Маёнтак Падароск

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Сядзіба
Сядзібна-паркавы комплекс Чачотаў
Былая сядзіба.jpg
Сядзібны дом
52°58′39,2″ пн. ш. 24°37′13,78″ у. д.HGЯO
Краіна Flag of Belarus.svg Беларусь
Вёска Падароск
Архітэктурны стыль класіцызм
Дата пабудовы XVIII стагоддзе
Будынкі
Сядзібны дом • Брама • Агароджа • Склеп • Гаспадарчы двор
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000113шыфр 412Г000113
Лагатып Вікісховішча Маёнтак Падароск на Вікісховішчы

Сядзібна-паркавы комплекс Чачотаў, Сядзібна-паркавы комплекс Бохвіцаў — помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў канцы XVIII стагоддзя ў в. Падароск Ваўкавыскага раёна.

Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Інтэр'ер сядзібы на старым фота

Першымі вядомымі ўладальнікамі Падароска былі Клочкі, а з сярэдзіны XVIII ст. маёнткам валодалі Грабоўскія, якія, уласна, і збудавалі першую мураваную сядзібу. 25 катрычніка 1843 года Падорск набываюць Яўстах і Альжбета Пухальскія. У 1861 годзе Альжбета Пухальская адпісала маёнтак пляменніку Альбіну Чачоту з Асташына, ад яго Падароск перайшоў дачке Альжбеце, названай так па хроснай маці[1].

У 1875 годзе 22-гадовая Альжбета ўзяла шлюб з 33-гадовым Раманам Бохвіцам, сына вядомага філосафа Фларыяна Бохвіца (1799–1856). У 1890 годзе да маёнтка Падароск, разам з маёнткамі Вярусін і Рудава, уласнасці Альжбеты Бохвіц, належала 1940 дзесяцін зямлі. Гэта быў адзін з найбольш добра арганізаваных маёнткаў Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні.

Апошнім уладальнікам быў сын Альжбеты і Рамана Атон Бохвіц (1880–1939) – выпускнік Сельскагаспадарчай акадэміі ў Празе, які ў 1939 годзе быў арыштаваны і памёр у турме ў Ваўкавыску[1].

У савецкі час у палацы спачатку размяшчалася сярэдняя школа, пазней будынак быў падзелены паміж калгасным праўленнем і музычнай школай. З пачатку 2004 года будынак пуставаў і паступова занепадаў[2].

З 2012 года будынак рыхтавалі да продажу, а ў 2013 годзе праз аўкцыён комплекс набыў прадпрымальнік з Расіі Павел Падкарытаў, які плануе стварыць у сядзібе першы ў Беларусі музей шляхты і спадарожную яму турыстычную інфраструктуру[2].

Палац і пабудовы сядзібна-паркавага комплексу[правіць | правіць зыходнік]

Фрагменты агароджы

Комплекс былога маёнтка ў Падароску раздзелены на дзве часткі дарогай з Ваўкавыска на Ружаны. На захад ад дарогі знаходзіцца абнесены агароджай палацава-паркавы комплекс (лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю), на ўсход ад дарогі – былы гаспадарчы двор, які гісторыка-культурнай каштоўнасцю не лічыцца. Ад уласна Падароска комплекс аддзелены рэчкай Зяльвянкай.

Сядзібны дом з мезанінам, як думаюць, пабудаваны ў канцы XVIII ст. Грабоўскімі. Мясцовыя жыхары сцвярджалі, што раней на пячным дымаходзе палаца быў металічны сцяжок з датай “1768”. Аднапавярховы прамавугольны ў плане выцягнуты будынак мае сіметрычную кампазіцыю з двухпавярховай мураванай цэнтральнай часткай, вылучанай на галоўным фасадзе глыбокім порцікам з трохвугольным франтонам, які быў прыбудаваны ў 2-й палове ХІХ ст. па праекце віленскага архітэктара Лубы[3]. Драўляныя бакавыя крылы атынкаваны і накрыты высокімі вальмавымі дахамі. У рашэнні порціка спалучаюцца слупы, калоны, аркада (на першым паверсе), якая падтрымлівае шырокую тэрасу. Уваход аформлены паўратондай з балконам над ёй[3]. Прамавугольныя вокны аздоблены прафіляванымі ліштвамі. З тыльнага боку будынка была тэраса с невысокай балюстрадай, якая не захавалася. Унутраная планіроўка анфіладна-калідорная, змененая ў пасляваенныя часы.

