Перайсці да зместу

Герб Беліза

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Герб Беліза быў прыняты пасля набыцця незалежнасці, і толькі трохі адрозніваецца ад ранейшага герба, калі Беліз быў брытанскай калоніяй.

Круглая мяжа герба сфарміравана дваццаццю пяццю лісцінкамі. У межах гэтага кола намалявана чырвонае дрэва з каштоўнейшай драўнінай, спераду — шчыт. Першымі еўрапейцамі на тэрыторыі Беліза сталі гандляры чырвоным дрэвам. На шчыце намаляваныя інструменты дрывасекаў — вясло (лес для экспарту сплаўляўся па рэках; самі ж дрывасекі падымаліся ўверх па рэках ў пошуках не высечаных яшчэ масіваў чырвонага дрэва), сякеры рознай формы і піла.

У ніжняй частцы шчыта — паруснае судна (бо вялікая частка чырвонага дрэва вывозілася па моры ў Вялікабрытанію — для вырабу мэблі, а таксама для тэкстыльнай прамысловасці).

Трымальнікі шчыта — два дрывасекі. Адзін з іх са светлай, другі з цёмнай скурай: індзейская (метысы) і негрыцянская (мулаты) складнікі насельніцтва. Левы трымальнік трымае сякеру, правы — вясло.

Герб прадстаўлены ў цэнтры нацыянальнага сцяга.