БелАЗ-549В

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
БелАЗ-549В
Вытворца БелАЗ
Месца вытворчасці Жодзіна, БССР
Гады выпуску 1969

БелАЗ-549В — вопытны кар’ерны самазвал грузападымальнасцю 120 тон з актыўным паўпрычэпам і газатурбінным рухавіком. Пабудаваны на Беларускім аўтамабільным заводзе ў 1969 годзе ў адзіным экзэмпляры. Самы буйны самазвал у СССР на момант стварэння[1][2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пяцігадовы план 1966—1970 гадоў прадпісваў беларускаму аўтазаводу распрацаваць кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю 100 тон і вышэй. Галоўнай праблемай, з якой сутыкнуліся канструктары, стала адсутнасць рухавіка патрэбнай магутнасці (на той момант у СССР не выпускалі дызеляў магутнасцю 1000 к.с.), таму было вырашана правесці эксперымент і ўсталяваць на грузавік верталётны рухавік магутнасцю 1200 к. с. У 1969 годзе пабудова самазвала завяршылася.

З-за высокага кошту эксплуатацыі і малога рэсурсу авіярухавіка (каля 3000—4000 гадзін у параўнанні з 15 000—20 000 гадзін для дызеля), а таксама з-за неабходнасці ў спецыяльным паліве (авіяцыйны газ), далейшую работу па праекце вырашылі згарнуць, і да эксперыментаў з газатурбіннымі рухавікамі на БелАЗе не вярталіся да 2018 года[1][3].

БелАЗ-549В прадстаўляў сабой аўтацягнік з актыўным паўпрычэпам і электрычнай перадачай: газатурбінны рухавік прыводзіў у рух генератар, а атрыманы ток накіроўваўся на электрарухавікі задняга моста цягача і моста паўпрычэпа[1][4]. Машына выкарыстоўвала турбавінтавы рухавік ТВ2-117, прызначаны для ўстаноўкі на верталёты Мі-8. Яго распрацавалі на заводзе імя Клімава, і з 1967 года выпускалі на Пермскім маторным заводзе[1].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]