Васіль Васілевіч Чайка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Васіль Васілевіч Чайка
дэпутат Нараўлянскага раённага Савета дэпутатаў 27 склікання
23 сакавіка 2014 — 18 лютага 2018

Нараджэнне 11 кастрычніка 1965(1965-10-11) (58 гадоў)
Адукацыя
Прафесія настаўнік, педагог дадатковай адукацыі
Навуковая дзейнасць
Навуковая сфера краязнаўства, грамадазнаўства, гісторыя, сусветная мастацкая культура
Месца працы сярэдняя адукацыйная школа №2 г. Нароўлі
Вядомы як краязнавец, стваральнік краязнаўчых музеяў
Узнагароды юбілейны медаль «60 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў»; юбілейны медаль «90 год Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь»; прэмія спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў; нагрудны знак Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь»

Васіль Васілевіч Чайка (руск.: Василий Васильевич Чайка) (11 кастрычніка 1965, вёска Цешкаў, Нараўлянскі раён, Гомельская вобласць, БССР) — беларускі краязнавец Нараўлянскага раёна і горада Нароўлі, нараўлянскі школьны настаўнік гісторыі, грамадазнаўства і сусветнай мастацкай культуры, педагог дадатковай адукацыі, дэпутат Нараўлянскага раённага Савета дэпутатаў (2014—2018) 27-га склікання[1], «выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь».

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 11 кастрычніка 1965 г.[1] ў вёсцы Цешкаў[2] на Нараўляншчыне.

Скончыў Мазырскі педагагічны інстутут імя Н.К. Крупскай па спецыяльнасці філалогія[3].

Праходзіў тэрміновую салдацкую службу на Камчатцы ў марскіх памежных частках СССР у той час, калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС (1986)[2].

Пасяліўся ў Нароўлі. Працаваў настаўнікам у нараўлянскай сярэдняй школе №3, а пасля ў школе №2[3].

Зацікавіўся гісторыяй і культурай Нараўлянскага раёна. Штуршком для Васіля Чайкі паслужыў асабісты прыклад стваральніка і першага дырэктара Веткаўскага музея народнай творчасці Фёдара Рыгоравіча Шклярава[3]. Васіля Чайку вельмі ўразіла, калі ён ўбачыў, які найбагацейшы пласт гісторыі і культуры Веткаўскага раёна дзякуючы Фёдару Шкляраву не адышоў у нябыт, а застаўся нашчадкам. Для Васіля Чайкі гэта сталася рэзкім жыццёвым паваротам[3]. Ідэя стварыць школьны музей, прычым універсальны, які ілюструе гісторыю Нараўляншчыны з сівой даўніны і да нашых дзён, з'явілася ў Васіля Чайкі ў 1998 г.

Многія гады разам з сябрамі і вучнямі школы, якія падзяляюць яго энтузіязм, вывучае родны Нараўлянскі край, збірае экспанаты для музеяў, беражліва захоўвае памяць аб земляках і родных мясцінах. Прарабіў самаахвярную і тытанічную працу па пошуку экспанатаў для музеяў і пошуку інфармацыі аб падзеях і асобах, звязаных з Нараўлянскім раёнам. Стварыў у Нароўлі па ўласнай ініцыятыве на базе сярэдніх школ чатыры цікавыя музеі: пра гісторыю Нараўляншчыны, народных промыслах і рамёствах, а таксама ўнікальныя экспазіцыі, прысвечаныя дзяцінству, сельпо[4].

Першы свой музей Васіль Чайка арганізаваў нараўлянскай сярэдняй школе №3, у якой тады працаваў. Да гэтага часу там размяшчаюцца асноўныя экспазіцыі, якія ўмоўна можна падзяліць на тэмы «Музей побыту», «Музей промыслаў і рамёстваў» (2000)[5] і «Музей СельПО» (2012)[6]. У 2000 г. стаў кіраўніком краязнаўчага гуртка сярэдняй школы №2 у Нароўлі, дзе з 2006 г. працуе педагогам дадатковай адукацыі. У сярэдняй школе №2 ім быў створаны музей «Гісторыі Нараўлянскага раёна». Адзін з самых маладых школьных музеяў — «Дзяцінства» («Свет дзяцінства») — быў адкрыты 1 верасня 2015 г. разам з абноўленым будынкам сярэдняй школы №2 у Нароўлі[3]. У вёсцы Галоўчыцы (Нараўлянскі раён) Васіль Чайка з паплечнікамі заснаваў свой пяты школьны музей — «Музей пошты», які 1 верасня 2016 г. быў урачыста адкрыты[7][8].

У любым са школьных музеяў можна ўзяць у рукі любую рэч, якая знаходзіцца ў экспазіцыі. Экскурсіі ў школьных музеях праводзяць самі вучні. Школьныя музеі можна наведваць жыхарам і гасцям горада. Васіль Чайка ўдзельнічае разам з дзецьмі (у тым ліку з "цяжкімі падлеткамі" і сіротамі) у паходах і велапрабегах. Падчас такіх падарожжаў школьнікі разам з педагогам шукаюць невядомыя магілы, пазнаюць іх гісторыю, а затым пішуць творчыя і навуковыя працы[7].

Васіль Чайка ў 2008 г. выказваўся, што мог бы перадаць частку сваіх экспанатаў у музей, які можа быць створаны ў адрэстаўраваным будынку нараўлянскага палаца Горватаў[3].

Разам з Андрэем Горватам прыняў удзел у стварэнні дакументальна-пазнавальнага фільму аўтарства і рэжысуры Аляксандра Матафонава «Лабірынты. Зачараваныя замкі панаў Горватаў» (2009) для беларускага тэлебачання[9].

Быў абраны дэпутатам Нараўлянскага раённага савета дэпутатаў 27-га склікання і заступіў на пасаду 23 сакавіка 2014 г. — да 18 лютага 2018 г.[1]

У чэрвені 2016 г. стаў пераможцам гомельскага абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «Педагог дадатковай адукацыі-2016» і быў ўзнагароджаны дыпломам першай ступені ад упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама[10]. У 2016 г. стаў лаўрэатам беларускага рэспубліканскага конкурсу «Педагог дадатковай адукацыі 2016 года», на якім атрымаў дыплом 3-яй ступені[7]. На IV Міжнародным форуме музеяў створаны ім у Нароўлі школьны музей «Дзяцінства» («Свет дзяцінства») атрымаў дыплом 3-яй ступені[7].

За эфектыўную арганізацыю грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі і дзяцей быў узнагароджаны юбілейнымі медалямі «60 гадоў вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» і «90 гадоў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь», прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь»[11].

Публікацыі[правіць | правіць зыходнік]

З'яўляецца адным з аўтараў кнігі «Наровлянщина самобытная и современная» (2015)[12], а таксама мноста публікацый, галоўным чынам, у нараўлянскай раённай газеце «Прыпяцкая праўда» па гісторыі і краязнаўству Нараўлянскага раёна і горада Нароўлі, дзе працуе штатным журналістам[13].

Відэа[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Наровлянщина самобытная и современная / под общ. ред., пред. В.В. Шляги. — Гомель : Редакция газеты «Гомельская праўда», 2015. — 119 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]