Горад Кнос

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Палац у Кносе. Фрагмент забудовы. XVI ст. да н.э.

Кнос (грэч. Κνωσσός) — старажытны горад на в-ве Крыт, адзін з найважнейшых цэнтраў эгейскай культуры.

Паселішча на месцы Кноса існавала з часоў неаліту; яно павялічылася ў раннемінойскі перыяд (каля 3000 — 2000 да н.э.), каля 2200 ці 2000 да н.э. Кнос стаў сталіцай магутнага царства. Найвышэйшы ўздым яго прыпадае на познамінойскі перыяд (каля 1600 — каля 1470 да н.э.), калі яго цары сталі вярхоўнымі правіцелямі магутнай дзяржавы са значнай цэнтралізацыяй кіраўніцтва і гаспадарчага жыцця.

Інтэр'ер залы палаца ў Кносе з роспісам у «марскім стылі». XVI — пач. XV ст. да н.э.

Пры археалагічных даследаваннях выяўлены жылыя пабудовы, палацы, прылады вытворчасці, зброя, побытавыя рэчы, т.зв. архіў Кноскага палаца (таблічкі са складовым пісьмом). Палац уладароў Кноса («Стары палац», пасля 2000 да н.э., зруйнаваны каля 1700 да н.э.; «Новы палац», 17—15 ст. да н.э.) — шматпавярховае збудаванне з параднымі, жылымі і гаспадарчымі памяшканнямі. Некалькі соцень памяшканняў раскінуліся на плошчы каля 24 тыс. м². Цэнтральную частку палаца займаў прамавугольны ў плане брукаваны двор памерам 60x28 м, на захад ад яго — парадныя залы і гаспадарчыя памяшканні, на ўсход — жылыя пакоі (шмат'ярусныя, размяшчаліся паводле складанага асіметрычнага сотападобнага плана, з сістэмай каналізацый, калонамі т.зв. крыцкага ордэра). Меліся памяшканні рознага прызначэння: у заходняй частцы — царскія апартаменты, свяцілішча, кладовыя; ва ўсходняй — пакоі царыцы, тронная зала. За імі знаходзіліся гімнастычная зала, адкрытая пляцоўка для тэатральных прадстаўленняў і рэлігійных цырымоній. Палац быў рознапавярховы, таму асвятленне памяшканняў ажыццяўлялася праз светлавыя калодзежы. Сцены складзены з каменных пліт, умацаваных на драўляным каркасе, атынкаваныя. Перакрыцці другога паверха падтрымлівалі драўляныя калоны, якія звужаліся ў аснове. Сцены найбольш важных, прадстаўнічых памяшканняў былі распісаны па тынкоўцы сюжэтнымі матывамі і арнаментам. Іх чорныя, белыя, блакітныя, зялёныя і чырвоныя колеры надавалі роспісам святочны, урачысты выгляд. У сцэнах з выявамі людзей, звяроў, птушак, раслін знайшлі адлюстраванне розныя сюжэты, напрыклад святкаванні, спартыўныя спаборніцтвы, забавы з быкамі, марскія матывы. Захаваліся фрагменты размалёўкі (бытавыя і рытуальныя сцэны, выявы жывёл і раслін, XVI—XV ст. да н.э.), размаляваныя керамічныя пасудзіны, статуэткі, пячаткі. Палац апісаны ў грэчаскіх міфах як таямнічы лабірынт, жыллё цара Мінаса і пачвары Мінатаўра.

У Кносе пры археалагічных раскопках выяўлены таксама Малы палац, Царская віла, т.зв. караван-сарай, рэшткі каменных жылых дамоў 1-й пал. ІІ тыс. да н.э. На ўскраіне горада — манументальныя грабніцы (у т.л. т.зв. Храмавая грабніца, каля 1700—1450 да н.э.) і могілкі.

[правіць] Літаратура

  • БЭ ў 18 тамах. Т.8, Мн., 1999, С.364
Commons
Асабістыя прылады
Прасторы імёнаў

Варыянты
Дзеянні
Навігацыя
Прылады
На іншых мовах