Орша
Горад
Орша
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Орша на Вікісховішчы
|
О́рша[4] (трансліт.: Orša) — горад у Віцебскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Аршанскага раёна, на Дняпры пры ўпадзенні ў яго ракі Аршыцы. За 93 км ад Віцебска. Вузел чыгунак (лініі на Мінск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель) і аўтамабільных дарог. Насельніцтва 115 938 чал. (2017)[5].
Назва[правіць | правіць зыходнік]
На думку географа В. Жучкевіча, тапонім Орша паходзіць ад ракі Ршы (Ръша, цяперашняй Аршыцы), гэты гідронім аднесці да групы даволі частых цяпер Ржы, Ржаўкі, Ржачы, Ржанкі[6]. Таксама ёсць версіі пра балцкае (ад наймення ляшчыны) або фіна-ўгорскае (вада, якая бяжыць у рэчышчы — рака) паходжанне[7]. Да нашага часу адбылася натуральная трансфармацыя пачатковага Рша праз форму Арша́ і перанос націску на першы склад, а таксама афармленне ў мясцовых гаворках і альтэрнатыўнай норме беларускай мовы варыянту прыстаўным зычным в — Ворша[8]. У акадэмічным правапісе прыстаўны в не пішацца, бо паходжанне тапоніма няпэўнае[9].
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Ранняе Сярэднявечча[правіць | правіць зыходнік]
Дзядзінец старажытнай Оршы (плошча 0,57 га) размяшчаецца каля сутокаў рэк Аршыцы і Дняпра, дзе археолагі выявілі паселішчы бронзавага і жалезнага вякоў[10].
На думку Аляксандра Шынкевіча, Орша магла ўзнікнуць як адзін з пагранічных фарпостаў Полацкай зямлі на ўсходзе, імаверна, каля 1021 года, калі кіеўскі князь Яраслаў саступіў полацкаму князю Брачыславу гарады Віцебск і Усвяты[11]. Але ні з якіх крыніц гэта не вынікае і археалагічнымі даследаваннямі не пацвярджаецца.
Часта лічаць, што ўпершыню Орша згадана ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 годам як Ръша, каля якой 10 ліпеня схоплены полацкі князь Усяслаў, які пераплыў з сынамі на чаўне Дняпро для перамоў з кіеўскімі князямі і быў узяты ў палон. Але па будове летапіснага сказу імаверней, што мелася на ўвазе рака Аршыца. Паводле археалагічных даследаванняў на месцы горада тады было толькі невялікае вясковае паселішча, яно імаверна абслугоўвала шлях з вараг у грэкі. Імаверна, горад пабудаваны ў 1101—1116 гадах менскім князем Глебам Усяславічам[12].
Пасля захопу ў 1116 годзе Оршы ў князя Глеба, на думку некаторых даследчыкаў, горад аказаўся ў складзе Смаленскага княства[13].
Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]
З пачатку княжання ў Віцебску Альгерда (1320 год) Орша ў складзе Віцебскага княства далучана да Вялікага Княства Літоўскага[14] як цэнтр намесніцтва ў Віцебскім княстве. У першай палове XIV ст. у сувязі з прыгранічным размяшчэннем горада вялікім князем Альгердам вакол горада былі ўзведзены абарончыя ўмацаванні, а ў 1398—1407 гадах ужо па загадзе Вітаўта на месцы гарадзішча быў пабудаваны мураваны замак[14]. Аршанская харугва брала ўдзел у Грунвальдскай бітве (15.7.1410). З дакументаў XV ст. вядома, што ў месце дзейнічала мытня.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/e/e0/Autor_nieznany_%28malarz_z_kr%C4%99gu_Lukasa_Cranacha_Starszego%29%2C_Bitwa_pod_Orsz%C4%85.jpg/220px-Autor_nieznany_%28malarz_z_kr%C4%99gu_Lukasa_Cranacha_Starszego%29%2C_Bitwa_pod_Orsz%C4%85.jpg)
У 1505 годзе левым беразе Дняпра насупраць замка ўзведзена драўляная царква Святога Ільі — самая ранняя культавая пабудова з вядомых на тэрыторыі Оршы[15]. Паводле падання яна была пабудавана пасля пажару на месцы папярэдняга аднайменнага драўлянага храма 1460 г., узведзенага па загадзе вялікага князя літоўскага і караля польскага Казіміра IV[16]. Вакол царквы развілася слабада, якая ад яе атрымала назву Ільінскай[15].
У першай палове XVI ст. Орша неаднаразова была занята маскоўскімі войскамі[14]. У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім (1512—1522) непадалёк ад Оршы 8 верасня 1514 года адбылася адна з найбуйнейшых бітваў пачатку XVI ст. на тэрыторыі Еўропы, у выніку якой абаронцы Вялікага Княства Літоўскага перамаглі колькасна большае войска маскоўскіх захопнікаў. Пра гэту перамогу ў 1520—1530-я гады невядомы мастак напісаў першую ва Усходняй Еўропе батальную карціну (захоўваецца ў Нацыянальным музеі Польшчы).
