Какосавая вайна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Какосавая вайна
Карта Эспірыту-Санта ў складзе Вануату
Карта Эспірыту-Санта ў складзе Вануату
Дата 30 ліпеня-верасень 1980 года
Месца Новыя Гебрыды
Прычына

- незадаволенасць партыі Вануаку правядзеннем канферэнцыі аб незалежнасці каланіяльнымі ўладамі без правядзення рэферэндуму, якога патрабавала партыя - утварэнне партыяй Вануаку Народнага часовага ўраду

- спроба ўтварэння дзяржавы Вемерана
Вынік

- параза паўстання

- асуджэнне Джымі Стывенса
Праціўнікі
Вануату

Брытанская імперыя Францыя (адкрыта) Папуа — Новая Гвінея

Саламонавы Астравы

NaGriamel (Дзяржава Вемерана)

Францыя (таемна)

Камандуючыя
Джордж Сакаману

палкоўнік Тоні Хуай

Джымі Стывенс

Алексіс Іолу

Сілы бакоў
няма данных няма данных
Страты
невядома невядома

Какосавая вайна (англ.: Coconut War, фр.: Guerre de la noix de coco) — узброены канфлікт, які адбываўся з 30 ліпеня па верасень 1980 года на выспах Новыя Гебрыды паміж паўстанцамі з арганізацыі «NaGriamel», з аднаго боку, і ўрадам Вануату, войскамі Вялікабрытаніі, Францыі, Папуа — Новай Гвінеі, Саламоновых астравоў, з іншага боку. Канфлікт распачаўся пасля абвяшчэння рэспублікі Вануату.

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У XIX стагоддзі Новыя Гебрыды былі спрэчнай тэрыторыяй паміж Вялікабрытаніяй і Францыяй[1]. У сакавіку 1906 года была падпісана дамова, па якой Новыя Гебрыды сталі сумесным уладаннем Трэцяй французскай рэспублікі і Брытанскай імперыі, што значыць, што астравы станавіліся франка-брытанскім кандамініумам.[1] Захоп астравоў карэнных народаў спрычыніўся да фарміравання руху «NaGriamel» пад кіраўніцтвам Джымі Стывенса, які меў шатландскія і танганскія карані («NaGriamel» — састаўнае слова ад мясцовых назваў раслін, на якія было пакладзена табу, — namele і nagria). Гэты рух выступаў за замацаванне права землеўладання за карэннымі жыхарамі астравоў, а таксама за адраджэнне традыцыйных каштоўнасцяў.[2] У 1970-х гадах Брытанія працягнула палітыку дэкаланізацыі, надаючы незалежнасць сваім калоніям, што вызваляла яе ад шэрагу абавязацельстваў. Пазіцыя Францыі была кардынальна іншай. У аснове французскай знешняй палітыкі ў канцы 1960-х гадоў былі імперыялістычныя погляды, французская адміністрацыя, такім чынам, супрацьстаяла адміністрацыйным зменам на астравах, якія шкодзілі французскай сферы ўплыву на архіпелагу.

У лістападзе 1974 года на франка-брытанскай урадавай канферэнцыі была прынята рашэнне аб стварэнні на выспах новага заканадаўчага органа, які павінен бы быў выбірацца ўсім насельніцтвам, — Прадстаўнічай асамблеі (павінна была распачаць сваю працу з 1975 года). Першыя выбары ў Прадстаўнічую асамблею былі праведзены ў лістападзе 1975 года, хаця правадыры Паўночнага і Паўднёвага акругоў не былі выбраныя яшчэ год да лістапада 1976 года.

На выбарах 1975 года Навагебрыдская нацыянальная партыя атрымала 17 з 29 месцаў у Прадстаўнічай асамблеі[3]. Першае паседжанне Асамблеі адбылося ў лістападзе-снежні 1976 года[3]. Навагебрыдская нацыянальная партыя, якую перайменавалі ў партыю Вануаку, адкрыта патрабавала правядзення ў кандамініуме ўсенароднага рэферэндума, на якім бы было паднята пытанне аб незалежнасці Новых Гебрыд. Гэта выклікала незадаволенасць сярод іншых партый выспаў[4].

У ліпені 1977 года на чарговай франка-брытанскай урадавай канферэнцыі, на якую ўпершыню запрасілі партыі Новых Гебрыд (партыя Вануаку байкатавала канферэнцыю), было прынята рашэнне аб прадастаўленні Новым Гебрыдам незалежнасці (дата не абмяркоўвалася)[4]. Першым крокам на шляху да незалежнасці павінны былі стаць новыя выбары ў Асамблею, заснаванне міністраў Новых Гебрыд. Аднак па прычыне таго, што партыя Вануаку вырашыла байкатаваць выбары і не прадставіла сваіх кандыдатаў, выбары не адбыліся. Партыя абвясціла аб стварэнні Народнага часовага ўрада, які б кантраляваў усе часткі краіны, дзе пераважаюць прыхільнікі Вануаку[4]. 29 лістапада 1977 года партыя паспрабавала падняць свой сцяг над штаб-кватэрай у горадзе Порт-Віла, аднак сустрэла супраціў сярод прыхільнікаў умераных[4].

