Перайсці да зместу

Захад-2013

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларускія салдаты высаджваюцца з карабля на паветранай падушцы (26 верасня 2013 г., палігон Хмялёўка)

«За́хад-2013» — сумесныя стратэгічныя вучэнні Узброеных сіл Беларусі і Расіі, якія праводзіліся 20—26 верасня 2013 года.

У Беларусі задзейнічалі 6 палігонаў: 3 у Брэсцкай вобласці[1] і па адным у Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях. У Расіі выкарысталі 2 палігоны Калінінградскай вобласці. Асаблівасцю вучэнняў параўнальна з папярэднімі «Захад-2009» стаў удзел ваенных узброеных сіл Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана ў межах вучэнняў «Узаемадзеянне-2013» Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР) АДКБ. Агульны лік удзельнікаў вучэнняў у Беларусі склаў каля 12 900 ваенных. З іх ад Беларусі было звыш 10 000 салдат, ад Расіі — каля 2500, ад 4 іншых дзяржаў-удзельніц АДКБ — каля 300 чалавек. Задзейнічалі каля 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 70 танкаў. Таксама выкарысталі звыш 50 адзінак артылерыі і РСЗА, звыш 50 верталётаў і самалётаў. У Калінінградскай вобласці Расіі задзейнічалі каля 200 ваенных 103-й мабільнай брыгады (Віцебск) Узброеных сіл Беларусі. На вучэннях упершыню адпрацавалі міжвідавое ўзаемадзеянне Рэгіянальнай групоўкі войскаў (РГВ) Беларусі і Расіі з прыцягненнем Ваенна-марскога флоту Расіі[2]. На тэрыторыі Расіі ў вучэннях задзейнічалі звыш 9000 ваенных, з іх 200 дэсантнікаў з Беларусі. У Калінінградскай вобласці прынялі ўдзел каля 180 адзінак баявой тэхнікі: танкі, самалёты і караблі Балтыйскага флоту[3]. За вучэннямі назіралі ваенныя аташэ з 20 краін[4] і па 2 замежныя назіральнікі ад сумежных Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны[5].

Падрыхтоўка[правіць | правіць зыходнік]

23 кастрычніка 2012 года ў Маскве калегія міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі зацвердзіла задуму беларуска-расійскіх стратэгічных вучэнняў «Захад-2013». Міністр абароны Расіі Анатоль Сердзюкоў паведаміў, што вучэнні адбудуцца ў верасні 2013 года ў 2 этапы на палігонах Беларусі і Расіі. Ён згадаў, што разам з Рэгіянальнай групоўкай войскаў (РГВ) Беларусі і Расіі на вучэннях задзейнічаюць Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання (КСАР) АДКБ, у сувязі з чым «на тэрыторыі Беларусі будзе сфарміравана камандаванне КСАР АДКБ»[6]. У снежні 2012 года ўрад Беларусі паведаміў дзяржавам, якія падпісалі Венскі дакумент «Аб умацаванні даверу і бяспекі ў Еўропе» 30 лістапада 2011 года, пра намер правесці вучэнні «Захад-2013» і запрасіў для назірання ваенных аташэ дыпламатычнага корпусу, акрэдытаваных пры Міністэрстве абароны Беларусі, і наглядальнікаў ад сумежных Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны[7][8]. 21 лютага 2013 года галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Беларусі А. Лукашэнка ўхваліў задуму вучэння і запатрабаваў прыцягнуць да яго правядзення войскі тэрытарыяльнай абароны[9].

11 сакавіка 2013 года Міністэрства абароны Расіі пачало камандна-штабную трэніроўку з галоўнымі органамі ваеннага кіравання і ваеннымі акругамі для падрыхтоўкі да вучэння «Захад-2013»[10]. 21—23 мая ў Мінску адбыўся 2-гі этап сумеснай штабной трэніроўкі Узброеных сіл Беларусі і Расіі, у ходзе якога распрацавалі план правядзення вучэння[11]. 27 мая афіцэры Генштаба Узброеных сіл Расіі прыбылі ў Беларусь для аглядаў месцаў правядзення вучэння, каб вызначыць парадак дзеяння войскаў[12]. 16—17 ліпеня 2013 года прайшла камандна-штабная трэніроўка з 2-й інжынернай брыгадай (в/ч 31802; Мінск, вул. Паўлоўскага, д. 58) Беларусі пад кіраўніцтвам начальніка інжынерных войскаў Андрэя Куракова для падрыхтоўкі да вучэння «Захад-2013»[13].

