Польшча

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Рэспубліка Польшча
польск.: Rzeczpospolita Polska
Flag of Poland.svg Герб Польшчы
Сцяг Польшчы Герб Польшчы

Каардынаты: 52°13′00″ пн. ш. 21°02′00″ у. д. / 52.216667° пн. ш. 21.033333° у. д. (G) (O) (Я)

EU-Poland.svg
Гімн: «Mazurek Dąbrowskiego»
Дата незалежнасці 11 лістапада 1918 года
Афіцыйная мова польская
Сталіца Варшава
Найбуйнейшыя гарады Варшава, Лодзь, Кракаў, Вроцлаў, Познань, Гданьск, Шчэцін, Быдгашч, Люблін
Форма кіравання Парламенцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Маршалак сейма
Маршалак сената
Браніслаў Камароўскі
Эва Копач
Радаслаў Сікорскі
Багдан Барусевіч
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
69-я ў свеце
312 679 км²
3,07
Насельніцтва
• Ацэнка (2014)
Шчыльнасць

38 483 957[1] чал. (34-я)
123 чал./км²
ВУП (ППЗ)
  • Разам (2014)
  • На душу насельніцтва

$941,4 млрд[2]  (21-ы)
$24 428[2]  (49-ы)
ВУП (намінал)
  • Разам (2014)
  • На душу насельніцтва

$552,2 млрд[2]  (23-ы)
$14 329[2]  (54-ы)
ІРЧП (2014) 0,834[3] (вельмі высокі) (35-ы)
Этнахаронім паляк (м. р.),
полька, палячка (ж. р.),
палякі (мн. л.)
Валюта Польскі злоты (PLN)
Інтэрнэт-дамен .pl, .eu
Код ISO PL
Тэлефонны код +48
Часавы пояс +1

По́льшча (польск.: Polska), Рэспу́бліка По́льшча (польск.: Rzeczpospolita Polska) — дзяржава ва Усходняй[4] (Цэнтральнай[5]) Еўропе, размешчаная на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Мае сухапутныя межы з Германіяй (на захадзе), Чэхіяй, Славакіяй (на поўдні), Украінай, Беларуссю, Літвой (на ўсходзе) і з Калінінградскай вобласцю Расіі (на поўначы). Тэрыторыя — 312 679 км2. Працягласць берагавой лініі — 491 км[6]. Насельніцтва — 38,48 млн чалавек. Сталіца — Варшава з насельніцтвам 1 732 707 чалавек[7]. Афіцыйная мовапольская. Грашовая адзінка — польскі злоты (па стане на 3 красавіка 2015 г. 3,7449 злотых = 1 долар ЗША[8]). Нацыянальнае свята — Нацыянальнае Свята Незалежнасці (польск.: Narodowe Święto Niepodległości) — адзначаецца 11 лістапада.

Унітарная дзяржава, парламенцкая рэспубліка. У жніўні 2010 г. пасаду Прэзідэнта заняў Браніслаў Камароўскі. У верасні 2014 г. Прэм'ер-міністрам стала Эва Копач.

Польшча з'яўляецца адной з найбольш этнічна аднародных краін: 97,1 % насельніцтва заявілі аб сваёй прыналежнасці да палякаў. У рэлігійным дачыненні папуляцыя Польшчы з'яўляецца самай веруючай у Еўропе пасля папуляцыі Мальты: толькі 6 % жыхароў заявілі аб сваім атэізме ці абыякавасці да рэлігіі[9]. Дамінуючая канфесіяРымска-Каталіцкая Царква: да яе належаць 33,5 млн вернікаў (інфармацыя за 2012 г.)[10].

Адміністрацыйны падзел: 16 ваяводстваў, якія складаюцца з 66 гарадоў на правах паветаў і 314 паветаў.

