Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж
Тып каледж

Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж — каледж у г.Пружаны, створаны 21 верасня 1953 года загадам Міністэрства сельскай гаспадаркі і нарыхтовак БССР .

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першым дырэктарам установы быў М. С. Сянчук. Ён кіраваў тэхнікумам на працягу 10 гадоў і шмат зрабіў для развіцця ўстановы. У 1955 годзе тэхнікум быў аб’яднаны з Пружанскай аднагадовай сельскагаспадарчай школай, якая рыхтавала паляводаў, жыватнаводаў і малодшых ветфельшараў. У 1957 годзе адбыўся першы выпуск спецыялістаў. У гэтым жа годзе было арганізавана завочнае аддзяленне, што дало магчымасць спецыялістам-практыкам атрымліваць адукацыю з мінімальным адрывам ад вытворчасці. Тэхнікум упэўнена набіраў абароты — у 1960-я гадах з’явіліся аддзяленні агранаміі, электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, электрыфікацыі і механізацыі жывёлагадоўлі. Па выніках Усесаюзнай нарады кіраўнікоў саўгасаў-тэхнікумаў (1971, Масква) тэхнікум у Пружанах быў прызнаны адным з лепшых у Беларусі.

У пачатку 1990-х гг. адбыліся значныя змены ва ўсіх галінах эканомікі. Нягледзячы на гэта Пружанскі саўгас-тэхнікум здолеў захаваць калектыў выкладчыкаў, якія забяспечвалі высокі ўзровень якасці адукацыі. У 2000 г. Пружанскі сельскагаспадарчы тэхнікум стаў аграрна-тэхнічным каледжам.

Аддзяленні[правіць | правіць зыходнік]

Каледж рыхтуе спецыялістаў па наступных спецыяльнасцях: агранамія, тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці, энергетычнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці, аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасці, кіраванне ў АПК. Установа мае сучасныя вучэбна-вытворчыя памяшканні для тэарэтычных і практычных заняткаў: 26 вучэбных кабінетаў, 35 лабараторый, вучэбна-практычныя майстэрні, аўтатрактарадром, ферма буйной рагатай жывёлы, калекцыйна-доследнае поле, сад. Высокую якасць адукацыі дапамагае забяспечыць калектыў высокакваліфікаваных выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання.

Музей[правіць | правіць зыходнік]

Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж мае добрыя ўмовы для выхавання і развіцця навучэнцаў: у чэрвені 1974 г. у будынку інтэрната быў адчынены музей баявой славы. Стваральнікам і першым кіраўніком музея быў намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце М. А. Шульман. Дзякуючы яго намаганням і нястомнай працы музей ператварыўся ў музейны комплекс, які ўключае Залу Перамогі, Музей гісторыі вучэбнай установы, Музей хлеба, выставу «Народныя промыслы і рамёствы Пружанскага раёна». У музейных залах праводзяцца заняткі па гісторыі, гуманітарных навуках, ладзяцца пазакласныя мерапрыемствы. У каледжы праводзяцца канцэрты, тэатральныя пастаноўкі, забаўляльныя праграмы, традыцыйнымі сталі конкурсы «Лепшы па прафесіі».

Адным з прыярытэтных накірункаў дзейнасці Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа з’яўляецца фізічнае выхаванне навучэнцаў. Спартыўная база каледжа складаецца з гульнявой, гімнастычнай і трэнажорнай залаў, лыжнай базы. Навучэнцы прымаюць актыўны ўдзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтвах.

За перыяд свайго існавання Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж выпусціў больш за 12 000 спецыялістаў (2013 год), якія паспяхова працуюць у арганізацыях аграрна-прамысловага комплексу.

Дырэктары[правіць | правіць зыходнік]

  • М. С. Сянчук

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • 60 лет большого пути : Пружанский государственный аграрно-технический колледж / [А. В.
  • Ходорович и др.]. — Брест : Вечерний Брест, 2013. — 95 с.
  • Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. — Мінск, 2001. — Т. 13. — С. 49.
  • Пружанский государственный аграрно-технический колледж : 55 [лет / Г. А. Лавринович, А. П. Астраускас, С. Ю. Демидов]. — [Б. м. : б. и., 2008?] (Брест : Брестская типография). — 23 с.
  • Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. — Минск, 2009. — Т. 1, кн. 2. — С. 279.
  • Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. — Минск, 2008. — Т. 6. — С. 311.