Размовы:Герб Гродна

Змест старонкі недаступны на іншых мовах.
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

З дапаўнення ананіма[правіць зыходнік]

Герб Гродна быў створаны нашымі продкамі – мяшчанамі-гродзенцамі пасля атрымання імі ад вялікага князя Аляксандра Ягайлавіча прывілея на магдэбургскае права ў 1496 г. З таго часу прайшло 44 гады, была пабудавана Ратуша, працаваў магістрат. Але на пячатках магістрата адсутнічаў герб. І тады ў 1540 г. вялікая княгіня літоўская і каралева польская Бона Сфорца выдала гораду новы прывілей, згодна з якім гарадзенскаму войту і магістрату прадпісвалася змясціць на пячатцы Гродна герб «падобна Люблінскаму». Першыя дакументы, засведчаныя гарадскімі пячаткамі з выявай гарадскога герба, якія дайшлі да нашага часу, з’явіліся ў 1560-я гг., аднак на іх змяшчаецца дата 1540 г. На пячатках – выява Аленя св. Губерта, які пераскоквае праз агароджу. Герб Гродна з выявай Аленя існаваў каля 250 гадоў.

Факты гісторыі

Гарадское справаводства зафіксавала розныя выявы герба. На пячатках з датамі «1540» і «1565» – падобны герб. Аднак на пячатцы з датай «1640» (на дакуменце 1652 г.) агароджы няма. На дакуменце 1792 г. замест агароджы – контуры трох узгоркі. На дакументах 1718 і 1784 гг. на гербе паміж рагоў Аленя няма крыжа, замест агароджы тры узвысшы. На пячатцы з датай «1540», якая выяўлена на асобных дакументах за 1772–1791 гг., выкананы Алень з крыжам над агароджаю на фоне трох кустоў.

Заданне на спалучэнне фантазіі і інтуіцыі: прапануйце свае меркаванні наконт варыянтаў герба Гродна з выявай Аленя.

Пасля ўключэння Гродна ў склад Расійскай імперыі пэўны час на выяве герба быў Алень св. Губерта, выкананы побач з двухгаловым арлом, на грудзях якога быў шчыт з «Пагоняй», а па баках - скіпетр і дзяржава. 3 утварэннем Гродзенскай губерні горад страціў свой герб і амаль 120 гадоў карыстаўся губернскім гербам з выявай зубра рамешчанага на чырвоным полі шчыта, хаця згодна з «Даравальнай граматай гарадам» выдадзенай пры Кацярыне II, мог яго мець. У 1919 г., калі Гродна адышоў да Польшчы, польскія ўлады вярнулі герб з выявай Аленя св. Губерта. У 1939 г. герб ізноў знік амаль на паўстагоддзя. Грамадска-палітычныя перамены ў Беларусі другой паловы 80-х гг. ХХ ст. паўплывалі на змену герба і вяртанне яго гістарычных элементаў. Гэта быў савецкі час, і па выніках конкурсу, ініцыяванага выканкамам Гродзенскага гарсавета народных дэпутатаў 15 чэрвеня 1988 г., герб выглядаў так: «Герб г. Гродна мае форму раннегеральдычнага шчыта; фон шчыта выкананы ў выглядзе сцяга Беларускай ССР... на фоне намаляваны залаты Алень, які пераскоквае праз агароджу; шчыт абведзены залатой паласой». Гэта быў рэканструяваны герб XVI ст., аднак не стала залатога крыжа, на мяжы шчыта з’явілася чырвоная зорка; колер шчыта з блакітнага ператварыўся ў чырвона-зялёны. Парушэнні геральдычных прынцыпаў выправіла рашэнне трэцяй сесіі Гродзенскага гарсавета ў 1990 г., калі быў зацверджаны гістарычны герб XVI ст. у яго класічным варыянце.

2. Аб чым «гаворыць» герб Гродна. Выява агароджы пад Аленем св. Губерта - гэта зашыфраваная назва летапіснага горада Горадзен, што азначае: Абаронца. Алень з залатым крыжам паміж рогамі не пераскоквае праз агароджу, а быццам лунае над горадам. Ускосна пра гэта сведчыць змест легенды пра св. Губерта.

Легенда пра святога Губерта. Хоць Губерт (каля 656 – 728гг.), сын Бертранда, герцага Аквітанскага  і быў рэальнай асобай, аднак звесткі пра яго носяць легендарны характар. Існуюць некалькі паданняў пра сустрэчу Губерта з Аленем. Губерт, чалавек вельмі прыстойны і набожны, вучыўся ў біскупа Ламберта. Свае маёнткі ён раздаваў бедным, праславіўся як выдатны  прапаведнік. На месцы забойства Ламберта пабудаваў храм, дзе змясціў рэліквіі свайго сябра і настаўніка.. Сам памёр паблізу Бруселя і пахаваны ў царкве святога Пятра ў горадзе Льеж. Другая легеда малюе Губерта чалавекам бесклапотным,  які вольны час праводзіў у балях і паляваннях. Але аднойчы падчас палявання з'явіўся яму Алень з крыжам паміж рогамі і сказаў: «Калі не зменіш лад жыцця, дык хутка трапіш у пекла». Моцна здзівіўся Губерт, злез з каня і пачаў шчыра маліцца. Пасля ён склаў з сябе ўсе пасады, папрасіў благаславення ў біскупа Ламберта і сем гадоў правёў паломнікам у Ардэнскіх гарах. Там Губерт зноў пачуў голас: «Пакінь самоту і ідзі ў Рым! ». Так ён і зрабіў. Слухаў прамовы рымскага папы Сергія I, які пасля смерці Ламберта прызначыў Губерта біскупам. На гэтай пасадзе Губерт прапаведаваў хрысціянства, абараняў жабракоў, за што і быў абвешчаны святым. 

