладдзю 6 лютага ў мінскім Чырвоным касцёле, што цяпер «ідэалогія ЛГБТ прарываецца ў школы і ўніверсітэты», а да яго асабіста прыходзяць гомасексуалы, якія просяць дапамагчы змяніць жыццё «з дапамогай святара, касцёла, споведзі, прычасця чалавек стрымліваецца». На яго думку, «ад гэтага можна вылекавацца з Божай дапамогай»[17].

9 сакавіка ў Мінску прайшла прэс-канферэнцыя, у якой прынялі ўдзел кіраўнік фонду «Открытые сердца» Уладзіслаў Валаховіч, духоўнік Свята-Елізавецінскага манастыра протаіерэй Андрэй Лемяшонак і архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Журналістам не ўдалося атрымаць дакладны адказ на пытанне, якую менавіта крымінальную адказнасць і за якія дзеянні прапануюць увесці ініцыятары звароту. Сярод прыкладаў прапаганды, якія будуць падпадаць пад крымінальную адказнасць, Уладзіслаў Валаховіч назваў сцяг на брытанскім пасольстве і квір-фестываль «Дотык»[22]. Духоўнік Свята-Елізавецінскага манастыра протаіерэй Андрэй Лемяшонак заявіў на прэсавай канферэнцыі, што збор подпісаў і зварот — гэта пазіцыя царквы, якой, на яго думку, прытрымліваецца асноўная частка насельніцтва Беларусі. Аднак старшыня сінадальнай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы ў пытаннях сям’і, абароны мацярынства і дзяцінства протаіерэй Павел Сярдзюк назваў збор подпісаў ініцыятывай аднаго Свята-Елізавецінскага манастыра і правакацыйным крокам, які прывядзе не да тых вынікаў, якія меркаваліся[23].

У адказ на пляцоўцы Petitions.by пачаўся збор подпісаў супраць прапановаў хрысціянскіх актывістаў, у петыцыі пад назвай «Мы не прапаганда», дзе прасілі Адміністрацыю Прэзідэнта не ініцыяваць якіх-небудзь заканадаўчых змен, якія пацягнуць дыскрымінацыю сацыяльнай групы ЛГБТ, а Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў — правесці аналіз просьбы, якая змяшчаецца ў петыцыі пра забарону «прапаганды каштоўнасцяў ЛГБТК+» з пункту гледжання прынцыпаў роўнасці ўсіх перад законам і не дыскрымінацыі[24][25].

Праваабарончая ініцыятыўная група «Ідэнтычнасць і права» апублікавала адкрыты ліст папу Францішку, каб звярнуць увагу, што ў Беларусі ад імя каталіцкай царквы заклікаюць забараніць прапаганду і публічнасць гомасексуальнасці, і з просьбай звярнуцца да Кандрусевіча з просьбай не пераследаваць гомасексуалаў[26].

Актывістка бацькоў ЛГБТК-людзей Надзея Іванова звярнулася да арцыбіскупа Кандрусевіча з адкрытым лістом, у якім звяртала ўвагу арцыбіскупа на адсутнасць пастырскай апекі для ЛГБТК+ людзей у Беларусі і заклікала спыніць святароў і касцёльныя структуры ад удзелу ў крыміналізацыі жыцця такіх людзей, як ейны сын.[27][28] Ліст падпісалі 314 чалавек.[29]

Праваабарончыя арганізацыі і ініцыятывы Беларусі выступілі з сумеснай заявай супраць дыскрымінацыі ЛГБТ у краіне, заклікаўшы ўлады не ініцыяваць заканадаўчых змен, якія пацягнуць дыскрымінацыю прадстаўнікоў ЛГБТ і справакуюць рост нецярпімасці ў грамадстве. Заяву падпісалі Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Прававая ініцыятыва, кансультацыйны цэнтр Human Constanta, Цэнтр прасоўвання правоў жанчын, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі ПЭН-цэнтр, Community Centre для ЛГБТК і іх блізкіх, Офіс па правах людзей з інваліднасцю[30].

Сітуацыя пасля 2020 года[правіць | правіць зыходнік]

У красавіку 2024 года Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пашырыла вызначэнне парнаграфіі, уключыўшы туды «нетрадыцыйныя палавыя адносіны», пад якія па новым вызначэнні падпадаюць у тым ліку гомасексуальнасць, бісексуальнасць і транссексуальнасць[31].

Дзеючыя законы[правіць | правіць зыходнік]

Канстытуцыя[правіць | правіць зыходнік]

У Канстытуцыі 1994 года абвяшчаецца, што адзін з яе фундаментальных прынцыпаў — гэта роўнасць усіх грамадзян.[32]

Артыкул 22 абвяшчае:

«Усе роўныя перад законам і маюць права на роўную абарону іх правоў і законных інтарэсаў без якой-небудзь дыскрымінацыі».

Такім чынам, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь не змяшчае спісу магчымых падстаў для дыскрымінацыі, спасылаючыся толькі на агульнае правіла роўнасці перад законам. Таксама Канстытуцыя не змяшчае прамой забароны дыскрымінацыі.

Канстытуцыя не мае згадак пра сексуальную арыентацыю і гендарную ідэнтычнасць, аднак, маецца раздзел, які можа служыць падставай для ўскоснай дыскрымінацыі па прыкмеце сексуальнай арыентацыі.

Згодна з Канстытуцыяй, жанчына і мужчына па дасягненнi шлюбнага ўзросту маюць права на добраахвотнай аснове ўступіць у шлюб і стварыць сям’ю. Пры гэтым у тэксце Канстытуцыі адсутнічае прамая забарона на шлюб паміж мужчынам і мужчынам або жанчынай і жанчынай, аднак права на шлюб, у дадзеным выпадку, разглядаецца выключна для пары з жанчыны і мужчыны.

Грамадзянскае і сямейнае права[правіць | правіць зыходнік]

У адпаведнасці з артыкулам 32 Канстытуцыі і артыкуламі 1 і 12 Сямейнага Кодэкса, шлюб з’яўляецца канкрэтным грамадзянска-прававым дагаворам, заключаным у дзяржаўнай установе і даступны для двух чалавек супрацьлеглага полу. Гэта апошняе патрабаванне робіць шлюб недаступным для гомасексуальных пар.

Няма варыянта сумеснага адаполага сужыцця ў рамках беларускага заканадаўства, хаця сужыццё па-за шлюбам, нават гетэрасексуальных пар, з’яўляецца распаўсюджанай з’явай. Сумеснае сужыццё не з’яўляецца прававой асновай для змянення прозвішча аднаго партнёра на прозвішча другога. Гэта не прыводзіць да шлюбнай матэрыяльнай садружнасці паміж партнёрамі. Сярод абавязкаў, узятых на сябе партнёрамі ў іх сумесным жыцці, законную сілу маюць толькі пералічаныя ў грамадзянскім праве. Калі ў іх ёсць агульная справа, іх адносіны рэгулююцца правіламі камерцыйнага права. Калі партнёры разыходзяцца, то яны не маюць доступу да законна прызнаных правоў аднаго з партнёра ў выпадку разводу. Цяперашнія і былыя партнёры па сумеснаму пражыванню не маюць права на аліменты або фінансавую падтрымку.

Сужыццё не з’яўляецца прававой асновай для атрымання ў спадчыну, так як партнёры не ўключаны ў прававое кола нашчадкаў. Такім чынам, сумесныя партнёры могуць атрымаць спадчыну адзін ад аднаго толькі тады, калі ёсць апошняя воля ці завяшчанне. Падатак на такую спадчыну вышэй, чым падаткі на спадчыну ад законнага мужа. Сумесныя партнёры, якія атрымліваюць спадчыну праз завяшчанне таксама не маюць права захаваць частку маёмасці.

Партнёры ў грамадзянскім шлюбе не маюць бацькоўскіх правоў на дзяцей іншага партнёра. Цалкам магчыма, аднак, для аднаго партнёра юрыдычна прыняць біялагічных дзяцей другога. Усынавіцель не павінен быць недзеяздольным, не павінен быць пазбаўлены бацькоўскіх правоў судом, і павінен быць не менш за 16 гадоў старэйшы за дзіця, якое ён усынаўляе. Для пар у грамадзянскім шлюбе не магчыма прыняць дзяцей-сірот, паколькі закон патрабуе ад такіх пар быць у сапраўдным шлюбе.

