З пляцоўкі Вікіпедыя.
Зуёк малы (Charadrius dubius) — птушка роду зуйкі (Charadrius) з сямейства сяўцовых (Charadriidae).
Невялікая птушка буйнейшая за вераб'я. Жыве на пясчаных або галечнікавых узбярэжжах рэк і азёр, часам далёка ад вады. Пералётная птушка.
Афарбоўка верхняга боку цела буравата-шэрая, ніжні бок цела белы, на зобе ёсць папярочная паласа чорнага колеру. Цемя чарнавата, на ілбе шырокая чорная паласа, абмежаваная зверху тонкай белай паласой і праходзіць праз абведзеныя жоўтай аблямоўкай вочы. Колер ног — шэра-чырвоны.
Гняздо зуйка выглядае як невялікае паглыбленне ў пяску, часам з валікам з каменьчыкаў. Самка адкладае 4 жаўтлявых з цёмнымі кропкамі яйкі.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Белэн, 1999. — 608 с.: іл. ISBN 985-11-0279-2