Маладзечанская школа выцінанкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Маладзечанская школа выцінанкі — гэта мастацкая і культуралагічная з’ява, звязаная з адраджэннем традыцыйнага віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва выразання з паперы. Свой пачатак гэта школа бярэ ў 80-х гадах ХХ стагоддзя. Заснавальніцай яе з’яўляецца Вікторыя Мікітаўна Чырвонцава (1937—2014), мастак і педагог.

Сучаснае развіццё[правіць | правіць зыходнік]

У 1987 годзе яна пачынае працаваць у Дзіцячай мастацкай школе горада Маладзечна настаўнікам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вікторыя Мікітаўна распрацоўвае рабочую праграму па выцінанцы для малодшых і старэйшых класаў мастацкай школы.  У 1992 годзе Маладзечанскі гарвыканкам дае дазвол на адкрыцце класа народнага мастацтва пры Дзіцячай мастацкай школе для выпускнікоў школ па спецыяльнасці: выцінанка, апрацоўка саломы, ільну, разьба па  дрэве.

У 1995 годзе на базе Маладзечанскага музычнага вучылішча адкрылася аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якое ўзначаліла В. М. Чырвонцава. Выцінанка стала выкладацца як прадмет, а ў аснову навучання былі закладзеныя праграмы, распрацаваныя Вікторыяй Мікітаўнай Чырвонцавай. Праграмы вызначаюцца лагічнасцю, паслядоўным падыходам да навучання, сэнсавай напоўненасцю і павагай да гістарычнай спадчыны. У праграмы  ўвайшлі тэарэтычны і практычны курс. Разам з засваеннем тэхнічных прыёмаў, асноў кампазіцыі, тэорыі колеру, уведзена вывучэнне дысцыплін па традыцыйнай культуры беларусаў, знаёмства з міфалогіяй і сімволікай арнаментальных матываў.

У наш час толькі ў горадзе Маладзечна выцінанка выкладаецца як асобны прадмет у прафесійнай навучальнай установе  на адзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва музычнага каледжа імя Агінскага. І такі прыклад адзіны не толькі ў Беларусі, але і ва ўсёй Усходняй Еўропе.

Асноўныя рысы выцінанкі[правіць | правіць зыходнік]

Маладзечанская школа выцінанкі адметная:

  • выразнасцю кампазіцыі,
  • майстэрскай стылізацыяй,
  • якасцю тэхнікі выканання,
  • лаканічнасцю вобразаў,
  • выкарыстаннем традыцыйнай старажытнай сімволікі,
  • прытрымліваннем правілу састаўлення ўзораў з выразак трох памераў (буйных, сярэдніх, дробных).

Выкарыстоўваюцца спецыяльныя прыёмы выразання для стварэння тонавай плямы. Выцінанкі вылучаюцца высокай графічнай культурай, дызайнерскім падыходам. Майстры маладзечанскай школы абапіраюцца на набыткі культурнай нацыянальнай спадчыны, традыцыйныя беларускія арнаменты і сімвалы. Але ў той жа час кожны майстар школы мае сваю індывідуальную адметнасць і стылізацыю.

Маладзечанская школа выцінанкі у наш час[правіць | правіць зыходнік]

Былыя навучэнцы аддзялення дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва раз’язджаюцца па сваіх рэгіёнах і працягваюць традыцыі школы. Многія з іх працуюць настаўнікамі дзіцячых школ мастацтваў, метадыстамі раённых цэнтраў рамёстваў, метадычных цэнтраў народнай творчасці. Некаторыя, працягнуўшы навучанне ў мастацкіх ВУЗах краіны, выкарыстоўваюць вобразы выцінанкі ў сваіх работах па дызайну аддзення, інтэр’ера, паліграфіі, керамічных вырабаў.

Сёння ў горадзе Маладзечна працягваюць творчыя здабыткі Вікторыі Мікітаўны Чырвонцавай і з’яўляюцца асноўнымі носьбітамі традыцыі выкладчыкі аддзялення:

  • ДПМ «Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М. К. Агінскага» Чырвонцава Л. Л., Чырвонцава Н. Л.,  Валковіч-Борыс Л. М.,
  • настаўнікі Дзіцячай мастацкай школы мастацтваў г. Маладзечна Ралавец А. А., Марчанкава Т. Э., Герасіменка К. Ю., Падкарытава С. І.,
  • народныя майстры РБ Бабурына В. В., Сухая Н. А., Каўрус Ю. В.

Арганізацыі, якія спрыяюць практыцы перадачы элемента[правіць | правіць зыходнік]

Арганізацыі, якія спрыяюць практыцы мастацтва выцінанкі Маладзечанская школы:

Актуальныя cацыяльныя і культурныя функцыі[правіць | правіць зыходнік]

Выцінанка - выразанне з паперы - папулярна не толькі сярод  дарослых, але і выдатна падыходзіць для працы з дзецьмі, якія ахвотна  фантазуюць з лісточкамі паперы і нажніцамі. Выцінанкі  адкрываюць вялікія творчыя магчымасці. Бо з паперы можна выразаць шмат  прыгожых і карысных рэчаў: віншавальныя паштоўкі, навагоднія маскі,  сняжынкі, валянцінкі і многае іншае. У нашы дні шырокае распаўсюджванне атрымалі архітэктурныя формы, часта  выразаюць культавыя храмы, цэрквы, а таксама тэматычныя кампазіцыі,  прысвечаныя народным святам, мастацкім рамёствам, архітэктурным помнікам  даўніны. Словам, сучасная беларуская выцінанка адрозніваецца сваёй  багатай і разнастайнай тэматыкай, тэхнікай выканання, арыгінальнымі  дызайнерскімі рашэннямі, але пры гэтым заўсёды арыентуецца на  традыцыйныя народныя матывы.

Маладзечанская выцінанка на сучасным этапе з’яўляецца ідэнтыфікатарам  мясцовай культуры. Мастацтву выцінанкі характэрна эстэтычна-дэкаратыўная  функцыя. Традыцыя аздаблення інтэр’ераў і вокнаў на святы з кожным  годам усё больш распаўсюджваецца ў гарадскім асяродку. Няма ні воднай  навучальнай ці адміністрацыйнай установы, ці жылога дома ў Маладзечна ,  дзе не ўбачыш на зімовыя святы ўпрыгожванні з выцінанак. Працы майстроў  Маладзечанскай школы выцінанкі замаўляюць для аздаблення інтэр’еру і  выкарыстоўваюць у карпаратыўнай паліграфічнай прадукцыі розныя  арганізацыі і кампаніі.

Важнай функцыяй з’яўляецца і рэсурс  турыстычна-рэкрэацыйнага развіцця. Шматлікія госці горада  наведваюць УА  «Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М. К. Агінскага», дзе  знаходзіцца музей-фонд дыпломных работ аддзялення ДПМ, знаёмяцца з  мноствам выцінанак, якія аздабляюць інтэр’еры каледжа. Мастацтва гэтага віда народнай творчасці выконвае выхаваўчую функцыю.  Дзеці школьнага ўзросту знаёмяцца з выцінанкай на занятках выяўленчага  мастацтва і гуртках устаноў дадатковай пазашкольнай адукацыі.


Пагрозы для існавання і перадачы элемента[правіць | правіць зыходнік]

Адсутнасць у сучасным жыцці бытавой неабходнасці ў выкарыстанні  выцінанкі, даступнасць разнастайных гатовых формаў упрыгожвання  інтэр'еру, павелічэнне колькасці формаў правядзення вольнага часу для  жыхароў горада.