Працоўнае права[правіць | правіць зыходнік]

Працоўны кодэкс (артыкул 14) забараняе дыскрымінацыю ў сферы працоўных адносін. Тым не менш, сексуальная арыентацыя застаецца па-за спісу сацыяльных характарыстык, на аснове якіх дыскрымінацыя забароненая законам. Іншымі словамі, ахвяры дыскрымінацыі на аснове сексуальнай арыентацыі не маюць права на абарону[крыніца?].

Крымінальнае права[правіць | правіць зыходнік]

Гомасексуальны секс дэкрыміналізаваны ў 1994 годзе. Цяперашні крымінальны кодэкс быў прыняты ў 2000 годзе. Злачынствамі з’яўляюцца толькі тыя гомасексуальныя акты, якія адбываюцца без узаемнай згоды. Злачынствы ў дачыненні да гомасексуальнасці раглядаюцца ў частцы 20 (раздзел VII) крымінальнага кодэкса, якая прысвечана злачынствам супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды. Артыкул 167 («Гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару») прадугледжвае, што:

  1. Мужаложства, лесбіянства ці іншыя дзеянні сексуальнага характару, учыненыя насуперак волі пацярпелага (пацярпелай) з прымяненнем гвалту або з пагрозай яго прымянення або з выкарыстаннем бездапаможнага стану пацярпелага (пацярпелай), караюцца абмежаваннем волі на тэрмін да чатырох гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў.
  2. Тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна, альбо асобай, якая раней учыніла згвалтаванне, або групай асоб, альбо ў дачыненні да заведама непаўналетняга (непаўналетняй), караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да трынаццаці гадоў.
  3. Дзеянні, прадугледжаныя часткамі першай або другой гэтага артыкула, учыненыя ў дачыненні да заведама малалетняга (малалетняй), альбо якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць пацярпелага (пацярпелай), альбо прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, альбо заражэнне ВІЧ-інфекцыяй, альбо іншыя цяжкія наступствы, караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў.

Артыкул 168 («Палавыя зносіны і іншыя дзеянні сексуальнага характару з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту») прадугледжвае, што палавыя зносіны, мужаложства, лесбіянства ці іншыя дзеянні сексуальнага характару, учыненыя асобай, якая дасягнула васемнаццацігадовага ўзросту, з асобай, якая загадзя не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту, пры адсутнасці прыкмет злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 166 («Згвалтаванне») і 167 гэтага Кодэкса, караюцца абмежаваннем волі на тэрмін ад двух да чатырох гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.

Артыкул 170 («Прымус да дзеянняў сексуальнага характару») гаворыць, што:

  1. Прымус асобы да палавога зносіны, мужаложству, лесбіянству або здзяйснення іншых дзеянняў сексуальнага характару шляхам шантажу, пагрозы знішчэннем, пашкоджаннем або адабраннем маёмасці або з выкарыстаннем службовай, матэрыяльнай ці іншай залежнасці пацярпелага (пацярпелай) караецца абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.
  2. Тое ж дзеянне, учыненае ў дачыненні да заведама непаўналетняга (непаўналетняй), караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да шасці гадоў.

Ніякія канкрэтныя палавыя акты, такіх як аральныя або анальныя пранікненні не згадваюцца, і не мае значэння, ці з’яўляецца паводзіны гомасексуальнымі або гетэрасексуальнымі. Закон уносіць важную сімвалічную даніну прынцыпу роўнасці мужчын і жанчын у тым, што за выключэннем згвалтавання, ахвярай якога можа быць толькі жанчына, усе іншыя злачынныя дзеянні сексуальнага характару, такія як гвалт або прымус, могуць быць накіраваны супраць асоб абодвух палоў, ахвяры ва ўсіх выпадках называюцца ў законе як ён ці яна.

Узрост згоды на ўдзел у палавых актах з’яўляецца роўным для гомасексуалаў і гетэрасексуалаў: 16 гадоў. Аднак у лютым 2020 года ў адказе Міністэрства аховы здароўя на калектыўны зварот грамадзян пра супрацьстаянне хатняму гвалту, было заяўлена, што міністэрства таксама выступае за падвышэнне з 16 да 18 гадоў узросту, да наступлення якога палавыя зносіны і іншыя дзеянні сексуальнага характару з непаўналетнім таго ж полу караюцца ў адпаведнасці з крымінальным заканадаўствам (артыкул 168)[33].

Злачынствы на глебе нянавісці[правіць | правіць зыходнік]

Беларускае заканадаўства не ставіцца канкрэтна да вінаватых у здзяйсненні злачынстваў на глебе гамафобіі. У Крымінальным кодэксе, гомасексуалы вылучаюцца толькі тады, калі яны з’яўляюцца «суб’ектамі» злачынстваў (напрыклад, калі яны з’яўляюцца вінаватымі), а не тады, калі яны з’яўляюцца «аб’ектамі» (напрыклад, ахвяры злачынства). Судовыя органы і паліцыя не выказваюць ніякага імкнення да збору доказаў аб гамафобных матывах тых, хто здзяйсняе злачынствы. Суддзі не абавязаныя разглядаць такія матывы ў якасці абцяжарвальнай акалічнасці віны, або накладаць больш суровае пакаранне, калі гамафобных матываў няма. ЛГБТ-людзі знаходзяцца ў небяспецы сутыкнуцца з дыскрымінацыяй і гвалтам.

Ёсць паведамленні, што міліцыя і пракуратура не разглядаюць справы, звязаныя з ахвярай, якая мае роўныя адносіны да сексуальных меншасцей.

У турмах і выпраўленчых установах, гомасексуальнасць з’яўляецца прадметам спекуляцый, шантажу і вымагальніцтва. Знаходзячыся ў турме, геі і лесбіянкі ў значнай ступені неабароненыя. Як паведамлялася, выканаўчыя органы часта выкарыстоўваюць зняволеных сексуальнымі схільнасцямі каб атрымаць неабходныя даныя, і турэмшчыкі часта заахвочваць зняволеных да злоўжывання гомасексуаламі.

Міліцыянты шукаюць інфармацыю асабістага характару пра гомасексуальных асоб, якія сталі ахвярамі гвалту. Гэтая інфармацыя не мае ніякага значэння для крымінальнага пераследу асоб, якія ўчынілі злачынствы супраць гэтых ахвяр. Міліцыянты збіраюць інфармацыю асабістага характару, а таксама пашпартныя даныя і магшот (фотапартрэт пасля арышту) гомасексуальных асоб, якія наведваюць вядомыя месцы сустрэч геяў. Нацыянальныя грамадская арганізацыя «Сустрэча» (прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі для груп геяў) паведаміла аб такой практыцы ў Брэсце і Гомелі. Супрацоўнікі міліцыі адмаўляюцца рэгістраваць выпадкі жорсткасці, учыненыя супраць сексуальных меншасцей і не правадзіць даследаванні, якія будуць патрабаваць крымінальнай адказнасці з асоб, якія ўчынілі злачынствы на глебе гамафобных забабонаў[34].

18 красавіка 2001 г., мёртвае цела пенсіянера Аляксандра Стэфановіча, які быў вядомы ў Мінску як гомасексуал, было знойдзена ў двары яго дома. Усё яго цела было ў нажавых раненнях. 16 мая таго ж года Андрэй Бабкін быў жорстка збіты і згвалтаваны ля ўваходу ў сваю кватэру. Ён быў дастаўлены ў бальніцу з цяжкімі траўмамі. 2 ліпеня міліцыяй у Мінску быў затрыманы і жорстка збіты Андрэй Шчарбакоў.

На наступны дзень, 3 ліпеня 2001 года, падчас разбойнага нападу на кватэру быў жорстка збіты трыццацігадовы былы ўладальнік гей-клуба «Оскар» Іван Сушынскі[35]. Клуб быў зачынены ўладамі яшчэ ў лютым 2000 г. і Іван прынёс грамадзянскія пазовы ў сувязі з нядобрасумленнымі дзеяннямі міліцыі[крыніца?]. 4 ліпеня, раніцай, Іван Сушынскі сканаў ад цяжкіх траўмаў у 5-й клінічнай бальніцы Мінска[35].

