Аляксандр Гаўрылавіч Абдулаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аляксандр Абдулаў
руск.: Александр Гаврилович Абдулов
Імя пры нараджэнні Аляксандр Гаўрылавіч Абдулаў
Дата нараджэння 29 мая 1953(1953-05-29)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 3 студзеня 2008(2008-01-03)[3][1] (54 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Gavriil Abdulov[d]
Жонка Ірына Іванаўна Алфёрава[d]
Дзеці Kseniya Alfyorova[d]
Адукацыя
Прафесія тэатральны акцёр, кінаакцёр, вядучы, спявак, акцёр, тэлевядучы, тэлеакцёр, кінарэжысёр, сцэнарыст
Кар’ера 19732008
Узнагароды
IMDb ID 0008311
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Аляксандр Гаўрылавіч Абдулаў (29 мая 1953, Табольск, СССР — 3 студзеня 2008, Масква, Расія) — савецкі і расійскі акцёр тэатра і кіно, заслужаны артыст РСФСР (1986), народны артыст Расіі (1991).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў Табольску Цюменскай вобласці РСФСР у тэатральнай сям’і. Бацька быў рэжысёрам тэатра ў Фергане, маці працавала ў тэатры грымёрам. На тэатральную сцэну Абдулаў упершыню выйшаў яшчэ ў пяцігадовым узросце, але да акцёрскай кар’еры ён не імкнуўся — у школе займаўся спортам, захапляўся музыкай. Па патрабаванні бацькі спрабаваў паступаць пасля школы ў тэатральнае вучылішча імя Шчэпкіна, але няўдала, таму, вярнуўшыся з Масквы, паспяхова здаў іспыты на факультэт фізкультуры мясцовага педінстытута. Праз год Аляксандр Абдулаў зноў паехаў у Маскву і паступіў у РАТМ (руск.: ГИТИС), на курс І. М. Раеўскага.

У кіно акцёр дэбютаваў у 1974 годзе, яшчэ студэнтам ён сыграў маленькую ролю дэсантніка Казлова ў фільме Міхаіла Пташука «Пра Віцю, пра Машу і марскую пяхоту». У 1975 годзе iгру Абдулава ў дыпломным спектаклі адзначыў галоўны рэжысёр Маскоўскага тэатра імя Ленінскага камсамола («Ленкам») Марк Захараў і запрасіў маладога акцёра ў трупу.

З тых часоў імя Аляксандра Абдулава непарыўна звязанае з тэатрам Захарава. Сярод самых вядомых тэатральных прац Абдулава — роля ў знакамітым «ленкамаўскім» спектаклі «Юнона і Авось». За ролю ў спектаклі «Варвар і ерэтык» ён атрымаў «Крыштальную Турандот» і прэмію фонда Станіслаўскага.

У сярэдзіне 70-х развіццё атрымала кінакар’ера маладога акцёра. Аднак шырокая вядомасць прыйшла да Аляксандра Абдулава толькі пасля ролі Мядзведзя ў тэлевізійным фільме «Звычайны цуд» (1978), пастаўленым Маркам Захаравым паводле аднайменнай п’есы Яўгена Шварца. Новым поспехам стала меладрама Паўла Арсенава паводле п’есы А. Валодзіна «З каханымі не раставайцеся» (1979), у якой Абдулаў iграў галоўную мужчынскую ролю — Міця, а галоўную жаночую ролю выканала яго тагачасная жонка — Ірына Алфёрава. Аляксандр Абдулаў з аднолькавым поспехам выконваць рознапланавыя ролі, здымаючыся ў карцінах розных жанраў і ў розных рэжысёраў.

Сярод самых яго вядомых акцёрскіх прац — Мікіта ў «Карнавале» Таццяны Ліёзнавай, забойца Рабер з эксцэнтрычнага дэтэктыва Алы Сурыкавай «Шукайце жанчыну», лірычны герой Ян з «Чарадзеяў». Артыст шырокага творчага дыяпазону, Аляксандр Абдулаў здымаўся ў камедыях («Самая абаяльная і прывабная», «За цудоўных дам!», «Формула кахання»), у драмах («Захоўвай мяне, мой талісман!» і «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Рамана Балаяна, «Над цёмнай вадой» Дзмітрыя Месхіева), у крымінальна-прыгодніцкіх («Таямніцы мадам Вонг») і дэтэктыўных карцінах («Дзесяць негрыцятаў» Станіслава Гаварухіна), у гісторыка-касцюмных стужках («Гардэмарыны, наперад!» Святланы Дружынінай).

Асабліва вылучаюцца працы Аляксандра Абдулава ў фільмах Марка Захарава, якія адразу палюбіліся гледачу, і ў карцінах Сяргея Салаўёва, якiя сталi прыкметнай падзеяй кіно мяжы 80-90-х гадоў. У 1991 годзе пачалося супрацоўніцтва Абдулава з рэжысёрам Віктарам Сяргеевым, і іх першы фільм, круцельскі дэтэктыў «Геній», стаўся адной з самых цікавых карцін тых гадоў і ўвайшоў у спіс лідараў відэапраката фільмаў; не мінула незаўважанай і крымінальная меладрама «Дзіўныя мужчыны Сямёнавай Кацярыны», дзе разам з Аляксандрам Абдулавым зняліся Наталля Фісон і Андрэй Сакалоў. Але іншы фільм Віктара Сяргеева «Шызафрэнія», для якога Абдулаў сам напісаў сцэнар, а кансультантам быў Аляксандр Каржакоў, які выйшаў на экраны ў 1997 годзе, не стаў адкрыццём, як гэта было з «Геніем»…

Даволі часта ўдзельнічаў у журы Вышэйшай лігі КВЗ.

У верасні 2007 года Аляксандру Абдулаву быў пастаўлены дыягназ — «чацвёртая стадыя рака лёгкіх»[5].

3 студзеня 2008 года ў 7:20 па маскоўскім часе Аляксандр Абдулаў памёр у Цэнтры сардэчна-судзінкавай хірургіі імя Бакулева[6].

5 студзеня ў 11:00 у памяшканні тэатра «Ленкам» прайшла грамадзянская паніхіда і развітанне з Аляксандрам Абдулавым. На развітанне з ім прыйшлі вядомыя палітыкі, эстрадныя артысты, выбітныя мастацкія дзеячы. У гэты ж дзень у 14:00 Абдулаў быў пахаваны на Ваганькаўскіх могілках у Маскве.

Аляксандр Абдулаў быў жанаты тройчы. Першая жонка — актрыса Ірына Алфёрава (Абдулаў удачарыў яе дачку Ксенію ад першага шлюбу), другая жонка — Галіна, тэатральны менеджар. Трэцяя яго жонка Юлія Міласлаўская маладзейшая за мужа на 23 гады; пад канец сакавіка 2007 года ў іх нарадзілася дачка Яўгенія.

Зноскі

  1. а б Alexandr Abdulow // filmportal.de — 2005. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 15 снежня 2014.
  3. http://www.newsru.com/cinema/03jan2008/abdulov.html
  4. Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.
  5. Акцёру Аляксандру Абдулаву пастаўлены дыягназ «рак лёгкіх», РІА Навіны (руск.)
  6. Сканаў вядомы акцёр Аляксандр Абдулаў, РІА Навіны (руск.)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]