Перайсці да зместу

Романшы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Романшы
(Engadini, Rumantsches)
Моўныя групы Швейцарыі. Чырвоным колерам вылучана романшская група
Агульная колькасць 38 тыс. (2012 г.)
Рэгіёны пражывання  Швейцарыя 
Мова романшская
Рэлігія кальвінізм
Блізкія этнічныя групы фрыулы, ладзіны

Ро́маншы (саманазвы Engadini, Rumantsches) — рэтараманскі народ у Швейцарыі. Жывуць пераважна ў даліне ракі Ін і кантоне Граўбюндэн. Агульная колькасць - 38 тыс. (2012 г.)[1].

Паходжанне і гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Помнік стварэнню Шэрай Лігі, запіс на романшскай мове

Продкамі романшаў лічацца старажытныя плямёны рэтаў, якія насялялі Альпійскія горы ў антычнасці. У 15 г. да н. э. яны трапілі пад уладу рымлян і да сярэдзіны 1 тысячагоддзя н. э. былі раманізаваны. Відавочна, да XV ст. продкі романшаў складалі супольны рэтараманскі пласт насельніцтва разам з продкамі ладзінаў. Іх землі ўваходзілі ў склад розных дзяржаў. Паколькі праз так званую Верхнюю Рэцыю, населеную романшамі, праходзіў шлях з Германіі ў Італію, яна лічылася стратэгічнай тэрыторыяй, прывабнай для феадалаў.

У 1424 г. сяляне і рыцары Рэцыі стварылі Шэрую Лігу (ням.: Grau Bund) і Лігу дзесяці юрысдыкцый, якія выступілі супраць нямецкіх феадалаў. Утвораная імі горная рэспубліка ўвайшла ў склад Швейцарыі. У XVI ст. з'явілася першая пісьмовая форма романшскай мовы.

У адрозненні ад Італіі, дзе стары эканамічны лад садзейнічаў адносна добраму захаванню традыцыйнай культуры ладзінаў, у Швейцарыі романшы знаходзіліся пад большым культурным уплывам нямецкамоўнай абшчыны, што асабліва стала адчувальна ў XIX ст. З сярэдзіны XX ст., калі романшскаму насельніцтву пагражала дэпапуляцыя, пачалі прадпрымацца пэўныя высілкі для захавання романшскай мовы і стварэння на ёй сучаснай літаратуры. Гэта мэта ставіцца ў аснову далейшага існавання романшаў і лічыцца больш важнай, чым адраджэнне традыцыйнай матэрыяльнай культуры.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Романшскую мову часцяком называюць рэтараманскай. Яна падзяляецца на некалькі дыялектаў, кожны з якіх мае сваю пісьмовасць на аснове лацінкі. Аднак толькі тры дыялекты лічацца безумоўна романшскімі, астатнія — бліжэй да дыялектаў мовы ладзінаў. У наш час існуе таксама адзіны стандарт рэтараманскай мовы, які ўжываецца ў Швейцарыі на афіцыйным узроўні і мае статус дзяржаўнай мовы.

Романшская мова выкладаецца ў пачатковай школе, выкарыстоўваецца ў некаторых мясцовых сродках масавай інфармацыі, на ёй выдаюцца кнігі. Аднак казаць пра адсутнасць пагрозы знікнення жывой гутарковай мовы пакуль яшчэ рана.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]