Па цэнтральнай восі галоўнага ўвахода ў дом размяшчаўся вестыбюль, адкуль вяла лесвіца на мезанін. Вестыбюль быў аздоблены вялікімі, ад падлогі да столі, люстрамі. На першым паверсе было дзесяць вялікіх пакояў. Цэнтральнае месца ў доме займаў вялікі хол з дзвюмя чырвонымі канапамі і сакратэрам. У гасцінай камін упрыгожвала конная скульптура Яна Сабескага, а таксама партрэты прадстаўнікоў родаў Бохвіцаў і Чачотаў. Салон быў абстаўлены мэбляй у стылі ампір, а ў сталовай залі, якая часам выкарыстоўвася як капліца, быў вялікі авальны стол[4].

З іншых будынкаў цалкам або часткова захаваліся былая аранжэрэя (у савецкі час малачарня), будынак былой сыраварні (пасля майстэрні, гаража), а таксама кузня.

Парк[правіць | правіць зыходнік]

Акружае сядзібны дом парк. Першапачаткова парк складаўся з партэрнай і пейзажнай частак, аб'яднаных дзвюмя пейзажнымі алеямі. Газон з параднага боку дому меў форму прамавугольніка, акружанага дорогай. Пасярод яго была гульнявая пляцоўка. Па перыметры газона ў цёплы час выстаўляліся расліны, якія раслі ў аранжэрэі (алоэ, агава, кактус і інш.). Найбольшыя экземпляры субтрапічных раслін выстаўляліся перад аранжэрэяй. У парку пераважаюць мясцовыя пароды дрэў: бяроза, клён, ліпа, акацыя і іншыя. Станам на 1987 год у парку было 23 віды дравесных раслін, у тым ліку елка, грэцкі арэх, лістоўніца, белая акацыя. Парадная частка двара і парк ахоплены з двух бакоў капітальнай цаглянай агароджай, слупы якой маюць арыгінальнае завяршэнне[5].

Гаспадарчы двор[правіць | правіць зыходнік]

Забудова гаспадарчага двара пачала фарміравацца з 1860-х гадоў і першапачаткова складалася з вінакурні і некаторых іншых каменных пабудоваў. Станам на 1900 год вінакураны завод належаў Елізавеце (Альжбеце) Бохвіц і выпрацоўваў бульбяны і збожжавы спірт коштам 14835 руб., а таксама барды на 1200 руб. На заводзе працавала 8 чалавек, адкрыццё яго пазначана 1887 годам. Паводле інвентара 1911 года, у маёнтку Рамана Атона Бохвіца было дзве вінакурні, цагельня, шкіпідарны завод, вадзяны млын, некалькі дамоў для работнікаў, кароўнік на 130 кароваў, аўчарня з 2000 авечак, сараі. У гаспадарцы былі паравая малацілка, паравая машына для здабычы торфу, іншыя сельскагаспадарчыя прылады.

Асобна на ўзвышшы размяшчалася капліца з фамільнымі пахаваннямі. Захаваліся руіны крыпты, якая ў савецкі час выкарыстоўвалася як скотамагільнік[1].

Большая частка пабудоваў былога гаспадарчага двара сёння не выкарыстоўваецца. Спіртзавод (былая вінакурня) закрыты на пачатку 2000-х гадоў.

"Маёнтак Падароск"[правіць | правіць зыходнік]

Пасля выкупу сядзібна-паркавага ансамбля Паўлам Падкарытавым было створана прыватнае прадпрыемства “Маёнтак Падароск”, якое ставіць задачай аднаўленне ўсяго комплекса. Праведзены археалагічныя і архітэктурныя даследаванні, зроблены аналіз паркавых насаджэнняў, адноўлена галоўная брама парка, прыстасаваны да выкарыстання ў турыстычных мэтах былыя сыраварня і кузня. Вядзецца падрыхтоўка да пачатку аднаўлення галоўнага будынка комплекса і адкрыцця ў ім музея гісторыі беларускай шляхты.  

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 Федорук А.Т. Старинные усадьбы Гродненщины. Минск: "Беларусь", 2014. С. 172 - 179. ISBN 978-985-01-1091-6
  2. 2,0 2,1 Бизнесмен из России спасает усадьбу в Подороске (руск.) 
  3. 3,0 3,1 Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 349. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
  4. Roman Aftanazi. Dzieje rezydencji n dawnych kresach Rzeczypospolitej. Tom 2. Wrocław, 1992. S.314-316
  5. Усадьба Бохвицев в деревне Подороск (руск.) 

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]