Брытанская паліцыя, якая асцярожна адносілася да адкрытых сутыкненняў паміж апанентамі, выкарыстала ў Порт-Віле слёзатачывы газ (упершыню ў гісторыі Новых Гебрыд)[4]. У студзені 1978 года новая Асамблея выбрала былога афіцэра паліцыі Джорджа Калсакау галоўным міністрам. Партыя Вануаку, якая некалькі месяцаў таму распусціла Народны часовы ўрад, увайшла ў склад урада народнага адзінства. Брытанскі і французскі ўрады ўзгаднілі дату незалежнасці выспаў — 30 чэрвеня 1980 года.

Першы парламент пры новай канстытуцыі быў выбраны на аснове ўсеагульнага выбарчага права ў лістападзе 1979 года. Партыя Вануаку атрымала ў ім большасць, і яе лідэр, Уолтэр Ліні, стаў галоўным міністрам Савета міністраў Новых Гебрыд і ў далейшым — першым прэм’ер-міністрам Рэспублікі Вануату. Наступныя шэсць месяцаў пасля выбараў былі азнаменаваныя шматлікімі бязладзіцамі і пратэстамі ў горадзе Люганвіл, у якіх прымалі ўдзел прыхільнікі палітычных сілаў, апазіцыйных партыі Вануаку. 28 траўня 1980 года пратэстоўцы захапілі мясцовую радыёстанцыю, аэрапорт Санта-Пекоа і былы будынак брытанскага акружнога агенцтва ў Люганвіле, а таксама захапілі брытанскага камісара Джоба Дэйлса і 12 паліцэйскіх[5], пасля чаго абвясцілі на выспе Эспірыту-Санта і некаторых іншых паўночных выспах архіпелага дзяржаву Вемерана, якую ўзначаліў Джымі Стывенс. Таксама бязладзіцы прайшлі на выспе Тана.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

30 чэрвеня 1980 года Каралеўская марская пяхота Вялікабрытаніі і французскія дэсантнікі ўзнялі сцяг Вануату над урадавымі будынкамі ў горадзе Люганвіл. Такім чынам, 30 чэрвеня 1980 года спыніў сваё існаванне франка-брытанскі кандамініум Новых Гебрыд, замест якога на палітычнай карце свету з’явілася незалежная Рэспубліка Вануату. Тым часам бязладзіцы, якія пачаліся за некалькі дзён да абвяшчэння незалежнасці, пераўтварыліся ў паўстанне. Тады паўстанцы блакавалі міжнародны аэрапорт Санта-Пекоа, знішчылі 2 масты і абвясцілі незалежнасць выспы Эспірыту-Санта як «дзяржава Вемерана». Стывенса падтрымалі франкамоўныя землеўладальнікі і амерыканскі бізнес-фонд Фонд Фенікса, які падтрымліваў стварэнне лібертарыянскай падаткавай гавані ў Новых Гебрыдах[6].

Французскі гарнізон на востраве не адрэагаваў на змену сітуацыі. Урад эвакуяваў з выспы каля 2000 сваіх прыхільнікаў і брытанскіх грамадзян. 8 ліпеня 1980 года прэм’ер-міністр Вальтэр Ліні з партыі Вануаку папрасіў Вялікабрытанію і Францыю адправіць войскі, каб падавіць паўстанне на выспе Эспірыту-Санта[7]. Урад Францыі блакаваў спробы Вялікабрытаніі ўмяшацца ў канфлікт і развярнуць войскі для вырашэння крызіса, а французскія жаўнеры, якія былі дыслакаваныя на Эспірыту-Санту, не распачалі аніякай дзейнасці па нармалізацыі абстаноўкі ў рэгіёне. Такім чынам, па прычыне канфлікту паміж французамі і брытанцамі іх войскі не прынялі ўдзелу ў падаўленні бунту, а толькі абмежаваліся аховай стратэгічных пунктаў, хаця некаторыя новыя войскі былі перадыслакаваныя на Вануату.

Тады прэм’ер-міністр Вануату Уолтэр Ліні звярнуўся да ўраду Папуа — Новай Гвінеі з прашэннем аб накіраванні войскаў для падаўлення паўстання[8]. 18 жніўня на Эспірыту-Санта высадзіўся адзін батальён (з двума патрульнымі катарамі і чатырма самалётамі) войскаў Папуа — Новай Гвінеі, якія занялі пазіцыі на Санта[9]. Пасля з’яўлення арміі Папуа — Новай Гвінеі на Эспірыту-Санта сусветная прэса дала падзеям назву «Какосавай вайны». «Какосавая вайна» была кароткачасовай і незвычайнай. На працягу наступных дзён ішлі дробныя сутычкі з сепаратыстамі, але жыхары Эспірыту-Санта традыцыйна падтрымлівалі Папуа — Новую Гвінею як пабрацімаў-меланезійцаў, таму масавага супраціву з’яўленне войскаў Папуа — Новай Гвінеі і прыяднаўшыхся да іх войскаў Саламонавых астравоў не выклікала. Прыхільнікі Стывенса, якія вербаваліся перш за ўсё з меланезійскіх ні-вануату, а таксама з франкамоўнага насельніцтва вострава, нягледзячы на шматлікасць, былі ўзброены толькі прымітыўнай зброяй — дубінкамі, лукамі і састарэлымі стрэльбамі, а таксама былі слабадысцыплінаваныя. Па гэтых прычынах у ходзе вайны колькасць ахвяраў была невялікай.