Гісторыю польскай дзяржаўнасці прынята адлічваць з часоў панавання Мешкі I — гістарычнага князя заходніх палян, які прыняў хрысціянства па лацінскім абрадзе. Польшча была адносна стабільнай да валадарання Баляслава III Крывавустага, пасля якога пачаўся перыяд феадальнай раздробленасці, завершаны ўз'яднаннем польскіх зямель каралём Уладзіславам I Лакеткам. Да 1385 г. у Каралеўстве Польскім кіравала дынастыя Пястаў, затым дынастыя Ягелонаў. У 1569 г. Каралеўства Польскае аб'ядналася з Вялікім Княствам Літоўскім у Рэч Паспалітуюфедэратыўную дзяржаву, якая (пасля трох падзелаў) канчаткова скончыла сваё існаванне ў 1795 г. Тэрыторыі Польшчы знаходзіліся ў складзе Расійскай, Германскай і Аўстра-Венгерскай імперый да аднаўлення польскай дзяржаўнасці 11 лістапада 1918 г. У 1921 г. у выніку Рыжскага мірнага дагавора да Польшчы адышла Заходняя Беларусь. 1 верасня 1939 г. Трэці Рэйх пачаў Другую сусветную вайну, напаўшы на Польшчу. Пасля вайны Польшча (межы якой істотна змяніліся) стала незалежнай сацыялістычнай Польскай Народнай Рэспублікай. У 1989 г. адбыліся палітычныя змены, і да цяперашняга часу Польшча існуе як Рэспубліка Польшча (польск.: Rzeczpospolita Polska), або Трэцяя Рэч Паспалітая.

Польшча з'яўляецца членам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, НАТА, Еўрапейскага Саюза, Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, Вышаградскай групы, Веймарскага трохвугольніка і многіх іншых міжнародных арганізацый.

Этымалогія[правіць | правіць зыходнік]

«Rzeczpospolita Polska» — афіцыйная назва Польшчы на польскай мове. «Rzeczpospolita» перакладаецца як «садружнасць» ці «рэспубліка»[11]. Словам «Rzeczpospolita» у Польшчы і Беларусі (бел.: Рэч Паспалітая) таксама называюць унію Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага.

Манета XI ст., якая была адчаканена на манетным двары Баляслава I Храбрага[12].

Не існуе дакладнага тлумачэння паходжання назвы «Польшча». Згодна з найбольш распаўсюджанай тэорыяй гэта назва паходзіць ад назвы племені палян, якія насялялі абшары сучаснага Вялікапольскага ваяводства. Слова «паляне» паводле адной з тэорый паходзіць ад слова «племя» — супляменнік, чалавек, звязаны кроўнай сувяззю, які мае тую ж веру. Іншая тэорыя выводзіць слова «паляне» ад слова «поле»[13], дапускаючы, што асноўным заняткам племені палян была апрацоўка зямлі ў адрозненні ад іншых плямёнаў, напрыклад, віслян ці мазаўшан[14], якія насялялі лясныя абшары. Некаторыя лінгвісты сцвярджаюць, што гэта можа быць звязана з першапачатковай формай племянной арганізацыі — «ополем». Форма гэта была пэўным відам кіравання з выбарным кіраўніком, агульнай уласнасцю на зямлю і родам — асновай грамадства.

У мінулым ужываліся лацінскія назвы «Terra Poloniae» (бел.: Зямля Польская) ці «Regnum Poloniae» (бел.: Каралеўства Польскае)[15]. Назва «Польшча» пачала ўжывацца ў дачыненні да ўсёй дзяржавы ў ХІ ст. Землі палян з XIV ст. называлі Старапольшчай, а пазней — Вялікапольшчай. А паўднёвыя землі, для кантрасту, называлі Малапольшчай[14].

Назвы Польшчы ў некаторых іншых мовах (літ.: Lenkija, венг.: Lengyelország) паходзяць ад назвы племені ляндзян, якія насялялі тэрыторыю паўднёва-ўсходняй часткі Польшчы[16].

На працягу 37 гадоў (з 1952 г. па 1989 г.) афіцыйна Польшча называлася як «Польская Народная Рэспубліка» (ПНР) (польск.: Polska Rzeczpospolita Ludowa).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Засяленне людзьмі, старажытны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Рэканструкцыя побыту людзей эпохі неаліту ў Археалагічным Музеі Кракава.