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/9/93/Mika%C5%82aj_Radzivi%C5%82_%C4%8Corny._%D0%9C%D1%96%D0%BA%D0%B0%D0%BB%D0%B0%D0%B9_%D0%A0%D0%B0%D0%B4%D0%B7%D1%96%D0%B2%D1%96%D0%BB_%D0%A7%D0%BE%D1%80%D0%BD%D1%8B_%281842%29.jpg/140px-Mika%C5%82aj_Radzivi%C5%82_%C4%8Corny._%D0%9C%D1%96%D0%BA%D0%B0%D0%BB%D0%B0%D0%B9_%D0%A0%D0%B0%D0%B4%D0%B7%D1%96%D0%B2%D1%96%D0%BB_%D0%A7%D0%BE%D1%80%D0%BD%D1%8B_%281842%29.jpg)
З 1560-х гадоў горад стаў цэнтрам Аршанскага павета Віцебскага ваяводства. У 1555 годзе вядомы палітычны і рэлігійны дзеяч Мікалай Радзівіл «Чорны» заснаваў у Оршы першы на тэрыторыі сучаснай Беларусі пратэстанцкі кальвінскі збор[14]. Горад меў гандлёвыя сувязі з Расіяй, Польшчай, Прыбалтыкай, Украінай, быў транзітным цэнтрам, важным пунктам вялікага гандлёвага шляху з Расіі ў Польшчу i Прыбалтыку[14], які праходзіў па тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага з усходу на захад.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/f/f6/Ar%C5%A1anski_zamak._%D0%90%D1%80%D1%88%D0%B0%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96_%D0%B7%D0%B0%D0%BC%D0%B0%D0%BA_%28XVI%29.jpg/220px-Ar%C5%A1anski_zamak._%D0%90%D1%80%D1%88%D0%B0%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96_%D0%B7%D0%B0%D0%BC%D0%B0%D0%BA_%28XVI%29.jpg)
У 1558 годзе картограф Мацей Струбіч надрукаваў карту «Апісанне Вялікага Княства Літоўскага, Лівоніі і Масковіі», на якой упершыню значылася Орша. У наступным 1559 годзе горад атрымаў частковае самакіраванне (абраны войт і 6 памочнікаў), а ў 1577 годзе аршанцы дамагліся права збудаваць гасціны двор і васкабойню, а прыбыткі ад іх пускаць на «потребы местские». У 1573 годзе ў Оршы з’явіліся езуіты. З 1592 года існавала праваслаўнае брацтва[14], зацверджанае вялікім князем Жыгімонтам Вазам.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/b/bd/Vor%C5%A1a._%D0%92%D0%BE%D1%80%D1%88%D0%B0_%281780%29.jpg/140px-Vor%C5%A1a._%D0%92%D0%BE%D1%80%D1%88%D0%B0_%281780%29.jpg)
23 лістапада 1593 года кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў Оршы грамату аб гарадскім органе самакіравання, а 13 снежня 1620 года горад атрымаў Магдэбургскае права, пячатку і герб «у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога сярэбраны крыж»[14][17] (гэты герб мае афіцыйны статус і ў наш час). У 1616 годзе пры дапамозе Льва Сапегі езуіты адкрылі тут свой калегіум[14].
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/3/3a/%D0%9E%D1%80%D1%88%D0%B0_%D1%9E_17_%D1%81%D1%82%D0%B0%D0%B3%D0%BE%D0%B4%D0%B4%D0%B7%D1%96.svg/220px-%D0%9E%D1%80%D1%88%D0%B0_%D1%9E_17_%D1%81%D1%82%D0%B0%D0%B3%D0%BE%D0%B4%D0%B4%D0%B7%D1%96.svg.png)
3 мая 1621 года аршанцы зацвердзілі ўласны гарадскі статут, выпрацаваны на аснове магдэбургскае права[14]. Атрымаўшы Магдэбургскае права, гараджане пабудавалі гандлёвыя рады і ратушу з вежай, гадзіннікам і вялікім звонам, у якой праходзілі пасяджэнні магістрата і суда. У 1649 годзе ў горадзе пры царкве Раства Багародзіцы пачала працаваць брацкая праваслаўная школа.
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскае войска зруйнавала Оршу. У 1661 годзе Вальны сойм вынес адмысловую пастанову аб наданні палёгак гораду ў сувязі з ваеннымі спусташэннямі, якія дзейнічалі да 1614 года[14].
У 1623 годзе ў некаторай аддаленасці ад сярэдневяковай Оршы, у Куцеінскай слабадзе на сродкі магілёўскага праваслаўнага брацтва пабудаваны праваслаўны мужчынскі Богаяўленскі манастыр[15]. У 1631 годзе заснаваны жаночы Куцеінскі Прачысценскі манастыр[18]. У 1691 годзе пабудавана саборная царква Раства Багародзіцы. У XVII ст. заснаваны кляштары бернардзінцаў (1636), дамініканцаў (1649), францысканцаў (1680), базыльянак, у XVIII стагоддзі — трынітарыяў (1714), Пакроўскі базыльянскі манастыр (1758, 1774). Дзейнічалі кляштары місіянераў (1752), марыявітак (18 ст.), цэрквы Ушэсця (1757), Іаана Багаслова (1790) і інш[14].
У XVII ст. Орша была адным з найбуйнейшых мастацкіх цэнтраў Беларусі, у горадзе існавалі 26 відаў рамёстваў. Тут працавалі разьбяры Іпаліт, Герасім i Арсеній, цесляры Восіп Андрэеў і Андрэй Фёдараў, гравёр Паісій, ювелір і чаканшчык Афанасій Воўчак, майстры-збройнікі і мастакі. З Оршы паходзяць рукапісныя помнікі беларускага пісьменства «Лісты» (1567—1587) Ф. С. Кміты-Чарнабыльскага, «Збор польскіх і рускіх вершаў» (канец XVII ст.), «Аршанскі кодэкс» (да 1693)[14], у 1812 г. у Оршы знойдзена «Аршанскае Евангелле» (кан. 12 — пач. 13 ст.). У 1630—1655 гадах пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры дзейнічала друкарня асветніка Спірыдона Собаля, у якой выйшла больш за 20 кніг на кірыліцы. Наклад некаторых выданняў дасягаў 500 экзэмпляраў. Найбольш вядомыя кнігі: «Букварь», «Молитвослов», «Псалтырь».
-
Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі пры кляштары бернардзінцаў з карты XVIII ст.
-
Куцеінскі Богаяўленскі манастыр, другая палова XIX ст.
-
Куцеінскі Прачысценскі манастыр, XIX ст.
З 1740 года езуіцкі калегіум атрымаў статус вышэйшай навучальнай установы. Тут выкладалі філасофію, граматыку, паэтыку, рыторыку, логіку. Пры калегіуме працавала музычная бурса і школьны тэатр. Аршанскі калегіум езуітаў дзейнічаў да 1820 года.
У XVII—XVIII стагоддзях Орша мела аблічча манастырскага горада. Амаль палову яе зямель займалі кляштары і манастыры, частка з якіх знаходзілася па-за межамі горада. 11 кляштараў і манастыроў з велічнымі вежамі касцёлаў і бліскучымі купаламі цэркваў надавалі Оршы асабліва ўзнёслы выгляд. Двухпавярховыя камяніцы для жылля манахаў панавалі над драўлянымі аднапавярховымі дамамі аршанцаў. Для невялікага горада такое архітэктурнае спалучэнне было рэдкай адметнасцю.