28 жніўня 2013 года міністр абароны Беларусі Юрый Жадобін паведаміў, што галоўнакамандуючы Узброеных сіл Беларусі А. Лукашэнка зацвердзіў задуму беларуска-расійскага стратэгічнага вучэння «Захад-2013» з тэмай «Падрыхтоўка і прымяненне груповак войскаў у інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы». Вучэнне прызначылі на 20—26 верасня 2013 года. У аснову задумы паклалі ўзрастанне дзейнасці ўзброеных фарміраванняў міжнародных тэрарыстычных арганізацый і найміцкіх арганізацый. Бакі проціборства размясцілі ў межах Беларусі і трох прылеглых абласцей Расіі — Бранскай, Смаленскай і Пскоўскай. «Чырвоныя» ўключалі Беларусь, Расію і 4 іншыя дзяржавы-ўдзельніцы Арганізацыі дагавора аб калектыўнай бяспецы. «Сінія» абазначаліся ў якасці кааліцыі зацікаўленых дзяржаў пад умоўнымі назвамі. Прычынай абвастрэння падавалася імкненне дамагчыся пагаршэння грамадска-палітычнага становішча Беларусі. Паводле сцэнарыя, урад Расіі і іншыя дзяржавы-ўдзельніцы АДКБ мелі аказаць ураду Беларусі «ў адпаведнасці з дзейнай нарматыўна-прававой базай … палітычную, фінансавую і ваенна-тэхнічную падтрымку». У аснову розыгрышаў тактычных эпізодаў паклалі сумесныя дзеянні воінскіх часцей Беларусі і Расіі, што ўваходзілі ў склад Рэгіянальнай групоўкі войскаў (РГВ). Прадугледжвалася сумесная адпрацоўка аховы і абароны ваенных аб’ектаў, знішчэння дыверсійна-выведвальных груп і ўзброеных фарміраванняў, а таксама пераадолення наступстваў тэхнагенных здарэнняў[8].

Расійскія танкі страляюць з падрыхтаванай пазіцыі (26 верасня 2013 г., Калінінградская вобласць)

Для вучэння органаў ваеннага кіравання і войскаў у Беларусі вызначылі 6 палігонаў: Брэсцкі, Гожскі (Гродзенскі раён), Асіповіцкі (Магілёўская вобласць), Абуз-Лясноўскі (Лесіна, Баранавіцкі раён), Барысаўскі (Мінская вобласць) і Даманаўскі (Івацэвіцкі раён). У Расіі задзейнічалі 2 палігоны Калінінградскай вобласці — Хмялёўка і Праўдзінскі. Падчас вучэння вырашылі адпрацаваць прыкрыццё дзяржаўнай мяжы і падтрымку рэжыму надзвычайнага становішча ў памежным раёне, проціпадрыўную барацьбу, а таксама пошук, блакаванне і знішчэнне выяўленых дыверсійна-выведвальных груп і ўзброеных фарміраванняў праціўніка. Урэшце прадугледжвалася супрацьпаветранае прыкрыццё пунктаў кіравання і ваенных аб’ектаў, паветранае прыкрыццё манеўраў воінскіх часцей і тактычнае вучэнне з падраздзяленнямі ракетных войскаў і артылерыі. Правядзенне вучэння спланавалі ў 2 этапы: 1) Аб’яднанае камандаванне РГВ кіруе разгортваннем войскаў, ізаляваннем раёнаў дзеяння ўзброеных фарміраванняў праціўніка і нарошчваннем групоўкі ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны для прыкрыцця дзяржаўных і ваенных аб’ектаў; 2) стабілізаванне становішча для забеспячэння ваеннай бяспекі. Прадугледжваўся таксама ўдзел ваенных Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана. Агульная колькасць асабовага складу мела скласці каля 12 900 чалавек. Каля 200 ваенных 103-й асобнай мабільнай брыгады (Віцебск) накіраваныя на вучэнне на расійскай тэрыторыі. У вучэнні мелі задзейнічаць каля 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 70 танкаў. Таксама прадугледжвалася выкарыстаць звыш 50 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню (РСЗА), звыш 50 самалётаў і верталётаў. На палігонах мелі выпрабаваць шэраг узораў доследнай зброі.

