72-гі Аб’яднаны вучэбны цэнтр

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
72-гі Аб’яднаны вучэбны цэнтр
Эмблема 72-га АВЦ
Гады існавання з 2001 г.
Краіна  Беларусь
Падпарадкаванне Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь
Уваходзіць у Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь
Тып вучэбная вайсковая часць
Колькасць каля 4500 тыс. чалавек
Дыслакацыя Печы, Барысаў
Мянушка Печы
Знакі адрознення Савецкая гвардыя Ордэн Леніна Ордэн Чырвонага Сцяга Ордэн Суворава II ступені
Камандзіры
Дзеючы камандзір гвардыі генерал-маёр У. М. Будзік[1]

72-гі гвардзе́йскі Ро́венскі ордэна Ле́ніна, Чырванасця́жны, о́рдэна Алякса́ндра Суво́рава II ступе́ні Аб’ядна́ны вучэ́бны цэнтр падрыхто́ўкі пра́паршчыкаў і мало́дшых спецыялі́стаў — навучальная воінская часць, найбуйнейшае падраздзяленне Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Асабовага складу тут налічваецца больш за чатыры з паловай тысяч чалавек. Вучэбны цэнтр займаецца падрыхтоўкай прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў для Узброеных сіл[2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У міжваенны час[правіць | правіць зыходнік]

8 ліпеня 1940 года ў г. Ліўны Арлоўскай вобласці на падставе дырэктывы Народнага Камісара абароны СССР, пачалося фарміраванне 120-й стралковай дывізіі і завяршылася 15 жніўня 1940 года. Дывізію фарміравалі: камандзір дывізіі — генерал-маёр Канстанцін Іванавіч Пятроў, камісар дывізіі — палкавы камісар Ісмаіл Булатавіч Булатаў, начальнік штаба дывізіі — палкоўнік Аляксандр Іванавіч Бяляеў.

Новае падраздзяленне ўвайшло ў Арлоўскую ваенную акругу. Дывізія па штаце ваеннага часу мела 14.000 чалавек і складалася з 401-га, 474-га і 540-га стралковых палкоў, 559-га лёгкага артылерыйскага палка, 150-га асобнага разведвальнага батальёна, 224-га батальёна сувязі, 193-га сапёрнага батальёна, 180-га супрацьтанкавага дывізіёна, 185-га зенітнага дывізіёна, 192-й асобнай аўтароты падвозу.

З самага пачатку свайго існавання, дзякуючы таленту і энергіі камандзіра генерал-маёра К. І. Пятрова, дывізія пачала лічыцца адной з лепшых у Арлоўскай ваеннай акрузе. Ужо ў верасні 1940 года быў праведзены трохтыднёвы палявы збор з прыпісным асабовым складам, а ў лістападзе таго ж года паводле вынікаў інспектарскай праверкі дывізія была прызнана лепшым стралковым падраздзяленнем акругі, а камандзір дывізіі быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны[правіць | правіць зыходнік]

Вайна заспела салдат падраздзялення ў разгар баявой вучобы ў летніх лагерах «Лужкі», адкуль 23 чэрвеня яе часці вярнуліся на «зімовыя кватэры» для даўкамплектавання, пасля чаго, дывізія прымала ўдзел у баях за горад Ельня. Ельня стала адным з першых гарадоў, вызваленых Чырвонай Арміяй.

Загадам Народнага камісара абароны № 318 ад 26 верасня 1941 года за мужнасць, доблесць і высокае ўменне, выяўленыя ў баях пад горадам Ельня Ельня]], дывізія была ператворана ў 6-ю гвардзейскую стралковую дывізію. Гэтага высокага гонару дывізія была ўшанавана ў Савецкай Арміі адной з першых. У сувязі з гэтым штогод 26 верасня адзначаецца Дзень утварэння часці. Гвардзейскі сцяг дывізіі быў уручаны ў снежні 1941 года.

У кастрычніку — снежні 1941 года дывізія ў складзе 1-га гвардзейскага корпуса і ўдарнай групы 3-й арміі вяла баі па атражэнні ўдараў нямецкіх войск пад Тулай, за горад Яфрэмаў. Улетку 1942 года 6-я гвардзейская стралковая дывізія ўдзельнічала ў зацятых абарончых баях у складзе Заходняга фронту. Увосень 1942 года і ўзімку 1943 года падчас наступу салдаты дывізіі вызвалілі звыш за 170 населеных пунктаў.

У ліпені 1943 года дывізія ўдзельнічала ў гістарычнай бітве на Курскай дузе, на адным з галоўных кірункаў правага крыла дугі — каля станцыі Паныры. За мужнасць і гераічнасць, выяўленыя ў баях пад Панырамі, 21 ліпеня 1943 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР 6-я гвардзейская дывізія была ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга.

1 ліпеня 1943 года камандзірам дывізіі быў прызначаны гвардыі генерал-маёр Дзмітрый Платонавіч Анупрыенка. Разграміўшы ворага на Курскай дузе, дывізія накіравалася на вызваленне роднай зямлі: удзельнічала ў фарсіраванні рэк Дняпро, Дзясна, Прыпяць, у вызваленні шматлікіх гарадоў і сёлаў Украіны. За фарсіраванне Дняпра 35 салдатам дывізіі, у тым ліку яе камандзіру генерал-маёру Д. П. Анупрыенку было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

7 лютага 1944 года часці дывізіі вызвалілі горад Роўна. Загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага № 022 6-й гвардзейскай стралковай дывізіі было прысвоена ганаровае найменне «Ровенская».

