Фагелькопскія горныя дажджавыя лясы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фагелькопскія горныя дажджавыя лясы
Погляд на Арфакскія горы з шыракалістага лесу
Тэрыторыя экарэгіёна (фіялетавым)
Экалогія
Эказона Аўстралазія
Біём трапічныя і субтрапічныя вільготныя шыракалістыя лясы
Мяжуе з Фагелькоп-Аруйскія нізінныя дажджавыя лясы
Відаў птушак 304 (7 эндэмікаў)
Відаў сысуноў 42 (наяўнасць эндэмікаў)
Геаграфія
Плошча 21 679 км²
Краіны Сцяг Інданезіі Інданезія
Правінцыя Заходняе Папуа
Вышыня над уз. м. ад 1000 м да 2955 м (Арфак)
Тып клімату вільготных трапічных лясоў
Захаванасць
Захаванасць Пад пагрозай
Пад аховай 55 %

Фагелькопскія горныя дажджавыя лясы — экарэгіён трапічных вільготных лясоў на крайнім захадзе вострава Новай Гвінеі. Экарэгіён ахоплівае горы паўастравоў Птушыная Галава (Фагелькоп) і Бамберай[1][2][3].

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Экарэгіён ахоплівае трапічныя горныя лясы, таксама званыя хмарнымі лясамі, вышэй за 1000 метраў над узроўнем мора на паўвостравах Птушыная Галава (таксама Фагелькоп або Чэндэравасіх) і Бамберай. Найбольшая плошча рэгіёну прыпадае на Арфакскія горы і горы Тамраў на паўночным усходзе паўвострава Птушыная Галава. Меншыя ўчасткі праходзяць у гарах Факфакскіх і Кумава на захадзе паўвострава Бомберай, а таксама на ўсход у гарах малога Вандаменскага паўвострава, што абмываецца залівам Чэндэравасіх. Навакольныя перадгор’і і нізіны займае экарэгіён Фагелькоп-Аруйскіх нізінных дажджавых лясоў[4].

Флора[правіць | правіць зыходнік]

Лясы экарэгіёна дзеляцца на некалькі тыпаў, якія адрозніваюцца ў залежнасці ад колькасці ападкаў, вышыні над узроўнем мора і наяўных глеб. У ніжніх горных лясах пераважаюць Castanopsis acuminatissima разам з відамі роду Lithocarpus і дрэвамі з сямейства лаўровых (Lauraceae), міртавых (Myrtaceae) і іншых. На ўзвышшах пераважаюць лясы з Nothofagus moorei, пакрытыя мохамі і іншымі эпіфітамі. На найвышэйшых участках пераважаюць хвойныя родаў Dacrycarpus, Dacridium і Papuacedrus[4].

Фаўна[правіць | правіць зыходнік]

У экарэгіёне пражывае 42 віды сысуноў, уключаючы сумчатых, мышыных і кажаноў. Тры віды тутэйшых сумчатых эндэмічны, а менавіта Dendrolagus ursinus, Dendrolagus mayri і Pseudocheirus schlegeli[5]. У Арфакскіх гарах жыве эндэмічны грызун Leptomys arfakensis[6]. Некаторыя віды мясцовых сысуноў знаходзяцца пад пагрозай знікнення ці маюць абмежаванае рассяленне[5].

Таксама ў экарэгіёне жыве 304 віды птушак, сем з якіх з’яўляюцца эндэмічнымі: Astrapia nigra, Lonchura vana, Amblyornis inornata, Pachycephala meyeri, Melidectes leucostephes, Melipotes gymnops, Parotia sefilata, Rallina leucospila[5]. Экарэгіён ахоплівае арэал эндэмічных птушак[en] Заходнепапуаскага высакагор’я[7].

Запаведныя зоны[правіць | правіць зыходнік]

Ацэнка 2017 года паказала, што 11958 км², або 55 % экарэгіёна, трапляюць пад ахоўныя тэрыторыі. Каля паловы неахоўных зямель усё яшчэ пакрыта лясамі[8]. Да ахоўных тэрыторый адносяцца[9]:

  • прыродны запаведнік «Паўночныя Тамраў» (індан.: Tamrau Utara) — 3683,65 км²
  • прыродны запаведнік «Паўднёвыя Тамраў» (індан.: Tamrau Selatan) — 2478,75 км²
  • прыродны запаведнік «Арфакскія горы» (індан.: Pegunungan Arfak) — 683,25 км²
  • прыродны запаведнік «Горы Кумава» (індан.: Pegunungan Kumawa) — 1881,5 км²
  • прыродны запаведнік «Факфакскія горы» (індан.: Pegunungan Fakfak) — 343,91 км²
  • прыродны запаведнік «Вандыбойскія горы» (індан.: Pegunungan Wondiboi) — 795,0 км²

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Map of Ecoregions 2017 (англ.). Resolve. Праверана 20 жніўня 2021.
  2. Vogelkop montane rain forests (англ.). Digital Observatory for Protected Areas. Праверана 20 жніўня 2021.
  3. Vogelkop montane rain forests (англ.). The Encyclopedia of Earth. Праверана 20 жніўня 2021.
  4. а б Wikramanayake, Eric; Eric Dinerstein; Colby J. Loucks; et al. (2002). Terrestrial Ecoregions of the Indo-Pacific: a Conservation Assessment. Washington, DC: Island Press.
  5. а б в «Vogelkop montane rain forests». Terrestrial Ecoregions. World Wildlife Fund.
  6. Musser, G.; Kennerley, R.; Dando, T. (2019). "Leptomys arfakensis". IUCN Red List of Threatened Species. 2019: e.T47983297A47983471. doi:10.2305/IUCN.UK.2019-1.RLTS.T47983297A47983471.en. Праверана 14 ліпеня 2021.
  7. BirdLife International (2020) Endemic Bird Areas factsheet: West Papuan highlands. Accessed from http://www.birdlife.org on 04/06/2020.
  8. Eric Dinerstein, David Olson, et al. (2017). An Ecoregion-Based Approach to Protecting Half the Terrestrial Realm, BioScience, Volume 67, Issue 6, June 2017, Pages 534—545; Supplemental material 2 table S1b. [1]
  9. «Indonesia». Protected Planet

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]