Савецкія ваенныя спецыялісты за мяжой

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Па гадзіннікавай стрэлцы зверху—злева: авіяспецыялісты ў Кітаі, 1938; cавецкія зенітчыкі разам з в’етнамскімі вайскоўцамі, 1967; саветнікі ў цывільным на фоне піраміды Хефрэна і Вялікага сфінкса, 1972; саветнікі ў Анголе пры планаванні ваеннай аперацыі, канец 1970-х — пачатак 1980-х; афіцэры 231-га зенітна-ракетнага палка СПА СССР у сірыйскай ваеннай форме, 1983/1984.

Савецкія ваенныя спецыялісты за мяжойваенныя саветнікі і ваенспецы з СССР, накіраваныя ў дапамогу замежным узброеным сілам. Дадзеная практыка з’яўлялася адным з ключавых напрамкаў міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва дзяржавы[1].

Да гэтай катэгорыі ваеннаслужачых не адносіцца асабісты склад часцей кантынгентаў, якія на пастаяннай аснове дыслакаваліся за мяжой (Група савецкіх войск у Германіі, Паўночная група войск і іншыя).

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Да задач савецкіх вайскоўцаў за мяжой ставіліся[2]:

  • распрацоўка прапаноў і рэкамендацый па пытаннях фарміравання, тэхнічнага абсталявання і прымянення нацыянальных узброеных сіл;
  • аказанне дапамогі ў падтрыманні баявой гатоўнасці, арганізацыі баявой і аператыўнай падрыхтоўкі войск і штабоў;
  • аказанне дапамогі ў засваенні ваеннай тэхнікі і ўзбраення;
  • арганізацыя сістэмы падрыхтоўкі ваенных кадраў;
  • удзел у будаўніцтве аб’ектаў абароннага прызначэння.

Часта кадры накіроўваліся ў тыя краіны, якія набывалі савецкае ўзбраенне[3]. У зонах ваенных дзеянняў яны пры неабходнасці маглі ўдзельнічаць у баях[4]. Многія кансультанты часцяком станавіліся як бы другім, «рэзервовым нумарам разліку» пры падсаветных камандзірах і начальніках, іх своеасаблівай ценем[5]. Часам даводзілася працаваць у супрацоўніцтве з ідэалагічнымі праціўнікамі: ізраільцянамі ў Эфіопіі, партугальцамі ў Анголе, амерыканцамі ў Чылі, брытанцамі ў Замбіі і Танзаніі. У некаторых выпадках савецкім спецыялістам складалі канкурэнцыю ваеннаслужачыя з армій сацыялістычных краін, напрыклад, кітайцы, румыны альбо ўсходнія немцы[6].

Доўгі час дадзены напрамак дзейнасці, як і ўсё міжнароднае ваеннае супрацоўніцтва, не меў спецыяльных апаратаў і органаў. Загадам міністра абароны СССР Аляскандра Васілеўскага ад 15 сакавіка 1951 года са складу Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Генштаба УС СССР быў выведзены 10-ы аддзел, на аснове якога створана 10-е ўпраўленне (таксама вядомае як «дзясятка»). Яго задачай стала арганізацыя ваеннага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з замежнымі дзяржавамі. Хутка ў складзе ўтвораны 9 напрамкаў: тры аператыўных (заходняе, паўднёва-заходняе і далёкаўсходняе), аператыўна-тактычнай падрыхтоўкі, падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў, арганізацыйна-мабілізацыйны, узбраення і тэхнічнага абсталявання войск, кадраў, ліцэнзій і ўліку навукова-даследчых і вопытных работ, а таксама некалькі падраздзяленняў тэхнічнага забеспячэння. У дзейнасці ўпраўлення асаблівае значэнне набыла адпраўка кадраў за мяжу[7].