У складзе 1-га Украінскага фронту дывізія фарсіравала Заходні Буг, вызваляе горад Рава-Руская і 22 ліпеня 1944 года выходзіць на Дзяржаўную граніцу з Польшчай.

У другой палове 1944 года дывізія вызваліла гарады ў Польшчы, удзельнічала ў баях на Сандамірскім плацдарме, фарсіравала Віслу.

За паспяховыя баявыя дзеянні, мужнасць і ўстойлівасць, выяўленыя пры фарсіраванні ракі Вісла, утрыманне Сандамірскага плацдарму Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 9 жніўня 1944 гады дывізія была ўзнагароджана Ордэнам Суворава 2-ой ступені.

Напачатку верасня 1944 года камандзірам дывізіі быў прызначаны палкоўнік Георгій Васільевіч Іваноў. У студзені 1945 года дывізія з баямі ўступіла на тэрыторыю Германіі, фарсіравала шэраг найцяжкіх водных перашкод (рэкі Нейсе, Одар, Шпрэе) і да канца красавіка падышла да Эльбы.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за мужнасць, гераізм і высокае майстэрства, выяўленыя пры фарсіраванні ракі Одар, дывізія 26 мая 1945 года была ўзнагароджана ордэнам Леніна.

За перыяд вайны дывізія знішчыла 58 тысяч і ўзяла ў палон 10328 нямецкіх салдат, знішчыла і захапіла 128 самалётаў, 579 танкаў, 945 гармат і мінамётаў, 328 бронетранспарцёраў, 4035 аўтамашын, 1389 кулямётаў і іншай ваеннай тэхнікі.

Дывізія скончыла баявы шлях вызваленнем сталіцы Чэхаславакіі — Прагі. Пройдучы на Захад 4520 кіламетраў, вызваліла 18 гарадоў, 1458 населеных пунктаў і заняла на тэрыторыі Германіі 12 гарадоў і 603 населеных пункта.

Пасляваенныя годы[правіць | правіць зыходнік]

Увесну 1946 года, здзейсніўшы марш з Чэхаславакіі і Аўстрыі, дывізія засяродзілася на тэрыторыі БССР у горадзе Магілёве, а ў красавіку 1947 года была перадыслакавана ў ваенны гарадок Печы.

Вырашаючы складаныя задачы раскватаравання, барацьбы з бандытызмам, аднаўлення разбуранай вайной гаспадаркі, дывізія пераступіла ў 1947 годзе да баявой падрыхтоўкі. Інспектарскія праверкі паказалі, што ваяры дывізіі навучыліся дзейнічаць ва ўсіх відах бою, глыбока засвоілі досвед вайны, умела авалодалі новымі тэхнічнымі сродкамі.

Напачатку 1950-х гадоў працягнулася далейшае ўдасканаленне баявой гатоўнасці ўсіх родаў войскаў для выканання задач ва ўмовах ужывання атамнай зброі і іншых новых сродкаў барацьбы. У верасні 1954 года ваяры-гвардзейцы прынялі ўдзел у тактычным вучэнні з ужываннем ядзернай зброі, якое праводзілася ў Тоцкім вучэбным цэнтры.

У 1955 годзе падраздзяленне прыняла ўдзел у найбуйнейшых па сваіх маштабах пасля Вялікай Айчыннай вайны ваенных манеўрах пад кіраўніцтвам Міністра абароны СССР Маршала Савецкага Саюза Г. К. Жукава.

Велізарны досвед вядзення сучаснага бою ваяры-гвардзейцы атрымалі падчас цэлага шэрагу вучэнняў, праведзеных у другой палове 1950-х гадоў. За выдатныя паказчыкі ў вучобе дывізію было вырашана зрабіць вучэбнай. Гэта адбылося ў 1960 годзе, калі пасля маштабнага скарачэння арміі неабходна было рэзка павялічыць якасць падрыхтоўкі салдат.

Менавіта ў гэтым вучэбным падраздзяленні легендарны канструктар Міхаіл Калашнікаў ствараў свой знакаміты кулямёт ПКТ.

Узброеным Сілам востра патрабаваліся высакакласныя спецыялісты. Попыт на іх быў, а вось новыя падручнікі і навучанні распрацаваць яшчэ не паспелі. Афіцэры дывізіі стваралі іх самі, з нуля.

Сур’ёзным іспытам для злучэння з’явіўся ўдзел у манеўрах «Днепр» 1967 года, падчас якіх выпускнікі прадэманстравалі высокі ўзровень падрыхтаванасці і ваеннага майстэрства.

1970-я гады для ваяроў злучэння былі адзначаны далейшым удасканаленнем баявой і мабілізацыйнай гатовасці. Характэрным у гэтым плане з’яўляецца ўдзел ваяроў злучэння ў буйнамаштабных вучэннях, якія праводзіліся ў гэты перыяд — «Вясна-75», «Захад-77», «Бярэзіна-78».

Залатым перыядам у гісторыі злучэння называюць час, калі Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругай камандаваў генерал арміі Іван Майсеевіч Трацяк. Ён вельмі шмат надаваў увагі дывізіі, часта наведваў яе, матэрыяльна забяспечваў. Тэрыторыя і казармы дывізіі, увесь гарнізон былі прызнаны ўзорнымі і лепшымі ў Савецкім Саюзе. Усё лепшае ішло на навучанне курсантаў. А іх рыхтавалі ў савецкі час 15 тысяч. Прычым рыхтавалі курсантаў часцяком на сакрэтнай тэхніцы — тэхніцы, якая яшчэ не паступала ў войскі. У вучэбны цэнтр яна паступала прама з заводаў. Тут праходзілі выпрабаванні спачатку харкаўскія Т-64, затым ніжнітагільскія Т-72. Баявыя машыны пяхоты БМП-1, БМП-2 першай атрымала вучэбная дывізія.

