Старажытны Рым

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рым і тэрыторыі, якія знаходзіліся пад яго кантролем      Рымская рэспубліка      Рымская імперыя      Заходняя Рымская імперыя      Усходняя Рымская імперыя

Старажытны Рым — адна з наймагутнейшых і найбольш уплывовых цывілізацый старажытнасці. Рымскае права, палітыка, мастацтва, вайсковая справа, флот, дарогі, акведукі аказалі ўплыў на развіццё Еўрапейскай цывілізацыі, а пазней — на аблічча глабальнай сусветнай культуры. Рымская мова (латынь) у Сярэдневякоўі выконвала функцыю Lingua franca ва ўсіх каталіцкіх краінах Еўропы. Менавіта ў Рымскай Імперыі сфарміравалася хрысціянства, якое стала самай распаўсюджанай рэлігіяй на планеце. Рымская Імперыя ўключала заходнюю і паўднёва-ўсходнюю часткі Еўропы, Малую Азію, узбярэжжа Паўночнай Афрыкі, Сірыю, Палесціну. На развіццё рымская цывілізацыі паўплывала яе культурная асіміляцыя з боку грэкаў: рымляне перанялі грэчаскіх багоў, астраномію, аратарскае мастацтва, элементы вопраткі, тэхнічныя дасягненні.

Развіццё Старажытнага Рыма[правіць | правіць зыходнік]

Заснаванне Рыма[правіць | правіць зыходнік]

Ромул i Рэм, Рубенс 161516 (Рым.

Рым узнік на месцы некалькіх паселішчаў, заснаваных эмігрантамі-лацінамі на прыгорках ля ракі Тыбр. Рым быў у спрыяльным геаграфічным становішчы, бо знаходзіўся на перакрыжаванні гандлёвых шляхоў. Рым быў заснаваны на месцы, дзе знаходзіліся востраў і брод, па якім можна было перайсці цераз раку. Гэты брод быў апошнім пунктам для караблёў, бо далей Тыбр быў некараблеходны.

Царскі перыяд (regnum)[правіць | правіць зыходнік]

Рым быў заснаваны як невялікае паселішча на сямі халмах — Палацін, Эсквілін, Палацін, Вімінал, Квірынал, Капітолій, Цэлій (гл. Сем пагоркаў Рыма) і першапачаткова ўяўляў сабою невялікі горад у рэгіёне Лацыё. Навуцы вельмі няшмат вядома аб гэтым перыядзе. Доўгі час Рымам кіравалі этрускі, якія мелі больш высокі ўзровень развіцця культуры, чым лаціны. Першым правіцелем Рыма быў сам Ромул, далей іх паслядоўна змянялі Нума Пампілій, Тулл Гасцілій, Анк Марцый, Тарквіній Старажытны і Тарквіній Ганарлівы. Архітэктурная кампазіцыя тагачаснага Рыма складалася з пабудоў на сямі пагорках і Сервіевай сцяны, частка ад якой захавалася да сёння. Апошні этрускі кароль, Тарквіній Ганарлівы быў выгнаны з Рыма альбо ў 509, альбо ў 510 г. ДХ і Рым стаў незалежнай рэспублікай. Ёсць меркаванне, што ”рэвалюцыя” была арыстакратычнай, а простае насельніцтва падтрымлівала манархію. Так ці інакш, трансфармацыя на некаторы час выклікала ў маладой дзяржаве культурны і сацыяльны рэгрэс. У пачатку сваёй гісторыі Рым быў вымушаны весці барацьбу з суседнімі горнымі плямёнамі, такімі як эквы, гернікі, вольскі і сабіны. Цяжкая барацьба выхавала рымлян і ператварыла іх у добрых воінаў, дзякуючы чаму рымляне змаглі ператварыць сваё невялікае паселішча ў цэнтр сусветнай імперыі.

Рэспубліканскі перыяд (res publica)[правіць | правіць зыходнік]

Сенатарская, часткова нерасшыфраваная абрывiятура Senatus PopulusQue Romanus.

Феномен рэспубліканскага Рыма -- ператварэнне мястэчка ў вялізную імперыю. Асноўнай рысай эпохі была барацьба паміж патрыцыямі і плебеямі. Колькасць насельніцтва Рыма дынамічна павялічвалася, і у канцы IV ст. ён дасягнуў межаў Сервіевай сцяны. Рым меў сістэму водазабяспячэння (аквадукі) і сістэму каналізацыі (яна была пабудавана яшчэ этрускамі і выкарыстоўваецца па сёння). Большасць месцічаў жыла ў вялікіх, шматпавярховых дамах інсулах. Толькі вельмі заможныя маглі дазволіць сабе ўласны асобны дом -- домус.