13 лістапада 2001 г. у Маладзечне быў здзейснены напад на Эдуарда Тарлецкага, у выніку якога ён атрымаў страсенне мозгу і спатрэбілася шпіталізацыя на сем дзён. Паліцыя адмовілася прыняць меры ў сувязі з нападам, таму што было «немагчыма знайсці злачынцаў».

15 лютага 2002 г. у Жлобіне 34-гадовы бухгалтар Віктар Кавыль быў знойдзены мёртвым у кватэры сваіх бацькоў. Ён быў адкрытым гомасексуалам на працы і ў грамадскіх месцах. Паліцыя адмовілася даць інфармацыю аб забойстве яго партнёру Аляксандру і адзін з супрацоўнікаў міліцыі сказаў яму: «Так і трэба, садаміты (підары)!». 12 красавіка 2002 адбыліся напад і збіццё геяў за межамі гей-клуба «Вавілон». Па словах відавочцаў, група скінхэдаў (10-12 чалавек) напала на трох наведвальнікаў да прыбыцця паліцыі. Сярод ахвяр быў Эдвард Тарлецкі, галоўны рэдактар аднаго гей-часопіса. 10 чэрвеня ў пасёлку Камунар Буда-Кашалёўскага раёна, трое невядомых збілі і згвалцілі мясцовага 18-гадовага жыхара Дзмітрыя Л. Пацярпелы быў дастаўлены ў бальніцу, дзе ён правёў два тыдні. Увечары 2 кастрычніка 2002 Эдвард Тарлецкі падвергнуўся нападу па дароге дадому. Чатыры невядомыя мужчыны спыталі ў яго прозвішча, і калі даведаліся, што гэта Тарлецкі, то пачалі збіваць. У тую ноч ён быў дастаўлены ў бальніцу. У яго быў пералом пляча і тры разбітыя зубы. Нарэшце, у 2002 годзе, мінская міліцыя распачала крымінальную справу ў сувязі з забойствам 50-гадовага Міхаіла М., знявечанае цела якога было знойдзена ў яго кватэры 17 лістапада. Паводле даных паліцыі, гэта было пятае забойства такога роду, учыненае ў сталіцы Беларусі. Тым не менш, дэтэктывы цалкам адмаўлялі магчымасць серыйнага забойцы.

18 лютага 2003 Тарлецкі зноў быў збіты невядомымі каля яго дома. Эдвард быў дастаўлены ў шпіталь з чэрапна-мазгавой траўмай і мноствам удараў на целе. 29 сакавіка таго ж года выкідалай у начным клубе «Буда-бар» у Мінску была збітая валанцёр Юлія Юхнавец за тое, што пацалавалася з дзяўчынай у калідоры клуба. Яна была дастаўлена ў бальніцу, дзе ёй быў пастаўлены дыягназ траўмы чэрапа.

28 мая 2008 года на Эдварда Тарлецкага напалі зноў тры хлопцы ў Мінску. Тарлецкі заявіў, што ён не мае намеру паведамляць аб нападзе ў міліцыю. Ён таксама сказаў, што гэта быў трэці напад супраць яго за пяць гадоў.

У сярэдзіне верасня 2008 года два мужчыны-транссексуалы былі згвалтаваны ў Мінску. Ахвяры не паведамілі ў міліцыю, таму што не былі ўпэўнены, ці дапамогуць ім.

Напад на Міхаіла Пішчэўскага[правіць | правіць зыходнік]

25 мая 2014 года каля мінскага рэстарана-клуба «Underworld» («Андэрволд»), дзе не ўпершыню збіраліся людзі нетрадыцыйнай арыентацыі, адбыўся канфлікт[36]. Паводле сведак, каля ўваходу ў клуб кампанія гучна абмяркоўвала тэму геяў. На адрас наведнікаў клуба прагучала слова «підарасы». У гэты момант з клуба выходзіў 33-гадовы Міхаіл Пішчэўскі з сябрамі, які пачуў гэта і запытаў у голас: «Хто тут підарасы»? Пытання аказалася дастаткова, каб былы настаўнік фізкультуры мінчанін Дзмітрый Лукашэвіч, які неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за хуліганства[36], накінуўся на Пішчэўскага, які быў з ім знаёмы[36], і пачаў біць па галаве[37]. Міхаіл паваліўся і ўдарыўся аб бетонную пліту галавой[36], страціўшы пры гэтым прытомнасць. Пазней у судзе Лукашэвіч пацвердзіў, што свядома прыйшоў да кавярні падвечар, калі наведнікі пачыналі разыходзіцца, і свядома абразіў аднаго з іх зняважлівым словам[36].

Урачы канстатавалі ў пацярпелага пералом чэрапа  (руск.) і кровазліццё ў мозг  (руск.)[38], у галаве ўтварылася вялікая гематома[37], з-за якой давялося выдаліць каля 20 % галаўнога мозгу[38]. Экспертызе, аднак, не ўдалося высвятліць, што прывяло да атрымання цяжкіх траўм — удары ці падзенне[37]. Пасля гэтага Міхаіл Пішчэўскі месяц прабыў у коме[37], потым яму палепшала, але з ложку ён больш не падняўся[37] і не загаварыў[36]. За пацярпелым быў патрэбны сталы прафесійны нагляд, між тым са шпіталя яго збіраліся выпісаць[37].

У канцы 2014 года Цэнтральны суд Мінска прызнаў Лукашэвіча вінаватым у злосным хуліганстве і нанясенні Пішчэўскаму шкоды здароўю ў выніку неасцярожнасці  (руск.) і прысудзіў злачынцу 2 гады і 8 месяцаў зняволення, а таксама выплату грашовай кампенсацыі[36]. Паводле назіральнікаў, калі асуджанага бралі пад варту ў зале суда, ён працягваў абражаць сяброў пацярпелага, называючы іх тым жа абразлівым словам «підарасы»[37].

Другі разгляд справы ў Цэнтральным судзе Мінска даў той самы вынік. Назіральнікі за працэсамі адзначалі, што ў абодвух выпадках розныя суддзі не сталі нават вывучаць прыкметы гамафобіі ва ўчынках Лукашэвіча. Таксама яны адзначылі, што сям’я Лукашэвічаў ніяк не кантактуе з сям’ёй Пішчэўскага і ўвогуле паводзіць сябе гэтак, быццам пацярпелымі з’яўляюцца яны. Сам Дзмітрый Лукашэвіч на другім працэсе па справе ўпершыню папрасіў у сваякоў Міхаіла Пішчэўскага прабачэння[36].

20 жніўня 2015 года ён выйшаў з жодзінскай калоніі № 8 па амністыі, прымеркаванай да Дня Перамогі[36]. Сваякам паведамілі, што суд прадставіў у калонію даведку, згодна з якой Лукашэвіч выплаціў усю прызначаную грашовую кампенсацыю[36]. Сястра Міхаіла Пішчэўскага Таццяна, аднак, паведаміла, што сваякі Дзмітрыя Лукашэвіча да яго амністыі ўсяляк зацягвалі выплату кампенсацыі Міхаілу Пішчэўскаму і ніяк не цікавіліся яго станам здароўя[36].

Міхаіл Пішчэўскі памер а 12-й гадзіне ночы 26 кастрычніка 2015 года ў 5-м шпіталі Мінска[36].

