Корпус літоўскай жандармерыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Літоўскі конны жандар
Злева — літоўскі конны жандар у французскім строі. Малюнак Канстанта Лайнхарта і Ренэ Гумберта

Корпус літоўскай жандармерыі — вайсковая адзінка, што несла паліцэйскія ды дапаможныя функцыі, падтрымлівала парадак у войску ды на занятых тэрыторыях Вялікага Княства Літоўскага.

Гісторыя корпуса[правіць | правіць зыходнік]

Створаны з мясцовай шляхты дэкрэтам імператара Напалеона І Банапарта ад 1 ліпеня 1812 года:

2. Часовай камісіі Літоўскага ўрада даручана распараджацца фінансамі, жыўнасцю, арганізацыяй краёвага войска, фарміраваннем нацыянальнай гвардыі і жандармерыі.

9. Кожная губернія, а менавіта Віленская, Гродзенская, Мінская і Беластоцкая, будуць мець жандармерыю пад камандай палкоўніка, а таксама па два шэфы эскадронаў у Віленскай і Мінскай губернях і па адным шэфу эскадрона ў Гродзенскай і Беластоцкай губернях. У кожным павеце будзе па адной роце жандармерыі. Кожная з іх будзе мець: аднаго капітана як каменданта, другога капітана-ва ўрадзе, аднаго кватэрмайстра штаба, 4-х кватэрмайстраў, 16 брыгадзіраў-сяржантаў, 80 жандараў-валанцёраў, трубача-усяго 107.
10. Палкоўнік жандармерыі будзе жыць у галоўным губернскім горадзе. Жыхарства афіцэраў і размеркаванне брыгад будзе вызначана Часовай камісіяй Літоўскага ўрада.
11. Афіцэры, падафіцэры і валанцёры-жандары будуць узяты са шляхты ўласнага павета. Ніхто ад гэтага не можа адмовіцца. Яны будуць прызначацца наступным чынам: афіцэры — Часовай камісіяй Літоўскага ўрада, падафіцэры і валанцёры-жандары — адміністрацыйнымі камісіямі Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Беластоцкай губерняў.
12. Мундзір жандармерыі будзе польскага тыпу.
13. Жандармерыя будзе выконваць службу паліцыі, аказваць вайсковую дапамогу публічнай уладзе, затрымліваць валацугаў, марадзёраў і дэзертыраў з любога войска.

15. Генерал-маёр будзе назначаць галоўнага афіцэра альбо начальніка, француза ці паляка з лінейнага войска, у каменданты ўсяго дэпартамента. Той жа будзе мець пад сваёй уладай нацыянальную гвардыю, жандармерыю і краёвае войска.

Палкоўнікамі прызначаны: у Віленскім дэпартаменце — Антоні Храпаўніцкі, ў Гарадзенскім — князь Міхал Радзівіл, у Менскім — Леў Ашторп, у Беластоцкім — Франц Арсэці.

Афіцэры служылі без жалавання «па прычыне павагі да чыну, мундуру і ганаровага абавязку ахоўваць уласнасць і бяспеку жыхароў таго павета, у якім служаць». Спісы шараговых і падафіцэраў жандарскіх рот складалі адміністрацыйныя камісіі дыстрыктаў, а сцвярджалі падпрэфекты.

Пры фармаванні жандармерыі ўзніклі сур’ёзныя цяжкасці. Справа ў тым, што многія шляхцічы расцанілі загад аб службе ў жандармерыі як абразу сваёй годнасці. Тым не менш, да сярэдзіны лістапада віленская жандармерыя налічвала 608 чалавек у двух эскадронах (у тым ліку 58 афіцэраў, 121 унтэр-афіцэр, 11 трубачоў, 418 радавых), г.зн. поўны штат. У Гарадзенскім дэпартаменце жандарскія роты таксама былі ўкамплектаваны ў адпаведнасці са штатным раскладам — ​​па 107 чалавек у роце, усяго 856 чалавек. А вось у жандармерыю Менскага дэпартамента ўдалося набраць толькі 71 чалавек — усяго толькі 6,6 % ад штатнага складу. Агульная колькасць корпуса жандараў склала ў лістападзе 1800—1900 чалавек замест 3541 афіцэраў, унтэр-афіцэраў і радавых (10 старэйшых афіцэраў і 33 роты па 107 чалавек).

Жандармерыя Менскага дэпартаменту прымала ўдзел у падзеях на Бярэзіне і рэтрыяцыіі Вялікай Арміі на захад праз Вільню ды Коўна, астатнія адразу адступілі да Княства Варшаўскага.

У 1813 годзе літоўскія жандармы разам з рэшткамі 3-га (літоўскага) палка шэвалежэр-лансьераў Імператарскай Гвардыі сталі асновай для аднаўлення склада 1-га (польскага) шэвалежэр-лансьерскага палка, у шэрагах якога, прынамсі, ваявалі да першага адрачэння Напалеона.

Строй літоўскай жандармерыі[правіць | правіць зыходнік]

23 ліпеня 1812 года Часовая камісія Літоўскага ўрада выдала загад паводле якога жандармы павінны былі набываць строй за свой кошт: «Мундзір і райтузы цемна-сінія. Гузікі жоўтыя, пуклыя. Шалік і аксельбанты памаранчавыя. Ківер чорны, скураны, на ім бляха таксама жоўтая з надпісам „жандарм“. Бурнос гранатовы, з памаранчавым галуном на каўнеры. Крыж (на ківеры) жоўты. Цэшка белая. Канты памяранчавыя. Партупея і набойніца скураныя, на іх герб „пагоня“ (літвінскі вершнік). Шабля. Піка з блакітна-жоўтым сцяжком.» Апісанне строя літоўскай жандармерыі было надрукавана на старонках Мінскай часовай газеты.

Але таксама есць версія гісторыка Б. Гембаржэўскага і іншых западных спецыялістаў аб тым, што насуперак гэтага загаду, літоўскія жандары былі экіпаваныя на французскі манер (як жандармерыя Княства Варшаўскага).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Часовая мінская газета, 1812 год.
  • Сборник Императорского Русского исторического общества. Т. 128. Петербург, 1909.
  • Bronislaw Gembarzewski. Wojsko Polskie, Ksiestwo Warszawskie 1807—1814. Warszawa, 1905, reprint wyd. Kurpisz, Poznan, 2003.