Упершыню на тэрыторыі сучаснай Польшчы сляды чалавекападобнага Homo erectus былі знойдзены ў Ніжняй Сілезіі каля Тшабніцы і ў Русцы каля Стшэгама. Каменныя прылады з Тшабніцы (чоперы і мікраліты[17]) маюць узрост каля 500 тыс. гадоў і адносяцца да фердынандаўскага пацяплення, а з Рускі — каля 440—370 тыс. гадоў і адносяцца да мазавецкага пацяплення (бо рассяленне Homo erectus залежала ад кліматычных ваганняў). Рэшткі Homo neanderthalensis так і не былі знойдзены на тэрыторыі Польшчы, аднак матэрыяльныя артэфакты (некалькі дзясяткаў каменных прылад і рэшткі ачага ўзростам каля 220 тыс. гадоў, знойдзеныя каля Рацібора ў Верхняй Сілезіі, і інш.) сведчаць пра тое, што ён там пражываў[18], прычым апошнія пасяленні Homo neanderthalensis датуюцца тэрмінам прыкладна 70—58 тыс. гадоў таму[19]. У эпоху апошняга зледзянення, з прычыны таго, што ледавіковы шчыт у гэты час пакрываў Балтыйскае мора і даходзіў да нізоўяў Віслы, на тэрыторыі Польшчы за перыяд 70-60 — 40 тыс. гадоў таму не былі знойдзены сляды паселішчаў. 11—10 тыс. гадоў таму на тэрыторыі Польшчы адбыліся карэнныя змены клімату: зменшылася плошча лясоў, на паўночным усходзе з'явіліся тундравыя ўчасткі, а ў цэнтральнай частцы — стэпы. Менавіта тады жа з'явіліся паляўнічыя на паўночных аленяў. Для мезаліту (9000—8000 гадоў да н. э.) было характэрна агульнае пацяпленне клімату і звязанае з ім павелічэнне экалагічнай разнастайнасці, але ў тыя часы гаспадарка ўсё яшчэ грунтавалася пераважна на паляванні, лоўлі рыбы або зборы раслін, малюскаў і смоўжаў. У эпоху неаліту пачалі з'яўляцца першыя аграрныя паселішчы — і сельскагаспадарчы лад жыцця актыўна развіваўся прыкладна да 2000 гадоў да н. э.

У перыяд класічнай антычнасці (400 г. да н. э. — 450—500 гг. н. э.) тэрыторыю Польшчы насялялі носьбіты розных археалагічных культур, якія суадносяцца даследчыкамі з кельтамі, германцамі і балтамі. Магчыма, прысутнічалі і іншыя групы насельніцтва, бо этнічны склад археалагічных культур заўжды цяжка ўстанавіць верагодна. Нягледзячы на адсутнасць уласнай пісьменнасці, многія са згаданых народаў дасягнулі высокага ўзроўню ў матэрыяльнай культуры і сацыяльнай арганізацыі, што пацвярджаецца, напрыклад, багатымі па змесце дынастычнымі магіламі мясцовых «князёў». Для гэта перыяду быў характэрны высокі ўзровень міграцый, у якіх нярэдка ўдзельнічалі буйныя групы насельніцтва[20]. Паступова славяне асімілявалі ці выгналі амаль усе згаданыя вышэй плямёны.

Дзяржава Пястаў (да 1138 года)[правіць | правіць зыходнік]

Каля IX ст. на тэрыторыі сучаснай Польшчы пачалі ўтварацца протадзяржаўныя фарміраванні, з якіх найбольшага росквіту дасягнулі два: дзяржава віслян (вакол Кракава) і дзяржава палян (вакол Гнезна і Познані). Дзяржава віслян у другой палове стагоддзя апынулася пад панаваннем Вялікай Маравіі, а ў перыяд з 936 г. па 945 г. — пад Чэшскім княствам[21]. Менавіта з часамі валадарання на Польшчы Вялікай Маравіі гісторыкі звязваюць хрышчэнне князя віслян і заснаванне біскупства ў Кракаве[22].

Польшча ў часы Баляслава I Храбрага.

Каля 930-940 гг. паляне пачалі далучаць суседнія землі на поўначы, заняўшы да 960 г. усю тэрыторыю Вялікай Польшчы[23]. Мешка I — першы гістарычна вядомы валадар з той дынастыі — прыняў хрысціянства ў 966 г., але так і не стаў каралём, застаючыся да канца жыцця князем. У канцы яго панавання дзяржава займала тэрыторыі Вялікай Польшчы, Мазовіі, частак Памераніі з Гданьскам (г. зн. Усходняга Памор'я), Сілезіі і, магчыма, Малой Польшчы[24]. Ён і яго пераемнікі змагаліся са Свяшчэннай Рымскай імперыяй, Чэшскім княствам і Кіеўскай Руссю, а таксама са славянскімі плямёнамі, якія аселі паміж Одрай і Лабай. Найбуйнейшага тэрытарыяльнага памеру дзяржава дасягнула ў часы Баляслава I Храбрага, які быў сынам князя Мешкі I. Баляслаў I Храбры заваяваў Лужыцу, Маравію, Славакію[25] (на нядоўгі час і тэрыторыі Чэшскага княства) і вярнуў назад у склад сваёй дзяржавы шэраг гарадоў Чырвонай Русі.