У многіх краінах засноўвалася пасада галоўнага ваеннага саветніка, ГВС (пры міністры абароны, галоўнакамандуючым, рэвалюцыйным урадзе). Як правіла, гэта быў генерал-лейтэнант або генерал-палкоўнік, а па дасягненні штатнай колькасці ў адну тысячу чалавек місію мог узначаліць нават генерал арміі. ГВСы валодалі шырокімі паўнамоцтвамі аж да прамога выхаду на начальніка Генеральнага штаба і міністра абароны, а то і прэзідэнта краіны знаходжання. Яны станавілася магутным рычагом уздзеяння не толькі на ваенную, але і на знешнюю і ўнутраную палітыку дзяржаў-партнёраў. Там, дзе ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва выходзіла на пярэдні план, ГВС станавіўся другім пасля пасла савецкім прадстаўніком, а часам і засланяў яго[5].

Ніжэй за ГВС стаялі саветнікі ў вышэйшых штабах і службах. За імі ішлі прыпісаныя да камандуючых воінскіх фарміраванняў і інструктары. У зонах баявых дзеянняў існавала яшчэ адна падгрупа — афіцэры і салдаты, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў баях[8].

Колькасць неабходных спецыялістаў і іх катэгорыі, як правіла, вызначаліся мясцовым камандаваннем зыходзячы з якая паставай савецкай баявой тэхнікі. Спіс жа саветнікаў зацвярджаўся і прапаноўваўся савецкім бокам, але мог быць цалкам або часткова адпрэчаны партнёрамі[5]. Кандыдатаў на замежныя місіі адбіралі з лепшых ваеннаслужачых цэнтральныя ўпраўленні і кадравыя органы абароннага ведамства праз камандуючых войскамі ваенных акругаў. Многія з іх скончылі ваенныя акадэміі і валодалі значным вопытам службы. Галоўнага і старэйшых ваенных саветнікаў зацвярджалі ў ЦК партыі. Адабраныя кандыдаты праходзілі дадатковае навучанне на зборах у Маскве[8].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Міжваенны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

У жніўні 1921 года, яшчэ да ўтварэння СССР і ва ўмовах грамадзянскай вайны, кіраўніцтва РСФСР накіравала каманду ваенных спецыялістаў на чале з Міхаілам Фрунзэ да турэцкіх войск Мустафы Кемаля. З іх з’яўленнем звязваюць распрацоўку наступальных аперацый супраць грэкаў, якія ўвянчаліся першымі перамогамі туркаў у барацьбе з Антантай і султанскім урадам. Пры дапамозе замежных інструктараў атрымалася павысіць арганізаванасць раз’яднаных атрадаў рэвалюцыйнай арміі[9].

У сакавіку 1923 годзе разгорнута ваенна-саветніцкая падтрымка для Кітая, а менавіта для прыхільнікаў Сунь Ятсена і Чан Кайшы. Усяго да 1927 года ў краіне пабывалі 135 вайскоўцаў, у тым ліку Васіль Блюхер, Міхаіл Барадзін, Аляксандр Чарапанаў, Павел Паўлаў і іншыя. Замежнікі ўнеслі вялікі ўклад у станаўленне Нацыянальна-рэвалюцыйнай арміі Паўднёвага Кітая (НРА), прынялі ўдзел у Паўночным паходзе, арганізавалі работу Акадэміі Вампу. Аднак з-за грамадзянскай вайны паміж Гаміньданам і КПК савецкая вайсковая прысутнасць згорнута. У 1937—1941 гадах ваенныя саветнікі і спецыялісты вярнуліся ў Кітай, дапамагаючы ў барацьбе супраць японскага ўварвання. Вайскоўцы рыхтавалі танкістаў, артылерыстаў, лётчыкаў, афіцэраў-пяхотнікаў, часта непасрэдна ўдзельнічалі ў баях. Станам на люты 1939 года замежны кантынгент складаў 3665 чалавек[10][11].

У 1930-я гады вайскоўцы аказвалі садзейнічанне Манголіі па розных пытаннях, Турцыі ў парашутнай падрыхтоўцы, Францыі па пытаннях ваенных зносіх і парашутнай падрытхоўцы. Як адзначалі расійскія гісторыкі Марыя Дацішына і Андрэй Сарокін, ініцыятарам супрацоўніцтва звычайна былі іншыя краіны. У асноўным замежныя партнёры запытвалі кансультацыі[12]. У гэты ж перыяд савецкія ваеннаслужачыя адзначыліся ўдзелам у грамадзянскай вайне 1936—1939 гадоў, падтрымаўшы рэспубліканцаў у супрацьстаянні з франкістамі. Усяго ў канфлікце прынялі ўдзел 3000 чалавек: агульнавайсковыя спецыялісты, лётчыкі, танкісты, маракі і іншыя. Галоўнымі саветнікамі ў краіне ў розны перыяд былі Ян Берзін (1936—1937), Рыгор Штэрн (1937—1938) і Кузьма Качанаў (1938—1939)[13]. Вопыт баявых дзеянняў у Іспаніі лёг у аснову падрыхтоўкі СССР да будучага сусветнага канфлікту[14].

