Беларускае культурнае таварыства «Грунвальд»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларускае Культурнае Таварыства «Грунвальд»
Тып грамадскае аб’яднанне
Год заснавання студзень 1990 г.
Размяшчэнне Талін, Эстонія
Ключавыя фігуры Валерый Чыжык
Сфера дзейнасці адраджэнне беларускай нацыянальнай культуры, аб'яднанне беларусаў Эстоніі

Беларускае Культурнае Таварыства «Грунвальд» — добраахвотная грамадская арганізацыя беларусаў Эстоніі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Таварыства было зарэгістравана пры Эстонскім фондзе культуры ў студзені 1990 г. інжынерам Эстонскага тэатра драмы Валерыем Чыжыкам. Тады ж тыражом 25 000 асобнікаў быў апублікаваны першы нумар інфармацыйнага бюлетэня «Грунвальд». Мэтай выдання было «даць максімум інфармацыі беларусам Эстоніі аб падзеях у Беларусі, садзейнічаць нацыянальна-культурнаму адраджэнню, дапамагчы ў вывучэнні беларускай мовы». У далейшым меркавалася павялічыць у два разы тыраж і выпускаць бюлетэнь двойчы на месяц.

У інтэрв'ю газеце «Савецкая Эстонія» Чыжык адзначаў, што Таварыства працавала «ў самым цесным кантакце» з Народным фронтам, Саюзам пісьменнікаў, Саюзам кінематаграфістаў, ТБМ, Купалаўскім тэатрам, вядомымі гісторыкамі і пісьменнікамі. Прадстаўнікі Таварыства, па словах Чыжыка, удзельнічалі у мерапрыемствах Народнага фронту, у тым ліку Чарнобыльскім шляху. планавала наладзіць сувязь паміж беларусамі ў розных гарадах Эстоніі, а таксама ўстанавіць сувязі з суайчыннікамі за мяжой[1].

26 красавіка 1990 г., у гадавіну Чарнобыльскай катастрофы, Таварыства арганізавала акцыю «гадзіна нацыянальнага трауру» на Ратушнай плошчы Таліна[2].

У кастрычніку 1990 г. Таварыства надрукавала тыражом 27 500 асобнікаў скарочаную версію брашуры «Кароткі агляд гісторыі Беларусі для беларускіх дадатковых школ», выпушчанай у 1968 г. у ЗША[3]. Сродкі ад яе рэалізацыі планавалася перадаць дзецям Беларусі і Расіі, якія пацярпелі ад чарнобыльскай аварыі, а таксама дзіцячым арганізацыям Эстоніі[4].

Таварыства налічвала каля 100 сталых чальцоў[5].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Пельс Р. «Грунвальд» — газета на белорусском языке // Советская Эстония. № 25 (31.01.1990). С. 4.
  2. Валуй Л. Беларусь на кресте! // Советская Эстония. № 97 (26.04.1990). С. 3.
  3. Кароткі агляд гісторыі Беларусі для беларускіх дапаўняльных школ. Улажыў П. Рагач. Кліўленд — Нью-Ёрк — Талін, 1990. — 94 с.
  4. Советская Эстония. № 234 (11.10.1990). С. 4.
  5. Самодеятельные общественные и политические организации и движения в СССР. М., 1992. С. 114.