У 1000 г. Баляслаў I Храбры заснаваў у Польшчы незалежную царкоўную мітраполію з цэнтрам у Гнезне[26]. У тым жа годзе Атон III здзейсніў акт каранацыі, які быў пацверджаны Папам Рымскім у 1025 г.[27] Такім чынам Баляслаў I Храбры быў каралём толькі апошні год свайго жыцця. Заняпад дзяржавы першых Пястаў надышоў у 1031 г., калі ёю кіраваў Мешка II — сын Баляслава I Храбрага. Мешка II страціў амаль усе тэрыторыі, якія далучыў яго бацька, а дынастыя згубіла каранацыйныя інсігніі. Нападзенне чэшскага князя Бржэціслава I у 1038 г. і народнае паўстанне ўзмацнілі ўпадак дзяржавы.

Панаванне Казіміра I Аднавіцеля распачало працэс аднаўлення дзяржавы, які быў увенчаны каранацыяй яго сына Баляслава II Смелага ў 1076 г.

Справу Уладзіславам I працягнуў Казімір III Вялікі (1333—1370). Пераважна дыпламатычнымі метадамі ён вярнуў Польшчы Куявію і Добжынскую землі (1343), Мазовію (1351—1353), а таксама адабраныя Брандэнбургам гарады. У 1349 Казімір уварваўся ў Галічыну, захапіў Львоў і Галіч. У 1360-я пад яго ўладу перайшлі Уладзімір-Валынскі і Камянец-Падольскі. У перыяд кіравання Казіміра III адбылася кадыфікацыя польскага заканадаўства, праведзеныя адміністрацыйная і грашовая рэформы, у 1364 заснавана Кракаўская акадэмія. Пры Казіміру ў Польшчы вялося шырокае будаўніцтва: па словах летапісца, Уладзіслаў Лакетак пакінуў Польшчу драўляную, а Казімір — каменную.

Са смерцю Казіміра Вялікага дынастыя Пястаў перапынілася. Шляхта, якая фактычна кіравала ў дзяржаве, прапанавала вялікаму князю літоўскаму Ягайлу руку каралевы Ядзвігі і польскі сталец у абмен на заключэнне уніі з Польшчай. У 1385 у Крэўскім замку быў падпісаны адпаведны дагавор — Крэўская унія. У 1386 Ягайла быў каранаваны пад імем польскага караля Уладзіслава II (1386—1434), даўшы пачатак новай, Ягелонскай дынастыі, якая правіла ў Польшчы больш за два стагоддзі.

Рэч Паспалітая ў 1635 годзе
Рэч Паспалітая ў 1795 годзе
2-я Рэч Паспалітая ў 1939 годзе

Падчас кіравання дынастыі Ягелонаў, Польскае каралеўства наладзіла цесныя сувязі з Вялікім Княствам Літоўскім, а затым, у 1569, пасля прыняцця Люблінскай уніі, утварыла з ім федэрацыйную дзяржаву — Рэч Паспалітую абодвух народаў.

У 1572 памёр, не пакінуўшы спадчынніка, Жыгімонт II Аўгуст. Сярод шматлікіх прэтэндэнтаў на сталец перамога дасталася Генрыху Валуа, брату французскага караля Карла IX. Аднак Генрых нядоўга прабыў у Польшчы. Атрымаўшы вестку аб смерці свайго брата, ён таемна збег у Парыж, каб заняць там французскі сталец.

