Размовы:Івацэвічы

Змест старонкі недаступны на іншых мовах.
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Івацэвічы: да 490-годдзя горада Кажуць, што першага пасяленца, які аблюбаваў стромы пагорак па-над рэчкай Грыўдай, звалі Івач, а паселішча, якое ўзнікла, назвалі Івачэвічамі, а крыху пазней Івацэвічамі. Цяпер гэта прыгожы сучасны горад, цэнтр раёна Брэсцкай вобласці. Чыгуначная і аўтобусная станцыі стаяць якраз на лініі Брэст – Масква, праз Івацэвічы праходзіць аўтамагістраль Пінск – Гродна.

Першая згадка пра Івацэвічы адносіцца да 1519 г. У Літоўскай метрыцы 26 мая 1519 года зроблены запіс здзелкі Мікалая Мікалаевіча Іллініча з гарадзенскімі яўрэямі Ісакам і Лазарам, якія атрымалі ад Іллініча за доўг маёнтак, як тады пісалі, Івачэвічы. Пасля смерці Мікалая Іллініча ў 1540 годзе яго заступнікам стаў сын Ян, які ў тым жа годзе скардзіцца вялікаму князю ВКЛ Жыгімонту ІІ на слонімскага войскага Грыньку Міхайловіча, што “держит под собою петнадцать служоб людей моих именья моего Ивачовского и млын с прудом, ку чему дей он никоторое причины не маеть».

У 1555 годзе Івацэвічы, згодна дакументам, з'яўляюцца ўласнасцю слонімскага суддзі Яна Віктарына, які атрымаў маёнтак за жонкай Ганнай, дачкой Яна Іллініча.

Вясковае жыццё таго часу падавала нямала зачэпак да спрэчак і сутыкненняў паміж суседзямі. Так, у 1559 годзе гошчаўскі пан Леў Абразцоў, “наехавши з многими слугами и подданными своими» на землі маёнтка Івацэвічы суддзі Яна Віктарына, «отъехал на колькодесят бочок поля, а сеножатей также на колько стирт сена, и теж дубравы и лесов немало, копцы давние розметать и грани з сосон и з дубрав вырубати, а стену ново положити и копцы покопати казал».

Яшчэ горш. 27 лістапада 1560 года нейкі Станіслаў Белавус, меўшы вялікую непрыязнасць да Яна Віктарына, “млын пана Викторинов тартичный спалил и с суботы на неделю свечками серчеными и с порохом ручничным; … иже колим ехал от пана Льва Гощовского подпившы и мовилом так, будучы в Ивачевичах: «Доме, доме! Коли ты будешь горети, я тебе не буду гасити!»

Пасля смерці Яна Віктарына ў 1566 годзе, яго жонка Ганна прадае частку маёнтка Івацэвічы пану Яну Юр'евічу Багуматку. Яна ж у 1568 годзе запісвае на Зэльвенскую алтарню 4 сялянскія службы з іх сем'ямі і землямі, назначае з Шыловіцкага і Івацэвіцкага двароў пэўную колькасць мёду і воску і дае права сеяць 6 бочак (4,2 дзес.) хлеба на зямлі, якая належыць названым дварам.

У 1631 годзе г. Івацэвічы – уладанне пана Стэфана Кандзежаўскага. У інвентары, дзе запісаны павіннасці сялян, чытаем: «З кожнай паўвалокі аседлай аднаму чалавеку 3 дні ў тыдзень працаваць, але на час жніва з паўвалокі службовай павінны працаваць чатыры дні па два чалавекі, а два вольных дні ім захоўваюцца. Сваёй чаргой яны павінны несці варту ў памешчыцкім двары па адным чалавеку з аседлай валокі. Жонкі іх павінны працаваць на ўсякай праполцы, на ўборцы гародніны, а таксама прасці панскі лён і воўну.

Палавіну мёду з вулляў сялянскіх, палявых і лясных борцяў яны павінны здаваць пану, а за другую палову пан павінен плаціць па звычаю з кожнага гарнца» (гарнец – 3,3 кг.).

З 2-ой пал. XVI стагоддзя. Івацэвічы ў Боркінскай воласці Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства Каля 1750 года тут быў узведзены касцёл Святога Крыжа, які ў 1860 годзе быў перароблены пад праваслаўную царкву, але ў 1922 годзе зноў вернуты католікам.