3 верасня 2013 года на станцыю Азярышча на ўсходзе Мінска прыбыў 1-ы эшалон з вайскоўцамі і ваеннай тэхнікай Узброеных сіл Расіі, што ўключаў падраздзяленне забеспячэння для разгортвання сістэмы кіравання[14]. 9 верасня А. Лукашэнка абмеркаваў з генсакратаром АДКБ Мікалаем Бардзюжам прыбыццё на вучэнне фарміраванняў Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ з ліку ўзброеных сіл Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана[15]. На 10 верасня ў Беларусь адправіліся 2500 ваенных Заходняй ваеннай акругі Расіі[16]. Для іх перамяшчэння задзейнічалі 20 ваенных эшалонаў[17]. 6—10 верасня 2013 года ў Брэст (Беларусь) з Маскоўскай вобласці (Расія) прыбывалі эшалоны з тэхнікай і ваеннымі 20-й агульнавайсковай арміі Расіі (Варонеж)[18]. Да 10 верасня на Брэсцкі палігон прыбыла каля 900 расійскіх ваенных са 130 адзінкамі бранятанкавай і спецыяльнай аўтамабільнай тэхнікі[19]. 12 верасня эшалон з асабовым складам і тэхнікай 350-га асобнага мабільнага батальёна 103-й асобнай мабільнай брыгады Беларусі прыбыў на чыгуначную станцыю Араніенбаўм (Ленінградская вобласць, Расія) для ўдзелу ў вучэнні[20].

17 верасня 2013 года на Гожскім палігоне засяродзілі каля 3000 беларускіх і расійскіх салдат[21]. 18 верасня расійскія дэсантныя караблі «Калінінград» Балтыйскага флоту, «Георгій Пераможца» Паўночнага флоту і «Азоў» Чарнаморскага флоту даставілі беларускіх дэсантнікаў і тэхніку ў Балтыйск (Калінінградская вобласць). Адтуль беларускія салдаты мелі накіравацца на палігоны Балтыйскага флоту Расіі для адпрацоўкі знішчэння ўзброеных фарміраванняў сумесна з расійскімі марскімі пяхотнікамі і дэсантнікамі[22]. Падчас 2-дзённага пераходу беларускія дэсантнікі са 103-й брыгады (Віцебск) ўдзельнічалі ў вучэнні па абароне карабельнага ордэра[4]. 19 верасня 2013 года на Асіповіцкім палігоне адкрылі вучэнне Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР) АДКБ «Узаемадзеянне-2013», што мела прайсці 20—25 верасня спадарожна з вучэннем «Захад-2013». Свае воінскія кантынгенты даслалі Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. На вучэнні мелі апрабаваць прымяненне авіяцыі калектыўных сіл у спецыяльнай і сумеснай аперацыі па барацьбе з узброенымі фарміраваннямі. Лік удзельнікаў перавышаў 600 чалавек. У вучэнні мелі задзейнічаць каля 60 адзінак баявой і спецыяльнай тэхнікі, а таксама каля 15 адзінак паветранай тэхнікі. Камандзір групоўкі КСАР АДКБ Алег Белаконеў адзначыў, што «вучэнне „Узаемадзеянне-2013“ накіраванае на барацьбу з тэрарызмам»[23].

Агулам з пачатку 2013 года ва Узброеных сілах Беларусі і Заходняй ваеннай акрузе Расіі правялі звыш 10 сумесных мерапрыемстваў аператыўнай падрыхтоўкі да вучэння[24].

Правядзенне[правіць | правіць зыходнік]

20 верасня 2013 года Узброеныя сілы Беларусі і Расіі пачалі сумеснае стратэгічнае вучэнне «Захад-2013» ва ўмовах дажджлівага надвор’я на беларускіх палігонах. Кіраўнікамі вучэння выступілі міністр абароны Беларусі Юрый Жадобін і начальнік Генштаба Узброеных сіл Расіі Валерый Герасімаў. У Беларусі задзейнічалі 12 900 ваенных, з іх звыш 10 000 ад Узброеных сіл Беларусі, каля 2500 расійскіх салдат і звыш 300 ваенных ад 4 іншых дзяржаў-удзельніц АДКБ — Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана. Таксама задзейнічалі 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 70 танкаў, звыш 50 адзінак артылерыі і РСЗА, звыш 50 верталётаў і самалётаў[25]. Падраздзяленні Рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі размясцілі блокпасты каля заходняй мяжы Беларусі, ахоўвалі дзяржаўныя будынкі, ладзілі засады на пагражальных напрамках і вялі дазор супраць пранікнення дыверсійна-выведвальных груп і ўзброеных фарміраванняў праціўніка. Ва ўзаемадзеянні задзейнічалі Сухапутныя войскі, Ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны, тэрытарыяльныя войскі і Сілы спецыяльных аперацый Беларусі[26]. На Абуз-Лясноўскім палігоне ў Баранавіцкім раёне рэактыўны дывізіён 336-й рэактыўнай артылерыйскай брыгады (Асіпавічы) правёў баявыя пускі снарадаў[27]. Да 22 верасня на 6 ваенных палігонах Беларусі задзейнічалі абодва аператыўныя камандаванні Узброеных сіл Беларусі — Заходняе і Паўночна-заходняе, а таксама войскі 20-й арміі Расіі[28].

