Рубец (медыцына)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рубец у правай падуздышна-пахвіннай вобласці.

Рубе́ц (лац.: cicatrix, -icis, f.) — шчыльнае злучальнатканкавае ўтварэнне, якое ўзнікла з прычыны рэгенерацыі тканак пасля пашкоджання ці запалення (напрыклад, на скуры пасля гаення раны, у дванаццаціперснай кішцы пасля гаення язвы, ці ў міякардзе пасля інфаркту).

Рубцовая тканка складаецца пераважна з калагену і адрозніваецца ад тканак, якія яна замяшчае, паніжанымі функцыянальнымі ўласцівасцямі. Напрыклад, рубцы на скуры больш адчувальныя да ультрафіялетавага выпраменьвання, і ў іх не аднаўляюцца потавыя залозы і валасяныя фалікулы, а рубец у сардэчнай мышцы пасля інфаркту міякарда не ўдзельнічае ў скарачэнні сэрца і можа прыводзіць да сардэчнай недастатковасці. Некаторыя тканкі, напрыклад — касцявая, здольныя ў значнай меры аднаўляць сваю структуру і функцыю пасля пашкоджання.

Па колькасці новаўтворанай тканкі рубцы на скуры дзеляць на гіпертрафічныя і атрафічныя. Пры гіпертрафічных рубцах новай тканкі ўтворыцца больш, чым было разбурана, такім чынам рубец выступае над паверхняй скуры. Пры атрафічных рубцах тканкі ўтвараецца менш, чым было разбурана.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]