Расійская імперыя[правіць | правіць зыходнік]
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/4/4b/Orsha_COA_%28Mogilev_Governorate%29_%281781%29.png/140px-Orsha_COA_%28Mogilev_Governorate%29_%281781%29.png)
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Орша ўвайшла ў склад Расійскай імперыі, дзе з’яўлялася цэнтрам Аршанскай правінцыі да 1775 года. У 1776 годзе расійскія ўлады пазбавілі горад Магдэбургскага права[11]. У гэты час тут налічвалася 309 будынкаў. У 1778 годзе з’явіўся праект перапланіроўкі Оршы, які прадугледжваў рэгуляванне вулічнай сеткі, узбуйненне кварталаў, стварэнне непадалёк ад цэнтра новай плошчы з гасціным дваром і адміністрацыйнымі ўстановамі. 16 жніўня 1781 года гораду даравалі новы расійскі герб «верхняя частка гербу на залатым полі герб Расіі, ніжняя частка — на блакітным полі пяць стрэл». З 1802 года Орша стала цэнтрам Аршанскага павета Магілёўскай губерні. У 1812 годзе ў Оршы выявілі ўнікальны помнік пісьменнасці — «Аршанскае Евангелле», якое датуецца XII—XIII стагоддзямі.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/f/f6/Vor%C5%A1a._%D0%92%D0%BE%D1%80%D1%88%D0%B0_%28Lauvergne%2C_1840%29.jpg/250px-Vor%C5%A1a._%D0%92%D0%BE%D1%80%D1%88%D0%B0_%28Lauvergne%2C_1840%29.jpg)
У час вайны 1812 года французы занялі Оршу і пры адступленні спалілі яе. Гарадскім інтэндантам у час французскага панавання быў Анры Бейль[19], пазней ужо вядомы як французскі пісьменнік Стэндаль. У часы вайны ў Оршы былі ўзведзены 2 масты цераз Дняпро. Новы план забудовы горада зацвердзілі толькі ў 1848 годзе.
28 жніўня 1863 года паводле прысуду расійскага ваеннага суда ў Оршы расстралялі Ігната Будзіловіча — кіраўніка паўстанцкага аддзела, які дзейнічаў у Аршанскім павеце ў часе нацыянальна-вызваленчага паўстання. Па задушэнні паўстання расійскія ўлады закрылі ўсе кляштары, а большасць касцёлаў перадалі Рускай праваслаўнай царкве для перабудовы пад цэрквы з мэтай русіфікацыі края.
У другой палове XIX ст. Орша — буйны чыгуначны вузел. У 1880 годзе ў Оршы працавала 5 навучальных устаноў, а ў пачатку XX ст. — ужо 9 (657 навучэнцаў). З 1881 года пачаўся рэгулярны пасажырскі рух ракой да Магілёва. У гэты час у Оршы было 815 драўляных і 22 мураваныя будынкі, 163 крам. У 1880—1881 гг. дзейнічала Аршанская пенькатрапальная мануфактура, у якой працавала 75 чалавек; у пачатку 1890 года ў горадзе працавала 15 прамысловых прадпрыемстваў (пенькатрапальнае, гарбарнае, крухмальнае, цагельнае, піваварнае і інш.), 9 навучальных устаноў (657 вучняў у 1894 годзе), бальніца, 6 лекараў, 2 аптэкі, 3 бібліятэкі, 2 кнігарні, друкарня. Адкрыліся новыя ўстановы: тэлеграфная станцыя (1869 год) і гарадская публічная бібліятэка (1899 год), з 1906 года — рэальнае вучылішча, з 1911 года — жаночая настаўніцкая семінарыя.
-
Царква Раства Багародзіцы, XX ст.
-
Касцёл дамініканцаў, 1913
-
Кляштар францысканцаў, 1913
-
Царква Святых Апосталаў Пятра і Паўла, 1941
Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]
У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў у Оршы апрацоўвалі лён і скуру, выраблялі крухмал, цэглу, піва, працавалі механічныя і жалезаліцейныя майстэрні. У месце вялася здабыча вапняку. Орша славілася вапнай так, што аршанцы доўгі час мелі мянушку «вапеннікі». На Дняпры працавала прыстань, якая мела вялікае значэнне ў жыцці горада. Праз прыстань праходзілі грузавыя і пасажырскія параходы (штогод каля 100 суднаў). Існавалі рэгулярныя кірункі руху да Магілёва.
У час рэвалюцыі 1905—1907 гг. на Аршаншчыне ў 1906 г. адбылася Аршанская канферэнцыя сялян, якая стала пэўным крокам у палітычнай барацьбе. З 1915 года выдавалася газета «Оршанский вестник».
-
Агульны выгляд горада з Дняпра, пач. XX ст.
-
Від на Задняпроўе. Прыстань і Ільінская царква, 1904
-
З боку Дняпра, XX ст.
-
З боку Аршыцы, 1900
-
Зааршынне, 1907
-
Зааршынне, XX ст.
У Першую сусветную вайну ў лютым — кастрычніку 1918 года Оршу займалі нямецкія войскі. У 1917—1920 гадах у горадзе дзейнічалі органы і арганізацыі розных палітычных сіл.
Ад 1 студзеня 1919 года горад у складзе Беларускай ССР[20], а з 16 студзеня ў РСФСР. У 1924 годзе ў выніку ўзбуйнення БССР Орша вярнулася ў склад Беларусі, дзе стала цэнтрам раёна. У 1924—1930 гг. цэнтр Аршанскай акругі. З 1938 года ў Віцебскай вобласці.
-
Управа
-
Рэчка Аршыца
-
Параходная прыстань
У часы Вялікай Айчыннай вайны, 14 ліпеня 1941 года савецкая армія ўжыла каля Оршы новую зброю — устаноўку залпавага агню «Кацюша». Камандаваў батарэяй «Кацюш» капітан І. Флёраў. 16 ліпеня 1941 года Оршу занялі нямецкія войскі. У горадзе дзейнічала патрыятычнае падполле. Існавала група партызан-падпольшчыкаў на чале з Канстанцінам Заслонавым, якая дзейнічала ў аршанскім чыгуначным дэпо. Гэтая група зрабіла 93 падрывы цягнікоў за 3 месяцы 1942 года. У сакавіку таго ж года К. Заслонаў быў вымушаны схавацца ў лесе ад праследавання нямецкай акупацыйнай улады, аднак ён не спыніў сваёй дзейнасці; партызан загінуў 14 лістапада 1942 года. 27 чэрвеня 1944 года Оршу занялі войскі Трэцяга Беларускага фронту. За гады вайны акупанты знішчылі прамысловыя прадпрыемствы і больш 75 % жыллёвага фонду горада.
30 лістапада 1959 года ў гарадскую рысу ўключана вёска Гразівец Пішчалаўскага сельсавета[21], 16 верасня 1966 года — вёска Пустынкі Першамайскага сельсавета[22].
