Вялікія Бортнікі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аграгарадок
Вялікія Бортнікі
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Ранейшыя назвы
Бортнікі
Афіцыйная мова
Насельніцтва
789 чалавек (2014)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 225
Паштовы індэкс
213857
Аўтамабільны код
6
СААТА
7208804031
Вялікія Бортнікі на карце Беларусі ±
Вялікія Бортнікі (Беларусь)
Вялікія Бортнікі
Вялікія Бортнікі (Магілёўская вобласць)
Вялікія Бортнікі

Вялі́кія Бо́ртнікі[1] (трансліт.: Vialikija Bortniki, руск.: Великие Бортники) — аграгарадок у Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Бортнікаўскага сельсавета.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца на рацэ Ала за 25 км на ўсход ад Бабруйска, за 135 км на паўднёвы захад ад Магілёва[2], пры аўтамабільнай дарозе Р-43 на ўчастку Бабруйск-Рагачоў. Ландшафт мясцовасці ўзгорыста-хвалісты з шыракаліста-яловымі і хваёвымі лясамі. Тэрыторыя знаходзіцца ў межах Алаўскай раўніны ўсходняй Перадпалескай правінцыі. Клімат цёплы, умерана вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня −6,5 °C, ліпеня +18-18,5 °C. Аршанскі артэзіянскі басейн.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Па дакументальных крыніцах вядомы з 1540 года як сяло Бортнікі, уласнасць Мікалая Радзівіла Рудога. З 1566 года ў складзе Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага, 32 дымы. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі. У 1863 годзе адкрыта школа. Паводле перапісу 1897 года, у складзе Бортнікаўскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні, дзейнічаюць 2 крамы, 2 ветракі, крупадзёрка, заезны двор, кузня. Раз на год праводзіўся кірмаш. Прыём хворых у 1877 годзе праводзіць фельчар Пятроўскі. Побач з Бортнікамі знаходзіўся маёнтак, у якім жыло 48 чалавек (у 1917 годзе ў маёнтку 92 жыхары). У жніўні 1905 года ў маёнтку адбылася забастоўка парабкоў.

Апрача земляробства і жывёлагадоўлі, асноўных заняткаў мясцовага насельніцтва, у Бортніках бытавалі такія промыслы, як ткацтва, віццё вяровак з пянькі, пашыў адзення, пляценне лапцей з лыка, кошыкаў з лазы, ракітніку, каранёў хвоі ці елкі, збор ягад і грыбоў, лекавых траў. Частка насельніцтва займалася кавальскімі, сталярнымі, бандарнымі, калёснымі промысламі, нарыхтоўкай лесу, парабкавала ў памешчыкаў. Значнае месца ў жыцці жыхароў займала бортніцтва. З-за беднасці і галечы некаторыя сяляне ішлі на адыходныя промыслы — нарыхтоўку і сплаў лесу па рацэ Бярэзіне.

З лютага па лістапад 1918 года вёска акупавана нямецкімі войскамі. У 1918 годзе жыхары Бортнікаў прымалі актыўны ўдзел у барацьбе супраць польскіх войскаў І. Р. Доўбар-Мусніцкага. Дзейнічаў Бортнікаўскі валасны рэўкам. У 1918 годзе вёска была разгорнута на хутары. У 1922 годзе адкрыты ўрачэбны ўчастак і хата-чытальня, працаваў пункт па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. 13.03.1924 года арганізавана сельскагаспадарчае таварыства, у склад якога ўвайшлі 17 сялянскіх гаспадарак. Паводле перапісу 1926 года — хутары Вялікія Бортнікі (205 хутароў) Бортнікаўскага сельсавета Бабруйскага 1-га раёна Бабруйскай акругі БССР. 03.04.1930 года ў вёсцы арганізаваны калгас «Чырвоны партызан № 1», які ў 1931 годзе аб’ядноўваў 76, у 1939 годзе 233 гаспадаркі. Вясной 1931 года каля вёскі размяшчалася МТС. У 1933 годзе працавала кузня.

У Вялікую Айчынную вайну 124 вяскоўцы загінулі на фронце. На ўшанаванне памяці 351 земляка з вёсак сельсавета ў 1970 годзе пастаўлена стэла з мемарыяльным надпісам.

У 1986 годзе Вялікія Бортнікі — цэнтр калгаса «Гігант». Дзейнічаюць майстэрні па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, сталярна-цяслярскія майстэрні, лесапільня, Дом культуры, сярэдняя школа, дзіцячы сад-яслі, музычная школа, бібліятэка, сталовая, 5 магазінаў, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, урачэбная амбулаторыя, фельчарска-акушэрскі пункт, аўтаматычная тэлефонная станцыя, аддзяленні сувязі і «Беларусбанка».