У Печы пачасціліся маршалы. Дывізія стала ўпадабаным месцам правядзення паказальных заняткаў і вучэнняў. На яе базе праходзілі зборы міністраў абароны Варшаўскага Дагавора: Венгрыі, ГДР, Польшчы… Былі выстаўлены ўсе віды зброі, якія мела Савецкая армія.

Наступныя гады былі не менш інтэнсіўнымі ў плане ўдзелу ваенных злучэння ў буйнамаштабных вучэннях і манеўрах, якія праводзіліся на тэрыторыі КБВО, напрыклад такіх, як «Захад-81».

Выпускнікі вучэбнага злучэння, — а навучаліся ў вучэбнай дывізіі курсанты з усяго Савецкага Саюза — не проста карысталіся аўтарытэтам у войсках, а практычна адразу станавіліся першымі памочнікамі афіцэраў, хутка атрымлівалі сяржанцкія званні.

З 1979 па 1989 год шматлікія афіцэры і прапаршчыкі з вучэбнай дывізіі прымалі ўдзел у вайне ў Афганістане.[3]

У Рэспубліцы Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Пасля здабыцця Рэспублікай Беларусь незалежнасці, у 1992 годзе на базе 72-га акруговага вучэбнага цэнтра і вучэбных частак былога КБВО пачалося рэфармаванне. У 2001 годзе ў вучэбным злучэнні была сфарміравана 114-я гвардзейская школа па падрыхтоўцы прапаршчыкаў — вучэбны цэнтр стаў рыхтаваць і іх. З 1 чэрвеня 2001 года ён быў пераназваны ў 72-гі гвардзейскі Аб’яднаны вучэбны цэнтр падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў.

У рамках рэфармавання Узброеных Сіл быў ажыццёўлены пераход да цэнтралізаванай сістэмы падрыхтоўкі малодшых спецыялістаў у новай арганізацыйна-штатнай структуры. Практычна ўсе вучэбныя часці ў сціснутыя тэрміны былі перадыслакаваны ў 72-і гвардзейскі АВЦ, які ў наш час рыхтуе спецыялістаў для Узброеных Сіл усіх відаў і родаў войскаў.

У сакавіку 2005 года вучэбныя вайсковыя часці вучэбнага цэнтра прыступілі да падрыхтоўкі малодшых камандзіраў і спецыялістаў па праграмах, якія прадугледжваюць трохмесяцовы тэрмін навучання.

У вучэбным цэнтры створаны вучэбныя аддзяленні, якія складаюцца з цыклаў. Увядзенне пасад выкладчыцкага складу дазволіла замяніць афіцэраў — камандзіраў узводаў прапаршчыкамі, вызваліўшы тых ад правядзення заняткаў па асноўных прадметах навучання. У камандзіраў падраздзяленняў з’явілася больш часу для індывідуальнай працы з падпарадкаванымі і ўмацавання ваеннай дысцыпліны ў калектыве.

Арганізацыйна-штатная структура 72-га АВЦ сёння складаецца з упраўлення, школы па падрыхтоўцы прапаршчыкаў і спецыялістаў харчовай службы, пяці школ па падрыхтоўцы спецыялістаў родаў войскаў і спецыяльных войскаў, цэнтра тэхнічнага забеспячэння, цэнтра тылавога забеспячэння, асобнага батальёна аховы і абслугоўвання.[4] Яна дазваляе штогод рыхтаваць прапаршчыкаў па 23 спецыяльнасцях (тэрмін навучання — 5 месяцаў), малодшых камандзіраў і спецыялістаў па 81 спецыяльнасці (тэрмін навучання — 4 і 3 месяца).

З сакавіка 2011 года для падвышэння ўзроўню падрыхтоўкі ваенных тэрміны навучання для малодшых спецыялістаў павялічаны да чатырох, малодшых камандзіраў — да чатырох з паловай месяцаў.

Асноўны касцяк выкладчыцкага складу — малодшыя афіцэры ад старэйшага лейтэнанта да капітана. Што да грамадзянскага персаналу, гэта пераважна ваенныя запасу і ў адстаўцы, якія прайшлі доўгі шлях у войсках. Шматлікія з іх займалі пасады камандзіраў палкоў і іх намеснікаў, камандзіраў батальёнаў і іх намеснікаў. Зыходзячы з гэтага, наладжана вучэбна-метадычная праца — за меней дасведчаным выкладчыкам замацоўваецца больш дасведчаны. Выкладчыкі праходзяць стажыроўкі ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, плюс два разы ў год з імі праводзяцца трохдзённыя вучэбна-метадычныя зборы[5].

Задачы 72-га АВЦ[правіць | правіць зыходнік]

Сёння 72-і гвардзейскі аб’яднаны вучэбны цэнтр падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў з’яўляецца адным са складнікаў падрыхтоўкі ваенных кадраў, на які ўскладзены такія задачы, як:

  • падтрыманне баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці на ўзроўні, які забяспечвае своечасовае і якаснае выкананне мерапрыемстваў пераводу вучэбнага працэсу на паскоранае навучанне спецыялістаў, фарміраванне ўскладзеных на 72-і гвардзейскі АВЦ ПП і МС вайсковых часцей, падрыхтоўку іх сіл і сродкі да выканання задач паводле іх прызначэння;
  • падрыхтоўка спецыялістаў для Узброеных Сіл; фарміраванне ў спецыялістаў высокіх прафесійных і маральна-псіхалагічных якасцей;
  • падтрыманне ўзбраення і ваеннай тэхнікі ва ўскладзеных на 72-і гвардзейскі АВЦ ПП і МС фарміраваннях, вайсковых часцях забеспячэння і абслугоўвання, у баегатовым стане, своечасовае іх тэхнічнае абслугоўванне пры забеспячэнні вучэбнага працэсу;
  • удасканаленне вучэбна-выхаваўчага працэсу і развіццё вучэбнай матэрыяльнай базы;
  • арганізацыя абароны дзяржаўных сакрэтаў, яе забеспячэнне і кантроль ва ўласнай дзейнасці, удзел у арганізацыйна-метадычным кіраўніцтве па пытаннях абароны дзяржаўных сакрэтаў і кантролі за яе станам у 72-м гвардзейскім АВЦ ПП і МС[6].

