Мадэляванне
Мадэляванне ў навуковых даследаваннях стала прымяняцца яшчэ ў глыбокай старажытнасці і паступова захоплівала ўсё новыя вобласці навуковых ведаў: тэхнічнае канструяванне, будаўніцтва і архітэктуру, астраномію, фізіку, хімію, біялогію і грамадскія навукі. Вялікія поспехі і прызнанне практычна ва ўсіх галінах сучаснай навукі прынесла метаду мадэлявання ХХ стагоддзе. З цягам часу стала ўсведамляцца роля мадэлявання як універсальнага метаду навуковага пазнання.
Віды мадэлявання[правіць | правіць зыходнік]
Мадэль — гэта такі матэрыяльны або думкава ўяўляемы аб’ект, які ў працэсе даследавання замяшчае аб’ект-арыгінал так, што яго непасрэднае вывучэнне дае новыя веды аб аб’екце-арыгінале.
Можна вылучыць наступныя віды мадэлявання:
- Інфармацыйнае мадэляванне
- Камп'ютарнае мадэляванне
- Матэматычнае мадэляванне
- Матэматыка-картаграфічнае мадэляванне
- Малекулярнае мадэляванне
- Лічбавае мадэляванне
- Лагічнае мадэляванне
- Педагагічнае мадэляванне
- Псіхалагічнае мадэляванне
- Статыстычнае мадэляванне
- Структурнае мадэляванне
- Фізічнае мадэляванне
- Эканоміка-матэматычнае мадэляванне
- Імітацыйнае мадэляванне
- Эвалюцыйнае мадэляванне
Працэс мадэлявання ўключае тры элементы:
- суб’ект (даследчык);
- аб’ект даследавання;
- мадэль адносінаў пазнаючага суб’екта з аб’ектам пазнання.
Этапы мадэлявання[правіць | правіць зыходнік]
Першым этапам працэсу мадэлявання з’яўляецца пабудова мадэлі. Для аднаго аб’екта можа быць пабудавана некалькі «спецыялізаваных» мадэляў, якія канцэнтруюць увагу на пэўных баках доследнага аб’екта або характарызуюць аб’ект з рознай ступенню дэталізацыі.
На другім этапе мадэль выступае як самастойны аб’ект даследавання. Адной з формаў такога даследавання з’яўляецца правядзенне «мадэльных» эксперыментаў, пры якіх свядома змяняюцца ўмовы функцыянавання мадэлі і сістэматызуюцца даныя аб яе «паводзінах». Канчатковым вынікам гэтага этапу з’яўляецца мноства ведаў аб мадэлі.
На трэцім этапе ажыццяўляецца перанос ведаў з мадэлі на арыгінал — фармаванне мноства ведаў аб аб’екце. Гэты працэс пераносу ведаў выконваецца па пэўных правілах. Веды аб мадэлі павінны быць скарэктаваны з улікам тых уласцівасцяў аб’екта-арыгінала, якія не знайшлі адлюстравання або былі зменены пры пабудове мадэлі. Мы можам з дастатковай падставай пераносіць які-небудзь вынік з мадэлі на арыгінал, калі гэты вынік неабходна звязаны з прыкметамі падабенства арыгінала і мадэлі.
Чацвёрты этап — практычная праверка атрыманых з дапамогай мадэляў ведаў і іх выкарыстанне для пабудовы абагульняючай тэорыі аб’екта, яго пераўтварэнняў або кіравання ім.
Для разумення сутнасці мадэлявання важна не выпускаць з увагі, што мадэляванне — не адзіная крыніца ведаў аб аб’екце. Працэс мадэлявання «пагружаны» ў больш агульны працэс пазнання. Гэта акалічнасць улічваецца не толькі на этапе пабудовы мадэлі, але і на завяршальнай стадыі, калі адбываецца аб’яднанне і абагульненне вынікаў даследавання, якія атрымліваюцца на аснове шматстайных сродкаў пазнання.
Мадэляванне — цыклічны працэс. Гэта азначае, што за першым чатырохэтапным цыклам можа рушыць услед другі, трэці і г.д., пры гэтым веды аб доследным аб’екце пашыраюцца і ўдакладняюцца, а зыходная мадэль паступова ўдасканальваецца. Недахопы, выяўленыя пасля першага цыкла мадэлявання, абумоўленыя малым веданнем аб’екта і памылкамі ў пабудове мадэлі, можна выправіць у наступных цыклах. У метадалогіі мадэлявання, такім чынам, закладзеныя вялікія магчымасці самаразвіцця.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Грынберг, А. С. Эканоміка-матэматычныя метады і мадэлі. — Мінск: Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, 2005.
- Сідзін, Э. Ф. Эканоміка-матэматычнае мадэляванне. — Чарнігаў, 1999.
- Макараў, С. І. Эканоміка-матэматычныя метады і мадэлі / С. І. Макараў, С. А. Севасцьянава. — Масква: Кнорус, 2008.