Здарэнне на пешаходным мосце ў Гомелі (1975)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Здарэнне на пешаходным мосце ў Гомелі ў 1975 годзе — людскі затор на пешаходным мосце праз р. Сож у Гомелі 2 сакавіка 1975 года, які прывёў да цісканіны, ускладненай галалёдзіцай. Па афіцыйных звестках у выніку цісканіны і падзення сур’ёзныя траўмы атрымалі 12 чалавек (сярод іх — 3 дзіцяці), а смяротных сыходаў удалося пазбегнуць.

Кантэкст[правіць | правіць зыходнік]

Гомельскі гарадскі выканаўчы камітэт для народнага святкавання «Провадаў зімы» 2 сакавіка 1975 года вызначыў месцы не толькі непасрэдна ў горадзе, але і ў зарэччы Сожа (на левым беразе).

Ход падзей[правіць | правіць зыходнік]

Уначы напярэдадні свята выпаў снег, які пакрыў сабой пешаходны мост, подступы да яго і прырэчныя дамбы. Рух людзей да месца гулянняў па мосце пачаўся каля 10:00. Ад 11:00 людская плынь стала павялічвацца — утрамбаваны снег ператварыўся ў лёд, па якім наступным групам гараджан давялося перамяшчацца замаруджанай хадой. Тэрміновых захадаў па пасыпцы пяском моста і подступаў да яго камунальная служба не зрабіла — пясок падвезлі ўжо пасля здарэння.

Асноўныя сілы міліцыі канцэнтраваліся ў зарэччы, дзе павінны былі забяспечваць грамадскі парадак. На 12:00 плынь ахвочых удзельнічаць у святкаванні ўзрасла яшчэ больш, што прывяло да ўтварэння каля моста натоўпу. Натоўп прарваўся праз рэдкі міліцэйскі ланцужок і шчыльнай плынню рушыў на мост. З прычыны галалёдзіцы людзі сталі падаць, узнік затор, а следам за ім — цісканіна. Па ўспамінах відавочцаў, на мосце было чутно храбусценне костак, бо людзей прыціскала да парэнчаў. Народная пагалоска расказвала пра падзенне на сожскі лёд праз парэнчы некалькіх чалавек і нават дзіцячых калясак.

Парадак на мосце быў адноўлены пасля прыцягнення дадатковых сіл міліцыі з іншых заслонаў, а пацярпелыя атрымалі медычную дапамогу.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]