Справа Арцёма Шляхцёнка[правіць | правіць зыходнік]

Увосень 2015 года мінічан Аляксандр А. пазнаёміўся ў Інтэрнэце з Арцёмам Шляхцёнкам, 19-гадовым студэнтам аднаго з каледжаў у Мінску, з якім час ад часу перапісваўся. 6 лістапада ў час сустрэчы са знаёмым Аляксандр прызнаўся, што з’яўляецца геем. Калі Аляксандр збіраўся дамоў, Шляхцёнак пачаў збіваць яго. Свае здзекі ён запісваў на камеру тэлефона, абражаў, прымусіў стаць на калені, раскрыць асабістую інфармацыю, называць сябе абразлівымі словамі. За тое, каб не ён не выклаў гэтае відэа ў Сеціва, Шляхцёнак патрабаваў ад Аляксандра змяніць свае «схільнасці». Сам Шляхцёнак паведаміў на камеру, што належыць да руху «Оккупай-педофиляй[ru]» і гэта ў яго ўжо не першая падобная сустрэча. Пасля гэтага ён забраў з кашалька пацярпелага 100 тысяч беларускіх рублёў і збег[39].

Арцём Шляхцёнак быў затрыманы міліцыяй па гарачых слядах. Яму было прад’яўлена абвінавачанне ў рабунку і хуліганстве, сярод абцяжваючых абставін былі названы стан ап’янення і «здзяйсненне злачынства па матывах … варожасці ў дачыненні да якой-небудзь сацыяльнай групы». У судзе Шляхцёнак не хаваў сваіх поглядаў і прызнаў віну. Пракурор прасіў для абвінавачванага 4 гады абмежаванні свабоды ў выпраўленчай установе («хімія»). Пацярпелы і абвінавачаны прасілі суд не накіроўваць яго ў выпраўленчую ўстанову. Па сукупнасці злачынстваў суд прызначыў 2 гады абмежавання свабоды без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу, а таксама спагнаць з абвінавачванага 7,6 мільёна беларускіх рублёў, у тым ліку 5 — заяўленай маральнай шкоды[39].

Справа Шляхцёнка стала прэцэдэнтам — гэта быў першы вядомы выпадак, калі беларускі суд кваліфікаваў гамафобію як варожасць да сацыяльнай групы[39][40].

Справа рэчыцкіх гамафобаў[правіць | правіць зыходнік]

У чэрвені 2016 года ў Рэчыцы былі вынесены прысуды 11 мясцовым жыхарам, якія па прыкладзе расійскага «Акупай Педафіляй» знаёміліся з геямі ў сацыяльных сетках ад імя непаўналетніх, прапаноўвалі сустрэчы, а потым збівалі і чынілі здзек. Большасць з іх мелі ўзрост 16-19 гадоў. Яны афіцыйна абвінавачваліся ў злосным хуліганстве і рабаўніцтве, распаўсюдзе парнаграфіі. Маладыя людзі былі пакараны абмежаваннем волі без накіравання на «хімію». Некаторыя трапілі пад амністыю. Аднаму далі чатыры гады — ён быў раней судзімы[41].

Справа гомельскіх гамафобаў[правіць | правіць зыходнік]

У Гомелі ў 2016 годзе маладыя людзі ад 16 да 21 гадоў лавілі «на жыўца» ў сацыяльных сетках геяў, прапаноўвалі ім сустрэцца на прыпынках грамадскага транспарту ці побач з кірмашом, а пасля сустрэчы адводзілі ахвяр у малалюдныя месцы, дзе збівалі, здзекаваліся, выказвалі ў бок пацярпелых дыскрэдытуючыя іх звесткі, якія тыя не жадалі б разгалошваць, пагражалі прымяніць гвалт, ставілі на калені, галілі, аблівалі зялёнкай. Аднаму з пацярпелых пасля здзекаў і збіцця абвінавачаныя пагалілі галаву і аблілі зялёнкай. Другому налілі зялёнку на рукі і прымусілі нанесці на твар. Свае дзеянні яны фіксавалі на відэа[41].

Пра акалічнасці крымінальнай справы афіцыйна не паведамлялася, пра перадачу справы ў суд стала вядома толькі ў студзені 2018 года. Першапачаткова міліцыя выявіла на старонках у сацыяльных сетках удзельнікаў «банды гамафобаў» парнаграфію, потым былі знойдзены і доказы здзекаў. Чацвёра пацярпелых у праваахоўныя органы не звярталіся[41].

Судовыя слуханні былі закрыты, паколькі ніводны з бакоў не быў зацікаўлены ў розгаласе. Нападнікі на судзе выбачаліся перад пацярпелымі. Апроч злоснага хуліганства, следства і суд інкрымінавалі маладым людзям крадзяжы, рабаўніцтва, вымаганне, распаўсюд парнаграфіі. Суд Цэнтральнага раёна прыгаварыў нападнікаў да 1-2 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на год. Пры належных паводзінах цягам года, адсутнасці правапарушэнняў і злачынстваў яны не будуць накіраваныя ў месцы пазбаўлення волі. Адзін з пацярпелых запатрабаваў кампенсацыю маральнай шкоды. Суд пастанавіў спагнаць на яго карысць 800 рублёў[41].

Іміграцыйнае права і права аб прадастаўленні прытулку[правіць | правіць зыходнік]

Пераслед па прыкмеце сексуальнай арыентацыі відавочна не прызнаны ў якасці законнай падставы для прадастаўлення статусу бежанца. Аднаполыя партнёры не прызнаюцца ў якасці мэты іміграцыі ў заканадаўстве. Пасля падзення камуністычнага рэжыму, многія беларусы прасілі і атрымалі палітычны прытулак за мяжой, на аснове апасенняў стаць ахвярай пераследу па прыкмеце іх сексуальнай арыентацыі. Найбольш часта цытаванай прычынай быў фармальны ці нефармальны пераслед з боку паліцыі. Міжнародная Амністыя Лесбіянак, Геяў, Бісексуалаў і Транссексуалаў Беларусі (МАЛГБТ-Беларусь) мае інфармацыю пра асоб, якім быў прадастаўлены прытулак у Чэхіі, Францыі, Нідэрландах і Швецыі. Адзін 19-гадовы былы жыхар Мінска атрымаў прытулак у заходніх краінах у маі 2007 года, бо яго бацькі спрабавалі змяніць яго сексуальную арыентацыю з дапамогай шокавай тэрапіі.

Палітычныя абаронцы правоў ЛГБТ[правіць | правіць зыходнік]

Адкрытая падтрымка лесбіянак і геяў не з’яўляецца папулярнай пазіцыяй для палітычных рухаў у Беларусі. У ліпені 2001 года Арганізацыйны камітэт 1-га Беларускага кангрэса моладзі прагаласавалі супраць удзелу ў ім дэлегаў ЛГБТ-арганізацыі «Лямбда-Беларусь».

У сакавіку 2002 года шэраг беларускіх СМІ апублікавалі гамафобныя заявы Маладога Фронту. У прыватнасці, лідар Маладога Фронту Павел Севярынец апублікаваў ліст, у якім ён назваў гомасексуальнасць «грахом, годным смерці і вычварэнствам». Паводле Севярынца, факт існавання гомасексуалаў з’яўляецца «вынікам псуты і грахоўнасці ў свеце».

У ходзе іншага інцыдэнту, беларускія сексуальныя меншасці паспрабавалі зрабіць афіцыйную заяву аб салідарнасці з ахвярамі чарнобыльскай катастрофы. На гэту спробу адрэагаваў новы лідар Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч, заявіўшы на радыё ў праграме «Свабодная Ноч», што ў Беларусі няма месца для геяў, што гомасексуалы з’яўляюцца хворымі людзьмі і што апазіцыя не будзе ўступаць у дыялог з імі. Акрамя таго, іншы актывіст Маладога Фронту Артур Фінькевіч заявіў, што ўсім гомасексуалам трэба жыць на рэзервацыях, а не з «нармальнымі» людзьмі.

У верасні 2004 г. прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы перад беларускім Саветам Бяспекі, сказаў: «Мы павінны паказаць нашаму грамадству ў найбліжэйшай будучыні, што „яны“ (ЕС і ЗША) тут робяць, як яны спрабуюць ператварыць нашых дзяўчат у прастытутак, як яны кормяць нашых грамадзян наркотыкамі, як яны распаўсюджваюць сексуальныя вычварэнствы тут, якія метады яны выкарыстоўваюць».