Валасное праўленне[правіць | правіць зыходнік]

Пасля сялянскай рэформы 1861 года ў Бабруйскім павеце створана Бортнікаўская воласць. У 1877 годзе ў склад Бортнікаўскай воласці ўваходзілі 6 сельскіх грамад — 26 вёсак, 2383 сялян.

Валасны сход выбіраў валаснога старшыну, усіх старастаў, зборшчыкаў падаткаў, 1-2 засядацеляў і пісара, якія складалі валасное праўленне — выканаўчы орган сялянскага саслоўнага кіравання. Фактычна валасныя справы вялі валасны старшыня і пісар. Выбіраўся валасны старшыня на тры гады. Старшыня меў права адмовіцца ад пасады. Ён выконваў агульнапаліцэйскія (аб’яўленне распараджэнняў урада, нагляд за парадкам) і саслоўна-сялянскія абавязкі (скліканне валаснога сходу, нагляд за выкананнем павіннасцей).

Спіс валасных старшынь і пісараў Бортнікаўскага валаснога праўлення

Год Старшыня Пісар
1884 Павел Мазуронак Уладзімір Васільеў
1888 Павел Мазуронак Сцяпан Кудзін
1893 Іван Манько Аляксандр Вераскоўскі
1900 Сцяпан Манько Аляксандр Вераскоўскі
1910 Рыгор Каралёў Аляксандр Вераскоўскі
1917 Рыгор Каралёў Аляксандр Вераскоўскі

Ахвяры палітычных рэпрэсій[правіць | правіць зыходнік]

  • Сарока Фёдар Апанасавіч, нарадзіўся ў 1908 годзе ў вёсцы Бортнікі. Рэпрэсіраваны 28.03.1930 года, асуджаны 15.04.1930 года. Рэабілітаваны 05.11.1991 года.
  • Хурсан Андрэй Парфёнавіч, нарадзіўся ў 1897 годзе ў вёсцы Бортнікі, рабочы. Рэпрэсіраваны 09.04.1938 года. Расстраляны 10.10.1938 года. Рэабілітаваны 04.08.1958 года.
  • Хурсан Рыгор Арсенцьевіч, нарадзіўся ў 1910 годзе ў вёсцы Бортнікі, настаўнік. Рэпрэсіраваны 12.01.1937 года. Расстраляны 29.11.1938 года. Рэабілітаваны 12.09.1989 года.
  • Хурсан Парфён Іванавіч, нарадзіўся ў 1860 годзе ў вёсцы Бортнікі, аднаасобнік. Рэпрэсіраваны 08.02.1933 года, асуджаны 21.04.1933 года на 5 гадоў з высылкай у Башкірыю. Рэабілітаваны 22.08.1989 года.
  • Хурсан Тарас Кірылавіч, нарадзіўся ў 1877 годзе ў вёсцы Бортнікі, аднаасобнік. Рэпрэсіраваны 08.02.1933 года, асуджаны 21.04.1933 года на 5 гадоў з высылкай у Башкірыю. Рэабілітаваны 22.08.1989 года.
  • Шапялевіч Марк Валянцінавіч, нарадзіўся ў 1878 годзе ў вёсцы Бортнікі, аднаасобнік. Рэпрэсіраваны 18.02.1933 года, асуджаны 21.04.1933 года на 5 гадоў з высылкай у Башкірыю. Рэабілітаваны 22.08.1989 года.
  • Шчаглоў Сямён Сямёнавіч, нарадзіўся ў 1926 годзе ў вёсцы Бортнікі, чырвонаармеец. Рэпрэсіраваны 17.12.1944 года, асуджаны 29.12.1944 года на 10 гадоў. Рэабілітаваны 16.09.1992 года.

СВК Гігант[правіць | правіць зыходнік]

У аграгарадку Вялікія Бортнікі знаходзіцца цэнтральная сядзіба СВК «Гігант». На тэрыторыі гаспадарчых зямель кааператыва 11 населеных пунктаў. Асноўнай гаспадарчай дзейнасцю СВК з’яўляецца  вытворчасць малака, мяса буйной рагатай жывёлы і свіней, а таксама вытворчасць зерневых і зернебабовых культур, бульбы, рапсу, кармавых культур, аказанне паслуг насельніцтву.