У 1950—1970-я гады савецкія ўлады знішчылі царкву Пакрова Багародзіцы і манастыр базыльян, царкву Раства Багародзіцы, францысканскі касцёл Святога Антонія, Куцеінскі манастыр Прачыстай Багародзіцы, іншыя помнікі сакральнай архітэктуры, амаль цалкам зруйнавалі гістарычную забудову XVII—XX стагоддзяў. На месцы старажытнага горада паўстала пустэча.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/9/93/Coat_of_Arms_of_Or%C5%A1a%2C_Belarus%2C_1967.png/140px-Coat_of_Arms_of_Or%C5%A1a%2C_Belarus%2C_1967.png)
11 сакавіка 1971 года савецкія ўлады зацвердзілі новы савецкі герб Оршы, аўтарамі якога былі Гаранскі і Янкоўскі. У чэрвені 1984 года за мужнасць і стойкасць, выяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Оршу ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны I ступені.
24-25 красавіка 1991 года ўдзельнікі палітычнай стачкі блакіравалі чыгуначны вузел.
19 верасня 2008 года ў Оршы прайшоў штогадовы фестываль «Дажынкі». У рамках падрыхтоўкі да мерапрыемства горад значна ўпарадкавалі. Агулам было ўзведзена альбо рэканструявана больш за 500 аб’ектаў. Рамантаваліся гарадскія гасцініцы, мост цераз Аршыцу, чыгуначны і аўтамабільны вакзалы. Былі ўзведзены стадыён і лазня. Уздоўж берага Дняпра ўтварыўся дзіцячы парк з атракцыёнамі і невялікім паўкругам. Праводзілася добраўпарадкаванне жыллёвага фонду цэнтра горада, Цэнтральнай плошчы і гарадскага парку, дзе праходзілі асноўныя мерапрыемствы свята. Частку старых дамоў знішчылі, каб пашырыць цэнтральныя вуліцы. На падрыхтоўцы Оршы да свята працавала больш за 800 прадпрыемстваў з усёй краіны[23]. Работы на аршанскіх помніках гісторыі і архітэктуры пачаліся яшчэ ў 2007 годзе: рамонт даху ў езуіцкім калегіуме (помнік архітэктуры XVII ст.), рэканструкцыя 30-метровай вежы гэтага комплексу, на якой паставілі купал і гадзіннік. Па заканчэнні работ тут адкрыўся гістарычны музей і бібліятэка. Пры рэканструкцыі комплексу Аршанскага езуіцкага калегіума будаўнікі неаднаразова знаходзілі чалавечыя косці і чарапы. У часы СССР у гэтых будынках размяшчалася вязніца. Мяркуецца, што знойдзеныя рэшткі належаць ахвярам камуністычнага рэжыму[24].
16 сакавіка 2010 года ў склад горада ўключаны пасёлак Лясны Бабініцкага сельсавета[25].
14 студзеня 2013 г. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за нумарам 27 «Аб аб’яднанні раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання Рэспублікі Беларусь, якія маюць агульны адміністрацыйны цэнтр» Орша была пазбаўлена статусу горада абласнога падпарадкавання[26].
Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/8/8c/%D0%9E%D1%80%D1%88%D0%B0._%D0%9A%D1%80%D0%B0%D1%8F%D0%B2%D1%96%D0%B4_%D0%B7_%D0%B3%D0%B0%D1%80%D0%B0%D0%B4%D0%B7%D1%96%D1%88%D1%87%D0%B0.jpg/220px-%D0%9E%D1%80%D1%88%D0%B0._%D0%9A%D1%80%D0%B0%D1%8F%D0%B2%D1%96%D0%B4_%D0%B7_%D0%B3%D0%B0%D1%80%D0%B0%D0%B4%D0%B7%D1%96%D1%88%D1%87%D0%B0.jpg)
Геамарфалагічныя ўмовы гарадской тэрыторыі адзначаны двума фактарамі — размяшчэннем горада Оршы ў межах Аршанскага ўзвышша і адначасова, даліны ракі Днепр і яго прытокаў р. Аршыцы і Адрова. Гэтыя фактары абумоўліваюць узгорысты рэльеф з вялікімі перападамі вышынь, якія дасягаюць у заходняй частцы горада 12—13 м, ва ўсходняй — 20 м.
Найбольш высокая частка горада — раён вуліцы Дамініканскай, дзе абсалютная адзнака вышыні — 192,14 м. Больш роўная паверхня — гэта раён паміж чыгуначнымі станцыямі Орша-Усходняя і Орша-Заходняя.
Агульны ўхіл тэрыторыі горада ідзе ў бок рэчышч Дняпра, Аршыцы і Адрова, агульная даўжыня якіх у межах горада перавышае 6 км. Такі добра выражаны рэльеф практычна поўнасцю забяспечвае паверхневы сцёк з гарадской тэрыторыі.
У межах горада шмат паркаў: гарадскі, Прыдняпроўскі, Тэкстыльшчыкаў, парк Герояў, Піянераў і інш.
У ваколіцах горада распаўсюджаны сасновыя, яловыя, змешаныя і дробналісцёвыя лясы.
У даліне Дняпра знаходзіцца Аршанская мінеральная крыніца[27].
Клімат[правіць | правіць зыходнік]
Клімат Оршы вільготны кантынентальны з цёплым летам і адносна халоднай і снежнай зімой.
Клімат Оршы | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
Абсалютны максімум, °C | 10,3 | 12,1 | 18,3 | 29,1 | 31,0 | 32,4 | 35,2 | 38,2 | 30,2 | 24,3 | 13,7 | 10,6 | 38,2 |
Сярэдні максімум, °C | −3 | −2,7 | 2,6 | 11,6 | 18,3 | 21,3 | 23,5 | 22,4 | 16,3 | 9,6 | 2,1 | −2 | 10,0 |
Сярэдняя тэмпература, °C | −5,4 | −5,7 | −1,1 | 6,4 | 12,6 | 15,9 | 17,9 | 16,7 | 11,3 | 5,8 | −0,2 | −4,2 | 5,8 |
Сярэдні мінімум, °C | −8,1 | −9,1 | −4,6 | 1,7 | 6,9 | 10,6 | 12,4 | 11,3 | 6,9 | 2,7 | −2,4 | −6,8 | 1,8 |
Абсалютны мінімум, °C | −39 | −36,3 | −34,9 | −16 | −4,9 | −2,3 | 2,3 | 0,0 | −5,5 | −11,5 | −23,8 | −34,9 | −39 |
Норма ападкаў, мм | 38 | 33 | 35 | 40 | 64 | 91 | 80 | 71 | 65 | 56 | 45 | 39 | 657 |
Крыніца: Справочник по климату Беларуси, Часть I (тэмпература), Справочник по климату Беларуси, Часть II (ападкі) |
Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]
Дэмаграфія Оршы значна залежала ад гістарычных абставін. Спрыяльнае геаграфічнае становішча заўсёды ўплывала на павелічэнне колькасці жыхароў. Найбольшы рост насельніцтва ў горадзе прыпадае на перыяды мірнага жыцця. У сваю чаргу, войны значна памяншалі колькасць жыхароў[28].