Вялікая Айчынная вайна[правіць | правіць зыходнік]

У завяршальны перыяд Вялікай Айчыннай СССР разгарнуў дапамогу Народна-вызваленчай арміі Югаславіі. Згодна з савецкім дакладам, выдадзеным 1 ліпеня 1944 года, югаслаўскае камандаванне чакала ад Крамля ўзмацнення дапамогі кадрамі, здольнымі аказаць падтрымку ў навучанні і баявой падрыхтоўцы. Да восені, калі павялічыўся прыток сучаснага ваеннага абсталявання з арсенала Чырвонай Арміі і ваенных трафеяў, патрэба ў навучаных людзях толькі ўзмацнілася. Да 10 кастрычніка ў НВАЮ было накіравана 48 афіцэраў-сувязістаў з разліку па 4 афіцэра на 1 стралковую дывізію тэрмінам на 3 месяцы, а таксама 144 афіцэры-артылерысты ў якасці інструктараў. Пазней былі накіраваны 10 інструктараў для фарміравання на тэрыторыі Югаславіі двух батальёнаў аэрадромнага абслугоўвання. На мяжы 1944—1945 гадоў кантынгент склаў як мінімум 117 інструктараў[15].

10 лютага 1945 года было прынята рашэнне накіраваць у штабы, злучэнні, часці і ваенна-навучальныя ўстановы НВАЮ 111 спецыялістаў. Пасля заканчэння вайны савецкія вайскоўцы працягвалі аказваць дапамогу новай югаслаўскай арміі. Да 31 снежня 1945 года ў краіне працавала 115 чалавек[15].

Халодная вайна[правіць | правіць зыходнік]

Пасля Другой сусветнай савецкіх вайскоўцаў сталі накіроўваць у камандзіроўкі ва Усходнюю Еўропу. Першай краінай, у якой на пастаяннай аснове разгорнута група ваенных саветнікаў і спецыялістаў, была Германская Дэмакратычная Рэспубліка[1]. Па даных МЗС СССР, ужо да канца 1949 года ў рэгіён былі накіраваны 187 спецыялістаў для аказання тэхнічнай дапамогі і 61 ваенны саветнік. У 1950 годзе толькі ў Чэхаславакію паслана 1000 кадраў для арганізацыі Узброеных сіл. Такім чынам, у пачатку 1950-х гадоў войскі ўсходнееўрапейскіх дзяржаў былі інтэграваныя ў савецкія баявыя парадкі і рэарганізаваны па савецкім узоры. Фактычна праведзена падрыхтоўчая работа да аб’яднання армій у будучую Арганізацыю Варшаўска дагавора[16].

У 1940—1950-х гадах савецкія спецыялісты знаходзіліся ў КНР і КНДР. У першым выпадку яны адказвалі за супрацьпаветраную абарону Шанхая, рыхтавалі кадры для Народна-вызваленчай арміі Кітая, дапамагалі ў асваенні тэхнікі[17]. У другім вайскоўцы прынялі ўдзел у станаўленні Карэйскай народнай арміі. У пачатковы перыяд Карэйскай вайны 1950—1953 гадоў кансультанты пакінулі паўвостраў[18], але пры гэтым з тэрыторыі Кітая войскі ўрада Пхеньяна падтрымліваў 64-ы знішчальны авіякорпус[19]. Тым часам савецкая прысутнасць разгортваецца ў Егіпце і Сірыі. Аснову місій склалі лётчыкі і спецыялісты СПА[20][21][22]. Да 1972 года на егіпецкай тэрыторыі размяшчалася 15 000[23]—20 000[24] саветнікаў, на сірыйскай у 1983—1984 — 8 000[23]. У 1956 годзе з’явіўся новы напрамак для камандзіровак — Афганістан. У 1980-я гады саветнікі і ваенспецы працавалі тут разам з асноўнымі сіламі АКСВА[25]. З 1958 па 1990 год звыш 8000 прадстаўнікоў УС СССР пабывалі ў Іраку[26].