Сістэмы забудовы горада не было і жыхары цярпелі цеснату, спертае паветра і бруднасць, сталую пагрозу пажараў.

За выгнанне цара, некаторыя гарады Лацыя стварылі саюз супраць Рыма і нанеслі паражэнне рымлянам ля Рэгільскага возера ў 496 годзе да н.э. Рым быў вымушаны увайсці ў гэты саюз. Але Рым праводзіў паспяховую палітыку ў складзе Лацінскага саюза і прыкладна у канцы V ст. ДХ Рым стаў галоўнай сілай у Лацінскім рэгіёне, а яго тэрыторыя павялічылася ўдвая. У 387 г. ДХ на Рым напалі галы, якія пабілі рымлян на рацэ Аліі і занялі Рым, аддаўшы яго на рабаванне і спальванне. Паводле падання, толькі невялічкая частка воінаў і сенатараў схаваліся на Капіталійскім пагорку. Галы спрабавалі напасці на Капітолій ноччу, але перапалох гусяў папярэдзіў рымлян пра небяспеку. Галы атрымалі золата і пакінулі горад.

Ужо да 380 года да н.э. рымляне аднавілі большую частку горада і ўзвялі моцную сцяну вакол сямі пагоркаў. Шчыльнасць насельніцтва значна ўзрасла і дасягнула мяжы Сервіевай сцяны. У 338 года да н.э. рымляне нанеслі паражэнне саюзу лацінскіх гарадоў і Рым аднавіў сваю ўладу ў Італіі. У канцы ІІІ ст., у выніку войнаў з самнітамі, рымляне ўсталявалі сваю ўладу над Паўночнай і Цэнтральнай Італіяй.

Пасля Піравых войнаў, пад рымскую ўладу перайшла і Паўднёвая Італія і Рым фактычна стаў гаспадаром усёй Італіі і магутнай сілай на Міжземнамор’і.

Сур'ёзным выпрабаваннем для Рыма сталі Пунічныя войны з Карфагенам (264146 гг. ДХ). Падчас Другой Пунічнай вайны, карфагенскі военачальнік Ганібал Барка фактычна гаспадарыў па ўсёй Італіі, але нават не спрабаваў браць Рым з-за магутнасці яго ўмацаванняў. З 133 па 31 г. рымляне стварылі вялізарную дзяржаву па ўсім Міжземнамор’і, а цэнтрам гэтай дзяржавы працягваў заставацца Рым.

Імперскі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Мадэль-панарама Рыма часу iмперыi

У часы Рымскай імперыі горад дасягнуў найвялікшых памераў і магутнасці. Рым меў больш вялікае значэнне, чым зараз маюць Нью-Ёрк, Лондан і Токіа разам узятыя. Гэта быў галоўны цэнтр велізарнай імперыі. У адрозненне ад рэспублікі, імператарскаму ўжо Рыму не пагражалі ворагі і веліч горада дасягнула найвышэйшай магутнасці. Моц Рымскай імперыі адбілася ў велічных будынках, якія ўзводзіліся з мэтай падкрэсліць магутнасць яе ўлады. Кожны з імператараў імкнуўся пакінуць пасля сабе памяць у выглядзе новых манументальных будынкаў.

Рым быў галоўным цэнтрам імперыі і ён стаў міжнародным цэнтрам гандлю, у якім жылі розныя самыя народы. У той жа час, Рым пакутаваў ад перанаселенасці, галечы беднякоў і наплыву іншаземцаў. Шмат грамадзян набылі сабе багацце і маглі дазволіць сабе перасяліцца з інсул у асобныя ўласныя дамы-домусы, якіх станавілася ўсё больш і больш.

У 64 г. ПХ адбылося велізарнае пажарышча, якое знішчыла большую частку места. Па легендзе загад аб спальванні аддаў імператар Нерон, з мэтай пабудаваць на яго месцы новы горад, але сам Нерон абвінаваціў у гэтым даволі вялікую абшчыну хрысціян, пасля чаго над імі была ўчынена жорсткая расправа.

