Каменка (археалагічныя помнікі, Навагрудскі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Каменка — археалагічныя помнікі каля в. Каменка Навагрудскага раёна. Каля вёскі ў 1973 знойдзены рымскі манетна-рэчавы скарб.

Курганны могільнік[правіць | правіць зыходнік]

Курганны могільнік размешчаны за 500 м на паўночным усходзе ад вёскі, у лесе. Захавалася 20 насыпаў сферычнай формы вышынёй 0,8-3 м, дыяметрам 4—9 м. Адзін курган прадаўгаваты, другі блізкі да квадрата. У дарэвалюцыйны час некаторыя насыпы былі даследаваны, у іх знойдзены бронзавыя пярсцёнак і 2 кольцы, фрагменты тканіны. У 1964 годзе выявіў Л. Д. Побаль, у 1973 годзе абследаваў М. А. Ткачоў.

Каменны могільнік[правіць | правіць зыходнік]

Каменны могільнік размешчаны за 1,5 км на захад ад вёскі, у лясным урочышчы Гавейша. Мясцовая назва Татарскія магілы. Захавалася 90 магіл, якія абазначаны пастаўленымі тарцом плітамі і плоскімі камянямі без знакаў. Месцамі ёсць каменныя абкладкі. Выявіла і абследавала ў 1982 годзе А. В. Квяткоўская.

Селішча[правіць | правіць зыходнік]

Селішча зарубінецкай культуры і эпохі Кіеўскай Русі размешчана паўднёвай частцы вёскі, на беразе перасохлай ракі. Выявіў у 1965 годзе Л. Д. Побаль. Знойдзены фрагменты ляпнога посуду.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Л. Д. Побаль. Каменка // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская энцыклапедыя; [Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш.]. — Мн.: БелЭн, 1993. — 702 с.: іл., каляр. іл. — ISBN 5-85700-077-7.