У выніку польскую карону атрымаў Стэфан Баторый (15741586). Стэфан Баторый паспяхова завяршыў вайну супраць Івана IV: Рэч Паспалітая атрымала Лівонію і вярнула Полацк. Падчас падрыхтоўкі да вайны супраць Турцыі Стэфан нечакана памёр. Насталае пасля яго смерці міжкаралеўе ізноў вылілася ў смуту. Нарэшце на сталец узышоў шведскі каралевіч Жыгімонт III Ваза (15871632). Пасля смерці свайго бацькі Жыгімонт Ваза адбыў у Швецыю, дзе ў 1593 каранаваўся шведскім каралём. Дынастычныя спрэчкі, а таксама барацьба за панаванне ў Прыбалтыцы, прывялі да вайны са Швецыяй (16001629). У дадатак, у 1609 пачалася вайна з Расіяй.

Гады кіравання Уладзіслава IV Вазы (1632—1648) былі даволі ўдалымі. Быў падпісаны Палянаўскі мір з Расіяй, адбіты чарговы націск турэцка-крымскага войска, заключана 26-гадовае перамір'е са Швецыяй (1635), па якім Польшчы вярталіся прускія гарады. Заключэнне дынастычнага шлюбу з Цэцыліяй Рэнатай умацавала саюз з Габсбургамі.

Аднак з другой паловы 17 ст. пачынаецца агульны заняпад Рэчы Паспалітай. У 1652 у сойме ўпершыню на практыцы быў ужыты прынцып liberum veto, калі для зрыву прыняцця рашэння хапала аднаго галосу. У 1648 пачалося паўстанне ва Украіне, узначаленае Багданам Хмяльніцкім. Скарыстаўшы сітуацыю, вайну супраць Рэчы Паспалітай пачала і Швецыя (16551660). У кароткі тэрмін былі ўзяты Кракаў і Варшава і захоплена вялікая частка Польшчы. У 1658 Расія аднавіла ваенныя дзеянні супраць Рэчы Паспалітай. У выніку войн Рэч Паспалітая мусіла згадзіцца на тэрытарыяльныя саступкі.

У пач. 18 ст. Рэч Паспалітая была ўцягнута ў Паўночную вайну (1700—1721). У 1701 на яе тэрыторыю ўступілі шведскія войскі Карла XII. Да перагавораў 1720—1721 аб заканчэнні вайны прадстаўнікі Рэчы Паспалітай дапушчаныя не былі, што сведчыла аб канчатковай страце прэстыжу Рэчы Паспалітай у Еўропе. Расія і Прусія ў 1720 прынялі ўзаемнае абавязацельства падтрымліваць наяўныя ў Польшчы парадкі.

У 1791 была прынята Канстытуцыя, якая скасавала падзел краіны на ВКЛ і Польскае каралеўства. Аднак становішча на той час ужо было вельмі цяжкім, і таму Канстытуцыя не ўратавала Рэч Паспалітую. У выніку падзелаў 1772, 1793, 1795 Рэч Паспалітая была падзелена паміж Аўстра-Венгерскай імперыяй, Прусіяй і Расійскай імперыяй.

Напалеон падчас ваеннай кампаніі 1812 даў згоду на стварэнне Варшаўскага княства на тэрыторыі Польшчы. Аднак, пасля паражэння Напалеона Варшаўскае княства спыніла існаванне.

Пасля Першай сусветнай вайны была створана Другая Рэч Паспалітая — на яе ўтварэнне пагадзіліся краіны-пераможцы.

У 1939 Польшча была заваявана Трэцім рэйхам. Пры гэтым СССР уключыў у свой склад землі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, якія былі пад польскай уладай.

Малая карта Польшчы.png

Пасля паражэння Трэцяга рэйха была створана Польская Народная Рэспубліка, якая далучылася да сацыялістычнага блока на чале з СССР.

У 1989 на парламенцкіх выбарах перамагла партыя «Салідарнасць», а ў 1990 годзе прэзідэнтам стаў кандыдат ад «Салідарнасці» — Лех Валенса. З прыходам да ўлады «Салідарнасці» скончылася кіраванне камуністаў, а разам з ім і існаванне ПНР.

У 1999 Польшча далучылася да НАТА, а ў 2004 — да Еўрасаюза.

10 красавіка 2010 прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі і вялікая колькасць польскіх палітычных і грамадскіх дзеячаў загінулі ў авіякатастрофе пад Смаленскам.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Плошча Польшчы — 312,685 км². Сярэдняя вышыня над морам — 173 метры, найвышэйшы пункт — гара Рысы (2,499 метраў над морам).