Гей-жыццё па-ранейшаму ў значнай ступені падпольнае і большасць беларусаў лічаць гомасексуальнасць хваробай. Гамафобія па-ранейшаму вельмі моцная. Паводле апытання, праведзенага «Беларускай Лямбдай-лігай за сексуальную роўнасць» («Лямбда-Беларусь») у красавіку 2002 года, 47 % беларусаў лічаць, што геі павінны быць заключаны ў турму. Маладыя людзі становяцца больш трывалымі да гомасексуальнасці і паказваюць цікавасць да ЛГБТ-культуры. Тым не менш, цікавасць застаецца часткай маладзёжнай поп-культуры, і часта разглядаецца як свайго роду мода, якую яны перарастуць і забудуць, калі стануць дарослымі. У 2007 г. Інфармацыйны цэнтр ТЭМА і MyGomel.com арганізавалі галасаванне аб рэакцыі моладзі Гомельскай вобласці да сексуальных меншасцей. 47,6 % мелі адмоўныя пачуцці да сексуальных і гендарных меншасцей, 10 % хочуць увесці крымінальную адказнасць за гомасексуальныя адносіны.

Правы прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці ў Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

Права на свабоду слова[правіць | правіць зыходнік]

Інтэрнэт-правайдар Белтэлекам (манапольны пастаўшчык тэлекамунікацый у Беларусі), які кантралюе знешні шлюз, паспрабаваў заблакаваць доступ да гей-сайтаў, прынамсі з інтэрнэт-клубаў. Беларускія інтэрнэт-рэсурсы ЛГБТ у апошні час працуюць без праблем. Тым не менш, доступ заблакаваны да рускіх ЛГБТ-сайтаў, у тым ліку Gay.ru.

У жніўні 1998 г. пабачыў свет першы беларускі часопіс для сексуальных меншасцяў «Форум Лямбда», які быў заснаваны Эдвардам Тарлецкім у жніўні 1998 года як бюлетэнь арганізацыі геяў Беларусі «Беларуская ліга свабоды сексуальных меншасцяў Лямбда», але 2 чэрвеня 1999 года часопіс пачаў выдавацца афіцыйна, з дазволу Дзяржкамітэта друку. Часопіс быў забаронены ўладамі краіны ў сакавіку 2001 года, калі Дзяржкамітэт друку пазбавіў яго пасведчання аб рэгістрацыі[42]. Нягледзячы на гэта, часопіс друкаваўся нелегальна, 25 студзеня 2002 г. выйшаў 22 нумар часопіса. Часопіс выходзіў пры падтрымцы Фонду Сораса і шведскіх арганізацый RFSL і SIDA. У 2005—2008 гг. Эдвард Тарлецкі выдаваў часопіс «Taboo».

Першы гей-парад у СНД адбыўся ў 2001 годзе ў Мінску. Гэта было мірнае шэсце прыблізна з 300 чалавек. Неўзабаве стала ясна, чаму яно было настолькі мірным: парад адбыўся за два дні да прэзідэнцкіх выбараў і стаў зручнай падставай для дыскрэдытацыі кандыдатаў апазіцыі.

Прыватныя кампаніі ў Беларусі цэнзуруюць асабістыя гей-аб’явы на гей-сайце Apagay.com (сёння вядомы як Gay.by). У адказ на скаргі ўладальнік сайта ўпершыню патлумачыў, што яны маюць права рэдагаваць асабістыя аб’явы. Тады яны заявілі, што яны проста выканалі рэкамендацыі, але не сказалі, чые.

У ліпені 1998 года кіраўнікі дзяржаўных Нацыянальнай тэлекампаніі і радыё Беларусі забаранілі папулярныя тэлевізійныя праграмы «Паляванне караля» і «Усё ў парадку, мама», якія выкарыстоўвалі матэрыялы з «Шоў спяваючых каралеў», на той падставе, што героі праграмы прызналіся, што былі геямі.

Адзіны спецыялізаваны часопіс для ЛГБТ-супольнасці друкаваўся ў Расіі і распаўсюджваўся ў Беларусі з 1998 па 2002 год. Друкаванне яго было забаронена некалькі разоў дзяржаўным Камітэтам выдавецтваў.

Асноўнай крыніцай інфармацыі аб жыцці ЛГБТ-супольнасці ў Беларусі з’яўляецца інтэрнэт-партал Gay.by. Ён з’яўляецца адным з дзесяці самых наведвальных сайтаў у Беларусі з штомесячнай аўдыторыяй больш за 350000 наведвальнікаў.[крыніца?] Стваральнікі вэб-сайта сутыкаюцца з мноствам праблем пры спробе распаўсюду інфармацыі пра гомасексуальнасць. У снежні 2002 года ў БДУ быў забаронены доступ да ўсіх ЛГБТ інтэрнэт-рэсурсаў. У сакавіку 2003 года адміністрацыя інтэрнэт-кафэ «Саюз Анлайн», самага вялікага і папулярнага сярод геяў у Мінску, заблакавала Gay.by. У студзені 2004 года сетка нацыянальнай хостынгавай кампаніі N1.BY адмовілася даваць Gay.by свае паслугі. Раней, у 2003 годзе сістэмны адміністратар сайта RED.BY забаніў партал Gay.by праз абмен спасылкамі. 10 мая 2003 года невядомы хакер узламаў сайт Gay.by і выдаліў усе тэмы на форуме сайта і стварыў новую тэму, якая змяшчала заклік забіваць геяў. Акрамя таго, пры загрузцы галоўнай старонкі Gay.by з’яўлялася апавяшчэнне «ПІДАРЫ ПАВІННЫ ПАМЕРЦІ» і «СТОП-ПІДАРЫ У БЕЛАРУСІ». Таксама хакер тэлефанаваў членам каманды сайта з пагрозамі фізічнага гвалту.

Права на свабоду мірных сходаў[правіць | правіць зыходнік]

2001 год

8 верасня 2001 года ў Мінску адбылася першая публічная акцыя ў абарону ЛГБТ — Love парад. Яе арганізатарамі выступіла Беларуская Ліга Лямбда на чале з Эдвардам Тарлецкім. Парад прайшоў ад дзяржаўнага цырку да сквера каля Адміністрацыі прэзыдэнта. Акцыя сабрала каля 1 тыс. удзельнікаў і гледачоў. Яе падтрымалі «Федэрацыя анархістаў Беларусі», Беларускае маладзёжнае грамадскае аб’яднанне «Розныя — роўныя», Беларуская сацыял-дэмакратычная моладзь «Маладая Грамада». Арганізатары не звярталіся да ўладаў па дазвол на правядзенне дэманстрацыі. [4]

2008 год

У 2008 годзе ЛГБТ-актывісты ў Гомелі і Мінску запыталі дазвол на правядзенне невялікіх вулічных акцый на 4 і 10 мая адпаведна, каб адсвяткаваць Славянск гей прайд, але ў іх правядзенні было адмоўлена адпаведнымі гарадскімі адміністрацыямі. Мінскім актывістам сказалі, што іх дзеянне будзе блакаваць праезд. Гомельскім актывістам — што яны не даказалі, што будуць забяспечваць адэкватную медыцынскую дапамогу на мерапрыемстве, або што будуць прыбіраць потым, хоць яны прадэманстравалі гэта ў сваёй заяве.

2009 год

12 лютага 2009 года заяўка групы з 20 чалавек для правядзення невялікіх грамадскіх дзеянняў дасведчанасці аб праблемах ЛГБТ была адмоўлена адміністрацыяй горада Гомеля. Яны сказалі, што заяўка не ўключала копіі дагавораў з мясцовым аддзяленнем міліцыі, паліклінікай і службай уборкі па забеспячэнні грамадскага парадку, бяспекі і ўборкі пасля акцыі. Суд Гомельскага раёна пастанавіў, што заяўка была адхілена ў адпаведнасці з Законам аб масавых мерапрыемствах і адхіліў апеляцыю.

2010 год 8 мая 2010 года Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт не даў дазвол на марш, каб адсвяткаваць Славянскі гей-прайд 15 мая, таму што прапанаваны маршрут быў у межах 200 м ад станцый метро і пешаходных пераходаў. Група дэманстрантаў арганізавала мірнае шэсце 15 мая, нягледзячы на забарону. 7 дэманстрантаў правялі выходныя пад вартай, яшчэ пяцёра актывістаў былі затрыманы на тры гадзіны, сярод іх арганізатар Славянскага гей-прайда ў Мінску Сяргей Андросенка.

