Золатаздабыўная шахта ў Злоты Сток

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Золатаздабыўная шахта ў Злоты Сток
Месцазнаходжанне
kopalniazlota.pl
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Золатаздабыўная шахта ў Злоты Сток — музейная ўстанова ў гарадку Злоты Сток, якая расказвае пра гісторыю золатаздабычы. Гэта найстарэйшы цэнтр горназдабыўной і металургічнай прамысловасці ў Польшчы. Апошняя мясцовая шахта закрыта ў 1960-х гадах.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Сярэднявечнае паселішча на месцы, дзе цяпер размяшчаецца Залаты Сток, было створанае ў сувязі са здабычай золата ў гэтым рэгіёне. Аднак найстарэйшыя горныя работы праводзіліся тут ужо за дзве тысячы гадоў да н.э. З гэтага часу па сённяшні дзень удалося выкапаць больш за 300 км тунэляў, калідораў, штольняў і горных ствалоў, якія размяшчаюцца на дваццаць адным паверсе.

Першы запіс аб горных работах, якія тут праводзіліся, датуецца 1273 годам. Цягам часу мясцовыя шахты сталі лічыцца найбольш эфектыўнымі ў Сілезіі.

Найбольшы росквіт здабычы золата ў Залатым Стоку адбыўся на пачатку XVI стагоддзя.

У 1507 годзе ў Залатым Стоку было адкрыта прадпрыемства па вырабу манет. Гэта прывяло да павелічэння рангу гораду і канкрэтнай фінансавай карысці. У гарадок пачалі інвеставаць еўрапейскія горна-металургічныя кампаніі. У той час на амаль 200 мясцовых шахтах дабывалі каля 8 % ад агульнай здабычы золата ў Еўропе.

У 1612 годзе ў залатастоцкіх шахтах упершыню ў свеце для разбівання горных парод выкарыстаны чорны порах.

Не менш пераломным для гарадка і яго гісторыі аказалася пасяленне ў ім аптэкара і алхіміка Ганса Шафэнбэрга, які распрацаваў спосаб атрымання мыш’яку з руды. Залаты Сток больш чым на 100 гадоў стаў галоўным сусветным пастаўшчыком мыш’яку.

Аднак недальнабачная палітыка здабычы прывяла да ліквідацыі запасаў руды і банкруцтва шахтаў. Шахты пачалі нанава працаваць толькі пасля адкрыцця больш таннага метаду атрымання чыстага золата. Гэты метад у Залатым Стоку выкарыстаў Вільгельм Гутлер, які ў 1883 годзе выкупіў усе мясцовыя шахты. Ягоныя спадкаемцы былі іх уласнікамі ажно да 1945 году. Тады польскія ўлады перасялілі сюды на працу гарнякоў з Горнай Сілезіі.

У 1948 годзе былі распачатыя новыя пашукова-здабыўныя працы. У 1962 годзе па нявысветленых прычынах горназдабыўная і металургічная дзейнасць у Залатым Стоку была спынена рашэннем цэнтральных уладаў Польшчы. На працягу 700 гадоў эксплуатацыі мясцовых радовішчаў былі здабытыя 10-16 тон чыстага золата.

Музей[правіць | правіць зыходнік]

Заняпад шахтаў працягваўся 35 гадоў. Нарэшце мясцовыя ўлады вырашылі рэстаўрыраваць некаторыя тунэлі і адкрыць іх для турыстаў. Пасля 5 гадоў працы ў 1996 годзе была адкрытая Падземная Турыстычная Траса «Шахта Золата».

Удалося рэстаўраваць некалькі ствалоў, у тым ліку «Ствол Гертруда», «Ствол Чорны Дольны», «Ствол Ахрова» і «Ствол Чорная Гара» з адзіным у Польшчы падземным вадаспадам вышынёй 8 метраў.

Цяпер у Залатым Стоку турыстаў чакаюць шматлікія атракцыёны. У мясцовым музеі можна пазнаёміцца з гісторыяй здабычы золата ў Польшчы і Еўропе. Можна адправіцца на прагулку падземнымі тунэлямі, пазнаёміцца з мясцовымі легендамі, праплыць лодкай па залітых вадой падземных калідорах, наведаць сярэднявечнае гарняцкае паселішча, а таксама самому паспрабаваць шчасця і пашукаць золата[1].

Зноскі