Кішка

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
яўрэйская кішка з соусам

Кішка — старадаўні традыцыйны беларускі харчовы выраб.

У адвараныя або сырыя крупы (як правіла грэчаскія, радзей ячныя або рысавыя) дадаюць тлушч, скваркі, прыправы і свежую свіную кроў, перамешваюць і кладуць (або наліваюць) у тоўстыя кішкі, пякуць на бляхах або абварваюць, а потым падпякаюць. Часам замест круп кладуць муку. Свежая кроў у хатніх умовах даступная толькі пад час забіцця свінні, таму гэта сезонная страва. Прамысловасць магла б рабіць яе цэлы год, але тая крывяная кілбаса, якая прадаецца ў крамах, мае мала агульнага са шматвекавой беларускай традыцыяй. Зусім не так у Польшчы, дзе традыцыйная крывяная кілбаса (там яе называюць кашанка) даступная ўсюды і заўсёды. Яна мае дыяметр каля 5 см і даўжыню з далонь, чорнафіялетавага колеру.

Паводле легенды, прозвішча даўняга магнацкага роду Кішак паходзіць ад таго, што заснавальнік, ці то Пётр, ці то Станіслаў (15 ст.), вельмі любіў такую кілбасу. Літоўцы называюць яе vėdarai, што азначае "кішкі" – зрэшты, множны лік як варыянт назвы нярэдкі і ў Беларусі. Вядомы варыянт кішкі з грэчаскай крупой, але без крыві – з варанай свінінай.

У 19 ст., калі шырокае распаўсюджанне бульбы выклікала рэвалюцыю ў харчаванні беларусаў, з’явіўся новы тып кішкі – кілбаса з таркаванай бульбы са свінымі скваркамі. Паступова словам кішка пачалі называць пераважна такі тып кілбасы, а традыцыйную з крыві і грэчкі – болей крывянка, хаця нельга сказаць, што такі падзел праводзіўся паслядоўна. Новы тып кішкі шырока распаўсюдзіўся ў Беларусі і Літве, а ад нас трапіў і ў Польшчу – як тыповая "крэсовая" страва. Ужо некалькі гадоў у старажытным Супраслі, калісьці цытадэлі беларускай культуры, штогод у маі—чэрвені праводзіцца Чэмпіянат свету ў прыгатаванні бульбяной кішкі і бульбяной бабкі, пакуль не даводзілася чуць пра ўдзел у ім беларускіх каманд. Прынамсі, паспяховы.

Некалькі парадаў тым, хто захацеў бы абараніць у Супраслі гонар краіны. Напаўняйце кішку максімум на 2/3 аб’ёму i не забывайцеся накалоць кожны кавалак у некалькіх месцах відэльцам, бо інакш успучыць. Таксама не палянуйцеся прынамсі раз перагарнуць кішку, каб забяспечыць раўнамернасць запякання.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  • Белы А. Кішка // Праект «Наша ежа»