- XVII стагоддзе: сярэдзіна стагоддзя — 5 тыс. чал.[29]; 1667 — 1 тыс. чал.[14]
- XVIII стагоддзе: 1772 — 793 чал.[11]; 1776 — 1,7 чал.[11]
- XIX стагоддзе: 1880 — 5 025 чал. (2 606 муж. і 2 419 жан.), у тым ліку 1 321 праваслаўных, 220 каталікоў, 2 484 іудзеі[30]; у горадзе жыло 82 сям’і купцоў 1 і 2 гільдый, 229 асоб з пасведчаннямі на дробны гандаль, 113 — на рамяство; 1881 — 5 025 чал.[11]; 1896 — 8 338 чал. (4 015 муж. і 4 313 жан.), з іх паводле веры: праваслаўных 4 175, раскольнікаў 62, каталікоў 664, пратэстантаў 125, іудзеяў 3 231, іншых 71; паводле саслоўя: мяшчан 6 453, купцоў і ганаровых грамадзян 268, ваеннага стану 419, шляхты 245, духоўнага звання 161, сялян 722, іншых 60[31]; 1897 — 13 161 чал.[32]
- XX стагоддзе: 1904 — 14 764 чал.; 1912 — 21 583 чал.[33]; 1923 — 18 тыс. чал.[34]; 1938 — 37,6 тыс. чал.[32]; 1939 — 37 тыс. чал.; 1944 — 3 тыс. чал;* 1959 — 64,4 тыс. чал.; 1964 — 79 тыс. чал.; 1970 — 100,6 тыс. чал.[32]; 1979 — 111 тыс. чал.[35]; 1979 — 112 397 чал.; 1989 — 123 тыс. чал.; 1995 — 125 тыс. чал.[36](126,5[32]); 1998 — 125,7 тыс. чал.
- XXI стагоддзе: 2006 — 125 530 чал.; 2009 — 122,2 тыс. чал. (разам з падпарадкаванымі гарадскому савету населенымі пунктамі — 139 тыс. чал.[37] 51 нацыянальнасці[38]); 2009 — 117 225 чал. (перапіс)[3]; 2016 — 116 552 чал.[39]; 2017 — 115 938 чалавек [5]; 2019 — 114 135 чалавек.[40], 2020 — 108 100.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/be/timeline/3av82hkpa00zx8i20wmynzisxau86fp.png)
Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]
Горад з’яўляецца апорным шматфункцыянальным цэнтрам трансеўрапейскай транспартнай сеткі з развітой прамысловасцю і адносна развітой сацыяльна-культурнай сферай. Прадпрыемствы машынабудавання (Аршанскі станкабудаўнічы завод «Чырвоны барацьбіт», Аршанскі інструментальны завод) і металаапрацоўкі (Аршанскі камбінат зборных жалезабетонных вырабаў і канструкцый), лёгкай (РУВГП «Аршанскі льнокамбінат», фірма «Світанак», Аршанская фабрыка мастацкіх вырабаў і інш.), харчовай прамысловасці (ААТ «Аршанскі мясакамбінат», ААТ «Аршанскі мясакансервавы камбінат»), вытворчасці будаўнічых матэрыялаў.
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/2/2f/%D0%92%D0%BE%D0%BA%D0%B7%D0%B0%D0%BB%2C_%D0%9E%D1%80%D1%88%D0%B0-%D1%86%D0%B5%D0%BD%D1%82%D1%80%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D0%BD%D0%B0%D1%8F.jpg/220px-%D0%92%D0%BE%D0%BA%D0%B7%D0%B0%D0%BB%2C_%D0%9E%D1%80%D1%88%D0%B0-%D1%86%D0%B5%D0%BD%D1%82%D1%80%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D0%BD%D0%B0%D1%8F.jpg)
Чыгуначныя станцыі: Орша-Паўночная, Орша-Заходняя, Орша-Усходняя, Орша-Цэнтральная.
Культура[правіць | правіць зыходнік]
- Аршанскі мемарыяльны музей К. С. Заслонова
- Аршанскі музей гісторыі і культуры горада
- Аршанскі музей У. Караткевіча
- Аршанскі этнаграфічны музей «Млын»
- Аршанскі музей драўлянай скульптуры разьбяра С. С. Шаўрова
Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]
З 1573 года ў Оршы знаходзіліся езуіты, якія на той час шырока займаліся асветай. У заснаваным імі калегіуме (1616) навучанне праводзілася на еўрапейскім узроўні. З 1740 года калегіум меў статус вышэйшай навучальнай установы. Тут выкладалі філасофію, граматыку, паэтыку, рыторыку, логіку. Пры калегіуме працавала музычнае вучылішча і школьны тэатр. Аршанскі калегіум езуітаў дзейнічаў да 1820 года.
У 1880 годзе ў Оршы працавала 5 навучальных устаноў, а ў пачатку XX ст. — ужо 9 (657 навучэнцаў), у ліку якіх гарадское рэальнае вучылішча, духоўнае вучылішча, жаночая гімназія, жаночая настаўніцкая семінарыя.
15 кастрычніка 1906 г. — дзень адкрыцця рэальнага вучылішча (ліквідавана ў 1918), у якім да 1910 г. працаваў вядомы рэвалюцыянер, бальшавік П. М. Лепяшынскі. 3 1911 да 1919 г. працавала жаночая настаўніцкая семінарыя.
Нягледзячы на, здавалася б, немалую колькасць разнастайных навучальных устаноў, узровень народнай адукацыі ў Оршы ў канцы 19 — пач. 20 ст. трэба лічыць нізкім. Так, па перапісе 1897 года непісьменныя складалі каля палавіны — 48,2 % насельніцтва горада. Масавую непісьменнасць абумовілі недастатковая колькасць школ і высокая плата за навучанне.
Сёння ў горадзе дзейнічаюць 22 агульнаадукацыйныя школы, спецыяльная і дапаможная школы, 44 дашкольныя ўстановы. Адкрыты ўстановы новага тыпу — гімназія № 10 і агульнаадукацыйны ліцэй у горадзе Барань.
У горадзе 7 устаноў пазашкольнай адукацыі. Гэта эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі, станцыя юных тэхнікаў, цэнтр дзіцячай творчасці, цэнтр дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства, 2 дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы і аэраклуб.