З сярэдзіны 50-х гадоў савецкі ўплыў нарастае ў новых незалежных дзяржавах «трэцяга свету». З гэтага часу колькасць краін, якім Масква аказвала дапамогу ў будаўніцтве Узброеных Сіл, значна ўзрастае. Шмат у чым гэтаму спрыяў XX з’езд КПСС (люты 1956 года). На ім агучаны заклік «усяляк умацоўваць брацкія адносіны, дружбу і супрацоўніцтва не толькі з краінамі народнай дэмакратыі, але і з народамі іншых дзяржаў, якія стаяць на пазіцыі міру; падтрымліваць тыя краіны, якія не даюць уцягваць сябе ў агрэсіўныя блокі; ісці насустрач усім сілам, якія зацікаўлены ў захаванні міру». Пашырэнне геаграфіі і ўзрастанне аб’ёмаў аказання Савецкім Саюзам дапамогі абумоўлівалі вострую патрэбу ў адпаведных кадрах — саветніках, спецыялістах, інструктарах і перакладчыках[27].

З 1960-х і 1970-х ваенспецы і саветнікі прысутнічалі ў Алжыры, Паўднёвым і Паўночным Емене, Гвінеі-Бісау Эфіопіі, Мазамбіку, Анголе, В’етнаме, Лаосе, Нікарагуа, Лівіі, Самалі, Чылі, Замбіі, Судан, Камбоджа, Інданезіі, Танзаніі, на Кубе і іншых дзяржавах[28][29][30][31]. Акрамя таго, Крэмль вёў падрыхтоўку байцоў паўстанцкіх рухаў з Намібіі, Паўднёвай Радэзіі, Заходняй Сахары, Амана, Палесціны[32]. Станам на 1979 год, паводле амерыканскіх ацэнак, у якасці саветнікаў і тэхнічных спецыялістаў за мяжой працавалі 11 000 чалавек[33]. Толькі ў Анголе, В’етнаме, Лаосе, Самалі і Эфіопіі з 1965 па 1991 год пабывалі 46 833 камандзіровачнікаў, у ліку якіх было 523 генерала і адмірала[23].

Адным з практычных вынікаў аказання савецкай ваеннай дапамогі было стварэнне аб’ектаў ваеннай інфраструктуры. На працягу 1950—1991 гадоў з дапамогай ваенных саветнікаў і спецыялістаў было створана мноства аб’ектаў абароннага значэння. Да іх ліку можна аднесці авіярамонтныя прадпрыемствы ў Індыі і на Кубе, танкарамонтныя заводы на Кубе і ў Сірыі, аўтаматызаваныя палігоны на Кубе і ў Югаславіі. У шэрагу дзяржаў Трапічнай Афрыкі, Блізкага Усходу і іншых рэгіёнаў свету ствараліся ваенныя вузлы сувязі, пункты матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, аэрадромы, парты і іншыя аб’екты[27].

Сярэдзіна 1960-х
Сярэдзіна 1970-х
Сярэдзіна 1980-х
Карты ЦРУ па замежнай ваеннай актыўнасці СССР у развіваных краінах. Тут пазначаны дзяржавы, якія карысталіся паслугамі ваенспецаў і саветнікаў, куплялі савецкую ваенную прадукцыю або заключылі дагаворы аб супрацоўніцтве і дружбе.

