Спорасховішчы — плазмодыякарпы або спарангіі (часам псеўдаэталіі). Спарангіі рознай формы: круглявыя, цыліндрычныя або булавападобныя, могуць быць прыўзняты на ножцы, у некаторых прадстаўнікоў няправільнай формы, адзінкавыя або ў групах.
Капіліцый прадстаўляе сабой сетку з галінаваных валокнаў альбо мноства асобных нітак. Ніткі капіліцыя полыя. Маюць розную арнаментацыю (спіралепадобныя або колцападобныя патаўшчэнні, шыпікі, сетачка); часам гладкія. Тыповы капіліцый з ізаляваных нітак са спіральнымі патаўшчэннямі.
Споры звычайна ярка-жоўтыя ў масе, у некаторых прадстаўнікоў — чырвоныя або бурыя.
Роды сямейства адрозніваюць ў асноўным па прыкметах капіліцыя і перыдыя. Межы некаторых родаў, як і самога сямейства, некалькі размытыя.