Расійскія верталёты на вучэннях (26 верасня 2013 г.)

23 верасня пачаўся 2-гі этап вучэнняў. Звыш 500 ваенных засяродзілі пад Брэсцкім палігонам для адпрацоўкі прыкрыцця дзяржаўнай мяжы ад тэрарыстычных груп. Для выяўлення праціўніка і навядзення на мэту верталётаў адправілі беспілотнікі. Пасля паветранага ўдару наступ пачалі мотастралковыя падраздзяленні[29], у тым ліку асобны мабільны батальён 38-й мабільнай брыгады (Брэст) Беларусі і мотастралковы батальён 20-й арміі (Варонеж) Узброеных сіл Расіі. Цягам 23—26 верасня на Абуз-Лясноўскім палігоне (Баранавіцкі раён) адпрацоўвалі падтрыманне ладу ваеннага становішча і вядзенне супрацьпадрыўной барацьбы. Адначасова праходзіла тактычнае вучэнне падраздзяленняў ракетных войскаў і артылерыі, што ўключала перакідку ў іншую мясцовасць для правядзення баявых пускаў[26]. 24 верасня на Гожскім палігоне (Гродзенскі раён) адпрацавалі падтрыманне ладу надзвычайнага становішча ў памежным раёне, пошук і блакаванне выяўленых дыверсійна-выведвальных груп і ўзброеных фарміраванняў праціўніка, вядзенне бою для іх знішчэння[30]. На Даманаўскім палігоне ў Івацэвіцкім раёне правялі баявыя пускі рэактыўных снарадаў з выкарыстаннем трэніровачных комплексаў[31]. На Брэсцкім палігоне разлікі 927-га цэнтра падрыхтоўкі і прымянення беспілотных авіяцыйных комплексаў (в. Асаўцы, Бярозаўскі раён) адпрацавалі пошук дыверсантаў з наступным нанясеннем паветранага ўдару самалётамі Су-25 116-й штурмавой авіябазы (Ліда). Паветраную разведку ажыццявілі беспілотнікамі «Грыф-100», «Бусел-М» і «Буравеснік», а таксама верталётнымі беспілотнікамі «Індэла Інскай»[32].

25 верасня 2013 года на Асіповіцкім палігоне скончылася вучэнне «Узаемадзеянне-2013» Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР) АДКБ, што ладзілася ў рамках вучэння «Захад-2013». Паводле задумы вучэння, у Беларусі ўзрасла дзейнасць падрыўных фарміраванняў міжнародных тэрарыстычных арганізацый і найміцкіх арганізацый. Савет калектыўнай бяспекі Арганізацыі дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) вырашыў аказаць ваенную і ваенна-тэхнічную дапамогу. Вайсковыя кантынгенты ўзброеных сіл Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана адпрацавалі разблакаванне лётнішча, прыступ будынка і вызваленне закладнікаў. Падраздзяленні вартавалі дзяржаўныя аб’екты, выведвалі мясцовасць, шукалі ўзброеныя фарміраванні праціўніка і ладзілі засады ва ўмовах дажджлівага надвор’я. Упершыню ў рамках АДКБ на парашутах высадзілі самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі з вышыні 600 метраў. Колькасць удзельнікаў вучэнняў склала 600 чалавек. Задзейнічалі каля 60 адзінак спецыяльнай і баявой тэхнікі і каля 15 самалётаў[33]. Вучэнні КСАР АДКБ былі 5-мі па ліку і ўпершыню праходзілі ў Беларусі[34].