У канфліктах[правіць | правіць зыходнік]

У «гарачых кропках» работа ажыццяўлялася ва ўмовах максімальнай сакрэтнасці. Вайскоўцы не мелі магчымасці інфармаваць сваякоў нават аб характары місій. Пры выкананні баявых заданняў савецкія спецыялісты нярэдка павінны былі маскіравацца, пераапранаючыся ў чужую форму, і выдаваць сябе за байцоў мясцовых армій. З меркаванняў сакрэтнасці забаранялася насіць дакументы і знакі адрознення[34]. Камандзіровачнікаў маглі выдаваць за грамадзянскіх спецыялістаў[35] або марскіх турыстаў[36]. У ходзе канфліктаў у Кітаі і Іспаніі 1930-х гадоў яны афармяліся як «ваенныя добраахвотнікі»[11]. Удзел у чужых войнах матываваўся выкананнем інтэрнацыянальнага доўгу, абаронай каштоўнасцяў сацыялізму, дапамогай дружалюбным краінам у будаўніцтве нацыянальных узброеных сіл і адлюстраваннем агрэсіі звонку[37]. Паводле амерыканскіх спецслужб, у перыяд з 1950-х па 1970-я гады Масква ў зонах баявых дзеянняў паступова перайшла ад праграм ваеннай дапамогі да рэдкага прымянення вайсковых сіл строга ў абарончай ролі[38].

Пры міністры абароны Андрэі Грэчка (1967—1976) камандзіровачнікам фармальна забаранялася наўпрост удзельнічаць у баявых дзеяннях. Забарона абумаўляўся, перш за ўсё, пагрозай палону. Савецкае кіраўніцтва разумела, што ва ўмовах Халоднай вайны любы схоплены афіцэр і салдат будзе эфектыўнай зброяй у ідэалагічнай барацьбе. Як папярэдзіў Грэчка лётчыкаў-знішчальнікаў перад адпраўкай у Егіпет у сакавіку 1970 года: «Майце на ўвазе, таварышы, калі вас саб’юць за Суэцкім каналам і вы трапіце ў палон, мы вас не ведаем, выкарабкоўвайцеся самі». Практычна гэта азначала, што дзяржава здымае з сябе ўсю адказнасць за сваіх грамадзян, якія трапілі ў палон за мяжой. Улічваючы патрабаванні камандавання, вайскоўцы рыхтаваліся ў момант пагрозы палону скончыць з сабой. Аднак пайсці на самагубства былі гатовыя далёка не ўсе, а таму часам саветнікі здаваліся ворагу[35].

Статус ваеннапалоннага савецкія грамадзяне атрымаць не маглі. Справа ў тым, што ніякіх дакументаў, якія пацвярджалі іх статус, правамернасць нашэння асабістай зброі і законнасць удзелу ў баявых дзеяннях, не мелася. Ваенныя білеты і асабістыя нумары афіцэраў браць у камандзіроўкі катэгарычна забаранялася. Таму праціўнік часта ўспрымаў захопленых замежнікаў у ваеннай форме без знакаў адрознення як наймітаў. Байцы ніякіх доказаў свайго грамадзянства і прыналежнасці да ўзброеных сіл СССР даць не маглі. На допытах яны паўтаралі завучаныя легенды, паводле якіх, з’яўляліся грамадзянскімі спецыялістамі і выпадкова апынуліся ў зоне баявых дзеянняў[35].

Мелі месцы выпадкі, калі спецыялісты працавалі ў двух бакоў. Падобная сітуацыя склалася падчас вайны Эфіопіі і Самалі за Агадэн у 1977—1978 гадах і канфліктаў паміж Паўночным і Паўднёвым Еменам у 1970-я[6].

Паводле звестак з кнігі «Россия и СССР в войнах XX века. Книга потерь» (2010) аўтарскага калектыву на чале з Рыгорам Крывашэевам, беззваротныя страты[K 1] ў канфліктах склалі: Грамадзянская вайна ў Іспаніі — 189, Другая япона-кітайская вайна — 229, Грамадзянская вайна ў Кітаі[K 2] — 936, Вайна ў Карэі — 315, Грамадзянская вайна ў Лаосе — 5, Вайна ў В’етнаме — 16, Араба-ізраільскі канфлікт — 52, Грамадзянская вайна ў Мазамбіку — 8, Грамадзянская вайна ў Анголе — 11, Вайна за Агадэн — 33, Чадска-лівійскі канфлікт — 22. Таксама ў ходзе паветраных перабросак зброі ў Паўночны Емен (гл. Грамадзянская вайна ў Паўночным Емене) загінулі два лётчыкі[39]. Праца «Россия (СССР) в локальных войнах и вооружённых конфликтах второй половины XX века» дадае яшчэ Ірана-іракскую вайну, дзе ў небаявых інцыдэнтах загінулі трое. Столькі ж падчас супрацьпаветранай абароны Шанхая ў 1950 годзе ад гаміньданаўскай авіяцыі. Да канфліктаў без страт аднесены Грамадзянская вайна ў Камбоджы і Кітайска-в’етнамская вайна[31].

