Рудабельскія вароты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Рудабельскія вароты — разрыў шырынёй каля 10 км у лініі нямецкага фронту групы армій «Цэнтр» паміж Азарычамі і Парычамі, утвораны ў выніку Гомельска-Рэчыцкай аперацыі і баявых дзеянняў 125-й Акцябрскай партызанскай брыгады імя 25-годдзя БССР. Рудабельскія вароты існавалі з канца лістапада па канец снежня 1943 года.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Подступы да Рудабельскіх варот утрымлівалі 37-я (генерал-маёр Я. Р. Ушакоў) і 60-я (палкоўнік А. В. Багаяўленскі) стралковыя дывізіі 65-й арміі Беларускага фронту, і партызаны Палескага і Мінскага партызанскіх злучэнняў. Праз Рудабельскія вароты ў тыл ворага накіроўваліся разведгрупы і сувязныя, спецыяльныя групы палітработнікаў, прадстаўнікі армейскага камандавання для каардынацыі дзеянняў з партызанамі, дастаўляліся зброя, боепрыпасы, медыкаменты, літаратура. З акупаванай тэрыторыі партызаны перадавалі камандаванню Чырвонай арміі неабходныя разведданныя, забяспечвалі армейскія часткі праваднікамі, перапраўлялі ў савецкі тыл параненых і хворых, вывелі некалькі дзясяткаў тысяч мірных жыхароў, больш за 10 000 добраахвотнікаў папоўнілі рады 65-й арміі. Сяляне накіроўвалі абозы з хлебам, жывёлу.

У канцы снежня 1943 года гітлераўцы буйнымі сіламі прарвалі абарону 37-й і 60-й дывізій і партызан і закрылі Рудабельскія вароты. З падраздзяленняў 37-й і 60-й стралковых дывізій, што засталіся ў тыле ворага, быў сфарміраваны зводны полк пад камандаваннем палкоўніка Н. І. Фрэнкеля, які каля 2 месяцаў разам з партызанамі вёў актыўныя баявыя дзеянні. 16 студзеня 1944 год полк прарваўся праз лінію фронту.

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

У гонар Рудабельскіх варот каля вёскі Мікуль-Гарадок Акцябрскага раёна ў 1976 годзе быў пастаўлены абеліск.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.:І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.