Вайна скончылася нечакана, калі 30 жніўня 1980 года на адным з блокпастоў арміі Папуа — Новой Гвінеі пры спробе затрымання быў забіты сын Стывенса. На наступны дзень папуаскія атрады занялі бастыёны паўстанцаў у Танафа і Порт-Ольры, і тады Джымі Стывенс здаўся, заявіўшы, што ніколі не думаў, што камусьці будзе нанесена шкода ад яго дзеянняў[10].

У сярэдзіне верасня 1980 года канчаткова спыніўся супраціў прыхільнікаў дзяржавы Вемерана.

На судзе Стывенса былі прадстаўлены доказы падтрымкі руху «NaGriamel» Фондам Фенікса, таксама было даказана, што французскі ўрад таемна падтрымліваў Стывенса ў яго дзейнасці. Стывенсу было прысуджана 14,5 гадоў пазбаўлення волі за арганізацыю бязладзіц[11], ён заставаўся ў турме да 1991 года[12].

Паўстанне на выспе Тана[правіць | правіць зыходнік]

Бязладзіцы ахапілі таксама і выспу Тана, якая ляжыць на поўдні новагебрыдскага раёна. 26 мая 1980 года мяцежнікі, узброеныя агнястрэльнай зброяй і выбухоўкай, напалі на ўрадавую адміністрацыю ў Ісангеле і ўзялі закладнікаў. Тады ўмяшалася брытанская паліцыя. Ноччу 10 чэрвеня група паўстанцаў адправілася з Сульфур-Бэй у Ісангель, каб вызваліць палонных пабрацімаў. Раніцай яны напалі на паліцэйскі ўчастак. У выніку перастрэлкі быў смяротна паранены іх лідар — Алексіс Іолу. З яго смерцю паўстанне на Тане скончылася.

Зноскі

  1. а б Tufala 2002, p. 22.
  2. Beasant, стр. 19.
  3. а б Tufala, стр. 63.
  4. а б в г д Tufala, стр. 65.
  5. Закладнікі былі вызвалены 6 чэрвеня і вывезены ў Порт-Віл на французскім караблі «Арманьяк».
  6. Treaster, Joseph B. "U.S. Land Developer Aids New Hebrides Dissidents"(англ.). Архівавана з арыгінала 2022-05-09. Праверана 2022-05-09. {{cite news}}: Неадпаведнасць часу ў |archive-date= / |archive-url=; прапануецца 2018-07-21 (даведка)
  7. "New Hebrides Asks for Aid in Revolt; Plea Might Go to U.N."(англ.). Архівавана з арыгінала 2022-05-09. Праверана 2022-05-09. {{cite news}}: Неадпаведнасць часу ў |archive-date= / |archive-url=; прапануецца 2018-07-21 (даведка)
  8. Times, Bernard D. Nossiter and Special To the New York. "VANUATU, NEW PACIFIC NATION, MOVING TOWARD SEAT AT U.N."(англ.). Архівавана з арыгінала 2022-05-10. Праверана 2022-05-10. {{cite news}}: Неадпаведнасць часу ў |archive-date= / |archive-url=; прапануецца 2018-07-21 (даведка)
  9. PM - Alexander Downer announces moves toward a new foreign policy. www.abc.net.au. Архівавана з першакрыніцы 10 мая 2022. Праверана 10 мая 2022.
  10. "New Hebrides Rebel Urges Peace; Willing to Fight British and French One British Officer Injured"(англ.). Архівавана з арыгінала 2022-05-17. Праверана 2022-05-10. {{cite news}}: Неадпаведнасць часу ў |archive-date= / |archive-url=; прапануецца 2018-07-21 (даведка)
  11. Miles, стр. 23.
  12. "South Pacific Rebel Seized"(англ.). Архівавана з арыгінала 2022-05-11. Праверана 2022-05-11. {{cite news}}: Неадпаведнасць часу ў |archive-date= / |archive-url=; прапануецца 2018-07-19 (даведка)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Tufala Gavman. Reminisces from the Anglo-French Condominium of the New Hebrides / Brian J. Bresnihan, Keith Woodward, editors.. — Suva, Fiji: Institute of Pacific Studies, University of the South Pacific, 2002.
  • William Miles. Bridging mental boundaries: identity and development in Vanuatu. — Honolulu, Hawai'i: University of Hawai'i Press, 1998.(цит. Miles)