Пасля пажарышча 64 ПХ пачалася інтэнсіўная адбудова горада. Імператар Нерон, падпісаў шэраг загадаў, па якіх усталёўваліся правілы перабудовы Рыма. Яны рэгламентавалі мінімальную адлегласць паміж будынкамі, даўжыню па якой будынак павінны быў быць аднесены ад дарогі, разбіваліся паркі і бульвары, пачалі ўзнікаць прыгарады на другім беразе Тыбра. Горад стаў прасторным і шырокім. Менавіта пасля гэтай адбудовы, антычны цэнтр Рыма набыў сучасны выгляд. На працягу ўсёй Ранняй імперыі, колькасць жыхароў Рыма складала каля 1 мільёна чалавек.

Рымляне па-майстэрску вырашылі шматлікія праблемы, звязаныя з местам, такія як водазабяспячэнне, каналізацыя, пажарная бяспека, і пакладзеныя імі ў горадабудаўніцтве прынцыпы працягваюць выкарыстоўвацца і сёння. Водазабяспячэнне ажыццяўлялася пры дапамозе сістэмы аквадукаў і падземных труб і падзялялася на тры часткі:

  • водазабяспячэнне дамоў багатых і значных жыхароў і палацаў імператара
  • водазабяспячэнне паспалітых лазняў
  • водазабяспячэнне месцаў грамадскага карыстання вадой

Сістэма каналізацыі падзялялася на дзве часткі:

  • абслугоўвала дамы багатых і значных жыхароў, палацы імператара
  • сістэма грамадскіх туалетаў, якія былі адкрытымі і стялі на плошчах, форумах і рынках

Дзеля барацьбы з пажарамі, пры імператары Аўгусце ў Рыме была створана пажарная служба, у якую ўвайшлі сем брыгад пажарных, якія называліся вігіламі, колькасцю па 1000 чалавек у кожнай. Места было падзелена на 14 раёнаў, і кожная брыгада сачыла за бяспекай у кожным з іх.

У часы Позняй імперыі, у 271275 была ўзведзена Аўрэліева сцяна, якая прыкладна адпавядала максімальнай плошчы Старажытнага Рыма, насельніцтва якога ў той час дасягнула найвышэйшай колькасці ў 2 мільёны чалавек.

Паводле апісання Рыма 350 ПХ, у Рыме было 1790 домусаў і 46602 інсулы. Места было найзначнейшым цэнтрам культуры імперыі, тут распаўсюджваліся разнастайныя рэлігійныя плыні, такія як вера ў егіпецкіх, персідскіх багоў. Існавала вялікая абшчына хрысціян, якая ў выніку заняла пануючае становішча ў Рымскай імперыі. Ва ўяўленні старажытных людзей Рым быў сапраўдным цэнтрам свету, на якім трымаецца ўся цывілізацыя.

Але паступова Рым прыходзіў у заняпад, яго насельніцтва скарачалася. Гэта адбывалася з-за агульнага заняпаду імперыі, пашырэння працэсу дэурбанізацыі, заняпаду рамёстваў, рабаўладальнікага ладу і гандлёва-грашовых адносін. У 330 імператар Канстанцін перанес сталіцу ў Візантый і заснаваў горад Канстанцінопаль (зараз Стамбул). Заходнюю Рымскую імперыю перасталі надзяляць увагай, і на яе пачаліся варваскія нашэсці. Рымская імперыя развальвалася, і ў 402 імператар Ганорый перанес сталіцу ў Равену. Мяшчане Рыма перасталі давяраць імператарскай уладзе, і ў 410 правадыр готаў Аларых узяў Рым, але рымляне ад іх адкупіліся, і варвары не сталі рабаваць яго. Ганорый у Равене ніяк не адрэагаваў на гэта. У 455 рабы адчынілі брамы Рыма германскаму племені вандалаў, і тыя жорстка разрабавалі места. Насельніцтва места скарацілася з 1 мільёна да 20 тысяч чалавек. Кіраванне горада прыйшло ў поўны заняпад. Мяшчане перайшлі на сялянскае жыццё, на былым форуме ў цэнтры горада пасвілі быдла. Імператар страціў былую ўладу і фактычна не кіраваў Рымам. Звяржэнне імператара Ромула Аўгустула ў 476, фактычна ніяк не адбілася на Рыме. Усё гарадское кіраванне перайшло ў рукі рымскіх Пап, якія змаглі ўзнавіць былую веліч і магутнасць Рыма, але ўжо ў якасці сталіцы Папы Рымскага і цэнтра каталіцтва.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]