Паколькі святы Губерт – апякун паляўнічых, зразумела з’яўленне на гербе Гродна Аленя св. Губерта. Бо сярод аб’ектаў палявання гродзенцаў ХІІ ст. на першым месцы быў высакародны алень, косці якога складаюць 25 % знойдзеных падчас археалагічных раскопак касцей дзікіх жывёлаў. Сярод беларускіх гарадоў такое характэрна толькі для Гродна. Алень – гэта і сімвал ваяра. Ён любімы персанаж казак і легенд, калядных і вясельных песень, яго часам называлі цудоўным і дзівосным зверам – аленем. У паганскай, а затым і ў хрысціянскай традыцыі алень лічыўся сімвалам Сонца, апосталаў або святых. Сімвал аленя з крыжам паміж рогамі атрымаў шырокае распаўсюджанне ў жыціях святых. Таму ў гербе Гродна такая негеральдычная фігура можа ўспрымацца як сімвал душы горада. Гэта яшчэ і сімвал ісціны, веры, чысціні думак, мудрасці і ўрадлівасці. Золата крыжа сімвалізуе багацце, справядлівасць, вялікадушнасць. Блакітная фініфць шчыта – сімвал прыгажосці, велічы, мяккасці. Спалучэнне золата і блакітнай фініфці падкрэслівае, што гораду наканавана квітнець «на славу, каб дагадзіць Богу».

Факты гісторыі. У дзень св. Губерта, 3 лістапада, у мінулым святкавалі у Гродне Дзень горада.

     Сюжэт са сцэнай з’яўлення Аленя з залатым крыжам паміж рогамі перад Губертам быў вельмі папулярны сярод гарадзенцаў і знайшоў адлюстраванне ў шматлікай атрыбутыцы, што змяшчалася на розных рэчах. Напрыклад, у гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі экспануецца ваза XII ст. з выявай Аленя св. Губерта. У сярэднявеччы ў Баварыі, Чэхіі, Францыі існаваў рыцарскі ордэн св. Губерта.  З ХV ст. існавала ўзнагарода «Ордэн св.Губерта».  

3. Пад сцягам Гродна. У старажытнасці Гродна не меў сцяга (харугвы). Існавалі ваяводскія і павятовыя харугвы. Гродна ўваходзіў у Трокскае ваяводства, харугва якога была блакітная і мела «Пагоню», размешчаную ў чырвоным полі. Тыя ж колеры і «Пагоню» утрымлівала харугва Гродзенскага павета.

Факты гісторыі. У савецкі час упершыню сцяг горада быў зацверджаны ў 1940 г. Другі ўзор сцяга прыняты ў 1944 г., наступны – у 1977 г. Ён выглядаў так: двухбаковае аксамітнае палотнішча памерам 160 х 130 см, абшытае па баках макрамэ, з прымацаваным да дрэўца навершам, у аснаванні якога размяшчаўся залацісты кутас. На правым баку палотнішча залацістым шоўкам вышыты партрэт Леніна і лозунг: «Под знаменем марксизма-ленинизма, под руководством Коммунистической партии – вперёд к победе коммунизма!». На адваротным баку знаходзілася выява герба СССР, над якой надпіс: «Пролетарии всех стран, соединяйтесь! ». Менавіта на гэты сцяг прымацавалі ў 1978 г. узнагароду Гродна – ордэн Чырвонага Працоўнага Сцяга.

У маі 1997 г. сесія гарадскога Савета дэпутатаў прыняла рашэнне аб распрацоўцы праекта чацвёртага варыянта сцяга горада. Гарадскі выканаўчы камітэт даручыў выкананне праекта гродзенскаму гісторыку і краязнаўцу Вячаславу Шведу. Пры распрацоўцы новага варыянта сцяга ўлічваліся правілы вексілалогіі. Таму колер харугвы строга супадае з афарбоўкай гербавага шчыта, на ёй малюецца толькі выява галоўнай эмблемы (негеральдычнай фігуры) без шчыта - яго ролю выконвае харугва.

Сцяг Гродна – блакітны палотнішча, на якой вышыты залаты Алень св. Губерта, які пераскоквае праз агароджу. сесія гарадскога Савета дэпутатаў зацвердзіла сцяг Гродна. Арыгінал сцяга, зроблены на фабрыцы ў Мінску, захоўваецца ў Гродзенскім гарадскім выканаўчым камітэце.


Тэкст вынесены з артыкула. --Дзяніс Тутэйшы (размовы) 18:29, 12 студзеня 2016 (MSK)[адказаць]