Вердыкт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Вердыкт (ад лац.: Vere dictum — праўдзіва сказанае) — у судзе прысяжных рашэнне (прысуд) прысяжных засядацеляў па пытанні аб вінаватасці або невінаватасці падсуднага (абвінаваўчы або апраўдальны вердыкт). Заканадаўства і судовая практыка розных дзяржаў маюць вусны і пісьмовы вердыкт, прычым яны могуць быць у форме адказаў на пытанні суда або ў форме згоды з абвінаваўчым актам альбо яго адхіленне. У судовай практыцы ЗША адрозніваюць агульны вердыкт па пытанні аб вінаватасці і спецыяльны вердыкт па пытанні аб даказанасці пэўных фактаў, вывад з якіх робяць пастаянныя суды. На аснове вердыкту суд выносіць рашэнне аб пакаранні. Вердыкт прымаецца прысяжнымі аднагалосна або большасцю галасоў. Напрыклад, у Вялікабрытаніі з 1967 года аднагалоснасці засядацеляў пры вынясенні вердыктаў не патрабуецца, такі ж парадак устаноўлены ў заканадаўстве шэрагу штатаў ЗША.