Анатамічная будова добра прыстасавана да збірання і засваення як фіта-, так і зоапланктону. Падобны да таўсталобіка звычайнага. Адрозніваецца ад яго больш хуткім тэмпам росту (маса да 30—35 кг), адсутнасцю кіля на бруху, большай галавой і даўжэйшымі груднымі плаўнікамі, цямнейшай афарбоўкай цела і карацейшым кішэчнікам.
Пашыраны ў вадаёмах Кітая і басейна Амура. Выкарыстоўваецца для акліматызацыі па-за межамі прыроднага арэала. На Беларусь упершыню завезоны ў 1965 для вырошчвання ў сажалкавых гаспадарках.