Прафесійную адукацыю даюць:
- Аршанскі дзяржаўны політэхнічны прафесійна-тэхнічны каледж;
- Аршанскі дзяржаўны прафесійны ліцэй тэкстыльшчыкаў імя Г. В. Сямёнава[41];
- Аршанскі каледж ВДУ імя П. М. Машэрава;
- Аршанскі дзяржаўны каледж харчавання;
- Аршанскі дзяржаўны медыцынскі каледж;
- Аршанскі дзяржаўны механіка-эканамічны каледж[42];
- Аршанскі каледж Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту[43].
Медыцына[правіць | правіць зыходнік]
У структуру гарадскога тэрытарыяльнага медыцынскага аб’яднання № 1 уваходзяць: гарадская бальніца імені Н. Сямашкі, паліклініка № 1 і № 3, дзіцячая паліклініка, процітуберкулёзны дыспансэр, псіханеўралагічны дыспансэр, кожна-венералагічны дыспансер, дзіцячая стаматалагічная паліклініка, станцыя хуткай неадкладнай медыцынскай дапамогі, станцыя пералівання крыві, Дом дзіцяці, дзіцячая малочная кухня, Андрэеўшчынская ўрачэбная амбулаторыя і інш.
Магутнасць амбулаторна-паліклінічных устаноў складае 333,8 наведванняў у змену на 10 тыс. насельніцтва. Маецца 1145 ложкаў кругласутачнага прыбывання[44].
Спорт[правіць | правіць зыходнік]
У горадзе 4 стадыёны, 53 спартыўныя залы, 5 басейнаў, 4 міні-басейны ў дзіцячых установах. З 2008 года пасля рэканструкцыі пачаў працаваць гарадскі стадыён.
У 5 ДЮСШ займаюцца 1768 юнакоў і дзяўчат, заняткі з якімі праводзяць 83 выкладчыкі, пяць з каторых носяць ганаровае званне «Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь». У горадзе працуюць два суддзі вышэйшай нацыянальнай катэгорыі і 20 суддзяў нацыянальнай катэгорыі.
Выхаванцамі гарадскіх фізкультурных устаноў з’яўляюцца шасцікратны чэмпіён свету, прызёр Алімпійскіх гульняў па канькабежным спорце Ігар Жалязоўскі, якому ў 1994 годзе было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Оршы», шматразовыя чэмпіёны свету і Еўропы па барацьбе самба Святлана Селіханава, Людміла Бядрыцкая і Анжаліка Савейка, чэмпіён па веласіпедным спорце Ігар Сумнікаў, першы ў гісторыі беларускага дзюдо чэмпіён свету сярод юніёраў Дзяніс Кунцэвіч і чэмпіён Сусветнай універсіяды па дзюдо Дзяніс Калтанюк[45].
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/e/e4/Or%C5%A1a%2C_%C5%9Av._Jazepa._%D0%9E%D1%80%D1%88%D0%B0%2C_%D0%A1%D0%B2._%D0%AF%D0%B7%D1%8D%D0%BF%D0%B0.jpg/200px-Or%C5%A1a%2C_%C5%9Av._Jazepa._%D0%9E%D1%80%D1%88%D0%B0%2C_%D0%A1%D0%B2._%D0%AF%D0%B7%D1%8D%D0%BF%D0%B0.jpg)
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/c/c0/%D0%9E%D1%80%D1%88%D0%B0._%D0%A1%D0%B2%D1%8F%D1%82%D0%B0-%D0%91%D0%BE%D0%B3%D0%B0%D1%8F%D1%9E%D0%BB%D0%B5%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96_%D0%9A%D1%83%D1%86%D0%B5%D1%96%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96_%D0%BC%D1%83%D0%B6%D1%87%D1%8B%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96_%D0%BC%D0%B0%D0%BD%D0%B0%D1%81%D1%82%D1%8B%D1%80.jpg/200px-%D0%9E%D1%80%D1%88%D0%B0._%D0%A1%D0%B2%D1%8F%D1%82%D0%B0-%D0%91%D0%BE%D0%B3%D0%B0%D1%8F%D1%9E%D0%BB%D0%B5%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96_%D0%9A%D1%83%D1%86%D0%B5%D1%96%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96_%D0%BC%D1%83%D0%B6%D1%87%D1%8B%D0%BD%D1%81%D0%BA%D1%96_%D0%BC%D0%B0%D0%BD%D0%B0%D1%81%D1%82%D1%8B%D1%80.jpg)
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/e/ee/Karatkievich.Orsha.jpg/200px-Karatkievich.Orsha.jpg)
Славутасці[правіць | правіць зыходнік]
Гістарычныя будынкі[правіць | правіць зыходнік]
- Будынак былога езуіцкага калегіума (XVII—XVIII стагоддзі) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000113
- Будынак былога вадзянога млына (1902 год) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000109
- Будынак былога рэальнага вучылішча (1906 год) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000893
- Будынак былой жаночай гімназіі (пачатак XX стагоддзя) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000117
- Будынак гарадской друкарні (1905 год) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000938
- Будынак чыгуначнага вакзала (1912, 1930—1950 гады) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000106
- Дом па вуліцы Леніна, 11 (канец XIX — пачатак XX стагоддзя) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000114
- Дом па вуліцы Леніна, 26 (пачатак XX стагоддзя) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000115
- Дом па вуліцы Леніна, 35 (канец XIX — пачатак XX стагоддзя) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000892
- Дом па вуліцы Леніна, 43 (канец XIX — пачатак XX стагоддзя) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000892
- Дом па вуліцы Малакова, 5 (1845 год) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000894
- Корпус былога базыльянскага манастыра (2-я палова XVIII стагоддзя) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000118
- Корпус былога кляштара бернардзінцаў (XVIII стагоддзе) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000891
- Корпус былога кляштара трынітарыяў (1714—1717 гады) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000111
- Корпус былога кляштара францысканцаў (XVIII стагоддзе) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000889
- Мост цераз замкавы роў (1902 год) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000937
Культавае дойлідства[правіць | правіць зыходнік]
- Касцёл Святога Юзафа Абручніка (1780—1808 гады) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000120
- Касцёл Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Дзевы Марыі
- Куцеінскі Богаяўленскі мужчынскі манастыр (XVII—XVIII стагоддзі): Свята-Духаўская царква (1624—1626), жылы корпус —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000121
- Свята-Ільінская царква (1880 год) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000110
- Свята-Леанідаўская царква (канец XX стагоддзя)
- Свята-Міхайлаўская царква (1995 год)
- Свята-Раства-Багародзіцкая царква (XVII стагоддзе, 2000-я гады) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000107
- Царква ў гонар Раства Хрыстова (пачатак XXI стагоддзя)
Помнікі археалогіі[правіць | правіць зыходнік]
- Агаленне горных парод «Орша» — геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння
- Замчышча (XIV—XVII стагоддзі) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 211В000887
- Гарадзішча (XI—XVII стагоддзі) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 211В000936
- Культурны пласт Зааршыннага пасада (XII—XVIII стагоддзі) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212В000890
- Курганныя магільнікі (3-е тысячагоддзе да н.э.)