Для Польшчы характэрныя заходнія вятры з Атлантыкі, з якімі звязана няўстойлівае надвор'е. Вільготныя і воблачныя перыяды часта змяняюцца сухімі і яснымі. Сярэднія тэмпературы ліпеня вагаюцца ад 16 °C на поўначы да 21 °C на паўднёвым усходзе. Зімы няўстойлівыя, адносна халодныя, з сярэднімі тэмпературамі студзеня ад −7 °C на паўночным усходзе да −1 °C на захадзе. Снег ляжыць да трох месяцаў. Рэкі ў халодныя зімы замярзаюць на 2-4 месяцы.

Сярэдняя гадавая сума ападкаў змяняецца ад 530 мм на раўнінах паўночнага ўсходу да 1270 мм у Судэтах і 2030 мм у Высокіх Татрах. У паўночнай частцы краіны самай вільготнай парой года з'яўляецца лета; больш за ўсё дажджоў выпадае ў ліпені. На поўдні Польшчы асноўная частка ападкаў прыходзіца на зімовыя месяцы.

Па тэрыторыі Польшчы цякуць некаторыя буйныя рэкі: Вісла, Одра, Заходні Буг.

У Польшчы шмат лясоў, а на поўначы краіны знаходзяцца каля 9,300 азёраў.

Натуральныя лясы сярэдняй паласы складаюцца ў асноўным з лісцёвых парод: дуба, бука, бярозы і клёну. Ясень, таполя і вярба пераважаюць уздоўж вільготных рачных далін, а бяроза — на падзолістых і балотных глебах. Узнаўленне лясоў у асноўным ажыццяўляецца за кошт хвойных парод. Змешаныя і хвойныя лясы ўтвораць вялікія масівы, асабліва на бяднейшых пясчаных глебах у паўночных і ўсходніх раёнах краіны. На крайнім паўночным усходзе, ля Беластока, размешчаны Белавежскі нацыянальны парк, у якім захаваліся першасныя хвойныя і шыракалістныя лясы.

Глебы Польшчы даволі разнастайныя. На поўначы краіны яны, як правіла, пясчаныя, падзолістыя і для сельскагаспадарчага выкарыстання патрабуюць угнаенняў. У далінах рэк маюцца шырокія тарфянішчы з вялікім утрыманнем гумусу. Найбольш урадлівыя глебы, у тым ліку чарназёмныя, знаходзяцца на поўдні, на лёсавых адкладах у Сілезіі. Глебы ў гарах звычайна маюць тонкі пласт перагною і малаўрадлівыя.

Найбуйнейшыя гарады Польшчы: Варшава, Лодзь, Кракаў, Вроцлаў, Познань, Катавіцы, Бельска-Бяла, Быдгашч, Беласток, Торунь, Гданьск, Гдыня, Сопат (апошнія тры ўтвараюць агламерацыю, якую неафіцыйна называюць Труймяста).

Палітыка[правіць | правіць зыходнік]

Дзве палаты парламента — Сейм (460 дэпутатаў) і Сенат (100 дэпутатаў). Найбольш значныя палітычныя партыі — Грамадзянская платформа, Закон і справядлівасць, Саюз дэмакратычных левых сіл, Польская народная партыя, Рух Палікота.

Адміністрацыйны падзел[правіць | правіць зыходнік]

Ваяводствы Польшчы

Паводле апошняга адміністрацыйнага падзелу (1999), Польшча падзяляецца на 16 ваяводстваў:

Ваяводствы падзяляюцца на паветы, паветы — на гміны.

Адносіны з Беларуссю[правіць | правіць зыходнік]

10 кастрычніка 1991 падчас візіту ў Польшчу старшыня ўрада Беларусі Вячаслаў Кебіч падпісаў з старшынёю польскага ўрада Янам Бялецкім Дэкларацыю аб добрасуседстве, узаемаразуменні і супрацоўніцтве. Дыпламатычныя адносіны ўрады ўстанавілі 2 сакавіка 1992 падчас прыезду міністра замежных спраў Беларусі Пятра Краўчанкі ў Варшаву, дзе бакі таксама падпісалі Консульскую канвенцыю. Пасля ператварэння польскага генеральнага консульства ў Мінску ў пасольства яго ўзначаліла Эльжбета Смулкова.

