Аперацыя эсмінца «Бывалы» ў Гвінеі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аперацыя эсмінца «Бывалы» ў Гвінеі
Асноўны канфлікт: Вайна за незалежнасць Гвінеі-Бісау
Дата ~0:50—05:30 21 студзеня 1973
Месца нізінныя берагі Гвінеі, Атлантычны акіян
Прычына забойства А. Кабрала і выкраданне часткі вышэйшага кіраўніцтва ПАІГК
Вынік захоп змоўшчыкаў і вызваленне палонных
Праціўнікі
  • Група змоўшчыкаў

пры падтрымцы:

Камандуючыя
Юрый Ільіных Інасенсіу Кані
Сілы бакоў
эсмінец «Бывалы», гвінейскі ўзвод 3 супрацьлодкавых катэры праекта 199
Страты
няма катэры і іх каманды захоплены

Аперацыя эсмінца «Бывалы» ў Гвінеі — перахоп экіпажам савецкага эсмінца «Бывалы» катэраў са змоўшчыкамі, якія забілі сакратара Афрыканскай партыі незалежнасці Гвінеі і Каба-Вэрдэ (ПАІГК) Амілкара Кабрала. У ходзе інцыдэнту таксама вызвалены некалькіх палонных членаў выканкама і ЦК партыі[1].

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

З пачатку 1960-х гадоў у Партугальскай Гвінеі разгарнулася вайна за незалежнасць. Актыўную дапамогу антыкаланіяльным сілам аказваў СССР. Паўстанцы таксама карысталіся падтрымкай суседняй Гвінеі, дзе хавалася кіраўніцтва ПАІГК.

Падзеі ў Канакры[правіць | правіць зыходнік]

20 студзеня 1973 г. у Канакры, сталіца Гвінеі, ля свайго дома, вяртаючыся з прыёму ў польскім пасольстве, каля 23:00 забіты кіраўнік ПАІГК Амілкар Кабрал. Напад ажыццявілі некалькі яго паплечнікаў, якім партугальцы абяцалі за ліквідацыю або паланенне лідара руху за незалежнасць буйныя сумы грошай. Непасрэдным кіраўніком акцыі быў Інасенсіу Кані. Забіўшы лідара ПАІГК і захапіўшы яго жонку, змоўшчыкі ўварваліся ў дом Арыстыдыша Перэйры, збілі яго і, звязаўшы рукі і ногі жорсткім дротам, кінулі ў кузаў машыны. Затым рушылі ўслед налёты на дамы Вашку Кабрала, Жазэ Араужу і іншых кіраўнікоў партыі. Палонныя былі вывезены ў порт і кінуты ў трумы трох савецкіх катэраў, пастаўленых для ПАІГК. Каманды баявых судоў цалкам падтрымлівалі змоўшчыкаў.

Гвінейскія ўлады, даведаўшыся пра забойства Кабрала і захоп іншых кіраўнікоў партыі, дзейнічалі аператыўна. У горадзе абвешчана ваеннае становішча, на вуліцы выведзены ўзмоцненыя ваенныя патрулі. Некаторых змоўшчыкаў злавілі, але тыя, хто паспеў дабрацца да порта, схаваліся на баявых катэрах. Тым часам Кані загадаў экіпажам выйсці ў мора і ўзяць курс на Бісау, каб здаць захопленых палітыкаў партугальскім уладам. Па радыё ўмоўным сігналам ён апавясціў камандаванне каланіяльных войск. Губернатар Антоніу дэ Спінола тут жа выслаў яму насустрач для падтрымкі партугальскі флот.

Прэзідэнт Гвінеі Ахмед Секу Турэ неадкладна звярнуўся з просьбай аб садзейнічанні да савецкага пасла Анатоля Ратанава. Дыпламат накіраваў у бухту Канакры на эсмінец «Бывалы», якім камандаваў капітан 2 рангу Юрый Ільіных, сваіх прадстаўнікоў.