Высадка расійскіх салдат з верталёта на бераг (палігон Хмялёўка)

26 верасня прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін наведалі Гожскі палігон у Гродзенскім раёне Беларусі і расійскі палігон Хмялёўка ў Калінінградскай вобласці. На Гожскім палігоне мотастралковыя і мабільныя падраздзяленні ўзброеных сіл Беларусі і Расіі, тэрытарыяльных войскаў, унутраных войскаў МУС і МНС Беларусі адпрацавалі прыкрыццё дзяржаўнай мяжы і пошук, блакаванне і знішчэнне падрыўных выведвальных груп і ўзброеных фарміраванняў праціўніка агульным лікам звыш 2000 чалавек[35]. У яго ходзе самалёты Су-25 і баявыя верталёты нанеслі ракетна-бомбавы ўдар па аўтакалоне ўмоўных тэрарыстаў, што спрабавала перасекчы дзяржаўную мяжу ў абыход блокпаста. На шляху адыходу праціўніка дэсантнікі высадзіліся з верталётаў і вёўся агонь артылерыі. Пасля здушэння агнявых кропак суперніка ў бой уступілі мотастралковыя падраздзяленні[36]. На вучэнні задзейнічалі новыя ўзоры беларускага ўзбраення, у тым ліку наглядальна-агнявы комплекс «Адунок» дыстанцыйнага кіравання і прыладу кіравання тактычным звяном «Салдат — баявая сістэма». На расійскім палігоне Хмялёўка правялі розыгрыш аперацыі сіламі 350-га асобнага мабільнага батальёна 103-й мабільнай брыгады Узброеных сіл Беларусі, а таксама Балтыйскага флоту Расіі і 1-га камандавання ВПС і СПА Узброеных сіл Расіі[37]. Для стварэння абстаноўкі гарадскога бою на ўзбярэжжы ўзвялі звыш 50 макетаў жылых дамоў, школ і гандлёвых цэнтраў, на вуліцах паселішчаў Трафімава і Ярмолаўка выставілі макеты аўтатранспарту і бранятэхнікі. Беларускія і расійскія салдаты высадзіліся з карабля на паветранай падушцы «Мардовія» і знішчылі ўмоўных тэрарыстаў. Агулам вучэнні «Захад-2013» правялі на 6 палігонах у Беларусі і 2 палігонах Расіі ў Калінінградскай вобласці[2]. На тэрыторыі Расіі ў вучэннях задзейнічалі звыш 9000 ваенных, з іх 200 дэсантнікаў з Беларусі. У Калінінградскай вобласці прымалі ўдзел каля 180 адзінак баявой тэхнікі: танкі, самалёты і караблі Балтыйскага флоту[3].

Падчас вучэнняў Узброеныя сілы Беларусі выпрабавалі і прынялі да выкарыстання 4 новыя прылады сувязі. Рухомы вузел сувязі «Мускат», які прызначаецца для каманднага пункта, дазволіў замяніць 10 машын на 2 і 10-разова паменшыць асабовы склад. Рухомая радыёрэлейная лічбавая станцыя «Цытрус» дазволіла скараціць час разгортвання са 105 хвілін да 55 хвілін дзякуючы аўтаматызацыі. Экіпаж зменшыўся з 10 чалавек да 6. Далёкасць сувязі вырасла з 40 км да 70 км. Станцыя «Цытрус» забяспечыла стварэнне звыш 300 каналаў замест ранейшых 21. Месцы для сну і харчавання размясцілі ў побытавым адсеку станцыі, што пазбавіла патрэбы ў намётах і палявой кухні. Рэлейная станцыя «Ярус» была малаканальнай і менш магутнай. Станцыя «Мегатрон» замяніла шматканальную рухомую апаратную, што забяспечвала сувязь па кабельнай лініі[38]. Таксама ў ходзе вучэння адно кіберпадраздзяленне Узброеных сіл Беларусі змадэлявала кібернапад на інфармацыйную сістэму ваеннага прызначэння. Другое такое падраздзяленне праводзіла стрымліванне ўздзеяння кібернападу[39].

