Лінія Сконэ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Лінія Сконэ або Сконская лінія (шведск.: Skånelinjen), таксама вядома як Лінія Пэра Альбіна (Per Albin-linjen), у гонар шведскага прэм'ер-міністра Пэра Альбіна Хансана — сістэма абарончых умацаванняў на паўднёвым узбярэжжы Швецыі. Даўжыня — 500 км, ад Бостада (Сконэ) да Віеруда (Блекінге).

Планаванне[правіць | правіць зыходнік]

Пасля акупацыі Германіяй часткі Чэхаславакіі, восенню 1938 года, Галоўны штаб узброеных сіл Швецыі загадаў правесці разведку мясцовасці ўздоўж лініі Сімрысхамн — Фальстэрбу для наступнай закладкі берагавых умацаванняў, каб абараніць Швецыю ад магчымага нападу з мора. Рыксдаг у 1939 годзе прыняў рашэнне пра вылучэнне сродкаў на будаўніцтва.[1]

Прыкладна тым жа часам было прынята рашэнне пра будаўніцтва берагавых батарэй для абароны портаў Юстада і Трэлебарга. Пасля нападу Германіі на Данію лінію ўмацаванняў было запланавана падоўжыць ад Фальстэрбу ўздоўж праліва Эрэсун да бухты ў Хельсінгбаргу, дзе паспешна будавалася берагавая батарэя.[2]

Меркавалася, што Лінія Сконэ будзе мець тры рубяжы абароны. Першы рубеж мусіў ісці ўздоўж узбярэжжа і прызначаўся для спынення спроб дэсантавання з мора. Другі рубеж планавалі размясціць далей ад узбярэжжа, каб мець магчымасць працягваць супраціў, калі першая лінія абароны будзе прарвана або праціўнік выйдзе з іншага кірунку. На трэцім рубяжы планавалі пабудаваць некаторую колькасць сховішчаў дзвюх тыпаў — на 24 і на 48 чалавек.

Будаўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

ДАК да захаду ад Юстада
Супрацьтанкавыя надаўбні каля Ландскруны
ДАК, які прыкрываў гавань Сканёра

2-я сусветная вайна[правіць | правіць зыходнік]

Будаўніцтва ўмацаванняў пачалося летам 1939 года. Неўзабаве былі збудаваны бетанаваныя ДАКі першага рубяжа абароны, прызначаныя для абсталявання кулямётамі і размяшчэння 6-9 салдат. Меркавалася, што гэтыя збудаванні ўтвораць ланцуг ўздоўж усёй берагавой лініі, дзе адлегласць паміж агнявымі кропкамі не будзе перавышаць 1200 метраў. Да канца 1939 года ўздоўж паўднёвага берага Сконэ было пабудавана 271 збудаванне.

У снежні 1939 года пачаўся другі этап будаўніцтва, было пабудавана некалькі абарончых участкаў па ўсім сконскім узбярэжжы, у тым ліку і на беразе праліва Эрэсун. Да красавіка 1940 года шведы паспелі ўзвесці 124 умацаванні. Першы рубеж абарончых збудаванняў на эрэсунскім узбярэжжы пачалі будаваць у студзені 1940 года. ДАКі будаваліся з разлікам, каб яны маглі вытрымаць пападанні снарадаў 210-мм гармат і 300-кілаграмовых авіябомб.

Пасля 9 красавіка 1940 года будаўніцтва вялося фарсіраванымі тэмпамі, бо магчымасць вайны ацэньвалі як вельмі высокую. У першы тыдзень чэрвеня 1940 года было забетанавана 16 ДАКаў. Планы будаўніцтва трэцяга рубяжа абароны былі рэалізаваны толькі на ўчастку Хельсінгбарг — Вікен, які лічыўся найболей небяспечным пры магчымым нападзе.

Халодная вайна[правіць | правіць зыходнік]

У 1960-я гады абарончыя збудаванні, размешчаныя паблізу стратэгічна важных партоў былі мадэрнізаваны і абсталяваны вежамі ад танкаў m/42 з 75-мм гарматамі. У канцы 1970-х гадоў зноў праведзена ўзмацненне лініі, на ўзбярэжжы былі пабудаваны новыя артылерыйскія ДАКі, абсталяваныя вежамі ад танкаў m/74.

У 1980-х гадах у Сконэ мелася 61 артылерыйская агнявая кропка з вежамі ад старых танкаў. Агулам, за час існавання Лініі Сконэ было пабудавана 1063 ДАКі.

Скасаванне[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку 1990-х гадоў у арганізацыі ўзброеных сіл Швецыі ў паўночна-заходнім Сконэ адбыліся значныя змены. Былі расфарміраваны стралковыя і некаторыя артылерыйскія роты, якія займалі пазіцыі на Лініі Сконэ, такім чынам яна была скасавана. На сённяшні дзень усе агнявыя кропкі на ўзбярэжжы Сконэ дэманціраваны, за выключэннем танкавежавага ДАКа № 740 у Вікене, які стаў часткай Музея мабілізацыйнай гатоўнасці (Beredskapsmuseet).

Зноскі

  1. Wangel m. fl., Carl-Axel (1982). Sveriges militära beredskap 1939—1945. Köping: Militärhistoriska förlaget. Sid. 483—485. ISBN 91-85266-20-5
  2. Högberg, Leif (2000). Skåne-linjen : (Per-Albin linjen) : det skånska kustförsvaret under andra världskriget. Skurup: L. Högberg. Sid. 124—125. ISBN 91-973900-0-3

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Högberg, Leif (2000). Skåne-linjen : (Per-Albin linjen) : det skånska kustförsvaret under andra världskriget. Skurup: L. Högberg. ISBN 91-973900-0-3
  • Högberg, Leif (2002). I Per Albinlinjens fotspår: Del 1 Ystad. Skurup: L. Högberg. ISBN 91-973900-1-1
  • Högberg, Leif (2003). I Per Albinlinjens fotspår: Del 2 Sydvästra Skåne. Skurup: L. Högberg. ISBN 91-973900-3-8
  • Högberg, Leif (2005). I Per Albinlinjens fotspår: Del 3 Nordvästra Skåne. Skurup: L. Högberg. ISBN 91-973900-7-0

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]