Калона Святога Сімпліцыяна (Фашчаўка)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мемарыяльная калона
Калона Святога Сімпліцыяна
54°09′05,98″ пн. ш. 30°29′18,18″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Фашчаўка
Канфесія Каталіцтва
Ордэнская прыналежнасць ордэн езуітаў
Першае згадванне XVIII ст.
Дата пабудовы 1812 г.(?)
Map

Калона Святога Сімпліцыяна — помнік у вёсцы Фашчаўцы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. У мясцовым фальклоры мае назвы «фашчаўскі ёлуп», «фашчаўскі ёлупень».

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Дакладнае прызначэнне мемарыяла невядомае. Існуюць як мінімум дзве версіі. Па адной з іх лічыцца, што помнік узвялі каталіцкія манахі на месцы пахавання частак Святога Крыжа Гасподня і мошчаў Святога пакутніка Сімпліцыяна. Святыні спачатку захоўваліся ў касцёле, але пасля паўстання 1830—1831 гадоў, калі расійскія ўлады пачалі праследаванне католікаў, то вернікі перанеслі часткі крыжа і мошчаў на могілкі і зрабілі калону, а наверсе ўсталявалі скульптуру Св. Сімпліцыяна. Цэглу нібыта прывозілі з Варшавы[1].

Паводле іншай версіі, у гады праўлення польскага памешчыка прыйшоў у мястэчка атрад езуіцкага ордэна на чале з рыцарам Сімпліцыянам, каб звярнуць жыхароў у каталіцкую веру. Народ паўстаў, а кіраўнік атрада загінуў. На мясцовых могілках у знак ушанавання і была ўзведзена высокая калона, зверху якой — драўляны воін[2].

Беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч у рамане «Чорны замак Альшанскі» ўзгадаў пра фашчаўскую калону: «У вёсцы Фашчаўка пад Шкловам была калісьці ў сярэднія вякі езуіцкая місія і поруч яе стаяла на высокай калоне статуя. Удзячны народ забыўся, хто гэта: святы ці нейкі дзяржаўны дзеяч, але трывала замацаваў у слоўніку слова „ёлуп хвашчоўскі“ для вызначэння чагосьці дурнога і бескарыснага». Варта адзначыць, што дадзены эпізод сустракаецца толькі ў рускамоўнай версіі твора[2].

Згодна з успамінамі мясцовых жыхароў, драўляная скульптура Святога Сімпліцыяна, што пастаўлена наверсе калоны, знаходзілася на штыры, які паварочваўся ў той бок, адкуль ішла вайна. Аднак, у цяперашні час скульптура згніла і постаць святога больш у ёй не распазнаецца. Для аднаўлення помніка ў мясцовай каталіцкай супольнасці няма сродкаў[3].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Чатырохгранная калона вышынёй 10-15 м складзена з чырвонай цэглы. У аснове — квадрат, далей цыліндрычнай формы, калона завужаная да гары, наверсе — драўляная скульптура.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Дучыц Л. У., Клімковіч І. Я. Старажытныя памятныя калоны Беларусі. Зборнік дакладаў і тэзісаў VI Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Традыцыі і сучасны стан культуры і мастацтваў» (Мінск, Беларусь, 19-20 лістапада 2015 года) / гал. рэд. А. І. Лакотка; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. — Мінск, 2016. C. 578—583.

Спысылкі[правіць | правіць зыходнік]