Перайсці да зместу

Брыгада КАП «Вілейка»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Брыгада Корпуса аховы памежжа «Вілейка»
Brygada KOP «Wilejka»
Казармы камандавання брыгады КАП «Вілейка»
Гады існавання верасень 1924 — 1929
Краіна  Польшча
Уваходзіць у Корпус аховы памежжа
Тып брыгада
Функцыя Ахова савецка-польскай мяжы
Дыслакацыя Вілейка
Войны Польская абарончая вайна (1939)
Камандзіры
Вядомыя камандзіры палкоўнік Казімір Румша

Брыга́да Ко́рпуса ахо́вы паме́жжа «Віле́йка» (польск.: Brygada KOP «Wilejka») — трэцяя брыгада Корпуса аховы памежжа часоў міжваеннай Польскай Рэспублікі, якая размяшчалася ў 1924—1929 гадах у Вілейцы. Пасля расфармавання частка адзінак колішняй брыгады ўтварыла полк «Вілейка»

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

На паседжанні палітычнага камітэта Рады міністраў Польскай Рэспублікі, якое адбывалася 21—22 жніўня 1924 года было прынята рашэнне аб стварэнні адмысловага ўзброенага фармавання для аховы ўсходняй мяжы, з прычыны чаго 12 верасня 1924 г. польскае Міністэрства вайсковых спраў выдала распараджэнне аб стварэнні Корпуса аховы памежжа, а 17 верасня таго ж года — дапаўненне з указаннем яго структуры[1]. На першым этапе арганізацыі гэтага вайсковага ўтварэння на падставе загада генеральнага штаба ад 27 верасня 1924 года была заснавана трэцяя памежная брыгада[2].

Брыгада была размешчана на тэрыторыі Віленскай зямлі — адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі са сталіцай у Вільні з мэтай аховы яго ўсходняй мяжы і заступіла на службу 27 кастрычніка 1924 года. У склад падраздзялення ўвайшлі 1-ы, 5-ы, 7-ы і 10-ы памежныя батальёны, а таксама 1-ы, 6-ы, 7-ы і 8-ы кавалерыйскія эскадроны[3]. Даўжыня ўчастка памежнай паласы, якая пачыналася на поўдні ад мястэчка Ракаў і ішла да стыку польска-савецка-латвійскай мяжы на захад ад Лявонпаля, вызначанай для аховы брыгадай, складала 344 км, глыбіня дасягала 30 км. Камандаванне размяшчалася ў Вілейцы[3].

У 1926 г. на ўзроўні брыгады была ўтворана школа для ўнтэр-афіцэраў пяхоты, якая была размешчана ў Будславе пры 1-ым памежным батальёне, пазней ліквідаваная ўлетку 1928 года. Замест яе і іншых падобных установаў у крэпасці Асавец на Падляшшы быў адчынены школьны батальён Корпуса аховы памежжа[4].

Улетку 1927 года са склада брыгады «Навагрудак» былі вылучаны 6-ы памежны батальён і 2-і кавалерыйскі эскадрон «Івянец», якія былі далучаны да брыгады «Вілейка». Акрамя таго, у склад фармавання ўвайшоў новаўтвораны 28-ы рэзервовы батальён «Валожын». У той жа час, з пятага і сёмага батальёнаў і шостага і сёмага кавалерыйскіх эскадронаў была сфармавана трэцяя паўбрыгада аховы памежжа[5].

З мэтай павелічэння патрэбнай колькасці кваліфікаваных вайскоўцаў-сапёраў, 1 красавіка 1928 года быў адчынены навучальны цэнтр для іх падтрыхтоўкі пра першым памежным батальёне. Па звестках таго ж года, вайсковае падраздзяленне Корпуса аховы памежжа ў Вілейцы ахоўвала 761.994 км дзяржаўнай мяжы[5].

Улетку 1929 года брыгада была расфармавана. З адзінак, якія ўваходзілі ў яе склад (6-ы і 28-ы батальёны і 2-і кавалерыйскі эскадрон) быў заснаваны полк «Валожын», які стаў падпарадкоўвацца брыгадзе «Навагрудак». Трэцяя паўбрыгада аховы памежжа была пераназвана ў полк «Глыбокае». Пакінутыя батальёны «Будслаў» і «Краснае» і аднайменныя эскадроны ўтварылі новы полк «Вілейка», які перайшоў у падпарадкаванне да Брыгады «Вільна».

Структура[правіць | правіць зыходнік]

Арганізацыя ў 1924 годзе[правіць | правіць зыходнік]

Арганізацыя ў 1927 годзе[правіць | правіць зыходнік]

Кіраўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Камандзіры брыгады[правіць | правіць зыходнік]

  • кастрычнік 1924 — май 1926 — палкоўнік Казімір Румша[7]
  • 25 красавіка 1926 — 29 мая 1926 — падпалкоўнік пяхоты Баляслаў Пытэл[7]
  • май 1926 — 5 студзеня 1928 — палкоўнік пяхоты Ян Скарабагаты-Якубоўскі[7]
  • 5 студзеня 1928 — ліпень 1929 — палкоўнік пяхоты Вінцэнт Навачынскі[7]

Афіцэры брыгады[правіць | правіць зыходнік]

  • 2 студзеня 1925 — 1926 — маёр пяхоты Вацлаў Будрэвіч
  • падпалкоўнік Казімір Флорэк

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Анджэй Канстанкевіч, Ежы Прохвіч, Ян Руткевіч. Korpus Ochrony Pogranicza 1924—1939. — Варшава: Barwa i Broń, 2003. — ISBN 83-900217-9-4.
  • Генрык Дамінічак. Granica wschodnia Rzeczypospolitej Polskiej w latach 1919—1939. — Варшава: Wydawnictwo Naukowe PWN, 1992. — ISBN 83-01-10202-0.
  • Ежы Прохвіч. Korpus Ochrony Pogranicza w przededniu wojny, Część I. Powstanie i przemiany organizacyjne KOP do 1939 r.. — «Wojskowy Przegląd Historyczny» №3(149)/1994. — Варшава: Czasopisma Wojskowe, 1994. — С. 148—160. — ISBN 0043-7182.
  • Івона Вішнеўская, Катажына Проміньская. Wstęp do inwentarza zespołu archiwalnego „Brygada Korpusu Ochrony Pogranicza «Wilno»”. — Шчэцін: Archiwum Straży Granicznej, 2013.
  • Х’юберт Бяроза, Каятан Шчэпаньскі. Centralna Szkoła Podoficerska KOP. — Граева: Towarzystwo Przyjaciół 9 PSK, 2014. — ISBN 978-83-938921-7-4.