24 красавіка 1992 года Вячаслаў Кебіч падпісаў у Польшчы пагадненне аб прынцыпах пагранічнага супрацоўніцтва і дагавор аб пагранічных пераходах. 23 чэрвеня 1992 года старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч падпісаў у Варшаве Дагавор аб добрасуседстве і супрацоўніцтве на 15 год, а таксама адкрыў беларускае пасольства. Першым паслом Беларусі ў Польшчы стаў Уладзімір Сянько. 19 лістапада 1992 года старшыня польскага ўрада Ганна Сухоцкая падчас прыезду ў Беларусь падпісала Пагадненне аб адмове ад двайнога падаткаабкладання. 15-16 снежня 1992 года ў Польшчы адбылася сустрэча беларускага і польскага міністраў абароны Паўла Казлоўскага і Януша Анышкевіча адпаведна. 21 красавіка 1993 года міністры падпісалі ў Беларусі Дагавор аб ваенным супрацоўніцтве. 30 сакавіка 1996 года ў Белавежскай пушчы адбылася сустрэча прэзідэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Аляксандра Квасьнеўскага.

1 кастрычніка 2003 года ў сувязі з уваходам у Еўрапейскі Саюз польскі ўрад увёў візавы рэжым для беларускіх грамадзян[28].

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Эканоміка Польшчы — рыначная. Большая частка маёмасці прыватызаваная. Нацыянальная валюта злоты, аднак Польшча рыхтуецца да ўвядзення еўра.

Польшча займаецца вытворчасцю адзення, электронікі, аўтамашын, аўтобусаў, верталётаў, лакаматываў, самалётаў, караблёў, ваеннай тэхнікі, лекаў, ежы (харчовая прамысловасць у Польшчы адна з найбольш буйных у Еўрасаюзе).

Тэмпы росту СУП у 2007 годзе склалі 7,4 %, інфляцыя — 2,1 %, у 2008 годзе склалі 4,7-4,8 %[29], інфляцыя — 4,2 %[30].

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Колькасць насельніцтва Польшчы ў 2008 годзе складала 38 116 000 чалавек[31]. Такім чынам, яна з'яўляецца восьмай па насельніцтву краінаю ў Еўропе, і шостай у Еўрасаюзе. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва складае 122 чалавекі на км².

Сучасная Польшча — адна з самых монанацыянальных дзяржаў свету. Па даных перапісу насельніцтва 2002 года, 96,74 % насельніцтва Польшчы аднеслі сябе да этнічных палякаў. 97,8 % пры перапісе заявілі, што дома гавораць на польскай мове. Да іншых нацыянальнасцей аднеслі сябе 1,23 % працэнта насельніцтва краіны, з іх самыя значныя этнічныя групы — сілезцы (0,45 %), немцы (0,4 %), беларусы (0,1 %), украінцы (0,1 %), цыганы, яўрэі, польска-літоўскія татары. Больш за 2 % насельніцтва адмовіліся даць адказ на пытанне аб нацыянальнасці.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Рэлігія ў Польшчы займае даволі значнае месца ў грамадскім жыцці. Самаю ўплвывоваю рэлігіяй у краіне з'яўляецца хрысціянства (рымскае каталіцтва), прыхільнікамі якога, па розных ацэнках, з'яўляюцца ад 75 да 95 працэнтаў насельніцтва[32]. Палякам быў 264-ы Папа Рымскі Ян Павел II (Караль Вайтыла).