2011 год

У кастрычніку 2011 года заяўка на правядзенне маршу ў гонар Мінскага гей-прайда 22 кастрычніка на ўскраіне Мінска была адхілена Мінскім гарадскім саветам дэпутатаў на той падставе, што марш прайшоў бы ў 50 метрах ад грамадскіх будынкаў. Зварот да суда Маскоўскага раёна Мінска ў снежні быў таксама адхілены.

2012 год

У 2012 годзе, да Міжнароднага дня барацьбы з гамафобіяй актывістамі праваабарончага праекта «ГейБеларусь» было пададзена тры заявы ў Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт на правядзенне мірных масавых мерапрыемстваў у розных раёнах горада Мінска. Аднак за пяць дзён да планаваных мерапрыемстваў Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт адмовіў у дазволе на правядзенне мерапрыемстваў пад рознымі прычынамі.

У кастрычніку 2012 года заяўка на правядзенне марша Мінскага гей-прайда была адхілена на той падставе, што мясцовая ўлада плануе мерапрыемства ў той жа час і на тым жа месцы. Тым не менш, актывісты змаглі паспяхова наняць трамвай, і 11 кастрычніка правялі акцыю ЛГБТ у трамваі.

Права на свабоду асацыяцый[правіць | правіць зыходнік]

У цяперашні час у Беларусі няма зарэгістраваных ЛГБТ-арганізацый. Упершыню ЛГБТ арганізацыя ў Беларусі была створана ў 1998 годзе ў Мінску. Гэта — Беларуская Ліга «Лямбда» БЛЛ (Заснавальнік — Эдвард Тарлецкі). У 1999 годзе Міністэрства юстыцыі адмовіла БЛЛ у рэгістрацыі. Арганізацыя праіснавала да 2005 года. У 2011 годзе арганізацыя «ГейБеларусь» спрабавала зарэгістравацца пад імем «Альтэрнатыва Плюс». Заяўка была адхілена Міністэрствам юстыцыі 19 снежня 2011 года на той падставе, што даныя некаторых з заснавальнікаў арганізацыі былі пададзены з памылкамі (няправільна пазначана імя або прозвішча заснавальніка, нумар кватэры заснавальніка). Міністэрства юстыцыі выявіла недакладнасці ў адрасе аднаго заснавальніка з Гродна, напісанні імя другога і ў даце нараджэння трэцяга.

У снежні 2012 года «ГейБеларусь» зноў падала заяўку на рэгістрацыю, на гэты раз на рэгістрацыю пад назвай Рэспубліканскае маладзёжнае грамадскае аб’яднанне «Праваабарончы цэнтр „Лямбда“». Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі ў лютым 2013 года. На гэты раз прычынай стала тое, што арганізацыя не будзе спрыяць «падтрымцы сацыяльнай сталасці і ўсебаковаму развіццю беларускай моладзі».

Пасля падачы заявы на рэгістрацыю праваабарончага цэнтра «Лямбда» ў снежні 2012 года ЛГБТ-актывісты былі падвергнуты серыі міліцэйскіх рэйдаў і праверак, якія ўключалі выпадкі жорсткага абыходжання. Сяргей Андросенка, старшыня «ГейБеларусі», распавёў «Міжнароднай Амністыі», што ён лічыць, што гэтыя рэйды і праверкі былі звязаны са спробай зарэгістраваць арганізацыю.

У ноч з 11 па 12 студзеня 2013 года супрацоўнікі міліцыі ўвайшлі ў мінскі клуб «6А», дзе адбывалася вечарынка ЛГБТ. Яны заблакавалі выхад, апыталі ўсіх у клубе і праверылі іх дакументы. Міліцыя сцвярджала, што шукала збеглага злачынцу. На наступную ноч аналагічны інцыдэнт адбыўся ў Віцебску ў клубе «21 ВЕК». Каля 11 гадзін вечара два дзяжурных міліцыянера ўвайшлі і сказалі, што яны ведаюць, што ў клубе адбываюцца «дзеянні сексуальных меншасцей». Яны на працягу гадзіны глядзелі, што адбываецца ў клубе, а потым сышлі. Праз паўгадзіны ўвайшла група міліцыі і атрад спецыяльнага прызначэння. Яны адразу ж загадалі ўсім стаць тварам да сцяны — мужчыны да адной сцяны і жанчыны да іншай. Яны запісалі звесткі аб усіх і ўсё здымалі. Сяргей Андросенка распавёў «Міжнароднай Амністыі»: «Яны былі даволі жорсткімі да хлапцоў. Яны казалі гамафобныя жарты і некаторыя непрыстойныя параўнанні».

Пасля гэтых падзей больш 60 чалавек, чые імёны былі ў спісе членаў-заснавальнікаў праваабарончага цэнтра «Лямбда», былі запрошаны на допыт у міліцыю па выклікам ад супрацоўнікаў Упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Міністэрства Унутраных Спраў Рэспублікі Беларусь у 10 розных гарадах. Яны былі выкліканы на допыт (супрацоўнікі міліцыі часта называлі гэта гутаркай) у сувязі з рознымі злачынствамі, уключаючы незаконны абарот наркотыкаў і згвалтаванне, але пытанні не былі звязаны з меркаванымі злачынствамі, а з сексуальнай актыўнасцю членаў-заснавальнікаў і дзейнасцю арганізацыі. У многіх выпадках міліцыя прыбывала на месца працы ці тэлефанавала сваякам, выклікаючы збянтэжанасць.

Рэйды ў клубы[правіць | правіць зыходнік]

У ноч з 20 на 21 кастрычніка 2017 года ў двух барах Мінска — Casta Diva (вул. Крапоткіна, 91а) і Burlesque (вул. Кастрычніцкая, 5), папулярных сярод мясцовай ЛГБТ-супольнасці[43], былі праведзены рэйды ўстановамі па кантролі над наркотыкамі і алкаголем. У выніку рэйду ў клуб «Бурлеск», праваахоўныя органы канфіскавалі нелегальны алкаголь. Тыя ж супрацоўнікі праваахоўных органаў і АМАПа пасля рэйду ў клуб «Бурлеск» наведалі Casta Diva прыкладна каля 2:00 раніцы. У час рэйду ў Casta Diva некалькі чалавек былі затрыманы і дастаўлены ў міліцэйскі ўчастак, дзе правяраліся іх дакументы, пасля чаго яны былі адпушчаныя. Прычыны іх затрымання не паведамляліся. Перад тым як пакінуць памяшканне, праваахоўнікі запісалі асабістыя даныя прыкладна 80 чалавек, якія былі ў клубе ў той час[44].

У ноч на 21 ліпеня 2018 года мінскія клубы, у тым ліку Burlesque, праверылі на прадмет выяўлення правапарушэнняў супрацоўнікі ГУУС Мінгарвыканкама[45].

Прававы статус гей-клубаў[правіць | правіць зыходнік]

У Рэспубліцы Беларусь няма ні аднаго гей-клуба[крыніца?]. У Мінску існуе некалькі месцаў, дзе для прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці арганізоўваюцца вечарыны закрытага характару, таксама часам ЛГБТ-вечарыны арганізуюцца ў абласных гарадах. У 2013 годзе ўладальнікі дадзеных клубаў сутыкнуліся з відавочнай дыскрымінацыяй па прычыне сексуальнай арыентацыі наведвальнікаў іх устаноў з боку мясцовых органаў улады.

Гомасексуальнасць і адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

У сувязі з недасканалай сістэмай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, адсутнасцю дысцыплін, якія вывучаюць усе праявы сексуальнасці чалавека, недахопам дакладнай інфармацыі пра жыццё прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці, існуючымі стэрэатыпамі, беларускае грамадства малаадукавана ў галіне сексуальнай арыентацыі, гендарнай ідэнтычнасці. Ва ўмовах савецкай сістэмы адукацыі, дзе роля навукам, якія вывучаюць усе праявы сексуальнасці чалавека, не адводзілася зусім, старэйшыя пакаленні часта не маюць паняццяў пра гомасексуальнасць, бісексуальнасць і трансгендарнасць, у сувязі з гэтым большасць прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці хаваюць сваю сексуальную арыентацыю, баючыся неразумення з боку бацькоў, сяброў і грамадства і агрэсіўных паводзін з іх боку[крыніца?].