Кіраўніцтва Аб’яднанага вучэбнага цэнтра[правіць | правіць зыходнік]

Пасада Званне Прозвішча імя, імя па-бацьку
Начальнік 72-га гвардзейскага АВЦ гвардыі генерал-маёр Уладзіслаў Міхайлавіч Будзік
Начальнік штаба — першы намеснік начальніка 72-га гвардзейскага АВЦ гвардыі палкоўнік Уладзімір Валер’евіч Жылевіч
Намеснік начальніка — начальнік вучэбнага аддзела 72-га гвардзейскага АВЦ гвардыі палкоўнік Аляксандр Мікалаевіч Пугач
Намеснік начальніка цэнтра па ідэалагічнай рабоце — начальнік аддзялення ідэалагічнай працы 72-га гвардзейскага АВЦ гвардыі падпалкоўнік Дзяніс Аляксандравіч Канышаў
Намеснік начальніка па ўзбраенню — начальнік тэхнічнай часці 72-га гвардзейскага АВЦ гвардыі палкоўнік Алег Аляксеевіч Нікалаенкаў[7]
Намеснік начальніка па тылу — начальнік тыла 72-га гвардзейскага АВЦ гвардыі палкоўнік Аляксандр Валер’евіч Цыруль

Арганізацыйная структура[правіць | правіць зыходнік]

Арганізацыйна-штатная структура 72-га гвардзейскага аб’яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў складаецца з:

  • упраўлення;
  • школы па падрыхтоўцы прапаршчыкаў і спецыялістаў харчовай службы;
  • пяці школ па падрыхтоўцы спецыялістаў родаў войскаў і спецыяльных войскаў;
  • цэнтра тэхнічнага забеспячэння;
  • цэнтра тылавога забеспячэння;
  • асобнага батальёна аховы і абслугоўвання.

Вучэбны працэс у 72-м гвардзейскім вучэбным цэнтры арганізаваны і праводзіцца на падставе актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, прававых актаў Міністэрства абароны, праграм падрыхтоўкі спецыялістаў і ўяўляе сабой мэтанакіраваную дзейнасць выкладчыцкага складу і камандзіраў вучэбных падраздзяленняў у якаснай падрыхтоўцы камандзіраў і малодшых спецыялістаў.

У вучэбным цэнтры вызначана строгая паслядоўнасць у арганізацыі вучэбнага працэсу. Падрыхтоўка курсантаў пачынаецца з атрымання імі неабходных тэарэтычных ведаў. Пачатковыя практычныя навыкі набываюцца пры правядзенні тэарэтычных заняткаў, заняткаў у камп’ютарных класах, на трэнажорах, агнявых месцах, пасля чаго курсанты прыступаюць да заняткаў на тэхніцы, дзе замацоўваюць і ўдасканальваюць практычныя навыкі і ўменні.

Асноўным прынцыпам падрыхтоўкі курсантаў з’яўляецца паслядоўнае і паэтапнае навучанне «ад простага да складанага». На першапачатковых этапах навучання даюцца неабходныя тэарэтычныя веды, набываюцца пачатковыя практычныя навыкі на УТ і ТС, якія ў наступным удасканальваюцца на тэхніку вучэбна-баявой групы ў выніку сістэматычнага правядзення заняткаў і трэніровак з выкарыстаннем штатнай баявой тэхнікі і зброі.

Трэніроўкі на трэнажорах максімальна палягчаюць засваенне УВТ ва ўмовах, характэрных для сучаснага бою, шляхам выпрацоўкі ў курсантаў дакладных, каардынаваных практычных навыкаў і ўменняў.

Мэтазгоднасць ужывання трэнажораў абумоўлена:

  • магчымасцю падзелу складаных элементаў на простыя дзеянні для іх паслядоўнага засваення з паступовым ускладненнем умоў трэніроўкі;
  • магчымасцю неадкладнай аб’ектыўнай ацэнкі якасці выканання прыёмаў кіравання, фіксацыі дапушчаных памылак, адначасовага паказу правільных дзеянняў і паўтору практыкавання да беспамылковага яго выканання;
  • больш рацыянальным выкарыстаннем вучэбнага часу за кошт скарачэння пераездаў на вучэбныя аб’екты і адрыву асабовага складу для падрыхтоўкі матэрыяльнай часткі;
  • поўнай бяспекай навучання, якая дазваляе пашырыць самастойнасць навучэнца ў яго дзеяннях і рашэннях у крытычных і аварыйных сітуацыях, што не дапушчаецца на штатных баявых машынах;
  • скарачэннем выдатку мотарэсурсаў на адпрацоўку і памяншэннем напружанасці эксплуатацыі баявой тэхнікі, скарачэннем колькасці пашкоджанняў (паломак) і, адпаведна, запатрабавання ў запасных частках, гаручым і змазвальных матэрыялах, зніжэннем загружанасці абслуговых і рамонтных падраздзяленняў.

