Сувораўскі кадэцкі корпус

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Сувораўскі кадэцкі корпус — ваенна-вучэбная ўстанова ў Расійскай імперыі. Створана ў 1899 годзе ў Варшаве як Варшаўскі кадэцкі корпус паводле загада імператара Мікалая II. У 1900 годзе, у год стагоддзя смерці А. В. Суворава, перайменавана ў Сувораўскі кадэцкі корпус. Штат — 4 роты; афіцэраў-выхавацеляў — 22; кадэтаў-інтэрнаў — 500 чалавек. Для царквы корпуса быў падараваны іканастас, які знаходзіўся пры арміі Суворава падчас яе ўступлення ў Варшаву ў 1794 годзе, а затым — пры галоўнай штаб-кватэры імператара Аляксандра I падчас замежных паходаў 1813—1814 гадоў. Афіцыйным святам Сувораўскага кадэцкага корпуса стала 1 кастрычніка — дзень асвячэння царквы. Улетку таго ж года ў адным з лепшых месцаў польскай сталіцы, на Уяздоўскай алеі, адбылася ўрачыстая закладка новага будынка.

У 1906 годзе ў сувязі з першым выпускам кадэтаў корпусу быў уручаны сцяг гвардзейскага ўзору: белае палатно з абліччам Спаса Нерукатворнага на адным баку і з імператарскім вензелем пад каронай — з іншага, і быў прысвоены марш «Гром победы, раздавайся» кампазітара О. А. Казлоўскага на верш Г. Р. Дзяржавіна, створаны ў гонар перамогі А. В. Суворава пад Ізмаілам. На контрпагонах і на фуражцы кадэтаў замест какард быў змешчаны трафарэт «СУВ».

У 1914 годзе пасля пачатку Першай сусветнай вайны корпус быў пераведзены ў Маскву, дзе і існаваў да 1918 года, калі быў расфарміраваны.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]