Палацава-паркавы комплекс Патоцкіх (Высокае)
Палацава-паркавы комплекс | |
Палацава-паркавы комплекс Патоцкіх | |
---|---|
![]() Палац Патоцкіх | |
52°22′08,67″ пн. ш. 23°22′03,92″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Горад | Высокае |
Заснавальнік | Пелагея Патоцкая |
Дата заснавання | 1816 |
Будынкі | |
палац • брамы і агароджа • аранжарэя • 2 флігеля • службовыя корпусы | |
Статус |
![]() |
![]() |
Палацава-паркавы комплекс Патоцкіх — помнік архітэктуры ў стылі класіцызм. Пабудаваны ў першай палове XIX ст. у г. Высокае (Камянецкі раён) на заходнім беразе р. Пульва, на месцы старога замка Сапегаў (XVII ст., зруйнаваны ў 1794 г.), ад якога засталіся фрагменты сцен і валоў. Належыў Патоцкім. Помнік рэспубліканскага значэння.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
У 1678 г. Сапегамі быў закладзены замак, які неаднаразова гарэў і разбураўся. На сённяшні дзень засталася толькі ўязная замкавая брама, якая ляжыць у руінах. Пасля пажару ў 1748 г. Сапегі перанеслі сваю рэзідэнцыю ў Слонімскі замак. Мураваны палац у Высока-Літоўску быў закладзены Пелагеяй Патоцкай у 1815 г., калі яе муж Павел Сапега быў на вайне з французамі. За пяць гадоў яна адбудавала арыгінальную рэзідэнцыю ў модным на той час стылі класіцызму[1].
У савецкі час была моцна парушана кампазіцыя ансамбля. На яго тэрыторыі пабудаваны жылыя дамы, гаспадарчыя аб'екты і новы будынак школы-інтэрната[1].
У 1990-я гг. пачалася рэканструкцыя паркавага ландшафту. Падрыхтавана навукова-праектная дакументацыя, на перспектыву плануецца вынясенне гаспадарчых пабудоў, рэстаўрацыя замкавай брамы, палаца Патоцкіх і стварэнне на базе адноўленага палаца музея гісторыі палацава-паркавага мастацтва[1].
Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]
Уся тэрыторыя палацава-паркавага ансамбля займае плошчу каля 50 га. Палацавы комплекс складаўся з трох карпусоў: цэнтральнага рэпрэзентатыўнага палаца і дзвюх бакавых аднапавярховых афіцын[1].
Палац[правіць | правіць зыходнік]
Асноўны будынак мае сіметрычную кампазіцыю з двухпавярховай цэнтральнай часткай і аднапавярховымі крыламі. Цэнтральная частка, накрытая двухсхільным дахам, на галоўным паўднёвым фасадзе вылучана чатырохкалонным порцікам з трохвугольным франтонам, а на супрацьлеглым фасадзе завершана ступеньчатым атыкам. Класічныя элементы дэкору выкананы з дрэва і атынкаваны. Тыльны фасад вылучаўся яшчэ трохвосевым рызалітам і меў тэрасу для агляду наваколля[1].
Унутраная планіроўка палаца калідорнага тыпу. Праз увесь корпус па падоўжнай восі праходзіць шырокі светлавы калідор, да якога з двух бакоў далучаюцца жылыя пакоі. Пры галоўным уваходзе меўся шырокі вестыбюль, насупраць якога размяшчалася парадная зала з выхадам у парк[1].
Флігелі[правіць | правіць зыходнік]
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/c/c7/Vysokaje%2C_fligiel_%284.08.2008%29.jpg/220px-Vysokaje%2C_fligiel_%284.08.2008%29.jpg)
Бакавыя флігелі вырашаны больш сціпла. Іх гладкія сцены прарэзаны невялікімі прамавугольнымі вокнамі. Тарцовыя сцены, што выходзяць на ўзроўні галоўнага фасада палаца, дэкарыраваны шасцікалоннымі порцікамі дарычнага ордара і завершаны высокімі трохвугольнымі шчыткамі. Тры порцікі ўвязваюць усю кампазіцыю ў адзіны архітэктурны ансамбль[1].
Парк[правіць | правіць зыходнік]
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/b/bf/%D0%9F%D0%B0%D0%BB%D0%B0%D1%86%D0%B0%D0%B2%D0%B0-%D0%BF%D0%B0%D1%80%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D1%8B_%D0%B0%D0%BD%D1%81%D0%B0%D0%BC%D0%B1%D0%BB%D1%8C_%D0%A1%D0%B0%D0%BF%D0%B5%D0%B3%D0%B0%D1%9E-%D0%9F%D0%B0%D1%82%D0%BE%D1%86%D0%BA%D1%96%D1%85_1.jpg/220px-%D0%9F%D0%B0%D0%BB%D0%B0%D1%86%D0%B0%D0%B2%D0%B0-%D0%BF%D0%B0%D1%80%D0%BA%D0%B0%D0%B2%D1%8B_%D0%B0%D0%BD%D1%81%D0%B0%D0%BC%D0%B1%D0%BB%D1%8C_%D0%A1%D0%B0%D0%BF%D0%B5%D0%B3%D0%B0%D1%9E-%D0%9F%D0%B0%D1%82%D0%BE%D1%86%D0%BA%D1%96%D1%85_1.jpg)
Фарміраванне парку пачалося разам з будаўніцтвам замка Сапегаў з 1678 г. і працягвалася пры ўзвядзенні рэзідэнцыі Патоцкіх. Замак і стары парк з сажалкай былі абкружаны валамі і равамі. Новы парк закладзены ў першайй палове XIX ст. у адпаведнасці з лепшымі традыцыямі пейзажнага стылю. Кампазіцыя парку паступова змянялася. У 1895 г. перапланіроўкай парку займаўся дасведчаны спецыяліст у галіне паркавай архітэктуры Валяр'ян Кроненберг, ставам і каналам падзелены на две часткі. Паступова парк набыў рысы пейзажнага натуралістычнага тыпу. Фарміраванню ансамбля садзейнічала маляўнічае наваколле, уключаючы пойму р. Пульва з круцізной рэчышча, невысокую тэрасу, шэраг збудаванняў старога замка[1]. Асноўны прагулачны маршрут парку — прамая каштанавая алея
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/d/d0/%D0%92%D1%8B%D1%81%D0%BE%D0%BA%D0%B0%D0%B5._%D0%90%D0%B3%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%B4%D0%B6%D0%B0_%D1%81%D1%8F%D0%B4%D0%B7%D1%96%D0%B1%D1%8B.jpg/220px-%D0%92%D1%8B%D1%81%D0%BE%D0%BA%D0%B0%D0%B5._%D0%90%D0%B3%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%B4%D0%B6%D0%B0_%D1%81%D1%8F%D0%B4%D0%B7%D1%96%D0%B1%D1%8B.jpg)
Уезд быў фіксаваны дзвюма парамі простых пілонаў з дэкаратыўнымі вазамі і каванымі варотамі з вензелямі і ініцыяламі прозвішча нашчадкаў[1].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Палацава-паркавы комплекс Патоцкіх (Высокае)
- Палацава-паркавы комплекс Патоцкіх (Высокае) на сайце Radzima.org
- Палацава-паркавы комплекс Патоцкіх (Высокае) на сайце Глобус Беларусі (руск.)