Для навучання курсантаў у вучэбным цэнтры маецца: палявая, прыказарменная, класная і ротная вучэбна-матэрыяльная база, якая ўключае ў сябе:

  • пяць тактычных палёў, прызначаных для падрыхтоўкі камандзіраў аддзяленняў (танкаў, БМП) і іншых спецыялістаў, інжынернае поле, хімгарадок;
  • два танкадромы, танкадром 227-га агульнавайсковага палігона, машынадром, аўтадром прызначаны для навучання механікаў-вадзіцеляў і кіроўцаў колавай і гусенічнай тэхнікі. Заняткі па агнявой падрыхтоўцы праводзяцца на ўчастках танкавай дырэктрысы, артылерыйскай дырэктрысы, і дырэктрыс БМП-2 і БМП-1, двух участках вайсковага стрэльбішча і двух агнявых месцах 227-га палігона.
  • пяць камп’ютарных класаў з распрацаванымі і ўдасканаленымі навучалымі праграмамі, праграмамі суправаджэння, тэставальнымі праграмамі і створанымі вучэбнымі фільмамі па асноўных прадметах навучання для спецыялістаў мотастралковых, танкавых, артылерыйскіх падраздзяленняў, спецыялістаў войскаў сувязі, РХБ абароны, аўтамабільных і рамонтных спецыяльнасцей. Арганізавана ўзаемадзеянне з установамі адукацыі Рэспублікі Беларусь па распрацоўцы сучасных навучалых праграм (171 праграма) для 72-га гвардзейскага АВЦ ПП і МС.
  • адзін трэнажорны корпус, у якім усталяваны трэнажоры для падрыхтоўкі камандзіраў, наводчыкаў гармат і механікаў-вадзіцеляў Т-72 (ТКНТ-3 Б, ТОПТ-САЗ, ТТВ-172); механікаў-вадзіцеляў САУ (ТТВ-САУ); камандзіраў, наводчыкаў-аператараў і механікаў-вадзіцеляў БМП-2 (ТБ-675, ТКНО-950, ТНО-7 Э); спецыялістаў мотастралковых падраздзяленняў (СОКАЛ-М1 З, СОКАЛ-М1 П, СОКАЛ-ПТУР), якія дазваляюць на першапачатковым этапе спецыяльнай падрыхтоўкі прышчапляць пачатковыя практычныя навыкі курсантам, а ў далейшым удасканальваць іх без выдатку боепрыпасаў і гаруча-змазвальных матэрыялаў.
  • аб’екты вучэбна-матэрыяльнай базы па фізічнай падрыхтоўцы і спорту, якія дазваляюць адначасова праводзіць заняткі з паўтары тысяччу курсантамі.

Акрамя таго, у кожным вучэбным падраздзяленні (вучэбная рота, батарэя) маецца пераносная ротная вучэбна-матэрыяльная база, якая дазваляе праводзіць заняткі па ўсіх прадметах баявой падрыхтоўкі.

У мэтах скарачэння часу для перасоўвання да месцаў заняткаў у непасрэднай блізкасці абсталяваны машынадром для падрыхтоўкі механікаў-вадзіцеляў інжынернай тэхнікі і войскаў СПА (абсталяваны камандны пункт і маршрут руху, які забяспечвае выкананне практыкаванняў паводле Курсу кіравання), для правядзення заняткаў па тактыка-спецыяльнай падрыхтоўцы са спецыялістамі сувязі абсталявана вучэбнае тактычнае поле, на тэрыторыі 114-й гвардзейскай школы падрыхтоўкі прапаршчыкаў і спецыялістаў харчовай службы абсталяваны ўчастак тактычнага поля для правядзення заняткаў па тактычнай (тактыка-спецыяльнай) падрыхтоўцы.

Наяўная вучэбна-матэрыяльная база ў поўным аб’ёме забяспечвае якаснае правядзенне заняткаў з курсантамі па ўсіх прадметах навучання.

Воінскія часці 72-га АВЦ ПП і МС[правіць | правіць зыходнік]

114-я школа па падрыхтоўцы прапаршчыкаў і спецыялістаў харчовай службы[правіць | правіць зыходнік]

114-я гвардзейская Чэнстахоўская ордэнаў Кутузава III ступені, Багдана Хмяльніцкага II ступені і Чырвонай Зоркі школа па падрыхтоўцы прапаршчыкаў і спецыялістаў харчовай службы. Начальнік школы — гвардыі падпалкоўнік Баранскі Уладзімір Сяргеевіч. Школа рыхтуе спецыялістаў:

  • камандзір мотастралковага ўзвода;
  • начальнік вучэбнага аб’екта;
  • начальнік трэнажора;
  • намеснік камандзіра групы спецыяльнага прызначэння;
  • спецыяліст па рамонце аўтатрактарнай тэхнікі;
  • спецыяліст па рамонце бранятанкавай тэхнікі;
  • начальнік склада ракетна-артылерыйскага ўзбраення;
  • старшына падраздзялення;
  • начальнік харчовай службы;
  • начальнік сталовай;
  • начальнік рэчавай службы;
  • камандзір узвода матэрыяльнага забеспячэння;
  • начальнік склада паліўна-змазвальных матэрыялаў (ПЗМ);
  • спецыяліст радыёсувязі (Р-140);
  • спецыяліст радыёсувязі (Р-161-А2М);
  • спецыяліст апаратнай сувязі (П-244 ТМ);
  • спецыяліст апаратнай сувязі (П-238) ТК;
  • спецыяліст радыёрэлейнай сувязі і шматканальнай сувязі (Р-414);
  • спецыяліст шматканальнай сувязі (П-257);
  • спецыяліст спецыяльнай сувязі;
  • начальнік сакрэтнага справаводства;
  • спецыяліст харчовай службы.