Праблемы[правіць | правіць зыходнік]

Спецыялісты, знаходзячыся за мяжой, сустракаліся з немалымі маральна-псіхалагічнымі і бытавымі цяжкасцямі. Часцяком жыць даводзілася ў палявых умовах у палатках і зямлянках, пастаянна выпрабоўваючы сур’ёзныя бытавыя нязручнасці: недахоп вады, адсутнасць электрычнасці, паўнавартаснага харчавання і належнага медыцынскага забеспячэння. Нязвыклыя кліматычныя ўмовы: спякота, нізкая або, наадварот, занадта высокая вільготнасць, багацце небяспечных для здароўя насякомых і паўзуноў, распаўсюджванне нязвыклых і нават невядомых савецкім медыкам хвароб. Па ўспамінах многіх афіцэраў і салдат, на іх пастаянна ціснула пачуццё адрыву ад радзімы, якое пагаршалася беднасцю атрыманай інфармацыі. Газеты ў лепшым выпадку прыходзілі са спазненнем на 2—3 месяцы, доўга даводзілася чакаць лісты ад блізкіх[36].

Большасць савецкіх вайскоўцаў мела вельмі смутныя ўяўленні аб замежных рэаліях – пра асаблівасці побыту, традыцыях, звычаях, псіхалогіі народаў. Без гэтых ведаў узаемадзеянне з саюзнікамі выбудоўваць было цяжка. Слаба была пастаўлена работа па вывучэнні індывідуальных якасцяў, біяграфіі, псіхалагічнага партрэта замежных афіцэраў. Часам адбываліся непрыемныя інцыдэнты, якія наносілі шкоду прэстыжу СССР за мяжой[40][41]. Асобныя вайскоўцы паводзілі сябе напышліва, мелі прадузятасць і пагарду да прадстаўнікоў іншых культур, асабліва да чарнаскурых афрыканцаў. Гэта выклікала назапшаванне абурэння і падазрэння да савецкіх прадстаўнікоў[42].

З боку мясцовых таксама маглі сустракацца непрымальныя паводзіны. Некаторыя падсаветныя скідвалі на камандзіровачнікаў цяжкую працу, шантажуючы распавясці кіраўніцтву аб выдуманых і сапраўдных парушэннях. Калі шантаж не дапамагаў, у справу ішлі прамыя даносы і скаргі на адсутнасць паразумення. Савецкіх вайскоўцаў, якія не здолелі знайсці агульную мову з мясцовымі, камандаванне «прапрацоўвала» па службовай і партыйнай лініі. Часцяком, не разабраўшыся ў сутнасці канфлікту ці не жадаючы абвастраць адносіны з партнёрамі, іх, у лепшым выпадку, пераводзілі ў іншую часць, а ў горшым датэрмінова вярталі на радзіму[41].

У многіх удзельнікаў замежых місій у асабістых справах не засталося пра гэта ніякіх сведчанняў. Часам толькі ставілі штамп «прыкамандзіраваны да в/ч 44708», за якім мелася на ўвазе 10-е ўпраўленне. У постсавецкі перыяд з-за гэтага ў ваенкаматах паўсталі праблемы. Было не зразумела, каму і колькі плаціць «баявых», як налічваць пенсіі і ільготы[36]. Так як місіі былі сакрэтнымі, то ваеннаслужачыя не маглі даказаць, што ваявалі за мяжой. Многія ўнутраныя службовыя дакументы знішчаліся адразу пасля выкарыстання, ніякіх архіваў з унутранай дакументацыяй аб таемнай ваеннай дзейнасці ў іншых краінах не захавалася[43].