Наглядальна-агнявы комплекс «Адунок» дыстанцыйнага кіравання, які ўпершыню задзейнічалі на вучэнні, прызначаўся для дазору мясцовасці, разведкі, засады і прачэсвання паселішча. «Адунок» дазваляў перадаваць відэамалюнкі, выпраўляць мэтапазначэнне і весці агонь у рэальным часе і па загадзя ўведзенай праграме. Абсталяванне «Адунка» ўключала цеплавізар, даламер, гірастабілізатар зброі і прыладу аўтазахопу і суправаджэння мэты. Далёкасць выяўлення мэты сягала 2000 метраў. Хуткасць перамяшчэння складала да 30 км/гадз. Кіраванне ажыццяўлялася па радыёканале. Узбраенне ўключала танкавы кулямёт Калашнікава ККТ калібрам 7,62 мм або аўтаматычны гранатамёт АГС-17а калібрам 30 мм. Салдат на вучэнні ўпершыню аснасцілі сістэмамі кіравання звяном «Салдат — баявая сістэма», што ўключала нашлемны індыкатар і планшэтны камп’ютар. Мікрадысплей індыкатара замацоўваўся непасрэдна перад вокам ваеннаслужачага на ахоўным шлеме[40]. У ходзе вучэння войскі сувязі Беларусі разгарнулі лініі радыёрэлейнай сувязі на 2750 км, трапасфернай — на 120 км, дротавай — на 35 км. Для кіравання войскамі выкарысталі 1955 каналаў сувязі і 72 лічбавыя патокі, у рэальным часе забяспечылі сувязь больш як 1000 абанентам[41].

Балтыйскі флот Расіі на вучэнні ў моры (26 верасня 2013 г.)

Расійскае ААТ «Міждзяржаўная карпарацыя развіцця» (Санкт-Пецярбург) прадставіла на вучэнні трохвымерную транспартную палявую сетку сувязі, частка якой забяспечвала камандзірам відэасувязь, канферэнц-сувязь, уваход у сетку аператара і стык са стацыянарнай сістэмай сувязі Беларусі і Расіі. Канцавыя прылады сувязі ўключалі камп’ютар і інтэрнэт-тэлефон з мясцовай і цэнтральнай батарэяй (ЦБ). Прапускная здольнасць па кожным напрамку складала да 310 мегабіт/сек. Апаратныя сродкі былі сумеснай распрацоўкай беларускага ААТ «Волатаўта» і расійскага ААТ «Радыёзавод імя Аляксандра Папова» (Омск) паводле навукова-тэхнічнай праграмы Саюзнай дзяржавы «Траекторыя»[42].

Водгукі[правіць | правіць зыходнік]

2 лютага 2013 года генсакратар НАТА Андэрс Фог Расмусен заявіў пра адсутнасць пагрозы ў сувязі з расійскім удзелам у вучэнні «Захад-2013». Пагатоў у Стратэгічнай канцэпцыі НАТА, ухваленай на Лісабонскім саміце 2010 года, адсутнічала згадка Расіі ў якасці магчымай крыніцы пагрозы[43].

26 лютага 2013 года міністр абароны Літвы Юозас Алакас прапанаваў паслу Беларусі Уладзіміру Дражыну «запрашаць на такія вучэнні назіральнікаў НАТА…, каб Расія і Беларусь былі больш адкрытымі»[44].

7 чэрвеня 2013 года начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі Пётр Ціханоўскі заявіў, што «рашэнне правесці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь буйнамаштабныя вучэнні „Захад-2013“ … было прынятае … зыходзячы з прынцыпаў абароннай дастатковасці і стратэгічнага стрымлівання, у зацікаўленасцях дэманстрацыі рашучасці арганізаваць нацыянальную бяспеку дзяржавы нават ва ўмовах павышанай ваеннай актыўнасці суседзяў». Пётр Ціханоўскі адзначыў, што «ваенная актыўнасць каля межаў Рэспублікі Беларусь у 2010—2012 гадах штогод узрастала, толькі ў 2012 годзе ў краінах Балтыі і Польшчы было праведзена 13 буйных вучэнняў НАТА, падчас якіх адпрацоўваліся пытанні перакідвання і прымянення войскаў»[45].

22 жніўня 2017 года сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў заявіў, што «вучэнні УС РФ і Беларусі „Захад-2013“ сталі пляцоўкай для адпрацоўкі сцэнарыяў узброенай агрэсіі супраць Украіны, якія Крэмль у агульных рысах паспрабаваў рэалізаваць у 2014—2015 гадах»[46].