Навязванне грамадствам гетэранарматыўных стандартаў, недахоп дакладнай інфармацыі, адсутнасць магчымасці адкрыта абмяркоўваць праблему прыводзіць бацькоў прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці да неразумення сітуацыі, нявызначанасці ў паводзінах, псіхалагічных складанасцей.

Такія абставіны прыводзяць да маргіналізацыі ЛГБТ-супольнасці, прымушаюць негатыўна сябе ўспрымаць, што часта вядзе да развіцця іх унутранай гамафобіі[крыніца?].

Правы ЛГБТ у ваеннай сферы[правіць | правіць зыходнік]

Прадстаўнікам ЛГБТ-супольнасці не забараняецца служыць у войску па заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Аднак з-за высокага ўзроўню гамафобіі, прымаючы пад увагу, што камінг-аўт можа негатыўна адбіцца на становішчы ў арміі, выклікаць агрэсію, кпіны і здзекі з боку таварышаў па службе, у прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці жаданне служыць у войску не вялікае. Аднак прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці, якія вырашаюць служыць у арміі, вымушаны хаваць сваю сексуальную арыентацыю, з прычыны чаго гэтыя фактары выклікаюць мноства псіхалагічных праблем, якія перашкаджаюць прадстаўнікам ЛГБТ-супольнасці весці паўнавартаснае і здаровае жыццё ў грамадстве без скажэння сваёй натуры і псіхікі.

У большасці выпадкаў, калі прызыўнік заяўляе аб сваёй гомасексуальнай арыентацыі пры праходжанні медыцынскай камісіі ў ваенкамаце, яму ставіцца псіхіятрычны дыягназ[крыніца?], які забараняе яму службу ў войску, не спасылаючыся на сексуальную арыентацыю.

Хоць не было паведамленняў аб выпадках непрызнасці да геяў у войску, але гэта можа быць вынікам таго, што яны хавалі сваю арыентацыю[34].

Псіхалагічная і медыка-санітарная дапамога[правіць | правіць зыходнік]

Высокі працэнт самагубстваў назіраецца сярод геяў, лесбіянак, бісексуалаў і транссексуалаў. Кваліфікаваная псіхалагічная дапамога не з’яўляецца агульнадаступнай. У Мінску два ўніверсітэты — БДУ і БДПУ — маюць поўны курс псіхалогіі ў сваёй вучэбнай праграме, але не вырашаюць праблемы сексуальных меншасцей[крыніца?].

Зводная табліца[правіць | правіць зыходнік]

Правы ЛГБТ у Беларусі
Асноўныя правы
Легальная аднаполая актыўнасць Так З 1917 па 1921 год і з 1932 па 1939 год у Заходняй Беларусі. З 1917 па 1933 год у БССР. З 1994 года ў Рэспубліцы Беларусь.
Права на законную змену пола Так З 1992 года.
Узрост сексуальнай згоды Так Ад 16 гадоў.
Свабода сходаў, аб’яднанняў і выказвання De-jure дазваляецца, de-facto — не: [5](недаступная спасылка), [6] Архівавана 26 ліпеня 2018., [7] Архівавана 14 чэрвеня 2018., [8] Архівавана 9 ліпеня 2018., [9] Архівавана 4 лістапада 2017., [10] Архівавана 3 верасня 2018., [11] Архівавана 6 жніўня 2018..
Правы на прытулак De-jure дазваляецца, de-facto — не: [12], [13].
Нарматыўныя акты аб прадастаўленні прытулку Не
Абарона ад нянавісці
Злачынствы на глебе нянавісці Не Па заканадаўству Беларусі злачынствы на глебе нянавісці супраць ЛГБТ разглядаюцца, як хуліганства.
Распальванне нянавісці, выкарыстанне мовы варожасці Не Па заканадаўству Беларусі распальванне нянавісці супраць ЛГБТ ды выкарыстанне мовы варожасці лічыцца мелкім хуліганствам.
Палітыка супраць нянавісці Не Сексуальная арыентацыя не напісана ў нацыянальнай стратэгіі супраць нянавісці.
Антыдыскрымінацыйныя законы
Канстытуцыя Не
Працоўны кодэкс Не
Доступ да тавараў і паслуг Не
Іншыя сферы жыцця Не
Мандаты па абароне ад дыскрымінацыі Не
Прызнанне адносін і саюзаў
Аднаполыя саюзы, заключаныя за мяжой Не У Беларусі прававым рэгулятарам сямейных адносін выступае Кодэкс аб шлюбе і сям’і. У Кодэксе (230 артыкул) адзначана, што шлюбы паміж грамадзянамі Беларусі, зарэгістраваныя за мяжой, у РБ прызнаюцца законнымі, калі няма абставін, якія перашкаджаюць афіцыйнаму афармленню адносін.

Усе гэтыя абставіны пазначаны ў 17—19 артыкулах Кодэкса. Пры гэтым, у артыкулах не пазначана нічога пра аднаполы шлюб. Але ёсць артыкул 12, па якім шлюб — гэта добраахвотны саюз паміж мужчынам і жанчынай. Па сучаснаму беларускаму заканадаўству (237 артыкул), дакумент, якім заключаны аднаполы шлюб, з’яўляецца неправільна аформленым[46].

Аднаполыя грамадзянскія саюзы Не Не разглядаліся.
Аднаполыя шлюбы Не Падчас стварэння Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у праектах працоўнай камісіі было меркаванне даць паняцце шлюбу, як «добраахвотнага саюза паміж двума грамадзянамі», але перамагло паняцце «добраахвотны саюз паміж мужчынам і жанчынай». З прыняццем апошняга тлумачэння, рэгістрацыя аднаполых шлюбаў ці іх прызнанне супярэчыць асноўнаму закону Рэспублікі — Канстытуцыі[47].
Права на ўз’яднанне сям’і Не Не разглядалася.
Медыцынскія пытанні
Інфармацыя аб стане здароўя партнёра ці партнёркі Не
Доступ да медыцынскай інфармацыі пацыента Маюць правы толькі родныя і ўрачы. Астатні доступ адбываеца толькі тады, калі пацыент прапіша кола дазволеных асоб, якія могуць праглядаць яго медыцынскую картку.
Страхаванне
Закон аб страхаванні і абароне ЛГБТ-прадстаўніка Не
Страхаванне здароўя партнёра Не
Фінансы
Сумесная падатковая дэкларацыя Не
Атрымліванне маёмасці партнёра пры адсутнасці тэстамента Не
Атрыманне заробкаў партнёра Не Толькі шляхам складання даверанасці.
Купля кватэры ці іншага аб’екта, мажлівасць зрабіць ахвяраванне Так
Судовая сістэма
Права не сведчыць супраць свайго партнёра Не
Абарона ЛГБТ-прадстаўніка, калі ён стаў ахвярай злачынства Толькі ў цяжкіх выпадках, калі прадстаўніку ЛГБТ злачынства пагражала жыццю.
Банкаўская сістэма
Сумесны банкаўскі рахунак У Беларусі дазваляецца запускаць рахунак для некалькіх людзей, але ён не прыраўніваецца да шлюбнага рахунка і мае менш прэферэнцый.
Выдаванне крэдыту парам НеБанкі адмаўляюцца разглядаць актывы і даходы нежанатых у якасці агульнай асновы для разліку крэдытаздольнасці.
Сацыяльная дапамога
Правы на атрымынне пенсіі ці стыпендый партнёра Не
Правы на сацыяльную дапамогу, калі партнёр мае інваліднасць Не
Права грашовай дапамогі за дагляданнем хворага партнёра Не
Іншыя пытанні
Дазвол мужчынам, якія маюць пастаянныя палавыя зносіны з іншымі мужчынамі, здаваць кроў Не Дадзенае абмежаванне было ўведзена ў супрацьэпідэмічных мэтах у сувязі з больш лёгкай перадачай ВІЧ праз эпітэлій прамой кішкі ў параўнанні з сексуальнымі кантактамі праз похву: [14]
Права на пахаванне Не
Правы на пражыванне на маёмасці партнёра пасля яго смерці Не
Дзеці
Прыняцце гомасексуальных пар Не
Апека дзіцяці, калі адны з партнёраў з’яўляецца біялагічным бацькам ці маці дзіцяці Не
Аўтаматычнае прызнанне партнёра ў якасці законнага прадстаўніка Не
Дазвол да ЭКА лесбіянкам Не Закон дазваляе выкарыстоўваць ЭКА толькі для гетэрасексуальных жанчын.
Аліменты Не

