Бешанковіцкі кірмаш

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рынкавая плошча ў Бешанковічах, 1910 г.

Бешанко́віцкі кірма́ш — штогадовы кірмаш у мястэчку Бешанковічы ў XVIIXIX стагоддзях.

Пачынаўся 29 чэрвеня ў дзень Святых Пятра і Паўла (адсюль называўся таксама Петрапаўлаўскі) і працягваўся 4 тыдні. Адбываўся вакол вялікай плошчы ў цэнтры мястэчка, дзе ў 2-й палове XVIII стагоддзя быў пабудаваны гасціны двор на 60 крам (пазней іх колькасць павялічылася ўдвая). На кірмаш з’езджаліся 4—5 тысяч чалавек: гандляры, сяляне, шляхта з Надзвіння, Падняпроўя, Менска, Берасця, Слуцка, Слоніма, Вільні, купцы з Расіі і іншых дзяржаў.

Асабліва вялікае значэнне кірмаш займеў з канца XVIII стагоддзя, у сярэдзіне XIX стагоддзя ўваходзіў у лік 124 найбуйнейшых кірмашоў Расійскай імперыі, меў гандлёвы абарот 50—100 тыс. рублёў. З Масквы, Уладзіміра і іншых гарадоў Расіі на Бешанковіцкі кірмаш прывозілі шарсцяныя, баваўняныя, шаўковыя і льняныя тканіны, адзенне і абутак. Тут прадаваўся парцалянавы, фаянсавы, хрустальны посуд, мыла, папера, металічныя вырабы (самавары, чайнікі, прасы, нажы, нажніцы, замкі, падсвечнікі), цукар, агародніна.

Вёўся гандаль коньмі (часам іх прыганялі да 1 тысячы галоў). З замежных тавараў прадаваліся французскія хусткі, доўгія шалі, белы цік, кава, гарбата, прадметы раскошы і інш.

У 1830-я гады на кірмаш штогод дастаўлялі тавару ў сярэднім на 190 тыс. рублёў, рэалізоўвалі на 53 тыс. (28%), у 1840-я гады адпаведна на 478 і 166 тыс. (35%), у 1850-я гады — на 552 і 208 тыс. (38%)[1].

Зноскі

  1. ЭГБ 1994, с. 24.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]