Зноскі

  1. "Да старту вучэнняў «Захад-2013» усё гатова". Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь. 10 верасня 2013. Праверана 13 снежня 2018.
  2. а б "Беларусь і Расія паспяхова завяршылі сумеснае стратэгічнае вучэнне «Захад-2013»". Беларускае тэлеграфнае агенцтва. 26 верасня 2013. Архівавана з арыгінала 15 лістапада 2021. Праверана 7 снежня 2018.
  3. а б Сяргей Хамянтоўскі (27 верасня 2013). "Стратэгічныя беларуска-расійскія вучэнні «Захад-2013» завяршыліся". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 13 снежня 2018.
  4. а б Сяргей Хамянтоўскі (27 верасня 2013). "Завяршылася стратэгічнае вучэнне «Захад-2013»". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 13 снежня 2018.
  5. "Ваенныя назіральнікі прымуць удзел у назіранні за правядзеннем этапу практычных дзеянняў войскаў у ходзе вучэння «Захад-2013»". Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. 20 верасня 2013. Архівавана з арыгінала 15 лістапада 2021. Праверана 20 снежня 2018.
  6. Эдуард Півавар (23 кастрычніка 2012). "Калегія міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі зацвердзіла задуму стратэгічнага вучэння «Захад-2013»". Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Архівавана з арыгінала 15 лістапада 2021. Праверана 7 снежня 2018.
  7. "Пачалося сумеснае стратэгічнае вучэнне ўзброеных сіл Беларусі і Расіі «Захад-2013»". БелТА. 20 верасня 2013. Архівавана з арыгінала 15 лістапада 2021. Праверана 7 снежня 2018.
  8. а б Вераніка Канюта. Ваенная бяспека саюзнай дзяржавы // Звязда : газета. — 29 жніўня 2013. — № 161 (27526). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  9. Уладзімір Мацвееў (21 лютага 2013). "А. Лукашэнка зацвердзіў задуму правядзення стратэгічнага вучэння «Захад-2013»". Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Архівавана з арыгінала 15 лістапада 2021. Праверана 7 снежня 2018.
  10. Эдуард Півавар (11 сакавіка 2013). "Мінабароны Расіі пачынае падрыхтоўку да беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад-2013»". БелТА. Архівавана з арыгінала 15 лістапада 2021. Праверана 7 снежня 2018.
  11. Эдуард Півавар (21 мая 2013). "Другі этап беларуска-расійскай штабной трэніроўкі органаў ваеннага кіравання УС пачаўся ў Мінску". БелТА. Архівавана з арыгінала 15 лістапада 2021. Праверана 7 снежня 2018.
  12. "У Беларусь прыбылі афіцэры генштаба УС Расіі для падрыхтоўкі да правядзення вучэння «Захад-2013»". БелТА. 27 мая 2013. Архівавана з арыгінала 15 лістапада 2021. Праверана 7 снежня 2018.
  13. "Камандна-штабная трэніроўка з 2-ой інжынернай брыгадай". Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. 16 ліпеня 2013. Архівавана з арыгінала 15 лістапада 2021. Праверана 20 снежня 2018.
  14. "Першы эшалон з расійскімі ваеннаслужачымі прыбыў для ўдзелу ў ССВ «Захад-2013»". Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. 3 верасня 2013. Архівавана з арыгінала 15 лістапада 2021. Праверана 20 снежня 2018.
  15. Дзейнічаць згодна з адзіным планам // Звязда : газета. — 10 верасня 2013. — № 161 (27526). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
  16. Коратка // Звязда : газета. — 10 верасня 2013. — № 161 (27526). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  17. Эдуард Півавар (9 верасня 2013). "Расійскія войскі адправіліся ў Беларусь для ўдзелу ў вучэнні «Захад-2013»". БелТА. Архівавана з арыгінала 15 лістапада 2021. Праверана 7 снежня 2018.
  18. "Падрыхтоўка да стратэгічных вучэнняў Беларусі і Расіі «Захад-2013» блізкая да завяршэння". Белтэлерадыёкампанія. 10 верасня 2013. Праверана 13 снежня 2018.
  19. "З хлебам-соллю сустрэлі ў Брэсце ўдзельнікаў вучэння". Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. 10 верасня 2013. Архівавана з арыгінала 15 лістапада 2021. Праверана 20 снежня 2018.
  20. "Эшалон з беларускімі ваеннаслужачымі прыбыў на расійскую зямлю". Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. 13 верасня 2013. Архівавана з арыгінала 15 лістапада 2021. Праверана 20 снежня 2018.
  21. "Да пачатку актыўнай фазы беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад-2013» засталося менш за тры дні". Белтэлерадыёкампанія. 17 верасня 2013. Праверана 13 снежня 2018.