Таксама прысутнічаюць прадстаўнікі некалькіх іншых канфесій: праваслаўныя, лютэране, грэкакатолікі, кальвіністы і іудзеі, сведкаў Іеговы 126 488 чалавек па даных 2011 года[33].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Główny Urząd Statystyczny. Baza Demografia. Ludność Polski. Stan na 30.06.2014. [1] (польск.) 
  2. 2,0 2,1 2,2 2,3 Дадзеныя Міжнароднага валютнага фонду (англ.) 
  3. 2014 Human Development Report Summary 21–25. United Nations Development Programme (2014). Праверана 27 ліпеня 2014.(англ.) 
  4. У адпаведнасці з класіфікацыяй статыстычнага аддзела ААН.
  5. У адпаведнасці з некаторымі іншымі класіфікацыямі.
  6. Інфармацыя пра Польшчу на сайце «www.mir-geo.ru»(руск.) 
  7. Статыстычная дэмаграфічная інфармацыя польскага ўрада на 30 верасня 2014 г.
  8. Narodowy Bank Polski. Kursy średnie walut obcych(польск.) 
  9. ZMIANY W ZAKRESIE WIARY I RELIGIJNOŚCI POLAKÓW PO ŚMIERCI JANA PAWŁA II(польск.) 
  10. MAŁY ROCZNIK STATYSTYCZNY POLSKI 2012(польск.) 
  11. Jan Miodek. Słownik ojczyzny polszczyzny. Wrocław: Wydawnictwo EUROPA, 2002. ISBN 83-87977-92-6.(польск.) 
  12. Tomasz Panfil. Orzeł na denarze Bolesława Chrobrego - pochodzenie i znaczenie symbolu.
  13. Tadeusz Lehr-Spławiński. Język polski. Warszawa 1978, s. 64.(польск.) 
  14. 14,0 14,1 Krystyna Długosz-Kurczabowa. Jaka jest etymologia słowa Polska (nazwa kraju)?](польск.) 
  15. Teresa Michałowska. Średniowiecze. Warszawa: Wydawnictwo Naukowe PWN, 1995, s. 228-229, seria: Wielka Historia Literatury Polskiej. ISBN 83-01-11452-5.польск.: {{{1}}}
  16. Jerzy Nalepa. Polska – pochodzenie i wiek nazwy (cz. II). Język Polski. 1994, nr 4/5 (LXXIV 4-5) (wrzesień/grudzień), s. 241 i n.(польск.) 
  17. Jan M. Burdukiewicz. U źródeł Polski (do roku 1038), red. Marek Derwich i Adam Żurek, Wydawnictwo Dolnośląskie, Wrocław 2002, ISBN 83-7023-954-4, p. 18, 20.(польск.) 
  18. Jan M. Burdukiewicz. U źródeł Polski (do roku 1038), red. Marek Derwich i Adam Żurek, Wydawnictwo Dolnośląskie, Wrocław 2002, ISBN 83-7023-954-4, p. 20.(польск.) 
  19. Piotr Kaczanowski, Janusz Krzysztof Kozłowski. Najdawniejsze dzieje ziem polskich (do VII w.), Oficyna Wydawnicza "Fogra", Kraków 1998, ISBN 83-85719-34-2. s. 59—69.(польск.) 
  20. Jan M. Burdukiewicz. U źródeł Polski (do roku 1038), red. Marek Derwich i Adam Żurek, Wydawnictwo Dolnośląskie, Wrocław 2002, ISBN 83-7023-954-4, pp. 86—121.(польск.) 
  21. Jerzy Wyrozumski. Historia Polski do 1505, Wyd. PWN, Warszawa (1988), s. 28.(польск.) 
  22. Szczur Stanisław. Historia Polski średniowiecze, Wydawnictwo Literackie 2002, ISBN 83-08-03272-9. s. 30.(польск.) 
  23. Szczur Stanisław. Historia Polski średniowiecze, Wydawnictwo Literackie 2002, ISBN 83-08-03272-9. s. 34.(польск.) 
  24. Jerzy Wyrozumski. Historia Polski do 1505, Wyd. PWN, Warszawa (1988), s. 85.(польск.) 
  25. Дакладней, тэрыторыю, на якой знаходзіцца сучасная Славацкая рэспубліка.
  26. Jerzy Wyrozumski. Historia Polski do 1505, Wyd. PWN, Warszawa (1988), s. 90.(польск.) 
  27. Jerzy Wyrozumski. Historia Polski do 1505, Wyd. PWN, Warszawa (1988), s. 90, s. 93.(польск.) 
  28. Баляслаў Хмяліньскі. Польшча — Беларусь: 15 гадоў міждзяржаўных адносін// Журнал международного права и международных отношений. 2007 — № 1
  29. http://finanse.wnp.pl/szacunki-rzadu-wzrost-pkb-w-2008-wyniosl-4-7-4-8-proc,70915_1_0_0.html
  30. http://www.stat.gov.pl/gus/45_1634_PLK_HTML.htm
  31. http://web.archive.org/web/20110714055236/http://www.stat.gov.pl/cps/rde/xbcr/gus/PUBL_maly_rocznik_statystyczny_2008.pdf
  32. Религия в Польше
  33. Rocznik Świadków Jehowy 2012

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]