3-я гвардзейская школа падрыхтоўкі спецыялістаў танкавых і артылерыйскіх падраздзяленняў[правіць | правіць зыходнік]

3-я гвардзейская Мінска-Гданьская, Вісленская, ордэна Леніна, Чырванасцяжная, ордэнаў Суворава II і III ступені, ордэна Кутузава III ступені школа падрыхтоўкі спецыялістаў танкавых і артылерыйскіх падраздзяленняў. Начальнік школы — гвардыі маёр Вадзім Віталевіч Дыёдзіца.

Школа рыхтуе спецыялістаў:

  • механік-вадзіцель Т-72;
  • камандзір танка Т-72;
  • наводчык танка Т-72;
  • механік-вадзіцель САУ;
  • камандзір 2С1;
  • камандзір 2С3;
  • камандзір 2С9;
  • камандзір БМ-21;
  • камандзір мінамёта 2Б9;
  • камандзір мінамёта 2Б11;
  • камандзір аддзялення камандна-штабной машыны старэйшага афіцэра батарэі;
  • камандзір аддзялення камандна-штабной машыны начальніка штаба;
  • камандзір аддзялення камандзірскіх машын кіравання камандзіраў дывізіёнаў;
  • камандзіраў аддзяленняў разведкі рухомых разведвальных пунктаў;
  • камандзір мінамёта СНАР (выраб 1РЛ232 «Леапард» прызначаны для разведкі, паражэння рухомых наземных (надводных) цэляў і абслугоўвання стральбы артылерыі).

59-я школа падрыхтоўкі спецыялістаў па эксплуатацыі аўтамабільнай тэхнікі і рамонтных падраздзяленняў[правіць | правіць зыходнік]

59-я Жытомірская Чырванасцяжная школа падрыхтоўкі спецыялістаў па эксплуатацыі аўтамабільнай тэхнікі і рамонтных падраздзяленняў. Начальнік 59 школы — падпалкоўнік Андрэй Уладзіміравіч Чухлеб.

Школа рыхтуе спецыялістаў:

  • механік вадзіцель МАЗ-543;
  • механік вадзіцель МАЗ-537;
  • механік вадзіцель БАЗ-5921;
  • механік вадзіцель БАЗ-5937;
  • механік вадзіцель ЗІЛ-135ЛМ;
  • механік вадзіцель МТ-ЛБ (малога транспарцёра лёгкабраніраванага);
  • механік вадзіцель БТР-60;
  • механік вадзіцель БТР-80;
  • механік вадзіцель БРДМ (браніраваная разведвальная дэсантная машына);
  • спецыяліст па АКБ і ЗП (абслугоўванне акумулятарных батарэй і зарадных прылад);
  • МПР і Х ЭСО БТТ (майстар па рамонце і захоўванні электрычнага спецыяльнага абсталявання бранятанкавай тэхнікі);
  • МПР і Х СВ і СББ (майстар па рамонце і захоўванні стралковага ўзбраення і сродкаў блізкага бою);
  • МПР і Х ТБ і САУ (майстар па рамонце і захоўванні танкавага ўзбраення і самаходных артылерыйскіх усталёвак);
  • МПР і Х НА і М (майстар па рамонце і захоўванні наземнай, рэактыўнай артылерыі і мінамётаў);
  • МПР і Х ПТРК (майстар па рамонце і захоўванні процітанкавых ракетных комплексаў);
  • МПР і Х ОПЭТ (майстроў па рамонце і захоўванні оптыка-электроннай тэхнікі);
  • МПР і Х гус. БТТ (майстар па рамонце і захоўванні гусенічнай бранятэхнікі);
  • МПР і Х кол. БТТ (майстар па рамонце і захоўванню колавай бранятэхнікі);
  • МПР і Х стабілізатараў ЭСА (майстар па рамонце і захоўванні стабілізатараў электрычнага спецыяльнага абсталявання).

12-я школа падрыхтоўкі спецыялістаў падраздзяленняў сувязі[правіць | правіць зыходнік]

Начальнік 12-й школы падрыхтоўкі спецыялістаў — падпалкоўнік Валерый Віктаравіч Раманоўскі. Школа рыхтуе спецыялістаў:

  • спецыяліст караткахвалевых радыёстанцый малой магутнасці, начальнік радыёстанцыі Р-142, Р-145;
  • спецыяліст прыёмных радыёпрылад, радыётэлеграфіст Р-155, Р-160;
  • спецыяліст аднапалосных радыёстанцый сярэдняй і малой магутнасці, радыётэлеграфіст Р-161;
  • спецыяліст шматканальных радыёрэлейных станцый, механік радыёстанцыі Р-414;
  • спецыяліст малаканальных радыёрэлейных станцый, механік радыёстанцыі;
  • спецыяліст ЗАС тэлефоннай (гарантаванай устойлівасці), механік Т-230;
  • спецыяліст ЗАС тэлеграфнай літарадрукавальнай, механік Т-206;
  • спецыяліст сувязі ЗАС.

320-я школа падрыхтоўкі спецыялістаў мотастралковых, разведвальных, падраздзяленняў інжынерных войскаў і войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны[правіць | правіць зыходнік]

Начальнік 320-й школы падрыхтоўкі спецыялістаў падпалкоўнік Алексей Виктаравіч Зікратьев[удакладніць].