У 1784 годзе маёнтак Івацэвічы –– уласнасць пана Яна Сяплюцкага, працаваў бровар, смалакурня.

З 1795 года у складзе Расійскай імперыі, у Слонімскай, з 12.12.1796 года ў Літоўскай, з 28.8.1802 года ў Гродзенскай губернях.

З пачатку XIX стагоддзя Івацэвічы належаць магнацкаму роду Юндзілаў. У 1845 годзе Гродзенскім губернскім камітэтам быў зацверджаны інвентар маёнтка Івацэвічы, што належаў у гэты час памешчыку Івану Юндзілу. У дакуменце даецца маёмаснае і дэмаграфічнае становішча сельбішча, пералічваюцца абавязкі прыгонных сялян перад панам.

З адкрыццём 1 снежня 1846 года Маскоўска – Варшаўскай шашы пачала дзейнічаць Івацэвіцкая паштовая станцыя (1848 год). З будаўніцтвам чыгункі Варшава – Масква (уведзена ў эксплуатацыю 28 лістапада 1871 года) адкрылася чыгуначная станцыя, узнікла паселішча пры ёй.

У канцы XIX стагоддзя ў Івацэвічах былі бровар і цагельня, сукнавальня і вадзяны млын, царква. У 1905 годзе маёнтак Івацэвічы знаходзіўся ў Боркінскай воласці Слонімскага павета, 60 жыхароў, у паселішчы – 37 жыхароў.

У Першую сусветную вайну Івацэвічы знаходзіліся пад акупацыяй Германіі. З Івацэвіч у целяханскія лясы была пракладзена вузкакалейка, па якой вывозілі лес, працаваў тартак. З 1921 да 1939 года – мястэчка ў складзе Польшчы, у Боркі – Гічыцкай гміне Косаўскага павета Палескага ваяводства У 1921 г. маёнтак – 14 двароў, 78 жыхароў; фальварак – 10 двароў, 151 жыхар; чыгуначная станцыя – 21 будынак, 144 жыхары.

У 1935 годзе ў Івацэвічах 1860 жыхароў, чыгуначная станцыя, пры ёй буфет. Была пошта, тэлеграф, аптэка, амбулаторыя, запраўка для аўтамабіляў, некалькі гатэляў, дваровая капліца графаў Юндзілаў, уладальнікаў вялікіх лясных абшараў у Косаўскім і Слонімскім паветах. Паравы рухавік забяспечваў электрычнасцю не толькі тартак, але і пасёлак, працавала пачатковая школа.

У 1936 годзе баставала 306 рабочых лесапільных заводаў. Іх падтрымалі рабочыя, якія працавалі на ўрэгуляванні ракі Грыўда. Прычынаю забастоўкі стала нізкая аплата працы.

З 1939 года ў складзе БССР. З 1940 года ў Косаўскім раёне Брэсцкай вобласці, 600 двароў, 2415 жыхароў, МТС, лесазавод, спіртзавод, смалакурня, электрастанцыя, млын, абутковая арцель, 7 – гадовая школа, пошта, бальніца.

З 24.6.1941 года па 12.7.1944 год знаходзіліся пад акупацыяй фашысцкай Германіі. У вайну загінулі больш за 1000 мірных грамадзян. Значная колькасць ахвяр – жыхары яўрэйскай нацыянальнасці, расстраляныя ў 1942 – 1943 гадах ва ўрочышчы Жвіроўня (ля дарогі на г. Косава). 25 жыхароў мястэчка не вярнуліся з фронту.

Вызвалялі Івацэвічы часці 20-га стралковага корпуса 28-й арміі 1-га Беларускага фронту з удзелам партызан 8-й партызанскай брыгады Брэсцкага злучэння. У баях за горад загінулі 162 савецкія воіны і партызаны ( пахаваны ў брацкіх магілах на гарадскіх могілках і ў скверы па вул. Савецкай).

У 1948 годзе на брацкай магіле пастаўлены абеліск, у 1956 годзе помнік – скульптура воіна.

У маі 1942 года фашысты закатавалі сакратара Яглевіцкай падпольнай арганізацыі В.С.Клютко. У 1966 годзе на месцы загубы героя пастаўлена стэла.

З 20.9.1947 года – гарадскі пасёлак, цэнтр Івацэвіцкана раёна.