Значэнне[правіць | правіць зыходнік]

У выніку актыўнай ваеннай саветніцкай дзейнасці Масква атрымлівала магчымасць глыбокага пранікнення ў палітычную, эканамічную і ваенную сферы тых ці іншых дзяржаў і рэгіёнаў. Савецкае кіраўніцтва набыло дадатковыя рычагі ўплыву на рэгіянальныя і міжнародныя адносіны, забяспечваючы тым самым высокі міжнародны статус. Акрамя таго, Крэмль атрымліваў дадатковыя крыніцы інфармацыі аб сацыяльна-палітычным і эканамічным становішчы ў дружалюбных дзяржавах[44].

Праз дзейнасць саветнікаў і спецыялістаў Савецкі Саюз атрымліваў магчымасць выпрабаваць уласнае новае ўзбраенне і ваенную тэхніку ў экстрэмальных умовах розных тэатраў ваенных дзеянняў і ацэньваць эфектыўнасць іх прымянення ў рэальнай баявой абстаноўцы. Якасны адбор асабістага складу для камандзіровак, а таксама наступная аптымальная расстаноўка кадраў, якія атрымалі каштоўныя веды і вопыт службы за межамі краіны, аказвалі пазітыўнае ўздзеянне на ўкамплектаванасць Узброеных Сіл СССР, іх баяздольнасць і ўмацаванне баявога патэнцыялу[45]. Па вяртанні з замежжа вайскоўцы, як правіла, займалі значныя пасады[2].

Згодна з дакладам Нацыянальнай разведкі ЗША ад 1979 года, праграмы навучання, акрамя чыста ваеннай падрыхтоўкі, былі нацэлены на пашырэнне ўплыву і культываванне прасавецкіх настрояў. Кансультанты часта аказвалі ўплыў на палітыку краін, мелі сувязі з афіцыйнымі асобамі. Часам яны адбіралі асоб для спецыяльнай падрыхтоўкі, палітычнай і ідэалагічнай апрацоўцы ў СССР, тым самым фарміруючы армейскі істэблішмент дзяржаў[46].

Арміі краін-партнёраў будаваліся па савецкім вобразу і падабенству. Асабліва савецкае ваеннае камандаванне шырока практыкавала перанясенне на замежную рэчаіснасць многіх шаблонаў, правераных вопытам Вялікай Айчыннай вайны. Так, у параўнальна невялікіх па памерах адсталых дзяржавах раптам з’яўляліся ваенныя акругі, з перспектывай ператварэння іх у франты[47]. Аднак за мяжой стала зразумела, што класічныя асновы, палажэнні і прынцыпы тэорыі савецкай ваеннай стратэгіі і аператыўнага мастацтва шмат у чым састарэлі, апынуліся адарванымі ад сучасных канцэпцый аналізу і прагназавання развіцця ваеннапалітычнай і аператыўна-стратэгічнай абстаноўкі, асабліва ў выпадках супрацьстаяння партызанскім і паўстанцкім рухам[48].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Каментарыі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Забітыя ў баях, памерлыя ад ран і хвароб, прапаўшыя без вестак, загінуўшыя ў небаявых інцыдэнтах.
  2. Другі этап (1946—1949, з улікам 1950).