Школа рыхтуе спецыялістаў:

  • снайпера;
  • камандзір стралковых аддзяленняў;
  • разведчык тактычнай разведкі;
  • механік-вадзіцель машын загароды (гусенічнага міназаграждальніка (ГМЗ);
  • механік-вадзіцель машын разгароды (усталёўкі размініравання (УР-77);
  • механік-вадзіцель мотаўкладчыкаў (маставога танкавага ўкладчыка (МТУ);
  • механік-вадзіцель машын разгароды (інжынернай машыны разгароды (ІМР);
  • механік-вадзіцель дарожных машын (вялікага артылерыйскага цягача (БАТ);
  • механік-вадзіцель земляройных машын (машыны для ўрыўкі катлаванаў (МДК);
  • механік-вадзіцель земляройных машын (хуткай траншэйнай машыны (БТМ);
  • механік-вадзіцель плывучых транспарцёраў (плывучага транспарцёра сярэдняга класа (ПТС-2);
  • механік-вадзіцель машын інжынернай разведкі (інжынернай разведвальнай машыны (ІРМ);
  • камандзір аддзялення радыяцыйнай і хімічнай разведкі дазіметрычнага кантролю;
  • камандзір аддзялення сродкаў адмысловай адпрацоўкі;
  • камандзір аддзялення тэрмічных дымавых сродкаў;
  • начальнік электрастанцый сілавых і асвятляльных агрэгатаў;
  • кіроўца-кранаўшчык аўтамабільных пнеўмаколавых кранаў;
  • аператар зенітных ракет блізкага дзеяння (БМ «Страла-10»);
  • стралок-зенітчык пераносных зенітных ракетных комплексаў (ПЗРК «Ігла»);
  • аператар пунктаў кіравання (ПУ-12 М);
  • механік-вадзіцель зенітных самаходных усталёвак (ГМ-579 «МеМ»);
  • механік-вадзіцель зенітных самаходных ракетна-артылерыйскіх усталёвак (ГМ-352 «Тунгуска»);
  • кіроўца аўтамабіляў аэрадромнага забеспячэння — аператар паветразаправачнай уніфікаванай кампрэсарнай станцыі (ВЗ УКС);
  • кіроўца аўтамабіляў аэрадромнага забеспячэння — аператар уніфікаванай газаразраднай станцыі (УГЗС);
  • вадзіцель аўтамабіляў аэрадромнага забеспячэння — аператар аўтамабільнай кіслародна-зараднай станцыі (АКЗС);
  • механік-вадзіцель шнекаротарных снегаачышчальнікаў;
  • механік-вадзіцель цеплавых машын;
  • кіроўца аўтамабіляў аэрадромнага забеспячэння — электрык аэрадромнага рухомага электроагрегата (АПА).

307-я школа падрыхтоўкі спецыялістаў мотастралковых падраздзяленняў[правіць | правіць зыходнік]

307-я гвардзейская ордэнаў Кутузава III ступені і Багдана Хмяльніцкага II ступені школа падрыхтоўкі спецыялістаў мотастралковых падраздзяленняў. Начальнік школы — падпалкоўнік Аляксей Валер’евіч Малчанаў Школа рыхтуе спецыялістаў:

Цэнтр тэхнічнага забеспячэння[правіць | правіць зыходнік]

Начальнік цэнтра — палкоўнік Баранскі Владзімір Сергеевіч[удакладніць]. Падраздзяленні ЦТЭХЗ выконваюць задачы па тэхнічным забеспячэнні ходу навучання курсантаў па спецыяльнасцях у вучэбных вайсковых часцях. У склад ЦТЭХЗ уваходзяць: — рамонтны батальён; — батальён забеспячэння (школ падрыхтоўкі спецыялістаў танкавых і мотастралковых падраздзяленняў); — батальён забеспячэння (школ падрыхтоўкі спецыялістаў родаў войскаў і службаў); — узвода тэхнічнага абслугоўвання.

Цэнтр тылавога забеспячэння[правіць | правіць зыходнік]

Начальнік — палкоўнік Віктар Васільевіч Мультан. Асноўнымі задачамі Цэнтра тылавога забеспячэння з’яўляюцца:

  • забеспячэнне матэрыяльнымі сродкамі, арганізацыя іх захоўвання і выдаткоўвання;
  • эксплуатацыя і ўтрыманне казармава-жыллёвага фонду, камунальных збудаванняў і зямельных участкаў, якія выкарыстоўваюцца для патрэб 72-га гв. АВЦ ПП і МС;
  • назапашванне, утрыманне і своечасовае асвяжэнне запасаў матэрыяльных сродкаў, якія забяспечваюць баявую і мабілізацыйную гатовасць;
  • забеспячэнне якаснага сілкавання асабовага складу;
  • медыцынскае забеспячэнне.

197-ы асобны батальён аховы і абслугоўвання[правіць | правіць зыходнік]

Камандзір 197-га АБАА — падпалкоўнік Алексей Iванавіч Пыцель. 197-й АБАА ў наш час уключае:

  • роту аховы, якая выконвае задачы па ахове і абароне штаба 72 гв. АВЦ ПП і МС, нясенні ўнутранай і вартавой службы;
  • каменданцкую роту, якая забяспечвае тэхнічнае абслугоўванне, сталую гатовасць і працаздольнасць аўтамабільнай тэхнікі;
  • роту трэнажораў і абслугоўвання вучэбных аб’ектаў, што забяспечвае навучанне курсантаў вучэбных часцей;
  • узвод важатых вартавых сабак — праца з вартавымі (вартавымі) і пошукавымі сабакамі;
  • стацыянарны вузел сувязі, які забяспечвае якасную і бесперабойную тэлефонную і радыётэлефонную сувязь;
  • узвод сувязі, што забяспечвае працаздольнасць ахоўнай сігналізацыі, забеспячэнне сродкамі радыёсувязі і іх рамонт;
  • каманду ваенізаванай аховы — падраздзяленне, якое выконвае ў мірны час баявую задачу па ахове і абароне аб’ектаў;
  • вартаўнічую ахову;
  • станцыю фельд’егерскай — паштовай сувязі;
  • аркестр;
  • клубы[8].