Зноскі

  1. Лукашенко: гомосексуалистов надо высылать в совхозы. Праверана 14.02.2011.
  2. На посольстве Великобритании в Минске вывесили ЛГБТ-флаг Архівавана 3 снежня 2020.
  3. а б Амбасада ЗША ў Менску ўпершыню вывесіла вясёлкавы сьцяг
  4. «Мы за сапраўднае, яны ня пройдуць!» МУС Беларусі назвала адносіны геяў падробкай
  5. «Дзіўна, недарэчна, нават сьмешна» — экспэрты пра шкадаваньне МУС наконт вясёлкавага сьцяга
  6. [1]
  7. Макей пра вывешваньне вясёлкавага сьцяга замежнымі пасольствамі: «Ня трэба навязваць»
  8. Дзяўчыну выклікалі адразу ў тры менскія суды за плякат «Самі вы падробка»
  9. Посол Великобритании о флаге ЛГБТ на здании в Минске: «Цель — бросить вызов дискриминации» Архівавана 10 ліпеня 2018.
  10. Шуневіч пра рэстарацыю ля Курапатаў: «Буфэрам паміж бакамі ня будзем»
  11. а б Каля статуі гарадавога насупраць МУС зьявілася ЛГБТ-клюмба. Фатафакт
  12. Журналіста Андрэя Шаўлюгу і ўдзельнікаў акцыі насупраць МУС пакаралі штрафамі ў 73,5 рубля
  13. [2] Архівавана 28 студзеня 2021.
  14. МУС зноў адрэагавала на вясёлкавы сьцяг на брытанскай амбасадзе, зьвязала з ростам пэдафіліі
  15. Президента попросили запретить ЛГБТ-пропаганду (не всю)
  16. ПЕТИЦИЯ О ЗАЩИТЕ ДЕТЕЙ ОТ ПРОПАГАНДЫ ПРОТИВОЕСТЕСТВЕННЫХ ГРЕХОВ И ИЗВРАЩЕНИЙ ПЕРЕДАНА В АДМИНИСТРАЦИЮ ПРЕЗИДЕНТА С ТЫСЯЧАМИ ПОДПИСЕЙ
  17. а б Беларускія хрысьціяне сабралі 55 тысяч подпісаў супраць «прапаганды ЛГБТ» (бел. (тар.)). Радыё Свабода (7 лютага 2020). Праверана 22 сакавіка 2020.
  18. Анна Галковская. «Гэта крык сэрца і душы бацькоў». Подведены итоги сбора подписей против ЛГБТ-пропаганды(недаступная спасылка). Благотворительный фонд "Открытые сердца" (10 сакавіка 2020). Архівавана з першакрыніцы 14 лютага 2021. Праверана 7 лютага 2021.
  19. Благотворительный фонд "Открытые сердца". Кто мы(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 23 красавіка 2021. Праверана 7 лютага 2021.
  20. а б «Гэта ініцыятыва Кандрусевіча». Навошта каталікі зьбіраюць подпісы за закон супраць прапаганды аднаполых адносін. Радыё Свабода (01 кастрычнік 2019). Праверана 07 лютага 2021.
  21. Андрэй Стэцкевіч. Касцёл падтрымлівае збор подпісаў пад зваротам да прэзідэнта ў абарону традыцыйнай сям’і. Catholic.by (24 верасня 2019). Праверана 4 лютага 2021.
  22. «Прафіляктыка ВІЧ, сэмінары аб гендэрнай роўнасьці, ЛГБТ-сьцяг» — што вернікі прапануюць зрабіць крымінальным злачынствам (бел. (тар.)). Радыё Свабода (9 сакавіка 2020). Праверана 22 сакавіка 2020.
  23. Кіраўнік сынадальнай камісіі БПЦ: Крымінальная адказнасьць за ЛГБТ-прапаганду — гэта дыскрымінацыя (бел. (тар.)). Радыё Свабода (9 сакавіка 2020). Праверана 22 сакавіка 2020.
  24. Против попытки запретить информацию об ЛГБТ.
  25. Зьявілася пэтыцыя супраць забароны інфармацыі пра ЛГБТ (бел. (тар.)). Радыё Свабода (12 лютага 2020). Праверана 22 сакавіка 2020.
  26. Беларускія абаронцы правоў ЛГБТ даслалі ліст Папу Рымскаму (бел. (тар.)). Радыё Свабода (5 сакавіка 2020). Праверана 22 сакавіка 2020.
  27. Нечаканы паварот: да мітрапаліта Кандрусевіча звярнулася маці хлопца з ЛГБТ. katolik.life (17 кастрычніка 2019).
  28. Надзея Іванова. [Фэйсбук запіс ад 17 Кастрычнік 2019 г.] (17 кастрычніка 2020).
  29. Nieszczarda. Ліст мамы да Кандрусевіча. LiveJournal (16 красавіка 2020).
  30. Беларускія праваабаронцы крытыкуюць ініцытыятыву вернікаў наконт ЛГБТ-прапаганды (бел. (тар.)). Радыё Свабода (13 сакавіка 2020). Праверана 22 сакавіка 2020.
  31. Мінкульт Беларусі аднёс да парнаграфіі дэманстрацыю нетрадыцыйных адносін. Наша Ніва (11 красавіка 2023).
  32. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года. Праверана 24.11.1996.
  33. У Беларусі могуць павялічыць «узрост сэксуальнай згоды». Але не для ўсіх (бел. (тар.)). Радыё Свабода (13 лютага 2020). Праверана 22 сакавіка 2020.
  34. а б Паводле даклада Вячаслава Бортніка, які быў прэзентаваны на паседжанні АБСЕ «Human Dimension Implementation» у Варшаве 4-15 кастрычніка 2004 і на дадатковым мерапрымстве «Нецярпімасць, дыскрымінацыя і злачынсты на глебе нянавісці паводле сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці у рэгіёне АБСЕ»
  35. а б От побоев скончался бывший директор минского гей-клуба «Оскар»
  36. а б в г д е ё ж з і к л Гамафоб сустрэўся з геем ці настаўнік фізкультуры — з мулярам-прыватнікам?
  37. а б в г д е ё Наўмыснае збіццё гея суд палічыў «траўмай па неасцярожнасці»
  38. а б Sputnik. Избитый после ЛГБТ-вечеринки Михаил Пищевский скончался
  39. а б в «Стать на колени и назвать себя геем». В Минске завершился суд о преступлениях на почве гомофобии Архівавана 15 мая 2016.
  40. Индекс гомофобии — 2017: в Беларуси к ЛГБТ все еще относятся хуже, чем в большинстве стран Европы Архівавана 17 мая 2017.
  41. а б в г Лавілі «на жыўца», аблівалі зялёнкай. 11 жыхароў Гомля судзілі за зьдзекі з геяў
  42. [3] Архівавана 3 чэрвеня 2009.
  43. Міліцэйскія рэйды ў мінскіх клубах Архівавана 16 снежня 2017.
  44. Активисты сообщают о задержаниях в клубах «Бурлеск» и «Каста Дива»
  45. Милиция снова проверила минский гей-клуб Архівавана 26 ліпеня 2018.
  46. https://euroradio.fm/ru/vozmozhno-li-legalizoavat-odnopolyy-brak-v-belarusi-lazeyki-v-zakonodatelstve
  47. https://udf.by/news/society/print:page,1,40101-17-let-nazad-v-belarusi-mogli-byt-razresheny-odnopolye-braki.html

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]