Правядзенне аперацыі[правіць | правіць зыходнік]

У ноч з 20 на 21 студзеня 1973 года на «Бывалы» прыбыў камандуючы гвінейскай арміі Тумані Сангарэ ў суправаджэнні генерала Чычэрына і капітана 1 рангу Жучкова. Яны паведамілі камандзіру карабля аб падзеях у горадзе. Ад імя прэзідэнта Гвінеі і савецкага пасла афіцэры прасілі Ільіных выйсці ў мора, затрымаць нападнікаў, а пры спробе супраціву — знішчыць. Камандзір апынуўся ў досыць цяжкім становішчы, бо ён не меў права адпраўляцца на якія-небудзь заданні без дазволу свайго камандавання ў Маскве, а тым больш ужываць зброю. Аднак сітуацыя патрабавала рашучых дзеянняў у абыход рэгламенту.

У рэшце рэшт Ільіных прыняў рашэнне выйсці ў мора. На «Бывалым» абвешчана баявая трывога. Камандзір сабраў афіцэраў, патлумачыў ім сутнасць задання і загадаў рыхтаваць карабель да выхаду. У распараджэнні ў экіпажа было мала часу, бо трэба было затрымаць катэры да таго, як яны ўвойдуць у тэрытарыяльныя воды Партугаліі. На борт эсмінца прыняты ўзвод УС Гвінеі. У 0:50 судна адправілася на перахоп. У гэты час Ільіных склаў данясенне ў Галоўны штаб ВМФ, у якім паведаміў аб забойстве Кабрала і далажыў пра свой намер ажыццявіць злоў змоўшчыкаў. Ад кіраўніцтва была атрымана тэлеграма аб тым, што зброю ўжываць толькі па ўзгадненні з камандаваннем. Неўзабаве сувязь з цэнтрам абарвалася.

На хуткасці 18 вузлоў судна ішло ўздоўж нізінных берагоў Гвінеі. У 3:00 начальнік радыётэхнічнай службы капітан-лейтэнант Малешын далажыў, што на дыстанцыі 220 кб выяўлены дзве нерухомыя мэты. Каля пяці раніцы, калі пачало днець, карабель выйшаў з аб’ектамі на візуальны кантакт. Высветлілася, што гэта былі тыя самыя катэры. Ільіных загадаў падысці ўшчыльную да аднаго з іх, закінуць швартовы і прыцягнуць да борта. Другі катэр, пад пагрозай прымянення зброі, сам падышоў да эсмінца. На катэры тут жа высадзіліся гвінейскія салдаты, раззброілі каманды і прымусілі іх перайсці на «Бывалы». Усё гэта было зроблена за 30—40 хвілін без адзінага стрэлу. Затым на кожны катэр былі пасаджаны афіцэр, матрос-рулявы з экіпажа эсмінца і гвінейскі салдат. Яны былі ўзяты на буксір, і карабель накіраваўся ў Канакры.

У 15:00 «Бывалы» вярнуўся ў порт і перадаў катэры і іх каманды ўладам. У гэты ж час гвінейскімі маракамі быў знойдзены трэці катэр, які страціўся ў цемры і вылез на водмель у берагавой чароце. На судне выяўлены жонка Кабрала і некаторыя з захопленых членаў ЦК ПАІГК, у тым ліку намеснік генеральнага сакратара Перэйра.

Вынікі і наступствы[правіць | правіць зыходнік]

У гэты ж дзень у 17:00 на сувязь выйшаў начальнік Галоўнага штаба ВМФ, які запатрабаваў далажыць аб дзеяннях эсмінца. Першапачаткова Ільіных спрабавалі зняць з пасады за самавольства, але ў камандзіра карабля знайшліся заступнікі як у савецкім, так і ў гвінейскім кіраўніцтвах. У гэты ж дзень камандуючы Паўночным флотам даслаў тэлеграму, у якой яму была аб’яўлена падзяка «за смелыя і рашучыя дзеянні на баявой службе», паколькі ў выніку выратаваны асноўныя кіраўнікі ПАІГК.

У сваю чаргу гвінейскія ўлады ініцыявалі разбіральніцтва падзей у Канакры, падчас якога каля 100 чалавек расстраляна, у тым ліку большасць арганізатараў акцыі. Захопленыя катэры ўключылі ў склад ВМС.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Павлов А. С. Эскадренные миноносцы проекта 56. — Якутск, 1999. — С. 31.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]