Здарэнні[правіць | правіць зыходнік]

1 верасня 2013 года ў 2-й вучэбнай танкавай роце 3-й школы 72-га АВЦ памёр ваенны тэрміновай службы радавы Уладзіслаў Ягадкін. Праверка следчай камісіі паказала, што гвалтоўнай смерці не было, прычынай смерці стала вострая каранарная недастатковасць з прычыны ішэмічнай хваробы сэрца. Паводле заключэння ваенна-ўрачэбнай камісіі, Ягадкін быў абмежавана прыдатны да праходжання вайсковай службы, бо меў артэрыяльную гіпертэнзію 1-й ступені[9].

19 студзеня 2017 года ў вучэбным цэнтры памёр салдат паветрана-дэсантных войскаў. Паводле інфармацыі ад крыніц, хлопцу стала кепска проста на пляцы, выратаваць яго не здолелі. У Міністэрстве абароны факт смерці пацвердзілі, але не каментавалі падрабязнасці здарэння[10].

3 кастрычніка 2017 года ў падвальным памяшканні на тэрыторыі 3-й школы ў Пячах быў знойдзены труп вайскоўца тэрміновай службы Аляксандра Коржыча. Афіцыйная версія смерці — самагубства. Звесткі пра смерць у Пячах з’явілася ў інтэрнэце напачатку кастрычніка. Інфармацыю пра самагубства салдата ў Барысаўскім раёне афіцыйна пацвердзілі ў Мінабароны, але імя чалавека і дэталі справы апавядаць адмовіліся. Пазней стала вядома, што гаворка ідзе пра 21-гадовага ўраджэнца Пінска Аляксандра Коржыча. Яго прызвалі ў войска вясной 2017 года, хлопец трапіў у вайсковую часць у Пячах. Следчы камітэт праводзіў праверку па факце смерці. «Падчас правядзення агляду месца здарэння прыкметаў крымінальнага характару следствам не знойдзена. Дадзеныя, атрыманыя ў выніку першапачатковых мерапрыемстваў, дазваляюць разглядаць у якасці асноўнай версіі суіцыд», — паведаміла TUT.by прадстаўнік СК Таццяна Беланог[11].

15 красавіка 2020 г. салдата з печынскага цэнтра накіравалі ў галоўны ваенны клінічны медыцынскі цэнтр у Мінску з пнеўманіяй і на наступны дзень у яго знайшлі SARS-CoV-2. Ён стаў адным з першых беларускіх вайскоўцаў, пацярпелых ад каранавіруснай эпідэміі 2020 года[12].

Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]

  • На выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў 26-га склікання ў красавіку 2010 года адным з кандыдатаў быў начальнік 72-га АВЦ Валерый Уладзіміравіч Гнілазуб[13], якому супрацьстаяла кандыдатка ад кампаніі «Гавары праўду» Тамара Каважэнка. Цікава, што на закрытых участках у вайсковых часцях 72-га АВЦ Гнілазуб, паводле афіцыйных даных, атрымаў практычна стоадсоткавую перамогу, але на грамадзянскіх участках большасць галасоў была ў кандыдата ад «Гавары праўду». У выніку, перамогу на выбарах атрымаў Валерый Гнілазуб[14].

Фотагалерэя гарадка Печы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 415 «Аб У. М. Будзіке ». Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь (20 лістапада 2017).(недаступная спасылка)
  2. Белорусская военная газета «Во славу Родины». 27.07.11. Артыкул «Кузница кадров в Печах под Борисовом» Архівавана 14 чэрвеня 2017.
  3. Ваенна-інфармацыйны партал Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. 72-й ОУЦ. Историческая справка Архівавана 25 кастрычніка 2014.
  4. Ваенна-інфармацыйны партал Міністэрства Абароны. Структура Архівавана 26 снежня 2014.
  5. Во славу Родіны! Кузница кадров в Печах под Борисовом Архівавана 14 чэрвеня 2017.
  6. Ваенна-інфармацыйны партал Міністэрства абароны. Задачи Учебного центра Архівавана 25 кастрычніка 2014.
  7. Ваенна-інфармацыйны партал Міністэрства абароны. Руководящий состав Объединенного учебного центра Архівавана 26 снежня 2014.
  8. Ваенна-інфармацыйны партал Міністэрства абароны. Арганізацыйная структура Архівавана 26 снежня 2014.
  9. Беларускі партал TUT.BY — «Гибель солдата в Печах. СК: Он умер из-за болезни сердца, насилия не было» Архівавана 6 снежня 2014.
  10. У Пячах памёр малады салдат — Наша Ніва — першая беларуская газета
  11. «Хлопца зламалі ў казарме». У Пячах загінуў «срочнік» — сябры ўпэўнены, што ен стаў ахвярай дзедаўшчыны — Белсат
  12. У салдата тэрміновай службы з вучэбнага цэнтра ў Пячах пацвердзілі каранавірус // Звязда 17.04.2020
  13. РПГА «Беларускі хельсінкскі камітэт» — Барысаў: сустрэча з кандыдатамі на «закрытым» участку Архівавана 4 сакавіка 2016.
  14. Беларускі партызан — Чем напугал власти лозунг «Говори правду!»(недаступная спасылка)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]