Мечахвосты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Мечахвост)
Мечахвосты

Limulus polyphemus
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Xiphosura Latreille, 1802

Сучасныя віды

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  82699
NCBI  6845
EOL  1920
FW  81001

Мечахвосты (Xiphosura) — атрад марскіх членістаногіх жывёл класа мерастомавых. Уяўляюць вялікую цікавасць як адзіная захаваная група паршаснаводных хеліцэравых. Сярод іншых хеліцэравых выдзяляюцца сваімі вялікімі памерамі.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Даўжыня да 90 см. Цела сплошчанае, падзяляецца на ўкрытыя злітным хіцінавым шчытом масіўныя галавагрудзі з 6 парамі канечнасцей (дпя перамяшчэння, захопу корму і яго драбнення) і брушка з прымацаваным рухома доўгім і цвёрдым хваставым шыпам (адсюль назва) і 6 парамі лістападобных канечнасцей са шматлікімі шчэлепнымі лісткамі (яны акрамя дыхання служаць і для плавання). Галавагрудзі і брушка злучаны рухома. На галавагрудным шчыце маюцца простыя сярэдзінныя вочы і больш складаныя бакавыя (утвораны са шматлікіх вочак і пакрытыя агульнай рагавіцай). Канечнасці галавагрудзей групіруюцца вакол шчылінападобнага роту, які размяшчаецца на ніжнім баку цела. Ногі, акрамя апошняй пары, маюць на канцы клюшні.

Пашырэнне[правіць | правіць зыходнік]

Вядомы з сілуру (каля 440 млн гадоў назад). 12 выкапнёвых і 3 сучасныя роды; 4-5 сучасных відаў.

Адзін від пашыраны каля берагоў Паўночнай і Цэнтральнай Амерыкі, астатнія — у Паўднёва-Усходняй і Усходнй Азіі.

Асаблівасці біялогіі[правіць | правіць зыходнік]

Жывуць на мелкаводдзі, пераважна на глыбіні 4—10 м, могуць пранікаць у вусці рэк. Плаваюць брухам дагары. Перагінаючыся ў месцы сучлянення галавагрудзей і брушка і ўпіраючыся хваставым шыпам, мечахвост закопваецца ў грунт пярэднім вострым краем шчыта.

Пераважна драпежнікі, кормяцца малюскамі, кольчатымі чарвямі і іншым бентасам, часам водарасцямі.

Раздзельнаполыя, развіццё з ператварэннем. У перыяд размнажэння мечахвосты масава выпаўзаюць на бераг у паласе прыліву, самцы пры гэтым утрымліваюцца на спіне самак клюшнямі першай пары ног. З дапамогай задніх ног самка выкопвае ямку ў пяску (каля 15 см глыбінёй), куды адкладвае яйцы (ад 200 да 1000, колькасць залежыць ад віду). Апладненне вонкавае, самец арашае адкладзеныя яйцы спермай. Яйцы акруглыя, 1,5—3,3 мм у дыяметры, багатыя жаўтком. Яны развіваюцца ў пяску, перыядычна ўвільгатняючыся прылівамі. Эмбрыянальнае развіццё працягваецца каля 6 тыдняў. Зародак мечахвоста праходзіць 4-сегментную стадыю, наступныя сегменты ўтвараюцца паслядоўна з пераданальнай зоны росту, развіваецца таксама хваставы шып.

Мечахвосты даўгавечныя, шмат гадоў не трацяць здольнасць ліняць і размнажацца.

Промысел і выкарыстанне[правіць | правіць зыходнік]

У Амерыцы і Японіі аб'ект промыслу.

У ЗША з гемалімфы мечахвостаў атрымліваюць рэактыў для праверкі стэрыльнасці медыцынскіх прэпаратаў. — Limulus amebocyte lysate (англ.)[1]. У аснове дзеяння рэактыва ляжыць імунная рэакцыя мечахвоста: гемалімфа згортваецца, калі прэпарат забруджаны мікраарганізмамі або прадуктамі іх дзейнасці.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Андрей Журавлев. Мечехвосты: членистоногие голубых кровей. National Geographic (3 красавіка 2019). Архівавана з першакрыніцы 5 красавіка 2019. Праверана 5 красавіка 2019.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]