У 2011 годзе ў структуры пасяўных плошчаў зерневыя і зернебабовыя займалі 45,6 %, кукурузы на зерне — 10 %. У гаспадарцы працуе 2 вытворчых участкі ў раслінаводстве, 8 ферм і адзін малочна-таварны комплекс у жывёлагадоўлі. У СВК працуе каля 300 чалавек.

Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1863 годзе ў Бортніках адкрыта аднакласнае земскае народнае вучылішча, у якім у 1894 годзе навучаліся 71 хлопчык і 2 дзяўчынкі. У 1875 годзе настаўнікам школы працуе выпускнік Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі Аляксандр Каваль. На ўтрыманне школы з дзяржаўнага казначэйства выдаткавана 200 рублёў. У 1877 годзе пры школе дзейнічае рамесніцкі клас, у якім 7 хлопчыкаў навучаюцца рымарскаму і шавецкаму рамяству.

У даваенны час і пасля вайны дырэктарам школы працаваў Матвеенка. Пад яго кіраўніцтвам пачалося будаўніцтва новага мураванага будынка пад школу. Паводле праекту, апроч класных пакояў, у школе былі запраектаваны бібліятэка, памяшканне для ацяпляльнага абсталявання. Адкрыццё новай школы павінна была адбыцца ўвосень 1941 года. У час вайны будынак школы выкарыстоўваўся немцамі пад гаспадарчыя патрэбы.

Сучасны будынак школы ўзведзены ў 1986 годзе за сродкі калгаса «Гігант». У школе на грамадскіх пачатках дзейнічалі гурткі «Юны токар» і «Юны механізатар».

Спіс настаўнікаў Бортнікаўскага народнага вучылішча канца XIX — пачатку ХХ стагоддзяў

Год Настаўнік
1875 Аляксандр Каваль
1884 Міхаіл Іванавіч Халевінскі
1893 Аляксандр Андрэевіч Стасевіч
1900 Антон Аляксеевіч Крайко
1905 Наталля Фамінічна Кляеўская
1910 Якаў Пятроў
1917 Клаўдзія і Ксенія Свенціцкія

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Бортнікаўскі ансамбль народнай песні існуе з 1963 года. Стваральнік і першы яго кіраўнік — Г. Б. Балыка. Кіраўнік ансамбля — салістка, аўтар і выканаўца сваіх песень «Званы Чарнобыля», «Матуліна гора», «Песня пра Беларусь» і іншыя. Ветэраны ансамбля — Т. Д. Котава, В. М. Сарока, З. А. Сарока, В. А. Шчаглова. Салістка ансамбля Ганна Зубрыкава — пераможца раённых фэстаў, абласнога фестывалю «Аўсянка-93» і IV фестывалю народнай музыкі «Дружба-93».

Звання народнага ансамбль удастоены ў 1993 годзе. Ансамбль прымаў удзел у культурнай праграме ВДНГ СССР, выступаў на розных пляцоўках у Мінску, Брэсце, Гродне, Магілёве, Горках, Шклове і іншых населеных пунктах Беларусі. У 1970 годзе салісты ансамбля здымаліся ў музычным фільме «Ой, рэчанька, рэчанька». Удзельнік міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў адзначаны многімі дыпломамі, Ганаровымі граматамі і памятнымі сувенірамі.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

  • 1834 — 350 жыхароў, 35 двароў
  • 1885 — 342 жыхары, 47 двароў
  • 1897 — 858 жыхароў, 93 двары
  • 1907 — 951 жыхар, 144 двары
  • 1917 — 1038 жыхароў, 167 двароў
  • 1926 — 1050 жыхароў, 205 двароў
  • 1986 — 996 жыхароў, 309 двароў
  • 1996 — 880 жыхароў, 392 двары[2]
  • 2007 — 837 жыхароў, 379 двароў

Планіроўка[правіць | правіць зыходнік]

Планіроўка вуліц квартальная, уздоўж аўтамабільных дарог, з пераважна драўлянай забудовай сядзібнага тыпу. У 1990-я гады ўзведзены двухпавярховыя блакіраваныя і секцыйныя дамы.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Бальшы́я Бо́ртнікі
  2. а б Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 387. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0.
  • Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 18. Кніга II — Мн.: БелЭн, 2004
  • Гарады і вёскі Беларусі. Магілёўская вобласць. кніга 1. Мн. Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. 2008
  • Памяць. Бабруйскі раён. Мн. Беларуская Энцыклапедыя. 1998
  • Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 4-х тамах. Том 2. — Мн.: Белкартаграфія, 2013.
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Магілёўская вобласць. Мн. Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. 1986

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]