Рандэль

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Круглы бастыён у складзе ўмацаванняў горада Лангрэ.
Папярочны разрэз бастыёну ў Лангрэ.

Рандэль (ад rond «круглы»), або «круглы бастыён» (фр.: bastion rond) — фартыфікацыйнае збудаванне акруглай формы, прызначанае забяспечваць падоўжную (фланкавую) абарону муроў абарончага комплексу. Будаваліся ў Еўропе ў 15—16 ст. Былі выцеснены бастыёнамі (16 ст.). Гл. таксама: бастэя.

На землях ВКЛ рандэлі ўваходзілі ў склад умацаванняў Геранёнскага замку.[1]

Такія збудаванні з'явіліся ў канцы 15 ст. (у перыяд 1490—1520), як развіццё ранейшых вежаў, у адказ на рост магутнасці артылерыі і страты значэння абароны зверху (Гл. таксама: машыкулі, бруствер), і росту значэння падоўжнай абароны. Краінай — месцам вынаходніцтва, на думку розных аўтараў, маглі быць Францыя, Германія ці Італія[2][3] Рандэлі, сапраўды, палепшылі абароназдольнасць умацаванняў, але тое, што яны былі параўнальна невялікімі, а таксама іх круглая форма ў плане, не дазваляла канцэнтраваць моцнага агню ані на флангі, ані супраць абложных батарэяў. Неўзабаве А. Дзюрэрам былі прапанаваныя бастэі, але сапраўдным вырашэннем гэтых праблем сталі бастыёны.

Канструкцыйна рандэль — збудаванне суцэльна-насыпное або з дваром унутры; мае паўкруглую форму, звернутую выступам да праціўніка і моцна высунутую наперад ад муру. Задні кант (горжа) адкрыты ва ўмацаванне. Вышыня рандэля або роўная вышыні муру, або нязначна большая. Маглі ўтрымлівацца казематы для гармат. Часам рандэлямі абкружалі ўжо існуючыя вежы.

Зноскі

  1. Ткачоў. Замкі, 1-е выд.
  2. Напрыклад, Э. Віяле-ле-Дзюк не згаджаўся з версіяй Італіі, і аддаваў пяршэнства ў гэтым пытанні Францыі, хоць і не адкідаў магчымасці ўдзелу італьянскіх інжынераў на французскай службе.
  3. У СССР, у час «барацьбы з касмапалітызмам» (сяр. 1940-х — пач.1950-х гг.) сцвярджалася, што першымі ў свеце збудаваннямі такога тыпу былі персі—паўкруглыя адмены звычайных вежаў, як, напрыклад, у Пскоўскім крамлі 14 ст. — В. Ф. Шперк. Фортификационный словарь. — М. : ВИА, 1946.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Яковлев В.В. История крепостей. — М.: ООО «Фирма «Издательство ACT»; СПб.: ООО «Издательство Полигон», 2000. — 400 с., ил. Тираж 5100 экз. ISBN 5-237-05176-6 («ACT»). ISBN 5-89173-077-4 («Полигон»). С.46,47.
  • Віяле-ле-Дзюк. Бастыён // Архітэктура.