Мікрараён

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Мікрараён, структурная адзінка сучаснай жыллёвай забудовы буйных населеных пунктаў. У вялікіх гарадах разлічаны на 12—20 тысяч жыхароў, у сярэдніх — на 6—12 тысяч. Складаецца з комплексу жылых дамоў, устаноў культурна-бытавога абслугоўвання насельніцтва, зялёных зон. Забудоўваецца як адзіная ці расчлянёная на групы жылых дамоў архітэктурна-прасторавая арганізацыя тэрыторыі з улікам прыродных і кліматычных умоў. Часта ўпісваецца ў адзін квартал.

На Беларусі першыя мікрараёны з'яўляюцца ў канцы 1950-х — пачатку 1960-х (у Мінску — з 1958). Размяшчалі іх на свабодных тэрыторыях паблізу існуючай забудовы, на ўскрайнах гарадоў, а таксама на месцы забудовы, якая патрабавала рэканструкцыі. З канца 1960-х у вялікіх гарадах перайшлі да забудовы тэрыторый буйнымі структурнымі адзінкамі — жылымі раёнамі, у склад якіх уваходзяць мікрараёны, што дазволіла арганічна звязваць архітэктуру з ландшафтам і транспартнымі камунікацыямі.

З сярэдзіны 1990-х па цяперашні час масавая забудова канцэнтрыруецца ў мікрараёнах, планіраванне якіх вялося раней (У Мінску — Лошыца, Сухарава, Уручча-5, 6 і г.д.). У іх будаўніцтве рэалізуецца складаны сплаў разнастайных прыёмаў архітэктурна-планіровачнай арганізацыі жылых тэрыторый, што атрымалі распаўсюджанне ў другой палове ХХ стагоддзя.

Глядзіце таксама: мікрараён вуліцы Валгаградская