- Надняпроўскі пасад (XV—XVIII стагоддзі) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212В000888
- Стаянкі каменнага веку
Помнікі гісторыі[правіць | правіць зыходнік]
- Брацкая магіла (1941—1944 гады) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Д000112
- Брацкая магіла (1941—1944 гады) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Д000119
- Магіла К. С. Заслонава і Я. В. Каржэня (1942 год) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Д000122
- Мемарыяльны комплекс «Кацюша» (1960 год) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Д000116
- Мемарыяльны парк герояў (1966)
- Помнік Канстанціну Сяргеевічу Заслонаву (1955 год) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Д000108
Страчаная спадчына[правіць | правіць зыходнік]
- Гарадскія ўмацаванні (XIV—XVIII стагоддзі).
- Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі пры кляштары бернардзінцаў (2-я палова XVIII стагоддзя) — страчаны ў 2-й палове XIX стагоддзя.
- Касцёл Святога Антонія пры кляштары францысканцаў (1768 год) — знесены ў 1970-я гады.
- Касцёл Святой Тройцы пры кляштары трынітарыяў (сярэдзіна XVIII стагоддзя) — знішчаны ў 1950-я гады.
- Царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы пры базыльянскім манастыры (1758—1774 гады) — знішчана ў 1967 годзе.
- Успенскі манастыр (1631 год) — закрыты ў 1918, адноўлены ў 1996 годзе.
Вядомыя ўраджэнцы і жыхары[правіць | правіць зыходнік]
- Людміла Анікеева (нар. 1955) — беларускі палітык.
- Аляксандр Арлоў — савецкі военачальнік, віцэ-адмірал.
- Наталля Астаповіч (нар. 1940) — навуковец. Доктар біялагічных навук (1989), прафесар (1999).
- Юрый Багушэвіч — беларускі пісьменнік і перакладчык.
- Леанід Барэйша (нар. 1947) — беларускі футбаліст і трэнер.
- Браніслаў Бароўскі — Герой Сацыялістычнай Працы.
- Сяргей Вакар — беларускі скульптар.
- Леў Выгоцкі — заснавальнік культурна-гістарычнай школы ў псіхалогіі.
- Васіль Васільеў (нар. 1954) — беларускі мастак.
- Фрыда Вігдарава — пісьменніца і журналістка.
- Роза Ганчарова (нар. 1938) — вучоны ў галіне генетыкі. Доктар біялагічных навук (1991), прафесар.
- Міхаіл Дарашэвіч — беларускі вучоны-геадэзіст.
- Францішак Дзеружынскі — беларускі рэлігійны дзеяч.
- Георгій Зайцаў — савецкі военачальнік, генерал-маёр.
- Ларыса Зуева (нар. 1957) — беларуская мастачка.
- Ігар Жук (нар. 1964) — беларускі мастак.
- Уладзімір Жвікаў (нар. 1950) — беларускі палітык.
- Вольга Талаева — спартсменка, інструктар па шорт-трэку Мінспорту Беларусі.
- Ігар Сумнікаў — спартсмен (веласіпедны спорт, шашэйныя гонкі).
- Марына Жарская — беларуская спартсменка.
- Барыс Захарчэня — савецкі фізік.
- Сяргей Каплякоў — беларускі спартсмен.
- Уладзімір Караткевіч (1930—1984) — беларускі пісьменнік.
- Алег Козыраў (нар.. 1951) — беларускі архітэктар.
- Самуэль Кміціч — аршанскі харунжы, правобраз Анджэя Кміціца ў рамане Г. Сянкевіча «Патоп».
- Мікола Купава — беларускі мастак.
- Аляксандр Кучынскі — беларускі прафесійны шашэйны велагоншчык.
- Барыс Ласкін — сцэнарыст.
- Валерый Лапцінскі — беларускі матэматык.
- Антаніна Лангіна — шашыстка.
- Зінаіда Мажэйка — беларускі этнамузыказнавец.
- Аляксандр Макаранка — беларускі штангіст.
- Георгій Мандзалеўскі — валейбаліст.
- Леў Пятровіч Мацкевіч (1903—1968) — беларускі архітэктар.
- Аляксандр Міронаў — беларускі празаік, перакладчык.
- Якаў Навуменка — беларускі спявак, Народны артыст Беларусі (2011).
- Абрам Іосіфавіч Нодаў — патолагаанатам, доктар медыцынскіх навук, прафесар.
- Самуіл Саламонавіч Палякоў — канцэсіянер і будаўнік чыгункі ў Расійскай імперыі.
- Леанід Рудніцкі — пісьменнік
- Павел Паўлавіч Саковіч — беларускі пісьменнік.
- Уладзімір Львовіч Сарочкін (1937—1992) — беларускі архітэктар.
- Дзмітрый Сямёнавіч Снежка — беларускі літаратуразнавец, перакладчык, эсперантыст.
- Аляксандр Сцепаненка (1938—2005) — вучоны ў галіне апрацоўкі металаў. Доктар тэхнічных навук (1974).
- Аліна Талай — беларуская лёгкаатлетка.
- Галіна Трафімава (нар. 1960) — беларуская пісьменніца.
- Леанід Трушко — беларускі акцёр.
- Таццяна Шаракова — беларуская веласіпедыстка.
- Іван Манькоўскі (1913—2000) — Герой Сацыялістычнай Працы.
- Іван Данілавіч Пашкевіч (1913—1996) — Герой Сацыялістычнай Працы.
- Іосіф Юркоў (1903—1976) — Герой Сацыялістычнай Працы (1966).
- Аляксандр Шэвераў (нар. 1938) — беларускі мастак.
- Сямён Шаўроў (1916—2000) — беларускі самадзейны майстар разьбы па дрэве.
- Аляксандр Шынкевіч (нар. 1956) — беларускі краязнавец.
- Веніямін Фабрыкант (1908—1981) — вучоны-энергетык, доктар тэхнічных навук, прафесар.
Гарады-пабрацімы[правіць | правіць зыходнік]
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
- Apraxia
- Аршанскае паўстанне
- Аршанская жаночая настаўніцкая семінарыя
- Оршанский вестник
- Аршанскае права
- Гарады Віцебскай вобласці
- Гарады Беларусі
- Спіс вуліц Оршы
- Аршанская газета
- Аршанскі аўтобус
- Телеком-экспресс
- Трыбуна тэкстыльшчыка
- Аршанская бітва (фестываль)
Зноскі[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» Архівавана 4 сакавіка 2016. (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Белстат, 2024.