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б Нырков 2014, p. 160.
  2. а б Нырков 2014, p. 161.
  3. National Intelligence 1979, p. 3.
  4. Григорьева 2019, p. 219.
  5. а б в Коломнин 2008, «Почти безграничные полномочия».
  6. а б Коломнин 2008, «Свой против своего».
  7. Виктор Гаврилов. Военные советники и специалисты на страже интересов России // Министерство обороны Российской Федерации.
  8. а б Новиков, М.В. Советские военные советники в Испании в 1936—1937 гг. // Военно-исторический журнал : издание Министерства обороны России. — 04/01/2023.
  9. Цыплин Виталий Геннадьевич. Советско-турецкие контакты по военным вопросам в начале 1920-х годов // Известия Саратовского университета. Новая серия. Серия История. Международные отношения. — 2019. — Т. 19, вып. 1. — ISSN 1819-4907
  10. Воронкова, И.Ю. Крепкой дружбою сильны: Белорусский аспект советско-китайских отношений в 1920–1950-е годы // Беларуская думка : журнал. — 2015. — № 6. — С. 18—25.
  11. а б Кривошеев 2010, pp. 147–150.
  12. Мария Дацишина, Андрей Сорокин. "Турецкая делегация просит прислать образцы предметов вооружения...": Документы "Особой папки" о международном военном сотрудничестве СССР в 1930-е годы // Родина : журнал. — 2020. — №11(1120).
  13. Кривошеев 2010, p. 147.
  14. Бельков, Д.А. Красная армия накануне Великой Отечественной войны: использование опыта локальных войн // Новый исторический вестник: журнал. — 2005. — №2(13).
  15. а б Синицын, Ф.Л. Военная помощь Советского Союза национально-освободительному движению Югославии в годы Второй мировой войны // Известия Саратовского университета. Новая серия. Серия: История. Международные отношения. 2023. Т. 23, вып. 2. С. 189-197.
  16. Быстрова, Н.Е. К истории создания организации Варшавского Договора // Вестник Российского университета дружбы народов. Серия: Международные отношения. — 2005. — № 1. — С. 214—224.
  17. Кривошеев 2010, p. 552.
  18. РЦХИДНИ. Ф. 17, оп. 137, д. 409, л. 107, 134—135.
  19. Орлов А. С. Корея: проба сил // Тайная битва сверхдержав. — М.: Вече, 2000. — 480 с. — (Военные тайны XX века). — 10 тыс. экз. — ISBN 5-7838-0695-1.
  20. Кривошеев 2010, p. 568.
  21. Ельчанинов В. Б. «Дан приказ ему…в Египет!» // Тогда в Египте… (Книга о помощи СССР Египту в военном противостоянии с Израилем). — Научное издание. — М.: Институт стран Азии и Африки при МГУ им. М. В. Ломоносова, 2001. — С. 87—114. — 386 с. — 1000 экз. — ISBN 5-89394-062-8.
  22. Коллектив авторов. На Ближнем Востоке // Воздушно-космическая оборона : Печатный орган Вневедомственного совета по проблемам воздушно-космической обороны. — М.: Издательский дом «ВПК-Медиа», 2006. — № 1 (26).
  23. а б в Коломнин 2008, Преамбула.
  24. Виноградов В. М. К истории Советско-Египетских отношений // Тогда в Египте… (Книга о помощи СССР Египту в военном противостоянии с Израилем) / Ответственные редакторы: М. С. Мейер, В. М. Пак, А. О. Филоник. — М.: Институт стран Азии и Африки при МГУ им. М. В. Ломоносова, 2001. — С. 9—20. — 386 с. — 1 тыс. экз. — ISBN 5-89394-062-8.
  25. Ю. Косминков Между революцией и войной (Воспоминания советского военного советника об авиации Афганистана 1978-79 гг.) //Авиация и Время : журнал. — 1996. № 03 (17).
  26. Яременко 2000, p. 386.
  27. а б Нырков 2014, pp. 160–161.
  28. Ольга Дорохина. Как СССР и Россия использовали войска за рубежом // Газета «Коммерсантъ» №180 от 01.10.2015, стр. 3
  29. Кривошеев 2010, pp. 567–569.
  30. Коломнин 2008, Преамбула, «Свой против своего», «Почти безграничные полномочия».
  31. а б Яременко 2000, pp. 480–494.
  32. National Intelligence 1979, pp. 55–57, 63.
  33. National Intelligence 1979, p. 17.
  34. Григорьева 2019, p. 218.
  35. а б в Коломнин 2008, «В плен живыми не сдаваться».
  36. а б в Коломнин 2008, «Торжественная встреча...отменяется».
  37. Григорьева 2019, p. 221.
  38. National Intelligence 1979, p. 12.
  39. Кривошеев 2010, pp. 147, 150, 567–569.
  40. Григорьева 2019, pp. 219–220.
  41. а б Коломнин 2008, «"Хитрости" подсоветных».
  42. National Intelligence 1979, p. 13.
  43. Сергей Коломнин. Забытые ветераны Африки и порванные бумажки // Независимая газета, 28.10.2011
  44. Нырков 2014, pp. 161–162.
  45. Нырков 2014, p. 162.
  46. National Intelligence 1979, pp. 17–19.
  47. Коломнин 2008, «По советскому образцу».
  48. Яременко 2000, p. 345.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]