З 2 кастрычніка 1947 года пачала выходзіць раённая газета «Чырвоная звязда», з 28 кастрычніка 1956 года называлася «Зара камунізму». З 26 красавіка 1962 года да 31 сакавіка 1965 года быў перапынак у выданні раёнкі ў сувязі з далучэннем Івацэвіцкага раёна да суседняга Бярозаўскага.

У 1965 годзе Івацэвіцкі раён аднаўляецца, і ўжо 1 красавіка таго ж года выйшаў першы нумар газеты «Кастрычнік», з 1991 года – «Івацэвіцкі веснік», вядзецца раённае радыёвяшчанне.

З 12 верасня 1995 года выдаецца рэгіянальная «Газета для Вас».

Пасля вайны насельніцтва Івацэвічаў хутка павялічвалася: з рабочага пасёлка ў 1945 годзе да гарадскога (1947) і затым горада (23.5. 1966).

Насельніцтва расло так: 1945 г. – 3,7 тыс. чалавек, 1971 – 8 тысяч, 1979 – 10870, 1981 – 12,6 тысяч, 1997 – 19,7 тысяч, 2005 – 24,2 тысячы жыхароў. На 1.1.2008 г. у Івацэвічах пражывала 26,2 тысячы чалавек.

У горадзе даволі шпарка развівалася прамысловасць. У 1970 г. працавалі лесазавод, леспрамгас, хімлясгас, спіртзавод, маслазавод, раённае аб'яднанне «Сельгастэхніка», камбінат бытавога абслугоўвання.

Дзейнічалі 2 сярэднія школы, школа рабочай моладзі, музычная і дзіцячая спартыўная школы, дзіцячы сад і 2 дзіцячых ясляў – садоў, Дом піянераў, кінатэатр, 2 клубы, 3 масавыя бібліятэкі, бальніца, аптэка, магазіны.

Некаторыя дробныя прадпрыемствы перарасталі ў буйныя.За дзесяць гадоў (1967 – 1977 гады) лесазавод №13 вырас у вядомае ў рэспубліцы прадпрыемства. У 1973 годзе ў Івацэвічах пабудаваны ільнозавод. Для патрэб будаўніцтва быў створаны завод жалезабетонных вырабаў. Галоўная яго прадукцыя – панэлі і жалезабетонныя канструкцыі для будаўніцтва жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў. Больш чым у паўтара разы павялічыў выпуск прадукцыі спіртзавод. Добра працавалі будаўнічыя арганізацыі. Для прыкладу, толькі ў Івацэвічах перасоўная механізаваная калона № 28, створаная ў 1966 годзе, пабудавала кінатэатр «Партызан», Дом Саветаў, гасцініцу, рэстаран «Шчара», раённую бальніцу, сярэднія школы №2 і №3, ільнозавод, вытворчыя цэхі ВА «Івацэвічдрэў», дзіцячыя садкі «Сонейка», «Іскрынка», «Алеся», «Церамок», шматкватэрныя жылыя дамы. Трэба адзначыць, што ў 1990-я гады прадпрыемствы горада сутыкнуліся з многімі праблемамі і цяжкасцямі – часткова альбо нават поўнасцю былі парушаны эканамічныя сувязі як унутры рэспублікі, так і з краінамі СНД. Вырасла запазычанасць прадпрыемствам гандлёвымі арганізацыямі, не хапала сыравіны і камплектуючых вырабаў. Усё гэта вымушала працаваць з вялікімі перабоямі, адчуваўся недахоп рабочых месцаў.

І ўсё ж жыццё не стаяла на месцы: ішло інтэнсіўнае жыллёвае будаўніцтва, з'явіліся ў горадзе новыя сучасныя школы, іншыя грамадскія будынкі. Шырыцца прадпрымальніцкі рух, з'явілася шмат новых гандлёвых кропак, пунктаў па аказанні бытавых паслуг. У 2006 годзе у Івацэвічах прайшлі абласныя дажынкі. Да гэтага свята рыхтаваліся, шмат зрабілі, каб горад памаладзеў, папрыгажэў. У 2009 годзе Івацэвічы адзначылі свой юбілей – 490 годдзе з дня першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах. Наперадзе – пяцьсотгадовы юбілей. http://gdv.of.by/by/18/100/493/