- ↑ а б Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- ↑ а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 273.
- ↑ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Оршы і Аршанскага раёна. У 2 кн. / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.].
- ↑ Іскрык В., Саўка З.. Сапраўдныя назвы беларускіх гарадоў(недаступная спасылка). Белсат ТВ (16 студзеня 2011). Архівавана з першакрыніцы 21 верасня 2011. Праверана 9 чэрвеня 2011.
- ↑ Лемцюгова В. П. : Прадмова да даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 30 лістапада 2016. Праверана 13 сакавіка 2017.
- ↑ Шынкевіч А. Орша // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. С. 357.
- ↑ а б в г д Шынкевіч А. Орша // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. С. 358.
- ↑ В. Ляўко…
- ↑ Principality of Smalensk in the 12th century // Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы = The History of the Belarusian Nation and State / Выд. 2-е, дап.; Біч М., Гарэцкі Р., Конан У. і інш.. — Мн.: ІП Зміцер Колас, 2005. — С. 354. — 440 с.: іл. — ISBN 985-6793-06-2.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м Орша // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ а б в Аршанскія пасады і слабоды // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — Т. 1: А―К. — 496 с. — ISBN 978-985-11-0354-2.
- ↑ Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0389-4.
- ↑ Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5. С. 210.
- ↑ Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 1. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0036-6 (т. 1).
- ↑ Корбут В. «Галоўная краса горада — манастыры», або Па слядах Стэндаля і Напалеона Архівавана 12 ліпеня 2012. // «Народная газета», 13 мая 2009.
- ↑ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.— 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ↑ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 30 лістапада 1959 г. Аб уключэнні ў гарадскую мяжу горада Оршы вёскі Гразівец Пішчалаўскага сельскага Савета Аршанскага раёна // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 16.
- ↑ Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Аб уключэнні ў мяжу горада Оршы вёскі Пустынкі Першамайскага сельсавета Аршанаскага раёна ад 16 верасня 1966 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1966, № 28 (1148).
- ↑ На «Дожинки-2008» в Орше потратят 400 миллиардов Архівавана 20 ліпеня 2011. // БелТА, 14 лютага 2008. (руск.)
- ↑ Граблевский О.. И дожинки, и докопки (руск.)(недаступная спасылка). Bulletinonline.org (24 ліпеня 2008). Архівавана з першакрыніцы 8 сакавіка 2012. Праверана 24 жніўня 2013.
- ↑ Пералік найменняў геаграфічных аб’ектаў, спыніўшых сваё існаванне за 2010 г. (руск.)
- ↑ Указ Президента Республики Беларусь от 14 января 2013 г. № 27 «Об объединении районов и городов областного подчинения Республики Беларусь, имеющих общий административный центр» (руск.) (pdf)(недаступная спасылка). Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (14 студзеня 2013). Архівавана з першакрыніцы 4 сакавіка 2016. Праверана 7 лютага 2016.
- ↑ Аршанскі раён // Памяць. Орша і Аршанскі раён: гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 1999. — Кн. 1. — С. 23-24.
- ↑ Orsha(недаступная спасылка). World Gazetteer (3 лістапада 2010). Архівавана з першакрыніцы 12 студзеня 2012. Праверана 31 жніўня 2012.
- ↑ Ткачёв М. А. Замки Беларуси / М. А. Ткачёв. — Мн.: Беларусь, 2002. — С. к. — 200 с.: ил. — ISBN 985-07-0418-7. С. 86.
- ↑ Orsza // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat (польск.). — Warszawa, 1886. S. 598.
- ↑ Орша // Орша // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- ↑ а б в г Беларусь 1995.
- ↑ Целеш В. Гарады Беларусі на старых паштоўках. — Мн.: Беларусь, 2005. — С. 201. — 256 с.: іл. — 2 000 экз. — ISBN 985-01-0548-8.
- ↑ Орша // Советская историческая энциклопедия : у 16 т. / под ред. Е. М. Жукова. — М. : Советская энциклопедия, 1961—1976.
- ↑ Орша // Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)
- ↑ Орша // Большой энциклопедический словарь (руск.) / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. — ISBN 5-85270-262-5.
- ↑ У 14 гарадах Беларусі колькасць насельніцтва перавышае 100 тыс. чалавек // «Наша Ніва», 26 сакавіка 2009 г.
- ↑ Орша (руск.)(недаступная спасылка). Витебский облисполком (3 лістапада 2010). Архівавана з першакрыніцы 18 студзеня 2012. Праверана 31 жніўня 2012.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 15 ліпеня 2019. Праверана 29 ліпеня 2019.
- ↑ Барысава, А. Ліцэю лёгкай прамысловасці — 40 гадоў / А. Барысава // Аршанская газета. — 2009. — 24 Кастро. — С. 3 (руск.)
- ↑ Гатоўская, Л. Няхай у жыцці будзе ўсё «выдатна» / Л. Гатоўская // Аршанская газета. — 2009. — 21 сак. — С. 3. Пра Аршанскім дзяржаўным механіка-эканамічным каледжы, якому споўнілася 55 гадоў. (руск.)
- ↑ Арлова, О. Аршанскаму тэхнікуму [чыгуначнага транспарту] — 75 гадоў! // Чыгуначнік Беларусі. — 2004. — 28 каст. — С. 3. (руск.)
- ↑ Шутова, О. «Заморозка» не в пользу больных / О. Шутова // Народнае слова. — 2009. — 20 чэрв. — С. 2.О заседании президиума Оршанского городского Совета депутатов, на котором шла речь о планах по оптимизации и реконструкции сети лечебных учреждений города.
- ↑ Шыдлоўскі, Л. І. Аршаншчына спартыўная / Л. І. Шыдлоўскі // Памяць. Орша і Аршанскі раён: гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 2000. — Кн. 2. — С. 390—395.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Асіноўскі С. Орша: залатыя стрэлы на блакітным полі / С. М. Асіноўскі. — Мн., 1997. — 428 с.
- Памяць. Орша і Аршанскі раён: гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі: у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн., 2000.
- Шынкевіч А. Аршанская даўніна / А. М. Шынкевіч. — Мн., 1992. — 141 с.
- Орша // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 545. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
Геаграфічныя звесткі па тэме Орша на OpenStreetMap
- Прыдзвінскі край — горад Орша Архівавана 21 студзеня 2012.
- Тямніцы Аршанскай лаўры//Адкуль пайшоў «Буквар»? — Газета «Культура» Антановіч Кастусь
- Надвор’е ў горадзе Орша