Маладзечанскі замак

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Маладзечанскі замак
54°20′05″ пн. ш. 26°52′22″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Маладзечна
Першае згадванне 16 снежня 1388
Дата заснавання XIV стагоддзе
Стан Захаваліся толькі земляныя валы
Map

Маладзечанскі замак — фартыфікацыйнае збудаванне ХIV-ХVIII стагоддзяў у Маладзечна, на правым балоцістым беразе Ушы.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Умацаванне размяшчалася на востраве, будаўнікі ўдала выкарысталі нізкі балоцісты рэльеф і прыродныя перашкоды. Да месца будаўніцтва была пракладзена грэбля, на балоце бярвёнамі вымашчаны ўчастак 120х80 м і насыпана са жвіру і пяску пляцоўка вышынёй 4 м. Па краі пляцоўкі ўзведзены пясчана-гліняны вал вышынёй да 3,5 м і шырынёй 11 м. На вале стаялі драўляныя абарончыя сцены і вежы, у тым ліку брама. Акружаў замак роў з вадой. Па краі рова праходзіў яшчэ адзін вал, у аснову якога закладвалі валуны.

У XVII ст. замак мадэрнізаваны, каля падножжа валоў пастаўлены агароджа з завостраных калоў, замест вуглавых веж пабудаваны бастыёны галандскага тыпу, што адпавядала зменам у тактыцы аблогі. Для прадухілення апаўзання зямлі каля падножжа бастыёнаў была агароджа слупавой канструкцыі, якая таксама мела і функцыю перашкоды. У месцах прымыкання валу да брамы, насып быў арміраваны каменнымі сценкамі.

На двары замка быў невялікі каменны храм, які існаваў на працягу ХVI-ХVIII ст., паводле археалагічныя раскопак, ён меў памеры 11х24 м і быў аздоблены фрэскамі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

16 снежня 1388 года ў Маладзечанскім замку ноўгарад-северскі князь Дзмітрый Альгердавіч падпісаў прысяжную грамату каралю Уладзіславу Ягайлу, грамата лічыцца першай пісьмовай згадкай Маладзечна.

У розныя часы яго ўладальнікамі былі князі Заслаўскія, Мсціслаўскія, Сангушкі, Кішкі, Агінскія.

У 1519 (двойчы) і 1533 гадах замак трымала ў аблозе маскоўскае войска (з наўгародскіх і пскоўскіх дзяцей баярскіх) на чале з князем М. Кісліцай і, напэўна, спалілі яго. Сляды агню ў археалагічным профілі замкавага вала і культурным слоі пацвярджаюць шматразовыя пажары ўмацаванняў. У 1567 годзе ў Маладзечне праходзілі папярэднія перагаворы паміж прадстаўнікамі ВКЛ і Польшчы аб умовах заключэння Люблінскай уніі. У пачатку ХVІІ ст. уладальнікам Маладзечна быў Леў Сапега. Ёсць меркаванне, што Карл XII у час Паўночнай вайны пабываў у Маладзечанскім замку.

У ХVІІІ ст. Маладзечна належала князям Агінскім. У замку знаходзілася іх рэзідэнцыя, пабудаваны палац, дзе сабрана багатая бібліятэка і калекцыя карцін. Створаны садова-паркавы ансамбль са штучнымі сажалкамі, узгоркамі, каналамі, аранжарэямі з апельсінамі, ананасамі, лімонамі і гранатамі.

Пад час французска-расійскай вайны 1812 года напалеонаўскія войскі двойчы прайшлі праз Маладзечна — пры наступленні на Маскву ў чэрвені і пры адступленні ў лістападзе 1812 года. 22 лістапада (старога стылю) атрады рускай арміі пад камандаваннем А. Ярмолава, Я. Чапліца, а таксама казакі М. Платава разбілі французаў пад Маладзечнам. Маладзечанскі бой стаў апошнім у зімовай кампаніі 1812 года. Страты ў вайне 1812 года былі вельмі вялікімі, замак напалову разбураны.

Напачатку ХІХ ст. Міхал Клеафас Агінскі не раз наведваў свайго дзядзьку ў Маладзечне, а пасля яго смерці, вясной 1814 года, стаў уладальнікам Маладзечанскага замка. Міхал Клеафас не рамантаваў палаца, перадаў палову будынка з бібліятэкай і калекцыяй музычных інструментаў дваранскаму пяцікласнаму павятоваму вучылішчу.

У канцы ХІХ ст. замак прыйшоў у поўны заняпад.

Сучасны стан[правіць | правіць зыходнік]

На месцы замка засталіся толькі земляныя валы, якія лічацца археалагічным помнікам. Паводле дзяржпраграмы «Замкі Беларусі» да 2014 года мусіла быць праведзена добраўпарадкаванне тэрыторыі Маладзечанскага замчышча.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]