  22. "Вучэнні расійскіх і беларускіх дэсантнікаў пройдуць у Калінінградзе". Газета «Звязда». 18 верасня 2013. Праверана 7 снежня 2018.
  23. Марына Бегункова. «Узаемадзеянне-2013»: У братэрскім страі // Звязда. — 20 верасня 2013. — № 161 (27526). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  24. Аляксей Арэшка (18 кастрычніка 2013). "Кіраўнічы склад Узброеных сіл РФ падвёў вынікі сумесных стратэгічных вучэнняў узброеных сіл Расіі і Беларусі «Захад-2013»". БелаПАН. Праверана 21 снежня 2018.
  25. Вераніка Канюта. Вучэнне стартавала // Звязда : газета. — 21 верасня 2013. — № 178 (27543). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  26. а б "Пачаўся другі этап сумеснага беларуска-расійскага вучэння «Захад-2013»". БелТА. 23 верасня 2013. Архівавана з арыгінала 15 лістапада 2021. Праверана 7 снежня 2018.
  27. Юрый Шаўчук (20 верасня 2013). "Прагучалі першыя залпы маштабных сумесных вучэнняў «Захад-2013»". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 13 снежня 2018.
  28. "Эшалон з беларускімі ваеннаслужачымі прыбыў на расійскую зямлю". Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. 22 верасня 2013. Архівавана з арыгінала 15 лістапада 2021. Праверана 20 снежня 2018.
  29. "Другі этап стратэгічнага вучэння Узброеных сіл Беларусі і Расіі «Захад-2013»". Газета «Звязда». 23 верасня 2013. Праверана 7 снежня 2018.
  30. На палігоне «Гожскі» працягваецца вучэнне «Захад-2013» // Звязда. — 25 верасня 2013. — № 180 (27545). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  31. Дзмітрый Смірноў (24 верасня 2013). "На 6-ці палігонах Беларусі і Расіі працягваецца актыўная фаза вучэнняў «Захад-2013»". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 13 снежня 2018.
  32. "Правяраюцца магчымасці БАК". Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. 24 верасня 2013. Архівавана з арыгінала 15 лістапада 2021. Праверана 20 снежня 2018.
  33. Вераніка Канюта. Мэты — выкананыя, ацэнка высокая // Звязда. — 26 верасня 2013. — № 181 (27546). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  34. Уладзімір Каралёў (25 верасня 2013). "Вучэнні «Захад-2013» набліжаюцца да завяршальнай стадыі". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 13 снежня 2018.
  35. Дзмітрый Смірноў (26 верасня 2013). "Завяршальная стадыя вучэнняў «Захад-2013»". Белтэлерадыёкампанія. Праверана 13 снежня 2018.
  36. "«Захад-2013» — завяршальны этап". Белтэлерадыёкампанія. 26 верасня 2013. Праверана 13 снежня 2018.
  37. «Захад-2013»: экзамен здадзены // Звязда. — 27 верасня 2013. — № 182 (27547). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  38. Вераніка Канюта. Нэрв арміі // Плацдарм. — 28 верасня 2013. — № 9 (38). — С. 3.
  39. Ілля Крыжэвіч. Канфлікты ХХI стагоддзя сыходзяць у інтэрнэт // Плацдарм. — 25 ліпеня 2018. — № 7 (82). — С. 4.
  40. "Сумеснае стратэгічнае вучэнне ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі «Захад-2013»". Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. 26 верасня 2013. Архівавана з арыгінала 15 лістапада 2021. Праверана 20 снежня 2018.
  41. "Дзень войскаў сувязі". Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. 18 кастрычніка 2013. Архівавана з арыгінала 15 лістапада 2021. Праверана 20 снежня 2018.
  42. "Міждзяржаўная карпарацыя развіцця прадставіла трохмерную палявую сетку сувязі на вучэнні «Захад-2013»". БелТА. 26 верасня 2013. Архівавана з арыгінала 15 лістапада 2021. Праверана 7 снежня 2018.
  43. Арсень Сівіцкі. «Захад-2013» як магчымасць перазагрузкі // Звязда : газета. — 20 сакавіка 2013. — № 51 (27416). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  44. Таццяна Каравянкова (26 лютага 2013). "Літва заклікала Беларусь і Расію да большай адкрытасці па сумесных ваенных вучэннях «Захад-2013»". БелаПАН. Праверана 21 снежня 2018.
  45. Вячаслаў Будкевіч (7 чэрвеня 2013). "Вучэнні «Захад-2013» праводзяцца ў Беларусі для дэманстрацыі рашучасці забяспечыць нацыянальную бяспеку ва ўмовах павышанай ваеннай актыўнасці суседзяў". БелаПАН. Праверана 21 снежня 2018.
  46. "Кіеў пра рызыкі супольных беларуска-расійскіх вучэнняў". Наша Ніва. 22 жніўня 2013. Праверана 21 снежня 2018.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]